З дзейнасцю берасцейскіх і нясвіжскай друкарняў у 50 - 60-х гг. XVI ст. звязаны першы этап развіцця польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу: яе ўзнікненне на хвалі рэфармацыйнага руху.
Першымі ўзорамі друкаванай польскамоўнай паэзіі ў Беларусі сталіся вершаваныя тэксты з пратэстанцкіх канцыяналаў: берасцейскага (1558) і нясвўжскага (1563/1564). Значная частка гэтых тэкстаў была створана на тэрыторыі Беларусі і Літвы, хаця ў не мясцовымі пакуль што аўтарамі. Важнейшая асаблівасць паэтычных твораў з пратэстанцкіх канцыяналаў XVI ст. – іх цесная сувязь з рэлігійным абрадам і музыкай. Сам верш з’яўляўся толькі адной з састаўных частак сінкрэтычнага слоўна-музычнага твора – рэлігійнай песні. Аўтары канцыяналаў бачылі ў песнях сродак рэлігійнага выхавання, маральнага ўдасканалення, найпрасцейшы шлях засваення як старых біблейскіх ісцін, так і новых рэлігійных ідэй. Праз канцыяналы нашыя продкі непасрэдна далучалўся да паэзіі і музыкі, якія раней не займалі прыкметнага месца ў іхнім жыцці.
Прыкладам выкарыстання вершаванай формы не ў рэлігійных, а ў палітычных мэтах з’яўляецца верш А. Валяна “Да Палякаў і да Літвы”, змешчаны ў кнізе А.Ратундуса “Размова Паляка з Ліцвінам” (1564/1565). У сціплым прэфацыйным вершыку, выкліканым да жыцця палемікай паміж С. Ажахоўскім і А. Ратундусам, аўтар здолеў закрануць складаныя праблемы ўзаемаадносін Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, адлюстраваў незалежніцкія, патрыятычныя настроі, якія існавалі ў беларуска-літоўскім грамадстве напярэдадні заключэння Люблінскай уніі. З мастацкага пункту гледжання паэтычны дэбют А. Валяна ўяўляе сабой тыповы прыклад урачыстага красамоўства, у сваім вершы А. Валян прадэманстраваў не столькі паэтычныя здольнасці, колькі рытарычнае майстэрства, уласцівае будучаму філосафу, тэолагу, дыпламату.
Шырокі спектр палітычных, рэлігійных і маральных праблем закрануты ў ананімнай паэме “Пратэй, або Пярэварацень” (1564), узнікшай у выніку наследавання паэме “Сатыр, або Дзікі чалавек” (1564) Я. Каханоўскага. Паэма, напісаная хутчэй за ўсё эмігрантам-французам Пятром Стаенскім (Статорыусам), адрэдагаваная і выдадзеная палякам Цыпрыянам Базылікам, з’яўляецца самым значным дасягненнем польскамоўнай паэзіі Беларусі 50 – 60-х гг. XVI ст. У напоўненым шматлікімі палітычнымі алюзіямі творы гучыць заклік да грамадскай згоды і рэлігійнай талеранцыі, даецца вострая крытыка тагачасных нораваў і звычаяў шляхты, прадказваецца немінучая дзяржаўная катастрофа. Шматзначны вобраз галоўнага героя – пярэваратня Пратэя, які выступае ў паэме адначасова як паганскі бажок, звычайны шляхціц, паэт-вяшчун і выконвае адразу некалькі функцыяў: апавядальніка ўласнай гісторыі, прамоўцы-рэзанёра і слухача-пераказчыка – робіць гэты твор надзвычай цікавым з мастацкага пункту гледжання. Глыбока ўзнятая ў паэме тэма ўзаемаадносінаў паэта і грамадства і трапная ацэнка творчасці польскіх паэтаў надае “Пратэю...” важнае значэнне ў кантэксце станаўлення літаратуразнаўчай думкі эпохі Рэнесансу.
Бясспрэчна, самай заўважнай постаццю сярод тагачасных польскамоўных творцаў Беларусі быў Цыпрыян Базылік – выдаўца, перакладчык, кампазітар, паэт. Ягоная паэма “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл” вылучаецца сярод іншых фунеральных твораў XVI ст. псіхалагічнай дакладнасцю адлюстравання смерці чалавека, з’яўляецца своеасаблівай паэтычнай хронікай смерці, вершаваным падручнікам ars bene moriendi (навукі добрага памірання). Агульныя метафізічныя рэфлексіі на тэму смерці і дыдактычна-маралізатарскія разважанні пра жыццё ў рэчышчы хрысціянскай тэалогіі перамяжоўваюцца ў “Апісанні...” выказваннем асабістых пачуццяў аўтара, якія прыўносяць у паэму элементы лірызму. Пазнейшыя паэтычныя творы Ц. Базыліка (эпіграма на герб Мікалая Радзівіла Чорнага, прысвячэнне Мікалаю Радзівілу Рудаму, верш “Надпіс на магіле зацнага шляхціца Паўла Сецыгнёўскага”) у той ці іншай ступені працягваюць тэму смерці, якая была для паэта важнейшай нагодай для таго, каб узяцца за пяро. Чалавек у ягоных творах паказаны на парозе вечнасці, у праўдзівым і бязлітасным люстры смерці.
Польскамоўная паэзія ў берасцейскіх і нясвіжскіх выданнях 50 – 60-х гг. XVI ст. мае даволі шырокі жанравы спектр. Ужо ў спеўніку Я. Зарэмбы 1558 г. акрамя рэлігійна-метафізічнай паэзіі (песенных тэкстаў канцыяналу) мы знаходзім прыклады прэфацыйнай паэзіі (прадмова “Да ўсіх, хто любіць Госпада Бога”) і геральдычнай (эпіграма на герб Станіслава Пякарскага). Яшчэ адзін прыклад геральдычнай паэзіі сустракаем на старонках берасцейскай Бібліі (эпіграма на герб Мікалая Радзівіла Чорнага). У дадатку да нясвіжскага канцыянала з’яўляюцца першыя ўзоры рэлігійна-палемічнай паэзіі (“Песня, сабраная з Адкрыцця св. Яна <...> што папа ёсць праўдзівы Антыхрыст, і ўжо дарэмна маем іншага Антыхрыста чакаць”), а філосаф А. Валян, напоўніўшы свой прэфацыйны па функцыі верш “Да Палякаў і да Літвы” актуальным грамадскім зместам, даў першы ўзор палітычнай паэзіі. Палітычнай сатырай з’яўляецца паэма “Пратэй, або Пярэварацень”, у якой гучаць і рэлігійна-палемічныя матывы (больш дакладна жанр гэтага твора вызначаецца як сатыравая паэма). У берасцейскім выданні “Пратэя...” змешчана і некалькі дэдыкацыйных вершаў (ананімнае прысвячэнне Мікалаю Радзівілу Чорнаму, жартаўлівыя звароты да героя паэмы П. Стаенскага і Ц. Базыліка). У творчасці Ц. Базыліка мы знаходзім як выдатныя ўзоры паэзіі фунеральнай (“Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл”, “Надпіс на магіле зацнага шляхціца Паўла Сецыгнёўскага”), так і прыклады геральдычнай (эпіграма на герб Мікалая Радзівіла Чорнага) і дэдыкацыйнай паэзіі (прысвячэнне Мікалаю Радзівілу Рудаму). Характэрна, што віды і жанры паэзіі, рэпрэзентаваныя на старонках берасцейскіх і нясвіжскіх выданняў 50 – 60-х гг. (геральдычная, прэфацыйная і дэдыкацыйная, фунеральная, палітычная, рэлігійна-палемічная) стануцца найбольш папулярнымі і на пазнейшых этапах развіцця польскамоўнай паэзіі Беларусі эпохі Рэнесансу.
Хаця значная частка твораў у тыя часы выдавалася ананімна, нам вядомы імёны многіх паэтаў з берасцейска-нясвіжскага асяродку: Я. Зарэмба, С. Зацыус, А. Тшэцескі, Я. Сільвіус, С. Семідаліус, М. Чаховіч, Т. Сакалоўскі (Фальконіус), Т. Хадоскі, А. Валян, П. Стаенскі (Статорыус), Ц. Базылік. З іх толькі Ц. Базылік, А. Тшэцескі ды, напэўна, П. Стаенскі былі сапраўднымі паэтамі, астатнія пакінулі пасля сябе па адным, па два вершы, напісаныя спецыяльна для нейкага канкрэтнага выдання (напрыклад, для берасцейскага альбо нясвіжскага канцыяналаў).
Па роду заняткаў ды па жыццёваму прызванню большасць з пералічаных аўтараў з’яўлялася пратэстанцкімі тэолагамі і прапаведнікамі (кальвінскімі альбо арыянскімі), якія і паэзію разумелі выключна як сродак рэлігійнай прапаганды (альбо палітычнай, як А. Валян). Можна меркаваць, што амаль усе яны былі знаёмыя паміж сабой: як ідэйныя паплечнікі і супрацоўнікі (некаторыя з іх бралі, напрыклад, удзел у падрыхтоўцы да выдання берасцейскай Бібліі 1563 г.) ці як пазнейшыя супраціўнікі (у 1565 г. прыхільнікі арыянскіх ідэяў адышлі ад кальвіністаў, утварыўшы свой асобны збор).
Па паходжанні большасць з іх было палякамі, якія па запрашэнні Мікалая Радзівіла Чорнага альбо па ўласнай ініцыятыве перабраліся ў Вялікае Княства Літоўскае, асеўшы ў Вільні, Бярэсці, Нясвіжы : хто часова, а хто і стала. Эмігранты з Польшчы – вучоныя, літаратары, друкары – ў 50 – 70-х гг. XVI ст. ўнеслі важкі ўклад у развіццё культуры Беларусі і Літвы, таксама як крыху раней гуманісты з Італіі і Германіі ўзбагацілі сваёй творчасцю рэнесансавую культуру Польшчы. Натуральна, што паэты польскага паходжання ў сваіх творах рэпрэзентавалі польскую самасвядомасць, хоць пісалі і выдавалі іх на тэрыторыі Беларусі.
Невядомы аўтар эпіграмы на герб С. Пякарскага з берасцейскага канцыяналу адназначна называе сябе, свайго адрасата і сваіх чытачоў палякамі, ужываючы выразы: “nam wszem Polakom”, “miedzy nami ślachcicy Polskiemi”, “bo w Polszcze to” (Kot 1937: 452). Падобна звяртаецца да сваіх чытачоў і аўтар “Песні, сабранай з Адкрыцця св. Яна...”, змешчанай у дадатку да нясвіжскага катэхізіса: “A tak panowie Polanie / Ocućcie się z tego spania...” (Kawiecka-Gryczowa 1926: 136). Па зместу гэтых вершаў немагчыма здагадацца, што напісаны і выдадзены яны ў Вялікім Княстве. Але наўрад ці іхнія аўтары “забыліся”, што яны не ў Кароне, наўрад ці звярталіся выключна да чытачоў-палякаў. Думаецца, што польскімі шляхціцамі, палянамі яны называлі таксама беларусаў і літоўцаў, а Бярэсце і Нясвіж таксама лічылі Польшчай.
Пра Польшчу піша і аўтар “Пратэя...”, норавы польскай шляхты крытыкуе, талентам польскіх паэтаў захапляецца. Акрамя назвы “Польшча”, якая сустракаецца ледзь не на кожнай старонцы, у паэме ўжываюцца сумежныя паняцці “Карона”, “Рэч Паспалітая”, назва “Вялікае Княства Літоўскае” не сустракаецца ні разу. Праўда, паэт ужывае аднойчы назву “Літва” ў значэнні “народ Княства”, але сам выразна дыстансуецца ад літвінаў, прамаўляючы ад імя палякаў: “Na Litwę narzekamy, Litwa zaś na Lachy, / U obodwu narodów płaczu pełne gmachy” (Proteus 1890: 25). З гэтых радкоў выразна відаць, што для аўтара “Пратэя...” ліцвіны і палякі – два розныя народы. Але памятае ён пра гэта толькі тады, калі гаворыць пра мір і згоду паміж народамі ў складзе адзінай дзяржавы, ва ўсіх іншых выпадках – звяртаецца выключна да палякаў і называе сваю краіну “Польшчай”. Нібыта адчуваючы віну за свой польскі патрыятызм перад гаспадарамі-літвінамі, паэт у дэдыкацыйным вершы Мікалаю Радзівілу Чорнаму тлумачыць адрасату і чытачам сваю пазіцыю:
A iż tu mianowicie do Polaków mówi,
Ty rozumie, którzy są polskiemu królowi
Z łaski bożej poddani, gdziekolwiek mieszkają,
Jeden lud, gdzie jednego wszyscy pana mają.
Падобнага погляду прытрымлівалася большасць польскамоўных паэтаў Беларусі 50 – 60-х гг. XVI ст. Ц. Базылік удакладняў, праўда, у паэме “Апісанне смерці і пахавання княгіні Альжбеты Радзівіл”, што зацнасць ягонай гераіні вядома не толькі польскаму народу (Альжбета паходзіла са старадаўняга польскага роду Шыдлавецкіх), але таксама і ліцвінскаму (Kot 1956: 129), аднак у пазнейшых творах не ўжываў назваў “Літва”, “Вялікае Княства Літоўскае”: нават у вершах, прысвечаных братам Радзівілам. Затое славіў польскіх Геркулесаў і Улісаў, мужных Лехаў у вершы “Надпіс на магіле зацнага шляхціца Паўла Сецыгнёўскага” і выказваў думку, што калі б ягоны герой, польскі шляхціц Сецыгнёўскі, меў магчымасць служыць уласнай Бацькаўшчыне – Украіна была б у бяспецы (Kot 1956: 146 - 147). Адзначым, што гэты верш надрукаваны праз год пасля таго, як Польшча забрала Ўкраіну ў Вялікага Княства.
Амаль немагчыма знайсці праявы мясцовага патрыятызму ў паэтычных творах з берасцейскіх і нясвіжскіх выданняў эпохі Рэнесансу, альбо хаця б згадкі пра Вялікае Княства Літоўскае. Выразна дамінавала польская самасвядомасць, літаратары польскага паходжання не адчувалі сябе чужынцамі ў Беларусі, не заўважалі “іншасці” краіны і бачылі вакол сябе адно Польшчу, па рознаму – хто вузей, хто шырэй – разумеючы гэтую назву.
Сустракаліся, аднак, рэдкія выключэнні – вершаваныя тэксты, якія хоць у нейкай ступені адлюстроўвалі існаванне незалежніцкіх, патрыятычных настрояў у беларуска-літоўскім грамадстве напярэдадні заключэння Люблінскай уніі. На падставе гэтых вершаў можна меркаваць, што адным з інспіратараў такіх настрояў, іх духоўным натхніцелем з’яўляўся Мікалай Радзівіл Чорны. Віленскі ваявода, як мы ўжо адзначалі, падтрымліваў цесныя сувязі са сваімі братамі па веры ў Польшчы і перацягнуў многіх польскіх рэфармацыйных дзеячаў – вучоных, пісьменнікаў, друкароў – у Вільню ды ў Бярэсце, паспрыяўшы тым самым актыўнаму пранікненню ў Княства польскай культуры. Але ў палітычнай сферы Мікалай Радзівіл Чорны пачуваўся ліцвінам і адстойваў дзяржаўную незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага (сімптаматычна, што унія паміж Каронай і Княствам была заключана толькі пасля ягонай смерці).
Пэўна, не толькі сам Мікалай Радзівіл падкрэсліваў сваю ліцвінскасць, але і ягоныя польскія паплечнікі-аднаверцы мусілі ўспрымаць яго як прадстаўніка Княства і лічыцца з палітычнымі перакананнямі правадыра кальвінізму ва Ўсходняй Еўропе. Невыпадкова аўтар “Пратэя...”, прысвяціўшы віленскаму ваяводзе сваю паэму, палічыў патрэбным растлумачыць у дэдыкацыйным вершыку, чаму ён называе ўсіх сваіх чытачоў “палякамі”. Ц. Базылік сваю эпіграму на герб Мікалая Радзівіла пісаў ужо тады, калі ўладальнік герба памёр, таму нічога не мусіў тлумачыць і зусім не згадваў у вершы пра нацыянальную прыналежнасць і палітычную дзейнасць нябожчыка-князя. Затое ананімны аўтар эпіграмы на радзівілаўскі герб у берасцейскай Бібліі, старанна падкрэслівае дзяржаўную прыналежнасць фундатара кнігі:
Takowym teraz Trzy Trąby Książęcia zacnego,
Mikołaia Radziwiła z Księstwa Litewskiego,
Trąbia na wszytki ludzi ięzyka Słowieńskiego,
Aby się chutniey spieszyli do słowa Bożego.
Віленскі ваявода прычыніўся таксама да з’яўлення палітычнага трактата А. Ратундуса “Размова Паляка з Ліцвінам” і верша А. Валяна “Да Палякаў і да Літвы”, змешчанага ў гэтай кнізе. Абодва творы займаюць адметнае месца ў шматмоўнай літаратуры Вялікага Княства Літоўскага XVI ст., вылучаюцца сваім патрыятызмам і грамадзянскім пафасам, бароняць годнасць тагачасных беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў ад зняваг польскага публіцыста С. Ажахоўскага і ягоных аднадумцаў у Кароне. У сваім вершы А. Валян імкнецца выступаць з пазіцыі аб’ектыўнага суддзі-міратворцы ў спрэчцы двух персанажаў з сачынення А. Ратундуса і ў канфлікце народаў дзвюх краін, але ягоныя сімпатыі выразна на баку Літвы і ліцвінаў, бо “wiedzie Polak z niewolą hańbę na Litwina / A za cnego matki swej niechce go mieć syna” (Rozmowa Polaka 1890: 53). Назва “Літва” згадваецца ў вершы некалькі разоў: у значэнні “Вялікае Княства Літоўскае” і ў значэнні “народ Княства”. А. Валян падкрэслівае, што адказ на сачыненне С. Ажахоўскага “Quincunx...” напісаны ў Княстве, і што ў гэтай краіне хапае мудрых, адукаваных людзей, каб выкрыць памылковасць высноў польскага публіцыста. Патрыятычны пафас верша ўскосна падцвярджае меркаванне некаторых беларускіх вучоных, што А. Валян нарадзіўся не ў Польшчы (у Новым Мясце), як заўсёды лічылася, а ў Беларусі – ў Біюцішках каля Ашмян (Коршунаў 1993: 31).
Верш “Да Палякаў і да Літвы” з’яўляецца адзінай вядомай нам праявай ліцвінскай самасвядомасці ў паэзіі Беларусі 50 – 60-х гг. XVI ст. У пераважнай большасці паэтычных твораў з берасцейскіх і нясвіжскіх старадрукаў назіраюцца праявы польскай самасвядомасці альбо абыякавасць да дзяржаўнай прыналежнасці і нацыянальных адрозненняў. Польскамоўная паэзія Беларусі ў першай фазе свайго развіцця была непарыўна звязана з літаратурай Польшчы, не ўсведамляла сваёй адметнасці нават на рэгіянальным узроўні. Большасць аўтараў паходзіла з Польшчы, не ўкаранілася думкамі і пачуццямі ў палітычных рэаліях Княства, а таму перанесла з сабой на Беларусь сваю – чужую для чытачоў – Бацькаўшчыну. На наступным этапе развіцця адбыўся, аднак, прыход у паэзію мясцовых аўтараў і выявіліся тэндэнцыі да пошукаў уласнай Бацькаўшчыны, выразныя прыкметы ліцвінскага патрыятызму.