На вушы вешаць манку — ужо ня той завод!
Мяне страляў уранку са стрэльбаў цэлы ўзвод.
За што мне лёс мой бедны і сумны, як сьляза? —
Ня тое, каб ня ведаў, ды нельга расказаць.
Мой камандзір мяне аберагаў,
Ды нехта на расстрэле настаяў.
І ўзвод выдатна выканаў загад,
Ды быў адзін, які там не страляў.
Мой лёс ліхі блукае даўно наперакос.
Аднойчы языка я здабыў, ды не данёс.
І асабіст Суэцін, такі нястомны сам,
Яшчэ тады прыкмеціў і нават запісаў.
Ён выцягнуў затым і прывалок
Падколаты, падшыты матэр'ял.
Ніхто зрабіць нічога ўжо ня змог.
Не, змог адзін, які там не страляў.
Рука махнула ў прорву зь бязглуздым гукам «Плі!»
І залп мне выдаў пропуск на цёмны бок зямлі.
Ды чую: «Дыша, сьцерва! Нясіце да ўрача.
Па два разы расстрэльваць — статуты парушаць».
А ўрач пасьля ўсё цмокаў языком
І зьдзіўлена мне кулі выдаляў.
А я ў трызьненьні гутарыў цішком
З тым хлапчуком, які там не страляў.
Я раны, як сабака, лізаў, а не лячыў.
У шпіталях аднак я па ўвазе не тужыў.
Увесь быў закаханы ў мяне жаночы пол:
«Эй, ты, недастраляны! Паўзі-давай на ўкол!»
У Крыме ўжо геройстваваў наш полк.
І я туды глюкозу пасылаў,
Каб саладзейшым быў хаця б глыток —
Каму? — Таму, які там не страляў.
Я піў чаёк са сподка, са спірцікам бываў.
Не замараўшы зводкі, я ўсё ж даваяваў.
У полк свой прызначалі. «Ваюй! — сказаў маёр. —
А што не дастралялі, — то ўжо ж каму ў дакор?»
Быў рады я ды, сеўшы пры сьцяне,
Бялугай выў і лёс свой праклінаў.
Нямецкі снайпер, стрэльнуўшы ў мяне,
Забіў таго, які там не страляў.
1972