Замак час разбурыў, закапаў і накрыў,
Быццам коўдрай, зялёным мурогам.
Ды… разьвяжа язык ганарлівы граніт
І прымусіць мінулае загаварыць
Пра паходы, баі, перамогі.
Тыя подзьвігі часам ня сьцёрла:
Адарваць ад яго верхні пласт
Ці мацней яго сьціснуць за горла —
Таямніцы свае ён аддасьць!
І спадуць сто замкоў, і спадуць сто акоў,
І сыйдуць сто патоў з цэлай кучы вякоў, —
І пальлюцца легенды на сотні радкоў
Пра турніры, аблогі, пра вольных стралкоў…
Да знаёмых мэлёдыяў вуха настрой
Ды глядзі непрыжмураным вокам.
Бо каханьне ня зьнікне ліхою парой
На'т у будучым вашым далёкім.
Звонка лопаўся шчыт пад напорам мяча,
Цеціва ад натугі дыміла,
Зь дзідаў сьмерць паглядала вачыма сыча,
Вораг падаў у гразь і маркотна крычаў,
Здаючыся мацнейшым на міласьць.
Ды ня ўсе з тых, што выйшлі жывымі,
Захавалі душу ў дабрыні,
Абярогшы імёны чульліва
Ад мярзотнасьці подлай хлусьні.
Добра, што баявога каня зацугляў
І на дзіду рука зручна легчы змагла.
Добра ведаць, адкуль прыляцела страла,
Горш — калі неяк подла, калі з-за вугла.
Што, мярзотнікаў б'юць там у вас? Добры знак!
Шабас ведзьмы зьбіраюць за ёлкі?
Толькі зло называецца злом — ці ж ня так? —
На'т у будучым вашым далёкім!
І зь вякоў у вякі, сёньня, як і здаўна,
Баязьліўцамі мы пагарджаем.
Вораг ворагам ёсьць, і вайной ёсьць вайна,
І турмой ёсьць турма, і свабода адна —
І заўжды мы яе выбіраем!
Часам гэтых паняцьцяў ня сьцёрла.
Трэба толькі прыўзьняць верхні пласт —
І, як кроўю гарачаю з горла,
Хлыне процьма пачуцьцяў на нас!
Сёньня й заўтра ў вяках, ад цямна да цямна —
І цана ёсьць цана, і віна ёсьць віна!
І цудоўна, што гонар ты не разьмяняў,
Што сябрамі надзейна прыкрыта сьпіна!
Чысьціню, прастату мы ад продкаў бяром —
Забываць сагі, казкі ня варта, —
Бо дабро ўсё адно застаецца дабром —
Як учора, так сёньня і заўтра!
1975