Я скачу, але скачу іначай —
Па камнях, па лужах, па расе.
Кажуць тут: ён інахадзьдзю скача.
Гэта значыць, што ня як усе.
Ды наезьнік мой ліхі на мне
Страмянамі б'е мяне са злом…
А я бегаць хочу ў табуне
Без аброці і не пад сядлом!
Калі з ножнаў шаблю не вымаюць, —
Шабля зможа рэзаць толькі глей.
Вось мяне стрыножваюць, сядлаюць,
Рот ірвуць жалезінай цуглей!
Мне набілі раны на сьпіне!..
Я дрыжу бакамі ля вады!..
Як я бегаць хочу ў табуне —
Без сядла, аброці і нуды!
Сёньня зноў я стану пераможцам!
Скачкі! — Я, канешне, фаварыт!
Ставяць сьмела ўсе на інаходца.
Ды ня я, — жакей на мне хрыпіць!
Ён усадзіць шпоры ў рэбры мне!
Скаляць зубы першыя рады…
А я бегаць хочу ў табуне —
Без сядла, аброці і нуды!
Таньчаць, таньчаць скакуны на старце
Ў злосьці, аж ня могучы стаяць,
У шаленстве, лютасьці, азарце,
І пускаюць пену, як і я!
У трыбун жакей мой у цане —
Здатны майстра верхавой язды!
Ох, як бегаў я б у табуне
Без сядла, аброці і нуды!
Не, ня будуць залатымі горы!
Я апошнім цэль перасяку!
Я яму прыпомню тыя шпоры!
Запсую! Адстану на скаку!
Звон-сігнал! — Жакей ужо на мне.
Хмыліцца, ня чуючы бяды…
Ах, як бегаў я б у табуне
Без сядла, аброці і нуды!
Што са мною? Што раблю?! Што чую?!!
Што ж я?! Зноў яму дапамагу?!
Я сабою проста не кірую!
Я прыйсьці ня першым не магу!!
Што ж рабіць тут застаецца мне?
Вышпурнуць наезьніка свайго!
І пабегчы, нібы ў табуне,
Хоць і пад сядлом, ды безь яго!
Я прыйшоў, а ён сапе пад сонцам
Па камнях, па лужах, па расе…
Першы раз ня быў я інаходцам!
Я імкнуўся выйграць, як усе!
1970