Золак быццам лязом паласнуў па вачах.
Ляскатнулі куркі, уздымаючы жах.
І, адкуль ні вазьміся, узьніклі стралкі,
І ўзьляцелі стракозы з пратухлай ракі,
І пацеха пайшла — ў дзьве рукі! Ў дзьве рукі!
Леглі мы на жывот, небаракі-ваўкі.
Нават той, нават той, хто ныраў пад флажкі,
Чуў ваўчыныя ямы падушкамі лап,
Той, каго нават куля дагнаць не магла,
Узапрэлы ад жаху, прылёг і аслаб.
Я ня чуў, каб жыцьцё дагаджала ваўкам.
Марна любім яго, адналюбы.
Вось у сьмерці прыгожы, шырокі выскал
І здаровыя белыя зубы!
Дык хай дзівіцца вораг на воўчы наш сьмех —
Мы сабакам шчэ каркі намылім!..
Але кроўю вытатуірованы сьнег
Тае з росьпісам: больш не ваўкі мы!
Мы паўзьлі, як сабакі, стуліўшы хвасты.
Жах зьдзіўленьня ў вачах, небу ўзьнятых, застыў:
Ці то нас пакараньне спасьцігла зь нябёс?
Ці то сьвету канец? Ці ў мазгах перакос?
Толькі білі ўналёт нас з жалезных стракоз!
Кроўю вымаклі мы на сьвінцовым дажджы
І скарыліся, бо ўсё адно не ўцячы!
Жыватамі гарачымі плавілі сьнег…
Распачаў тую бойню — ня Бог! — чалавек!
Хто ляціць — тым у лёт! Хто бяжыць — тым у бег!
Зграя псоў, не вяжыся! Ваш брэх, як ныцьцё! —
Мы на роўных ня ўпусьцім удачы!
Мы, ваўкі, любім воўчае наша жыцьцё!
Вы ж сабакі й канец ваш сабачы!
Усьміхаюся ворагу, — воўчы мой сьмех
Вас і тут не пакіне сухімі!
Але кроўю вытатуірованы сьнег
З нашым росьпісам: больш не ваўкі мы!
Лес, ваўкі! — Хоць каго з вас я там зьберагу!
Гайда ў лес! — Бо цяжэй жа забіць на бягу!
Уцякайце! Ратуйце сваіх шчанюкоў!..
Я бягу на вачах напаўп'яных стралкоў
І склікаю аблудныя душы ваўкоў.
Хто жывы, затаіўся на беразе тым.
Што магу я адзін — тут, на полі пустым?
Вочы дрэнна глядзяць! Нос ня чуе здалёк!
Дзе ваўкі? Дзе былое лясное зьвяр'ё?
Дзе ж ты там, жаўтавокае племя маё?
А наўкола зьвяры шнараць досьвіткам дня
З тых, што воўчых ня ведаюць клічаў.
То сабакі, — шчэ ж нейкая наша радня!
Мы раней іх лічылі здабычай!
І я кідаю ворагу воўчы свой сьмех
Аскаболкамі іклаў гнілымі.
Але кроўю вытатуірованы сьнег
Тае з росьпісам: больш не ваўкі мы!..
1978