18

Кмiта Тодар, пачуўшы каму патрэбна гарэлка, усьмiхнуўся.

— А грошы табе ён даў? — спытаў.

Ня ўсьпеў Янук паказаць яму чырванец, як Тодар яго з рук выхапiў.

— Гэта дык здорава, — цмокныў вуснамi ў паперку. — Калi такiмi новiнькiмi раськiдаiцца, дык мусiць водзяцца яны ў яго.

Тодар плюнуў на паперку, пацёр яе.

— Абнавiць во трэба. Ну што-ж, за чырванец мусiць лiтроўку гнаць… Пачакай, я тут зараз…

Тодар зьбегаў унiз у склеп i хутка вярнуўся зь лiтроўкай. Сiвуха была добра закаркована.

— Калi скажа, што дорага, цi што, дык скажы, што гэта за сталiчную лепшая, — паднёс свой карэлы ўказальны палец Януку пад нос. — Будзiш помнiць?

— Буду, — адказаў хлапец.

— Пачакай, так нi нясi, загарнуць у нешта трэба.

У куце шупляды Тодар знайшоў кавалак газэты й загарнуў пляшку.

— От так лепi будзiць, — сказаў, - толька-ж глядзi, баранi Божа, нi пабi.

— Ну от вiдзiш як скора, умеючы, — сказаў Косьцiк Януку, калi той увайшоў у хату. — Нясi, Пракоп, закуску.

Пракоп, бяз слова, выйшаў у сенцы.

— Тодар здачы даў табе? — спытаў Косьцiк Янука, што пiльна ўзiраўся ў новых начальнiкаў.

— Ды нi даў…

— Нi даў? Iш ты яго! Ну да я зь iм рашчытаюся. Ад яўрэяў мусiць навучыўся.

— Казаў, што самагонка ягоная лепшая, чым сталiчная, — паясьнiў Янук.

— Як, як? Лепшая, чым сталiчная? Га-га-га! — зарагатаў на поўне горла Косьцiк. — Ты слышыш, Лявон? От i шэльма, крутадух! Га-га-га!

Лявон памагаў Косьцiку й два дзяцюкi шчыра й голасна рагаталi, калi Пракоп адчынiў дзьверы. Зiрнуўшы няўцямна на няпрошаных начальнiкаў, ён маўклiва паставiў на стол мску салёных агуркоў, палажыў акраец хлеба, пайшоў да палiцы i ўзяўся расстаўляць пасуду.

— Прабачце, дзяцюкi, — сказаў сьцiпла, — нiчога ў мяне скаромнага нiма, от агурок, ды хлеб…

— Да чаго ты бядуiш? — падыйшоў да гаспадара Косьцiк i са штучнай добразычлiвасьцю так шлёпнуў Бахмача па плячы, што той аж пахiснуўся. Садзiся во, — узяў Пракопа за руку й сiлай пасадзiў на краю стала. — Ты чуў, што Тодар твайму пацану сказаў, га? От шэльма, кажа, што яго самагонка за сталiчную лепшая. Га-га-га! Чуў такое, таварыш Бахмач?

Пракоп нiчога не адказаў, пазiраў на дзяцюкоў коса, быццам на зьвяроў, асьцерагаючыся, каб ня ўкусiлi.

— Ну дык ты, Лявон, чаго марудзiш? Адпячатывай! — загадаў Сабакевiч.

Лявона ня трэба спанукаць было. Рухам спрактыкаванага п'янiцы, ён хапiў пляшку й хлёстка стукнуў па левай даланi. Корак выскачыў на стол, а Лявон пачаў напаўняць чаркi. Ён налiў амаль палову першае, затрымаўся й спытаў Пракопа:

— Ты, таварыш Бахмач, чаму гэтыя напарсткi нам падаў? Гуляць зь iмi, цi што? Стаканаў у цябе нету?

Пракоп прынёс з палiцы й паставiў на стале дзьве шклянкi.

— Гэта чаму два? — спытаў Косьцiк.

— Ды я-ж, самi знаiця, ня п'ю, — зьбянтэжыўся Пракоп.

— Нi прытварайся! — груба сказаў Косьцiк. — Ты што, за савецкую ўласьць, за здароўе таварыша Сталiна ня вып'еш?

Апраўдвацца было небясьпечна. Пракоп зрабiў яшчэ адно падарожжа да палiцы й паставiў на стале трэцюю шклянку. Лявон узяўся налiваць з асалодай. Носам уцягваў самагонны пах.

— Прыгару нi чуваць, — сказаў. — Мусiць Тодар ужо добра руку набiў.

Лявон пачаў ад Косьцiкавай шклянкi. Зiрнуўшы на сябру, Сабакевiч кiўнуў галавой.

— Ты што гэта, традыцыi нi знаiш? Гаспадару трэба першаму налiваць.

Нiчога не адказаўшы, Лявон нагнуў пляшку. Самагонка прыемна булькала. Налiўшы палову шклянкi, Лявон пазiраў на Косьцiка.

— Лi, лi поўную, — усьмiхнуўся той. — Таварышч Бахмач за таварышча Сталiна поўную вып'iць. Праўда, Пракоп?

Нахабна вымаўленае «Пракоп» асаблiва ўкалола Бахмача. Быццам хацеў сказаць "бязьмен ты". Была гэтта й зьнявага, i зьдзек. Таўстыя вусны ўсьмiхалiся, шэрыя вочы пагражалi. Асноўным аб'ектам Пракопавага зацiкаўленьня, што поўнiла яго вялiкай трывогай, была шклянка Кмiтавай самагонкi, каторую зухавата налiвала Лявонава рука. Вось яна, чысьцюсенькая-поўненькая, стаяла на ягоным, Пракопавым стале й на паядынак выклiкала. А Лявон ўжо напоўнiў Косьцiкаву й падганяў сваю. Разьлiў больш паловы пляшкi.

Косьцiкава вялiкая правая далонь, белая й гладкая, што мусiць ужо ад нiткi й iголкi адвыкла, спакойна адпачывала ля поўнай шклянкi на стале. Золатам зьзяў на пальцы вялiкi сыгнэт з прыгожым чырвоным камянём i лiтарай «К» ан iм. Якраз у гэну хвiлiну Сабакевiч зiрнуў на свой ручны залаты гадзiньнiк. Спасьцярогшы ўсё гэта, у вадным кiрунку павандравалi Пракопавы думкi. Калiшнi сабакарэз сядзеў цяпер гаспадаром у яго хаце. На руках чужое золата, у кабуры — пераканальны довад сiлы "народнай улады". Гэта той самы шэльма, што некалi пачаў сваю дарогу "ў людзi" кражай настаўнiчынага гадзiньнiка ў пачатковай школе. Хто тады мог прадбачыць, што з таго шчанюка-злодзея вырасьце? Плён дасьпеў, спажывайце, людзi добрыя…

Дзяцюкi ўсталi. Неахвотна, паволi падняўся Пракоп.

— Дык от, таварышчы, — урачыста пачаў Косьцiк, высака, перад самым носам трымаюччы шклянку, — вып'ем усе да дна. Паўтараю: да дна!

Зiрнуў упарта на Пракопа й прадаўжаў: — За наша асвабаждзенiя ад белапанскага iга, за нашу народную, савецкую ўласьць, за нашу доблiсную Красную Армiю, што нас асвабадзiла, да i за нашага важдзя, атца ўсiх народаў, вялiкага й мудрага таварышча Сталiна! Да здраствуiць!

— Да здраствуiць! — падтрымаў Лявон.

Косьцiк i Лявон пачалi пiць зь вялiкай насалодай. Спасьцярогшы, што Пракоп ледзь вусны памачыў, Сабакевiч перасьцярог: — Пракоп, за таварышча Сталiна п'ем, стала быць да дна далжон!

Пракопава нутро пратэставала супраць пякучай, смуроднай, гаркой вадкасьцi. На сiлу пару кропляў адпiў. Косьцiк зноў зьвярнуўся да яго: Кажу табе яшчо раз, таварыш Бахмач, гэта другi раз прадупрэждаю, што за таварышча Сталiна абiзацiльна нужна пiць да самага дна. Панiмаiш? А трэцi раз прадупраждаць ня буду.

Перамогшы агiду, Пракоп нагнуў шклянку. Сочачы дзяцюкоў адпiў пару глыткоў, ды шклянку трымаў пры вуснах. Вiдаць, пераканаўшыся, што Бахмач узяўся пiць, Косьцiк скончыў сваю разам зь Лявонам. Пераз плечы камунiсты шпурнулi шклянкi ў качарэжнiк. Адпiўшы мо трэцюю часьць, Пракоп затрымаўся. Мiгам зар'ентаваўшыся, ён кiнуў сваю шклянку пераз плячо. Шкло пырснула на глiнянай падлозе. Зьбянтэжаны Янук устаў з лавы.

— Так i трэба! — гукнуў Косьцiк. — З каторага стакана пiлi за таварышча Сталiна, з таго нiхто болi нi далжон пiць. Маладцы, га-га!

Усе селi. Прыйшло нязручнае маўчаньне, каторае зноў спынiў Косьцiк.

— Эта самае, — пачаў ён паволi, бяручы вiдэльцам з талеркi кiслы гурок, — мне здаецца, што таварышч Бахмач ня выпiў да дна… Верна, таварышч Шпунт?

— Да, верна, ня выпiў, - згадзiўся папугай.

— I многа ня выпiў? — прыжмурыўшы хiтра вочы й кусаючы гурок, пiльна ўглядаўся ў Пракопа Ромкаў гаспадар.

— Оо так мусiць з палавiну, цi болi, — мяркаваў Шпунт.

— Болi як палавiну? — намагаўся дзiвiцца Косьцiк. — Верна, Пракоп?

Бахмач маўчаў.

— Я цябе спрашываю, Пракоп, верна iлi нет, што ты палавiну цi болi ня выпiў?

Голас быў цьвёрды, рэзкi.

— Я-ж вам казаў, што што нiколi ня п'ю, — ледзь чутна, з трывогай адказаў Пракоп.

— Я цябе нi спрашываў, цi ты п'еш iлi нет, — сказаў Косьцiк. — Цi ты нi знаў гэтага, што калi п'еш за здароўе якога дарагога чалавека, дык трэба да дна выпiць, так як рускiя робяць? Што дажа тыя, каторыя нiкада ня п'юць, прыдзержываюцца гэтага? Га?

— Я-ж гэта самае… чуў, - прызнаўся Пракоп.

— Ну так от, галубчык… ты, стала быць, прызнаўся, што за нашага важдзя таварышча Сталiна нi хацеў выпiць. Верна?

Цi яго хапiў скразьняк у варыўнi, цi ад перапалоху пачалi браць Пракопа дрыжыкi. Холадна стала. Той глыток самагонкi замуцiў галаву. Пытаўся сам сябе Пракоп, цi ня лепш было-б, змагаючы агiду, выпiць поўную шклянку. Абы не чапiлiся, каб хутчэй iхныя нячыстыя ногi зь яго хаты панясло. Дзяцюкi, злосна пазiраючы на яго, кусалi хлеб i жвалi гуркi.

— Верна? — насядаў Косьцiк.

— Косьцiк, нi чапiся ты да мяне. Вiдзiш, што я слабы й нi магу, сказаў Пракоп дрыжачым голасам. Думаў, што такiм зваротам знойдзе нейкi мост да сумленьня басяка. Не магло-ж быць, каб ня меў ён нiякага сумленьня. Калi была ў яго навет маленькая макулiнка яго, дык льга было дарогу шукаць.

— Ты гэта што косьцiкаiш? Якi я табе Косьцiк? Нi казаў я табе раней як абрашчацца? — выбухнуў Ромкаў уласьнiк.

Пракоп схiлiў галаву. Глядзеў на шрам на стале, якi дзецi некалi ножам зрабiлi. Шрам бег з кута наўскос на якога паўмэтра даўжынi. Пры канцы яго была выкалупана ўпадзiнка. Якраз гэна месца, цямнейшае за навакольную гладзь, пачало мiгацець у вачох.

— Я цябе навучу! — сiпеў Косьцiк збоку.

Адылi Пракоп чуў i ня чуў яго. Было гэта быццам рэха нейкай недарэчнай зьявы, што на ягонай лаве расьселася. Ды зьява-ж гэта, — ня можа-ж быць! скора вось прападзе й зусiм добры й жыцьцядайны супакой запануе ў Пракопавай хаце. Бахмач падняў галаву й вярнуўся ў рэальны сьвет. Зiрнуў на Янука на лаве. Хлапец спасьцярог у бацькавых вачох нешта недарэчна-бездапаможнае. Цi мо было гэта ад таго, што бацька нiколi гарэлкi ў вусны ня браў, а цяперака Кмiтавай "лепшай чым сталiчнай" пад пагрозай мусiў сербануць, цi таму, што нiяк выхаду з пасткi ня мог знайсьцi.

— Штрафнога яму! — запрапанаваў Лявон.

— От малайчына, друг Лявон! — шлёпнуў Косьцiк таварыша па плячы. Люблю цябе за ум твой тонкi й пачцiцiльную, так сказаць, фiзiяномiю. Штрафнога, кажаш?

— Ну да, штрафнога. За таварышча Сталiна ня выпiў, так палагаiцца! паправiў падбадзёраны Сабакевiчам Ляцвон.

— Так i быць, штрафнога! — урачыста згадзiўся Сабакевiч i стукнуў даланёй па стале так, што аж посуд задрыжэў i недзе за вакном закудахтала зь перапалоху курыца. Лявон прынёс з палiцы шклянкi й адну зь iх набухтырыў самагонкай. Дзяцюкi ацiхлi й пазiралi на Бахмача. У позiрках загнязьдзiлася ўпартая нянавiсьць. Указальным пальцам Косьцiк пачаў раўнамерна стукаць па стале. Стук паступова ўзмацняўся й моцна трывожыў Пракопа. Цяжка было вытрымаць зухавата-выклiкаючы Косьцiкаў позiрк i Бахмач зусiм зьбянтэжыўся. Зiрнуў на Янука, што аж падняўся з лавы, разумеючы напружаньне.

На вулiцы пачулiся мужчынскiя галасы.

— Ну, за таварышча Сталiна! — загадаў Косьцiк.

Голас роўны й пагрозьлiвы, а палец прадаўжаў барабанiць па стале, прысьпяшаючы тэмпа. Пракоп пазiраў на гэты палец, то на цэлую, аброслую валосьсем Косьцiкаву руку, на зьзяючы сыгнэт на пальцы. Стук адбiваўся ў Пракопавых грудзёх балючым рэхам.

— Устань! — гаркнуў Косьцiк. — За таварышча Сталiна да самага дна!

У Пракопавых вачох мiльгануў абрыс кабуры Косьцiкавага пiсталету. Жартаваць, басяк, ня мог. Чаго добрага, застрэлiць. Паволi падняўся Пракоп. Правай рукой узяў шклянку, але дрыжэла млосная рука, аблiваў яго сьцюдзёны пот. На паўдарозе рука спынiлася ды паставiла самагонку на стол i лягла побач. Тая самая рука, што давала раду цяжкiм i шурпатым прыладам сялянскай працы, цяпер бездапаможна адпачывала пры шклянцы Кмiтавай "лепшай, чым сталiчнай".

— Госпадзi, зьмiлуйся, — пачаў дрыготкi Пракопаў голас, а вочы празь сьлёзы малiлiся да абразоў напокуцi.

— Ты гэта што? — раўнуў, ускочыўшы з лавы Косьцiк, — якi такi табе Госпадзi? За Сталiна пiць кажу.

Рэха Сабакебiчавага голасу скаланула Пракопавай хатай, але гаспадар не зварухнуўся, ён прылiп зрокам да абразоў.

— Сьвятая Апрасiньня Полацкая, Дарагая i Справядлiвая, заступiся i памiлуй! — дрыжэў, насычаны жальбой Пракопаў голас.

Нешта ненатуральнае было ў гэных трох, застылых пры стале фiгурах: сонцам асьветлены, спацелы Пракопаў твар, вочы сьлязьмi наплыўшыя, дрыжачыя вусны, дурнаватая Лявонава фiзiяномiя й дыхаючы агнём ненавiсьцi, во-во гатовы рынуцца на чалавека Сабакевiч.

Спынiў дыцханьне Янук. Зараз iскра ўспыхне.

— Я табе, iцi тваю маць, пакажу тваю Прасiньню! — выбухнуў Сабакевiч. Маланкавым рухам схапiў напоўненую Пракопаву шклянку й ёмка пусьцiў у кут. Гучна пасыпалася з рамак шкло й самагонка пырснула навокал. Ён трапiў у цэнтр абраза Прадславы.

— Во табе, твая Прасiньня, iдзiёт ты! — раўнуў п'яны Сабакевiч. — Ты, стала быць, за таварышча Сталiна пiць ня хочаш! Я-ж цябе сiчас…

Ён замахнуўся, каб даць Пракопу аплявуху, але Лявон зручна схапiў яго за руку.

— Пiрастань, Кастусь, мерку знай!

Адчынiлiся дзьверы. Увайшоў Алесь, а за iм Антось Дзяркач. Перазь iхныя плечы пазiрала Кмiтава Аўдоля. Спынiлiся ля парогу.

— Што гэта такое тут робiцца? — спытаў Алесь.

Зрок ягоны спынiўся на камунiстах, пасьля на швагры, а найдаўжэй на пабiтым абразе напокуцi.

— Ээ-гэ! А хто-ж гэта ў нас такi ўдалы майстра, што так пекна абразы наўчыўся бiць?

Аблакацiўшыся на стол, Пракоп ашчаперыў з двух бакоў галаву, закрыў далонямi твар. Адно дрыжэлi яго худыя плечы. Лявон i Косьцiк цяпер расьселiся на лаве, задам да стала й моўчкi прыглядалiся прыбыўшым.

— А ягодка-ж мая! — ахнула Аўдоля, — абразы пабiў! А каторы-ж гэта?

— Часта мы спатыкаемся сягоньнiка, — усьмiхнуўся да двух камунiстаў Антось. — Гэта-ж, як той казаў, самi-ж пэўня нi так сабе ходзiце?

— А табе што? У тваю хату прыйшлi, цi цябе маем пытацца? — агрызнуўся Шпунт. — А табе, баба, што трэба? — гаркнуў ён да Аўдолi.

— Ну як табе сказаць? — паволi пачаў Антось, — Начальства, гэта самае, я думаў, надта й надта занятае, новае жыцьцё, казаў той, строiць… ну дык гэтта й прыйшло ў галаву, што пэўня-ж нi так сабе, бiзь якой-небудзь патрэбы от ходзiце… Алi-ж i трапiў, шэльма, у самую сярэдзiну абраза. Каторы гэта з вас такi варашылаўскi стралок?

— Надта-ж ты, Лявон, расхадзiўся, што й старых нi шануiш. Што я табе, сука якая? — прабiрала Шпунта Аўдоля.

Алесь зiрнуў на Янука, што памкнуўся нешта сказаць.

— Ты, Янучок, маўчы, — сказаў Алесь пляменьнiку. — Нiхай той зухаваты сам прызнаiцца. Гэта-ж i стралок зь яго мусiць нiсамавiты, цi-ж жарцiкi ў самую сярэдзiну папасьцi! Алi-ж гарэлачка-самагоначка мусiць тутака вiнаватая…

— Ты, Алесь, лепi прыкусi язык. I ты, Антось, — пагрозьлiва сказаў Сабакевiч, — ане, то…

— То што? — спытаў Антось.

— Пазнаiш што, — памог Косьцiку Лявон. — А ты, Аўдоля, лепi iшла-б дамоў, нi тваё тут дзела.

— Вы гэта што, пагражаiце? — спытаў Алесь.

— Як хочаш думай, — адказаў Косьцiк. — Нi табе мiшацца ў чужое, дзе начальства цяне ня просiць.

— Якое гэта чужое? — заступiўся за Алеся Антось. — Цi гэта нi швагра ягоны пры стале сядзiць? Цi гэта можа Пракоп вас у госьцi папрасiў, ды для вашай пацехi свой абраз пабiў?

— Ты, Антось, знаiш што, надта ня рыпайся! Я цябе яшчо вазьму ў вабарот за тое, што лозунг спэцкаў, - устаў з лавы Лявон.

— Ты гэта што, мяне за руку злавiў? — адсек Антось. — Знаiш, Шпунт, тую прыказку: нi страш бабу…

Зiрнуўшы на Аўдолю й Янука, Антось ня скончыў прыказкi.

— Ну мы яшчо паглядзiм! — пагражаў Лявон.

— Дык каторы з вас такi спэц, што так ёмка па абразе даў? — насядаў Антось.

— Пытайся ў iх, калi хочаш, — паказаў Косьцiк, устаючы, на Бахмачоў. I я вам пасаветаваў-бы болi iнцiрасавацца сваiмi дзiламi, а менi нашымi. Так здаравей будзiць для ўсiх. Давай пайдзем, Лявон.

Косьцiк накiраваўся да дзьвярэй.

— А я з табой яшчо буду гаварыць, — сказаў Лявон Антосю на адыходзе.

Камунiсты стукнулi дзьвярмi i ўжо зь сяней пачулiся моцныя маты. Антось i Алесь пэўны час ненаважана стаялi. Алесь наблiзiўся да Пракопа, палажыў яму руку на плячо.

— Пракопка, што гэтыя гiцлi гэтта нарабiлi?

Пракоп памалу працёр далонямi вочы, зьбянтэжана зiрнуў на швагру, пасьля на Аўдолю.

— Ат, — махнуў рукою, — можа лепi прамаўчаць…

Антось i Алесь хутка зар'ентавалiся ў чым справа. Раскажы што перад гэтай пахатухай, дык уся вёска заўтра ведаць будзе.

— Ну што ты, дзядзька Пракоп, — голасна сказаў Антось, — а што тут утойваць? Нiхай ведаюць людзо.

Настала нязручнае маўчаньне. Янук пазiраў у вакно, пасьля адвярнуўся.

— Паехалi, — паведамiў.

Аўдоля прысела каля хлопца на лаве й лiсьлiва зазiрнула яму ў вочы.

— Хто-ж гэта абраз пабiў, Янучок? — спытала.

— Сабакевiч, хто-ж яшчо, — адказаў злосны хлапец.

— А ягодка-ж мая, Сабакевiч, кажаш! — ахнула Аўдоля. — А навошта-ж яму абраз? Ён у яго есьцi прасiў, цi якой трасцы?

— Гэта-ж тату сiлай напаiць хацелi, а калi ён ня мог выпiць, дык як схопiць Косьцiк поўную шклянку самагонкi, ды як чарахнiць па абразе?

— От каб яго зiмля нi насiла, галадранца кусок! — плюнуў Алесь.

— А ягодка мая, гэта-ж цi так можна па абразе? Як яму ня грэх? дзiвiлася Аўдоля.

— Якi там грэх… басяк-жа ў Бога ня верыць, — спасьцярог Антось.

— Алi-ж чаму гэта па абразе? — дамагалася Аўдоля. — Што гэта было тутака, Пракоп?

Бахмач маўчаў. Ён дрыжэў пры стале, мусiць ня могучы вярнуць раўнавагi.

— Тата малiўся да Прадславы Апрасiньнi, ня мог гарэлкi зь iмi пiць, от што, — тлумачыў Янук.

— Дык што-ж, малiцца няможна? — заўважыў Алесь. — А чаму яны яго змушалi, за што гарэлку пiлi?

— За таварышча Сталiна й асвабаждзеньня, во за што… I Лявон ды Косьцiк пагражалi тату, што за таварышча Сталiна й за асвабаждзеньня трэба пiць да самюсенькага дна, а калi ён ня вып'iць, дык яны яму нешта пакажуць. Ну й паказалi, — выказаў адным дыхам Янук.

— А ягодка-ж мая, нявiданае-няслыханае, — охкала Аўдоля. — А дзе-ж гэта яны самагонку бралi, сынок?

— Ды ў вашага-ж купiлi, — адказаў Янук, — мяне пасылалi.

— У Тодара? — зьдзiвiлася Аўдоля.

— А ў каго-ж, — адказаў Янук.

— I колькi-ж ён узяў зь iх? — узрастала Аўдолiна цiкавасьць.

— Цэлы чырванец.

— Ты, хлапец, мусiць брэшаш. Быць гэтага ня можыць! — запратэставала пахатуха.

— Цётка Аўдоля, што гэта гавораце? Я вам сабака, цi што? — дзёрзка адказаў Янук.

— Ну я-ж яму пакажу, я-ж яму вушы абарву! — усхадзiлася жанчына. — А казаў-жа, што нiма. Ды яшчо самагонку прадаець, каб абразы бiў гэты…

Яна спынiла кленiчы, каб лiшняга не сказаць, разглядалася навокал, быццам спагады шукаючы. Раптам крутнулася й выходзячы моцна стукнула дзьвярмi.

— От-жа й баба, — цiха сказаў Антось. — I ўдаець нiбыта нi знаiць, што Тодар самагонку гонiць i прадаець. Сука! Як гэта ей ня стыдна!

— Дзе ў яе той стыд, — спасьцярог Алесь. — Глядзi, унь ўжо пэўня ў Пiлiпiхi пра гэта ўсё барабанiць. Скора цэлая вёска знаць будзiць. I якi чорт яе сюды прыгнаў?

— А нiхай усе знаюць. Чаго хаваць? — сказаў Антось. — Дай во гэтай нечысьцi дарогу…

— Эх, Антось, ты Антось, — пачаў Алесь, — здаецца й вялiкi й разумны ты, а як малы гаворыш. Ну нiхай цэлая вёска знаiць, нiхай i дзесяць вёсак знаiць, дык што iм, басякам, дарогу хто загародзiць? Ня вiдзiш, што робiцца? Басота да карыта дабралася. Iх права, iх сiла, робяць што хочуць, от як…

— Праўду ты, Алесь, кажаш, — памаўчаўшы адказаў Антось, — басота сiлу цяперака маiць. Дзяржыцiся, людзi добрыя!

Мужчыны прыселi ля стала й пачалi пытацца гаспадара пра гэну дзiўную вiзыту. Янук доўга стаяў, пазiраў на старэйшых. Да вушэй даляталi беразборлiвыя гукi. У вачох стаяла постаць дрыжачага, прыбiтага, некалi ўстойлiвага бацькi.

Пачалi дрыжэць вусны, нешта моцна цiснула сьлёзы з вачэй. Ня памятаў калi выбег з хаты, мiнуў гумно. Азiрнуўся за Тапсiкам i моцна забалела ў грудзёх. Ужо прытулiўшыся да магутных плячэй Архiпа, даў волю сьлёзам. Лёгкiя дрыжыкi юнацкiх плячэй сунiмалiся на стыку з камлём Архiпа. Запаволiлiся сьлёзы й моцна, да болю сьцiснулiся кулакi.

Як праз туман, нейкая дзiўная, у гэтым сьвятле нiколi раней нябачаная, распрасьцерлася ў начоўках вёска Лiтоўцы. Новая вёска, з новым затоеным дыханьнем, няпэўым поступам у таямнiчае заўтра.

Загрузка...