38

Здавалася, што ён не гаварыў, а выдушваў словы з поўных круглых вуснаў з-пад гарбатага носу. Дзiўна сьцiскалiся пуцатыя шчокi. Чалавек нахiляўся над сталом, выпiнаў грудзi, махаў рукамi. Праз табачны дым людзi сачылi гэтага дзiвака, слухалi чмялiнае бубненьне. Пры гэтым напiнаньнi языка й шчок хваляваўся круглы жывот, звужалiся рудыя вочы. I яшчэ адно дзiва: чалавек гаварыў пабеларуску. Мова з-пад гарбатага носу плыла з намаганьням, прыдушаная, якраз такая, якой мог гаварыць чужынец, для каторага гаворка была казной-прымусам. I стваралася яшчэ ўражаньне, што гаварыў ужо многа раз паўтаранае, шаблённае.

Прадставiў яго Косьцiк Сабакевiч як "прысутствуюшчага з раёну таварышча Цiмермана, каторы раскажыць нам аб калхозах i другое…" Надта-ж, мусiць, карцiла Сабакевiчу калгасную справу зь мёртвага пункту зрушыць, дый першым штуршком меў-бы, вiдаць, быць калгас у родных Лiтоўцах.

Косьцiкавы й Лявонавы вiзыты й нагаворы па хатах сабралi ў школьную залю амаль усю вёску, навет дзеда Якуба нейкiм чынам падлабунiлi. Цяпер-жа стары, зморшчаны чашчавiк драмаў пад чмялiнае бубненьне агiтатара Цiмермана. Галава дзедава хiлiлася набок i адно сын Васiль, збоку седзячы, лагодным штуршком вяртаў бацьку на тэрыторыю ўрачыстага сходу.

— Такiм чынам паказчыкi сельскай гаспадаркi дзяржавы, — гаварыў Цiмерман, — даказалi перавагу калгаснай сiстэмы над прыватнай сiстэмай, ды вялiкую мудрасьць генiяльнага таварышча Сталiна.

Янук зьявiўся неўзабаве пасьля пачатку. Як вялiзная гара, вушак уваходных дзьвярэй падпёр Любiн дзевер Мiхалюк. Нясло ад яго потам, гноем i карашкамi. Кастлявая рука нязграбна трымала "казiную ножку", сьлiнькаватыя вусны смакталi цыбук i роўнымi кружкамi пускалi сiнi дымок. Мiхалюк пазiраў то пераз плячо ў сенi, то ў залю, быццам на старожы стаяў.

— Процiў мерапрыемстваў пяцiгодкi, калi пад рукаводзтвам таварышча Сталiна й роднай камунiстычнай партыi наша сацыялiстычная краiна ступiла на парог сьветлай будучынi, выступiла чорная рэакцыя, значыцца недабiтая буржуазная дробязь, рэлiгiйныя мракабесы, кулакi й падкулачнiкi, усякая другая контра. Працэс калектывiзацыi, такiм дзелам, меў масу прэ… перашкодаў.

Пры сьцяне, мiж жанчын сядзела Вульляна. Хусьцiнка на лоб апаўзла, безнадзейнасьць вызiрала з апалых глыбака ў паморшчаны твар вачэй. Так i не вярнулi сыноў-галубкоў ейных. Ягодка-Аўдоля трымала стратэгiчную пазыцыю ля вакна з правага боку побач шырокай i грудзiстай Брунiськавай Мальвiны. Пасьля таго няўдалага падарку крамлёўскiм валадаром i вiзыты ў гацкiм НКВД не ўляглiся яшчэ нелады з Аксеняй. Шаўцова шчабятуха цяпер свайго Пiлiпа трымалася.

— Але наша родная камунiстычная партыя, на чале зь вялiкiм правадыром працоўных усяго мiра таварышчам Сталiнам, наперад разаблачыла гнюсныя планы ворагаў сацыялiстычнага сельскагаспадарчага будаўнiцтва й разьбiла iх у пух i прах! Адтуль пачалося пераможнае шэсьце калгаснай сiстэмы…

Пазiраючы на Цiмермана, шапталiся й хiхiкалi Дуня з Клавай. Прыгнечаны, змораны, быццам яго хто з крыжа зьняў, лiпеў ля Пракопа стары Сявенька. Асунуўся апошнiмi часамi. Вандравала па вёсцы плётка, быццам Косьцiк цяпер зь Сявеньчыхай сьпiць i старога на ўвагу не бярэ.

Цiмерман, мусiць, ня быў вайсковым, бо зьявiўся ўшэрым цывiльным адзеньнi. Калi яму й жылося сытна й добра, дык па вопратцы не згадаеш. Была шэрая яна, як цяпер ўсё шэрым сталася.

Глядзячы на сумныя твары, Янук блудзiў уяўленьнем, разважаў. Што гэтта найбольш вочы й вушы рэзала? З аднаго боку цякла душаная мова бальшавiцкага прапагандысты, з другога — людзi з такiм прыгнечаным выглядам, быццам iх хто на могiльнiк меў зараз валачы.

Усплылi ва ўяве вобразы "герояў" зь "Лiнii Манергейма", фiльму, што кагадзе ў лiпавiцкай пунi бачыў. Як-жа ёмка там «доблiсная» Фiнаў лупцавала, пакуль да Выбаргу дабралася! "Гнюсныя Фiны" прост-напраст бяз портак ад «няпераможнай» джгалi. А як запраўды было?

Тыя, што былi на гэнай вайне й каторым удалося дахаты вярнуцца, апавядалi шэптам, пераз плячо аглядаючыся, ды з жахам у голасе. Так упсяюрылi Фiны «непабядзiмай», што й самому ледзянавокаму крамлёўскаму дыктатару сон з павекаў сагнала. Жарцiкi табе! Жменечка тых Фiнаў, а так засупонiлi! Насамперш усю афiцэрню бальшавiцкую, што на белым сьнезе ў чорнай вопратцы, як на паказ, ваявала, Фiны кулямi пералiчылi. Пасьля-ж "пушачным мясам" паласавацца захацелi. А ў гэным фiльме такiя яны, браце, героюшкi, што аж тая бравая «гармошка» з захапленьня не ўтаймуецца. Басота нячыстая, галеча бязбожная! Як у Сьвятым Эвангельлi сказана: з бруднай крынiцы адно бруднае пацячэ…

I Жыд гэты плявузгае, як шарманка накручаная. Лухта. Панскай зямлёй надзялiлi: наце, налятайце, цешцеся. Людзi аджылi, узмужнелi, некаторыя навет радасьць песьнi прыгадалi. Аж пакуль увесь плён цяжкое працы гэнай ненажэрнай дзяржаве ўвавулiць загадалi. I вядзе далей уява: Косьцiк перад пабiтай iконай, прыгнечаны Сявенька-Амэрыканец, Захарук перад «прэмiяй» на стале, зьбiты бацька зь Перасечана, нямоглае жарабя, барадаты бязбожнiк у школе й чамусьцi Якаўлеў са сваей цудоўнай беларускай мовай…

Як тут разабрацца? На якую мерку мерыць? Моташна, дыханьне забiрае. Трэба выйсьцi. Няхай там ззаду чмель гудзе. Янук працiснуўся да дзьвярэй.

— А сiчас, пасьля дакладу таварыша Цiмермана, цi ёсьць якiя вапросы? устаў Сабакевiч.

Людзi пазiралi адзiн на аднаго, пазяхалi. Падняўся Захарук.

— Вы, дзядзька, маеце якi вапрос? — спытаў Косьцiк.

Захарук стаяў з краю, ля самага праходу. Быццам наўмысна марудзячы, ён кiнуў недакурак самакруткi пад ногi, плюнуў на яго й растаптаў лапцем, азiрнуўся на бакi. Правы рыжы вус вiсеў нiжй левага й гэта давала Захаруку шорсткi выгляд.

— Чаму-ж не, казаў той, каб ня меў…

Уласьнiк бадзёрага гнядога конiка, ударнiк, узнагароджаны за вываз лесу зь Перасечана азiрнуўся па бакох, падкруцiў правы вус уверх.

— Гэта-ж я хацеў пра каня спытаць, калi сам ты, цi гэты таварышч што можыць сказаць… Дык я хачу ведаць як гэта ў калхозя бiз свайго каня быць? Конi-ж заберуць, цi не?

Косьцiк вагаўся, пазiраў на Цiмермана.

— Конi ў калгасе належаць калгасьнiкам. Значыцца, калi вы ў калгасе, дык яны й да вас належаць, — упэўнена адказаў Цiмерман.

Усе Лiтоўцы ведалi Захаруковы конскiя iнтарэсы. Некаторыя яго цыганом называлi. У iншых, здавалася, лепшае масьцi конi вадзiлiся. Дзядзька-ж Захарук на конi, мусiць, спецыяльныя рукi меў. Глядзiш, здаецца, нядошлага якога прыдбаў. Калi-ж паходзiць ля яго, дагледзiць, дык той першаму й дзясятаму ня ўступiць.

— Значыцца тады, як вы, таварышч, кажаце, калi кахозныя конi нашы, дык тады можна каторага запрэгчы калi захочаш? — паправiў цяпер ужо левы вус Захарук.

Цiмерман устаў.

— Як гэта запрэгчы? Паясьнiце.

— Ну значыцца, надта проста: калi каторы мне на што трэба дык пашоў i запрог, — бойка адказаў Захарук. Рука ягоная палезла ў правую кiшэню вынашанага кажушка, дастала адтуль скураны капшук. Захарук паволi адвязаў матузок, выцягнуў зложаную газэту, ды пачаў адрываць кавалак на самакрутку. Цэлы час Цiмермана з вока ня спускаў.

— Калi вам няясная такая драбнiца, дык я зараз паясьню, — пачаў Цiмерман, надзiмаючы шчокi i жывот, як iндык. — Калгас — гэта ёсьць зямля, людзi i iнвентар, у тым лiку й конi. Як агульная гаспадарка, яна мае дбаць аб агульным дабры. Значыцца, пагэтаму старшыня калгаса глядзiць за ўсiмi мерапрыемствамi для карысьцi ўсiх членаў калгаса.

Сам задаволены з такога адказу, Цiмерман сеў. Але стаяў i спакойна насыпаў з капшука табаку ў кавалак газэты Захарук. Ён языком пасьлiнiў адзiн беражок паперы, залажыў яго на другi й пагладзiў пальцамi. Увага ўсей залi цяпер сканцэнтравалася на Захруковай самакрутцы, бо ведалi пранырлiвасьць конскага гандляра.

— Ну дык як тады з канём? — спытаў наўмысна паволi рыжавусы дзядзька.

Цiмерман зь няўцямнасьцю зiрнуў на Захарука.

— Я-ж вам сказаў!

— Вы мне нi сказалi! — горача запярэчыў Захарук. — Вы гаварылi аб агульным дабры i ўспомнiлi, што ўсiм загадваiць старшыня калхозу. Дык я тады магу пайсьцi i ўзяць каторага хачу каня й запрэгчы, цi не?

— Ня можаце! — войстра адказаў Жыд.

— Чаму не?

— А таму, што конь нi ваш.

— Дык як-жа гэта так? Вы-ж во цяперака, — от нiхай мне Бог i ўсе гэтыя добрыя людзi будуць сьведкамi, — цяперака казалi, што конi нашы, — напiраў селянiн.

— Ну так, яны то вашы, занчыцца калгасныя, а там iмi i гаспадаркай загадвае старшыня, каторага вы выбярэце. От вас выбяруць старшынёй, дык вы будзеце загадваць.

— Значыцца, павашаму выходзiць, што конi нашы й ня нашы. Дык, каб запрэгчы свайго каня, я мушу йсьцi да старшынi й яго ласкi прасiць? насядаў Захарук.

— Дазвольце спытацца: па якой патрэбе запрэгчы?

Гэта выглядала на кручок. Захарук падумаў.

— Для сваей патрэбы.

— Нi калгаснай?

— Як гэта? Ды не. От я захачу, скажам, у Гацi чаго паехаць на сваiм гнядым. Дык як?

— Старшыню трэба пытацца, — суха адказаў агiтатар.

— От яно як. Адразу так сказаў-бы. Нейкi чорт забярэць ад цябе твайго каня, а ты йдзi яго чартоўскай ласкi прасi, можа яшчэ ягоныя рукi цалуй, няведама як пакланяйся, каб табе свайго каня даў… Цьфу!

Спорны плявок упаў побач раней растоптанага недакурка, а Захарук сеў. На залi пачуўся сьмех. Наступiла агульнае адпружаньне. Устаў Косьцiк.

— Здаецца мне, — пачаў ён, — што наш дзядзька Захарук зь яснага нiяснае зрабiў. Самi ведаеце, што ў каждай гаспадарцы трэба парадак. Так i ў калхозя. Панiмаiця? Каб гэта кажды пачаў якога хочыць каня запрагаць, цi рабiць што яму самому ўздумаецца, дык дзе тады парадак? Панiмаiця вы, цi не?

— Цi ёсьць яшчэ якiя пытаньнi? — зьвярнуўся да прысутных Цiмерман.

Пытаньнi пра гэтак званыя працаднi, падаткi ды прыватную маёмасьць забралi шмат часу. Цiмерман спасьцярог, што i ў гэтай вёсцы ня знойдзеш на шляху ў кагас таго энтузiязму й вялiкага ўздыму, пра каторыя вечна плявузгаюць партыйныя газэты. Як i ўсюды раней, перад iм былi завязаныя языкi, вочы бяз блеску радасьцi, твары бяз жыцьця. I Цiмерманаў зрок затрымаўся на сiвенькiм, зморшчаным чашчавiку, што драмаў побач мажнага мужчыны збоку.

— Калi вы ня маеце да мяне больш пытаньняў, дык я тады да вас маю, урачыста заявiў Цiмерман.

Вочы грамады цяпер яшчэ ўважней сачылi Жыда.

— От вы, грамадзянiн, як ваша празьвiшча й па бацьку? — зьвярнуўся агiтатар да дзеда Якуба.

— Тата, гэта ён да цябе, — зварухнуў лiтоўскага патрыярха Васiль.

— Га? Што? — паволi адчынiў вочы дзед. — Каб яго макарэц, цi нi задрамаў во…

— Вы, грамадзянiн, будзьце ласкавы, — пачаў Цiмерман яшчэ лагадней, як вас зваць?

— Мяне гэта? — упэўнiўся дзед.

— Так, вас.

— Усе завуць мяне дзедам Якубам.

— Добра, Якаў значыцца?

— Ды якi там Якаў, каб яго макарэц! Кажу-ж, Якуб!

— Ну няхай, — сказаў Цiмерман. — Колькi вам гадоў будзе?

Дзед зiрнуў на сабраных, усьмiхнуўся.

— Дзеткам кажу, што ўжо капы са дзьве перавалiла, а так папраўдзе, мусiць даўно за сотню пайшло. Самi-ж вiдзiце, што нiмалады.

— Ну та, гэта вiдаць, — згадзiўся Жыд. — Вы, мусiць, за свой век многа чаго цiкавага перажылi. Так, цi не?

— Чаму-ж не… Многа, браток, многа перажыў, - згадзiўся Якуб.

— Можа й прыгон помнiце?

— Ага, помню й прыгон, каб яго макарэц спапялiў. Помню, яшчо як помню…

— Вы мелi зямлю сваю, цi батрачылi?

— Яно на маiм даўгiм вяку ўсяк было, каб яго макарэц. Была й зiмля, была й бiзьзямелiца…

— А вы задаволены, што савецкая ўлада вас вызвалiла? — прадаўжаў Цiмерман.

Сход слухаў зь вялiкай цiкавасьцю.

— Ад чаго гэта, кажаце, вызвалiлi? — спытаў жвавей.

— Гэта што? Вы ня чулi? — усхапiўся Цiмерман, устаючы. — Ад памешчыкаў, паноў, экспуататараў, белапалякаў, ад тых, што з працы вашых рук жылi. Гэта што такое? Дзе вы былi? Таварыш Бурак, гэта што, у вашай вёсцы нiякай агiтацыi не праводзiцца? Нiхто людзям не паясьнiў аб тых вялiкiх дабрадзействах, якiя прынесла савецкая ўлада?

Зьбянтэжаны Сабакевiч пачырванеў, нiякавата пазiраў то на раённага агiтатара, то на сабраных.

— Чаму-ж не. Агiтацыя праводзiцца, разьясьнялi цэлы час i я сам сьцежкi пратаптаў ад вугла да вугла…

Цiмерман зноў сеў, заклапочана пазiраў на дзеда Якуба. У залi пачалiся шэпты. Косьцiк устаў i зьвярнуўся да дзеда Якуба:

— Я нi знаю, дзед Якуб, чаму ты так гаворыш. Цi ты гэта наўмысна, цi зьдзiцянеў?

Заля ацiхла. Косьцiк затрымаўся, набраў сьмеласьцi й прадаўжаў.

— Ты кажаш, што помнiш прыгон, многа сьвету вiдзiў, знаеш добра што было, як цяжка людзям было жыць пад нянавiсным царызмам i пад белапанскiм iгам. Знаiш як былi народ закабалiлi. Цяперака вiдзiш, што савецкая ўласьць усiм зямлю дала, асвабадзiла ўсiх ад прыгнёту, што прыйшло вялiкае шчасьце пад сонцам сталiнскай канстытуцыi. Можа табе болi, як каму вiдаць, як цяжка было людзям жыць i якое вялiкае шчасьце прышло. Можа табе самому трэба было-б пра гэта ўсё людзям у вушы ўводзiць… Дык ты што? Прыкiдваешся, што ня вiдзiш што сталася? Панiмаiш?

Косьцiк змоўк, але стаяў, быццам чакаў на дзедаву рэакцыю.

— От маладзец ты, Косьцiк, — сказаў дзед шорстка. — Добра во ты мне ўсё расказаў. Цэлае во жыцьцё, каб яго макарэц спапялiў, я сьляпым быў, а цяперака ты мне вочы адкрыў. Помню твайго дзеда ў пялёнках i ўсю радню тваю помню. I скажу табе адно, сынок: як сьвет сьветам, дык нiкога ў сям'i й раднi тваей такога разумнага нi было, як ты ўдаўся. Вырас, разумнiк, уздужэў так, што свайго роднага бацьку за горла схапiў. Маладзец, цаца зь цябе ого якая! Для цябе нiма нi бацькi, нi Бога, ты, мусiць, думаеш, штiо ты сам ёсьць бог. Ну што-ж… ведала вунь цэлая вёска, што ты сабак зводзiць умееш, нiякаму, каб цябе макарэц, сабаку праходу нi даваў. А цяперака во за людзей узяўся. Сын сабачы. Цьфу!

Паднечаны й злосны, дзед Якуб азiрнуўся.

— Iдзем, Васiль, дамоў, нiма тут чаго слухаць, — сказаў сыну.

У залi падняўся гоман.

— Ты вiдзiш во яго! Зьдзiцянеў стары! — тросься Косьцiк, калi Васiль, падтрымлiваючы бацьку, кiраваўся да дзьвярэй.

— Я-ж цябе, такую тваю!

— Ты мне нi пагражай! — адвярнуўся дзед. — Пацалуй ты мне, старому калеку, знаеш у што… Я пражыў сваё, а ты яшчэ не. От пра сябе падумай, чалавекам будзь, калi можаш. Хадзi, Васiль!

Загрузка...