4

Дзяцюкi паказелiлi вочы на браму, а найбольш на павешаную Макатунiшку й стаялi на абочыне дарогi, быццам укапаныя. Зьбялелы таўсташчокi Сабакевiчаў твар перасмыкнуўся брыдкай грымасай. Звузiлiся шэрыя вочы й задрыгаў на лбе шырокi шрам. Касматая рука палезла ў незачэсаныя валосы, галава на таўстой шыi ледзь павярнулася да Лявона.

У Павалiцкага Хведара пад тонкiм гарбатым носам i маленькiмi чорнымi вусiкамi сьцiснулiся тонкiя вусны. Ледзь заўважна варушыўся малы войстры падбародак. Нэрвова дрыгала галава. Рудыя звужаныя вочкi то коўзалi па павешанай Парасцы, то па сваiх сяброх. Ростам быў найменшы з трох, выглядам — дробны, такi, якога мала хто бярэ на ўвагу.

У «драгомiшча» Шпунта над вузкiм лбом i замурзаным тварам навiсла тоўстае пасма ясных валасоў. Твар зморшчыўся, а перапалох у блакiтных вачох зьмянiўся загадкавай няўцямнасьцю. Карэлая сьветлая кашуля зь цёмнасiнiмi палоскамi недарэчна спаўзла на левае плячо, з-пад шырока расшпiленага прарэха каўняра вызiралi рэдкiя рудыя касмылi. Глыбока ўсунутыя ў кiшэнi рукi то сьцiскалiся ў кулакi, то адчынялiся. Тысячы мурашак вандравалi па целе.

Здавалася, што прытаiлiся ў лесе птушкi, прыцiхлi па хутарох сабакi. Адно дзесьцi ля балота пенiўся на ланцугу таўстым басам Сабакевiчаў Ромак. У вушах усё яшчэ гучэлi адгалоскi стралянiны й гарканьня КОПаўцаў. Доўга трывала маўчаньне. Над сьветлай явай вялiкага дня вызваленьня павiс дзявочы цень.

Лявон Шпунт зарагатаў раптоўна й гвалтоўна, ажно адскочылi ў бакi ягоныя сябры.

— Гэ-гэ-гэ-гэ! От-жа i ўкрасiлi сссукiны ссыны! Гэ-гэ-гэ! На самай сярэдзiне, пад Сталiнам нячысьцiкi! Гэ-гэ-гэ!

Рогат да болю глыбока тузаў высокую Лявонаву фiгуру, гарляк душыўся раптоўнымi гукамi, лес дражнiў глухiм рэхам. Гэта быў наглы рогат звар'яцелага чалавека, што выцягнуўшы руку па ўзнагароду атрымаў па шчацэ ёмiстую аплявуху.

— Маўчы, дурань! — сьцiснуўшы зубы, раўнуў Сабакевiч. — Ашалеў, цi што?

У Сабакевiчавых вачох зазьзялi маланкi. Рукамi як клешчамi ўчапiўся за Шпунта й пачаў трэсьцi быццам яблыню, калi ззамоладу чужыя сады латашыў. Здавалася, што ад трасеньня гэнага зломiцца Лявонава шыя. Даўгiя валосы рассыпалiся, вочы наплылi сьлязьмi, твар пачырванеў.

— Пiра… пiра-сс-тань, Косьцiк! — ледзь выцадзiў праз зубы Лявон.

— Маўчы, кажу табе! — хрыпеў паднечаны Сабакевiч.

Перад вачмi рыжавусага Захарука, што першы зь Лiтўцаў прыбег на месца злачыну, адкрыўся несамавiты вобраз. На новазбудаванай браме пад самым партрэтам Сталiна вiсела жанчына, а на гасьцiнцы тузалiся й пыхцелi, як кавальскiя мяхi, Сабакевiч i Шпунт. З дурнаватай мiнай прыглядаўся iм збоку Павалiцкi Хведар. Не марудзячы, Захарук кiнуўся разбараняць дзяцюкоў. Левай рукой узяў за плячо Косьцiка, а правай за Лявона й разлучыў iх як дзьве недарэчныя жабоцькi. Зьбянтэжаныя вочы дзяцюкоў ськiравалiся на вялiкага шыракаплечага дзядзьку, што iх так бясцырымонна разьвёў ды цяпер мерыў абвiнавальным позiркам.

— Гэта вы што, хлопцы, здурэлi цi якой трасцы? Што гэта тутака ў вас робiцца? Нашто брама гэта? Хто бабу павесiў? — паказаў Захарук таўстым, рудым ад табачнага дыму пальцам на Макатунiшку.

Лявон закашляўся i ўпiхаў у штаны кашулю, трос галавою, каб адкiнуць назад непаслухмяныя валосы. Быццам злачынец, Косьцiк вiнавата пазiраў то на найдужэйшага ў вёсцы гаспадара, то на Лявона, то на браму. Маленькая макулiнка чалавечае годнасьцi, што захавалася нейдзе глыбака ў Косьцiкавай натуры, паставiла яго, распранутага да поўнай духовай галечы, перад дакорлiвымi вачмi лiтоўскага асiлка. Каб сiлу меў, не сьцярпеў-бы. Сьвярбела правая рука. Як бабахнуў-бы гэтаму самаўпэўненаму дзядзьку здаравенную аплявуху, як закрыў-бы гэныя дакорлiвыя колкiя вочы! Што яму да таго, што тут сталася? Чаго так рана прынесла яго сюды нейкая трасца на мiравога пасрэднiка.

Як нiколi ў жыцьцi, адчуў Сабакевiч сваю фiзычную слабасьць i маральную нiкчэмнасьць. Тлумач ты цяпер во гэтаму дзёрзкаму мужыку, дый во гэным людзям, што ўжо да гасьцiнцу зь вёскi наблiжаюцца, што, як i чаму гэтта адбылося. Збыўшы Захарука маўчаньнем, Косьцiк разглядаўся навокал. Ля абочыны гасьцiнца знайшоў раструшчаны абрэз. Захарук падыйшоў да Павалiцкага Хвёдара.

— Можа ты, Хвёдар, скажаш што тут сталася?

Хведар памарудзiў.

— Цэлую, братка, ноч браму строiлi. Нас трох i Макатунiшка. Сягоньнiка рускiя прыйсьцi маюць. Ранiцы нячыстыя сiлы копаўцаў нарвалiся. Мы ўсьпелi ў лес уцячы, а яе павесiлi.

— Ааа, — разiнуў вусаты рот Захарук, — дык гэта бальшавiкi сягоньнiка прыйдуць… Павесiлi, кажаш? Гэта яны стралялi?

— А хто-ж, — буркнуў Хвёдар.

— Цьфу на вас! — узлаваўся Захарук. — От i нарабiлi-ж, дзялкi. Жарцiкi во, нявiнная дзяўчына галавой налажыла. Вам-бы штаны спусьцiць ды аддубасiць, каб сесьцi не маглi! Чаму-ж не баранiлi яе, га?

— Баранiлi? — успыхнуў Хвёдар. — Самiм яшчо на ражон? Нас во траiх i бiз аружжа, толька ў Косьцiка аднаго абрэз, а iх чалавек дваццаць. От i баранiся…

— Ну мы… нашы iх яшчо паймаюць псоў панскiх! Нi я буду! — пагрозьлiва загрымеў Сабакевiч.

— Ну, ну паймаiш, — зьдзеклiвым тонам адказаў Захарук. — Ката за хвост, цi з носу ды ў рот, гярой гэткi!

Косьцiк узгарэўся, бурчэў пад носам, ня ведаючы дзе рукi падзець. Бясьсiльная злосьць расьпiрала грудзi.

— Дый што-ж там такое, калi няшчасьця… Свабоды-ж бяз жэртваў нi бываiць, — пасьмялеў Хвёдар Павалiцкi.

— Гм, — задумаўся Захарук, пiльна мерачы зрокам Хвёдара, ды аглядаючы браму з усiмi ейнымi адзобамi. — Кажаш: свабоды бяз жэртваў нi бываiць… Можа ты й разумнейшы-ткi за мяне, хлопча. Ну як на маю цёмную мужыцкую галаву, дык цi не пасьпяшылiся вы, малойчыкi… А можа каб у пару, дык i цэлымi выйшлi-б…

На гэта нiхто нiчога не адказаў. Лявон ужо ацiх, стаяў i слухаў.

— Дык сягоньнiка, кажаш, прыйдуць? — пытаўся Захарук. — А калi, рана цi позна?

— Далжны рана, — адказаў Павалiцкi, — но точна нi знаем.

У голасе прабiвалася нота сумлеву й рашчараваньня.

— Ага, во як — прадаўжаў Захарук, — ну й наварылi-ж вы, дзяцюкi, кашы… што й гаварыць. А хто-ж яе расхлёбваць за вас будзiць, га? Чаго стаiцё, як папруцянелi? Цi можа вiсець во гэдак будзiць, бальшавiком на паказ?

Сьвежым раньнiм тварам зiрнула з-за Гараваткi сонца й сьвятлом залiло гасьцiнец, прыдарожны лес, браму й труп на ёй. Як валадарны самаўпэўнены гаспадар, у падкасаваных зрэбных портках, вылiнялай сiняй кужэльнай кашулi, басаногi, з апоўзлай на патылiцу кепкай-аладкай, стаяў побач замарожаных сваей ненаважанасьцю трох падпольнiкаў даўгавусы дзядзька. З-над брамы тупым зрокам уталопiўся ў гэтую групу ўтрапёных людзей бяздушнатвары дыктатар.

— Ну дык чаго пасталi? — загарэўся Косьцiк. — Давайце здымаць.

Але сам Косьцiк i сябры ягоныя, быццам iм хто волю адабраў, топалi на месцы. Увагу iх адцягнулi людзi, што незаўважна зьявiлiся на гасьцiнцы. Лiтоўскiя жыхары, устрывожаныя стралянiнай, пасьпяшылi сюды зь вёскi. Цi ня першай з рукамi запэцканымi ў сажу, — мусiць ад чалесьнiкаў, - прысьпела Аўдоля Кмiтава. У гурце былi й два лекаравы хлапцы, i Бахмач Пракоп зь Януком i ягоным неадлучным Тапсiкам, i Пiлiпава Аксеня з Арсенем.

— А матухны-ж мае, а божачкi! — галасьлiва завойкала Аўдоля. — А што-ж гэта, ягодка мая мiлiнькая, гэттака нарабiлася?

Натоўп гусьцеў. Падыходзiлi, але не дакраналiся да вiсячай дзяўчыны, аглядалi браму ды дакорлiвымi вачмi мерылi трох перадавiкоў камунiстычнага падпольля.

I тады, адкуль нi вазьмiся да натоўпу далучыўся Антось Дзяркач. У правай руцэ трымаў неадлучны бярозавы кiй, а па ягоным сухiм, змарнелым твары з гусьценька чорнай бародкай, што зь дзеркача ў мяккую мяцёлку вырасла, шныраў праменьчык вядомай вясковым людзём кплiвай усьмешкi.

— Антось! — кiнулася да яго першая Пiлiпава Аксеня. — А ты адкуль?

— З дому, — кпiў Дзяркач.

— Як гэта з дому? Цябе-ж на вайну забралi. Дзе ты быў?

Дзеркача абступiлi з пытаньнямi. Некаторым карцiла рукой яго памацаць, каб пераканацца, што гэта не здань.

— Забраць то забралi, ды толька нi ўпiлнавалi, хэ-хэ-хэ… дробненькiм сьмехам паехаў Антось. — Вы помнiце, што дзед Якуб казаў? Што нiма нам за каго на ражон лезьцi, га? От я й не палез.

Наблiжылiся да грамады падпольнiкi. Уся ўвага зьбеглася на пранырлiвым вясковым жартаўнiку. Як непараўнальны гэрой, рос на вачох Антось. Распытвалi пра ўцекi, ды чаму iншым уцячы ня собiла. I Антось, першы раз у жыцьцi здабыўшы такую агульную пашану аднавяскоўцаў, прыгадваў свае зусiм нязвычайныя прыгоды: як па дарозе зь цягнiка ў казармы шмыгнуў упоцемку за вугал хаты, як хаваўся пасьля па лясох i сялянскiх гумнах, як нарэшце пазаўчора вечарам пастукаў у дзьверы роднай хаты. I хто ведае што было-б, калi-б даведалiся пра яго ў вёсцы. Пазаўчора зходзiў пацягнуць бацьку за язык дзiравы шляхцiц Паўлоўскi. На бацьку не насядаў. Зьбянтэжыўся зусiм яго просталiнейны розум ад часу, калi пачала пыхцець i на ўсе застаўкi трашчэць «моцарствовая». Адылi бацька параiў Антосю скрыцца, "покуль праясьнiцца". Хаця-нехаця, Антосю давялося паслухаць гоману начнога Гаравацкае пушчы.

Увачавiдкi рос ды поўнiўся цiхiм гоманам натоўп. Захарук усьпеў ужо пераказаць мужчынам навiны. Неспадзяваная вестка пра непазьбежны прыход «рускiх», што прасаладзiла некаторыя ўяўленьнi, захмарылася трагэдыяй, ахвяра якое вiсела ў людзей на вачох.

— Павесiць-бы во Сабакевiча й гэтых мурзiкаў разам! — голасна сказаў Пракоп. Адразу прыкусiў язык. Слова выпушчанае як птушка, — паспрабуй злавiць яго. Надта-ж яшчэ нылi Пракопавы бакi ад рук Вадзiмскага Адася, калi за Косьцiкавы правакацыi папакутаваў.

— Пракоп, здурэў цi што? — сыкнуў збоку швагра Алесь. — Цi-ж ты ня чуў, што сягоньнiка бальшавiкi прыдуць?

— Брама ня выдзiржыць! — зарагатаў Антось Дзяркач.

— А што-ж яны вiнаватыя? — цiўкнула Аксеня. — Палякi во павесiлi.

Настаў напружаны момант. Людзi расступiлiся, каб даць дарогу Макатунiсе з Дуняй. Матка зiрнула на браму й на твары людзей, адылi ня быў гэта позiрк прытомнай жанчыны. Яе гаротны твар скрывiўся болем. Спынiлася пару крокаў воддаль ад павешанай дачкi. Дробная постаць здрыганулася, яна раптоўна падбегла, угледзiлася ў мёртвы твар Параскi, а ўдушлiвы плачвырваўся з глыбокiх нетраў грудзей. — Параска, Па-а-ра-ссач-каа маая! А божжачкii-ж мае! А што-ж гэта з табой зрабiлi? Гы-гы…

Дрыжачыя рукi выцягнулiся ўверх, каб абхапiць ступнi ног. Жанчына пахiснулася, упала. Целам ейным торгаў удушлiвы плач. Першай падскочыла да яе Дуня, за ёю — Кмiтава Аўдоля й Пiлiпава Аксеня. Паднялi, ласкавым словам намагаючыся спатолiць матку. Ды галашэньне набiрала сiлы.

Дуня нiводнае сьлязы ня пусьцiла. Доўга прыглядалася павешанай сястры, быццам адубелая ўзiралася ў трох камунiстаў. Пасьля зiрнула на кiй, якiм падпёрся Антось. Раптам падскочыла да дзяцюка, маланкавым рухам вырвала кiй, ажно Дзяркач на нагах пахiснуўся. Дзiва колькi гэта дзяўчо, злосьцяй спануканае, сiлы мела. Адным скокам апынулася ля Шпунтовага Лявона i, ёмка размахваючы кiем, пачала абкладаць дзяцюка.

— Бандзюга! Басяк! Здыхляк! Злыдзень! А ты яе са сьвету зьвёў, а ты яе павесiў а нi палякi! Во, на табе!

Дуня нагадвала разьюшаную тыгрыцу. Пэўне-ж ня толькi за Параску Лявону пападала, але й за Дунiну асабiстую крыўду, за гэны гвалтоўны напад у скарбовым лесе. Махала кiем ёмка й гвалтоўна, а Лявонавы намаганьнi абаранiцца яшчэ прыспорылi яму ўрону. Калi дзяцюк выцягнуў рукi, каб злавiць кiй, дзяўчына малацiла па галаве. Цурком кiнулася з носу кроў. Мiгам падскочыў Косьцiк, але гэтта й яму дасталося. Як апантаная, Дуня таўкла й Сабакевiча. Людзi рагаталi, крычэлi й падбухторвалi.

— Маладзец. Дуня! Так iм трэба, давай iм!

— А людцы, а ягодкi мае, гляньце што робiцца!

Бахмачоў Янук разiнуў рот i веры сваiм вачом ня мог даць. З таго неспадзяванага захапленьня вярнуў яго здаравенны таўхель у бок i голас доктарава Стася: — Глядзi, Янук, глядзi якi маладзец твая дзяўчына.

Янук няўцямна зiрнуў на сябру й нiчога не адказаў. Захарук падскочыў да дзяўчыны, аблапiў яе ззаду пад рукi ды адцягнуў ад камунiстаў. Антось адабраў свой кiй.

— Бандзюга, бабнiк, чорт лазаты! — не ўтаймоўвалася маладая Макатунiшка. — Павесiць i яго, гада!

Распачлiвы злосны крык рэхам пераняла Гаравацкая пушча. Быццам на загад, суняўся натоўп. Соп i выцiраў з носу кроў Лявон, зьвярыўся на Дуню Косьцiк Сабакевiч i ўдушлiва хлiпала старая Макатунiха.

Загрузка...