37

Дападлiвыя й пранырлiвыя прасачылi як першапачатковая лагодная ўсьмешка "народнае ўлады" зьмянiлася на грымасу, а ўжо пасьля цi раз сьцiналiся вусны й шчэрылiся зубы. Працавiты селянiн лiтоўскi моцна натужваў свае мускулы, шчодрым потам палiваў сваю дзялку. Вера ў даброты людзкiя й боскiя трымала верх над кашмарам прынесенай чужнiкамi злыбяды й таму салодкiм быў пот i стомленасьць на новай зямлi.

— Як добра папрацуiм i ўродзiць, дасьць Бог, дык будзiць i iм, i нам, казаў цi адзiн узмужнелы гаспадар.

— Нашто-ж тады было браць зямлю, каб на ей нi папрацаваць? А як забяруць усё, дык хто тады задарам працаваць для iх будзiць? — мяркаваў iншы.

Зьвезенае збожжа цi то саматугам, цi ў супалку ў гумнах малацiлi. I ня ўсьпелi каторыя зьвярнуць яшчэ пазычанага насеньня, як шырака адчынiлася прагавiтая лапа «вызвольнiка». Львiная доля сабранага плёну ў арганiзаваных карагодах хурманак, абавязкова з чырвоным сьцягам на пярэдняй, паехала на дзяржаўныя ссыпныя пункты. Лёзунгi над хурманкамi абвяшчалi: "Датэрмiнова выканаем план нарыхтовак дзяржаве!", "Збожжа дзяржаве!", "Да здравствует велiкiй…"

На ссыпным пункце ў Гацях маскаль з васпаватым тварам i чырвоным носам выдаваў адпаведныя квiты, дзе апроч колькасьцi прывезенага збожжа напiсана было й па колькi «руб» плацiлi за яго ў канторы сельсавету. Параўнаўшы цану, якую дзяржава плацiла за збожжа, з той цаной, што тая-ж самая дзяржава брала за гатовы хлеб у савiм «сельпо», людзям зь няўцямнасьцi прапорцыi цэнаў адбiрала мову. Адылi, калi парадзелi на дарогах хурманкi з пузатымi зрэбнымi й кужэльнымi мяхамiй чырвонымi сьцягамi ды лёзунгамi, а падаўжэлi на чыгунках цягнiкi, што валаклi народнае дабро ў "саюзную Гiрманiю", узрастаў на вёсках цiск, каб аддавалi "лiшкi мяса, збожжа, яек, малака, мёду й iншага дзяржаве"

Зьбянтэжаныя бальшавiцкаю нагласьцю, спрацаваныя сяляне сьпяшылi цяпер у сельсавет, дзе на прамiласьць боскую прасiлi, каб забралi назад дараваную iм зямлю. "Народная ўласьць", каторая, здавалася, ад самага памятнага дня «вызваленьня» мела адну мэту свайго iснаваньня, — напярэймы бегла дапамагаць сялянам, — цяпер быццам зьдзiчэла.

Дападлiвыя й пранырлiвыя спанатрылi, што баромэтрам новых парадкаў быў ня хто iншы, як свае-ж собскiя атожалкi, Сабакевiч i Шпунт, перадусiм першы.

— Глядзiце на Ромкавага гаспадара. Як ён галаву нiзка дзержыць, дык нам лепi будзiць, а як паднiмаiць яе дык нам тады хоць ты бакамi рабi, гаварыў, аглядаючыся пераз плячо, Антось Дзяркач.

У той час, калi валачылi на дарогах "нарыхтоўкi дзяржаве", высака трымаў Сабакевiч Косьцiк сваю галаву. У вадзiн вечар на твары Косьцiкавага бацькi Паўлюка загаспадарылi сьвежыя сiнякi. Таленавiты сын прывёў да бацькавае клецi вызначаныя сельсаветам хурманкi, што забралi "лiшкi збожжа дзяржаве".

Наконт крыку й ляманту, што адбываўся пасьля ў Паўлюковай хаце, дый наконт яўнага Косьцiкавага доказу адданасьцi ўладзе, а не свайму бацьку, доўга ня сьцiхалi Лiтоўцы. I ўжо тады, робячы выснавы, нейкi нядошлы патрыёт былай «моцарствовай» заўважыў: — Казалi Палякi, калi iх вывозiлi, каб ня цешылiся зь iхнай бяды. I праўда. Паглядзiце навакол сябе: калi так сын бацьку робiць, дык чакай чалавек дабра якога…

Позная восень назаляла зяблым дажджом, нiзкiмi хмарамi, абрыдзелымi ўраднiкамi, палiтрукамi, доўгiмi сходамi ў школе. На сходах, каторыя чамусьцi бальшавiкi называлi «мiцiнгамi», як правiла, насамперш прыгадваў «сiсьцему» ды чытаў лiсту падаткаў, культналогаў, розных «лiшак», што мясцовыя сяляне вiнаваты былi дзяржаве, ведамы нам фiнагент Скарутовiч. Уступ гэткi можна было назваць зьмякчэньнем, або зацьвярдзеньнем прысутных, у залежнасьцi зь якога боку на гэта глядзець. Дзяржава, што звычайна раскашэльвалася за сталом "праўленьня" ў асобах фiнагента Скаруповiча, Шпунта, Сабакевiча дый яшчэ аднаго прадстаўнiка зь сельсавету цi раёну, уважала сход зьмякчэньнем кандыдатаў на вяршыню савецкага дабрабыту, — у калгас. У галовах бальшынi лiтоўскiх людзей, лiк якiх на сходах паступова малеў, адбываўся працэс супрацьлеглы пажаданаму ўладамi.

Зазiмак сыпнуў сьвежым, дробным сьнегам. Дагледзеўшы сваю сьцiплую гаспадарку, Пракоп прычынiў вароты ў гумно, думаў, што на зiму варта было-б сабаку мець. Калi пойдзе сьцюжа наводля леташняй, могуць падкапацца пад хлеў ваўкi й выцягнуць дзьве авечкi, што на расплод трымаў. Задуманы, пасьпяшыў у хату, дзе Мiкола сьнеданьне рыхтаваў. Паволi выцер за дзьвярмi боты, увайшоўшы ў хату ўзяўся рукi мыць.

— Зiма ўжо, мусiць, возьмiцца, — сказаў.

Мiкола зiрнуў на бацьку, дастаў зь печы аладкi, ўзяўся падаваць на стол, ля якога сядзеў Янук.

— Паедзiш, тата, сёлета ў Пiрасечана? — спытаў малодшы Бахмач.

Бацька няўцямна зiрнуў на сыма.

— Ты што, кепiкi робiш зь мяне? На кiм гэта паеду?

У бацькавым голасе прасмыкнула нотка горычы, прыгадалася зьняважлiвае панiжэньне на тым сходзе, дзе Захаруку так званую прэмiю далi. Кот мяўкаў пад сталом, калi Бахмачы ўзялiся спажываць аладкi з мачанкаю. У гэны момант пачулiся за дзьвярмi крокi.

— А гэта-ж хто так рана?

Адчынiлiся дзьверы й на парозе зьявiўся Косьцiк Сабакевiч. Апрануты ў чырвоны, вышываны нацыянальнымi ўзорамi сьпераду кажушок, сiнiя савецкiя галiфэ порткi, чорную шапку астраханку, блiскучыя хромавыя боцiкi, дзяцюк высака трымаў галаву й глядзеў проста ў вочы. Адно хуткае й зыркае вока магло спасьцерагчы, што адсутнiчаў у Косьцiкавых шэрых вачох зласьлiвы аганёк.

— Здароў, Пракоп, Мiкола, Янук! — прывiтаўся голасна. — Можна зайсьцi?

Гучэла гэта нiякавата. Груба-шурпаты голас прызвычаiўся загадваць i не спадарожнiчала яму лагоднасьць. Пракоп глядзеў на арганiзатара калгасаў зь няўцямнасьцю, аладка з мачанкай спынiлася на паўдарозе ў рот. Зьбянтэжаныя сыны пазiралi то на бацьку, то на Косьцiка.

— Ды ўжо-ж заходзь, — адказаў Пракоп.

— Пекных сыноў маiш, Пракоп, — сказаў Сабакевiч, сядаючы воддаль ад стала на зэдлiку ля сьцяны.

Працэс спажываньня аладак зноў спынiўся на пару часiнаў. Сыны зiрнуллi на бацьку, пасьля на Косьцiка. Пракоп-жа адно пазiраў на прыйшоўшага.

— Прабач во, што нiма чым пачаставаць, — сказаў Пракоп.

— Нiчога, дзякую, я заўтракаў, - адказаў дзяцюк.

— Калi, гэта самае, ходзiш за якiмi лiшкамi, цi тым, — як яго чэрцi завуць? — кулем, цi яшчо якой трасцай, дык можаш мой парог мiнуць, бо нiчога ў мяне нiма. Калi-ж…

— Да нет, Пракоп, я не за тым. От пабяседаваць зайшоўся да толька таво, — паясьнiў Сабакевiч.

Цяжка было веры даць. Праз голас прабiвалася лагоднасьць, а на твары са шрамам на лбе прасмыкнула нешта наводля зычлiвае ўсьмешкi. Адсутнiчала казённае «таварышч». Пакуль Ромкаў гаспадар ступiў на парог, за сталом панавала лёгкая й непасьпешлiвая вольнасьць, лагоднасьць. Гэта быў той пэрыяд дня, калi чалавек зрабiўшы першы крок у гаспадарцы, спыняецца й бязь нiякае прынукi разважае пра наступнае. Сабакевiчава прысутнасьць, загадкавасьць ягоных адносiнаў, таго цяжарнага «пабяседаваць», нагальванiзавала Бахмачову сям'ю й напружаньне перайшло аж на спажываньне аладак. Кот голасна замяўкаў пад сталом, пацёрся аб Мiколаву нагу й хлапец злосна кiнуў у яго аладкай.

— Адчапiся во! — сыкнуў.

Кот пачаў есьцi аладку ля сьцяны.

— Пекнага ката маiце, — сказаў Косьцiк.

На тварах Бахмачоў зьявiлася зьдзiўленьне. Перш Косьцiк хвалiў хлопцаў, цяпер-жа ката. А што далей?

— Ну што чуваць, Пракоп? — прыязна, з выразным намаганьнем гаварыў Сабакевiч.

— Нiчога от, сам знаiш, — буркнуў Пракоп, спадылба пазiраючы на Косьцiка. Напокуцi нямым выклiкам вiсеў абраз Сьвятой Прадславы Апрасiньнi з пабiтым шклом.

— Здароўе як? — пытаўся далей Сабакевiч.

— Эт… дзяржуся, — неахвотна адказаў Бахмач.

Наступiла доўгае й нязручнае маўчаньне. Пракопу здавалася, што Косьцiк намагаўся нейкiм чынам да яго ў ласку ўбiцца. Калi так, дык ён, Пракоп, быў Сабакевiчу патрэбны й хоць вялiкая цiкавасьць спанукала Бахмача, каб памагчы Косьцiку разьвязаць язык, прыгадаўшы ранейшае, насьцярожыўся й сачыў.

— Зайшоў-жа я во, панiмаiш, праведаць што случылась, чаму на мiцiнгу ня быў, - сказаў Сабакевiч.

Сьнеданьне кончылася. Бахмачы сядзелi ля стала й нiхто нiкуды не сьпяшыўся. Пракоп аблiзаў вусны, забаўляўся з вусамi ды чакаў што далей будзе гаварыць Сабакевiч.

— Панiмаiш… канечня нiбальшая бiда, што ня быў, ну ўсяк бываiць, случай якi то…

Косьцiк спынiўся, мяркаваў.

— Цi гэта так важна, што я ня быў? — азваўся Пракоп. — Бiзь мяне нi абыйшлося тамака?

Сабакевiч падумаў, уважна зiрнуў Пракопу ў вочы.

— Я-б сказаў, очынь важна. Сам знаiш: калхоз нам у дзярэўнi нужна залажыць. Бiз калхоза, — сам вiдзiш, — людзi рады нi дадуць. Хацелi зямлю. Наце вам, дала савецкая ўласьць. Ну й што пасьля таго? Сам знаiш, дажа налогаў гасударству ня могуць уплацiць. А ў калхозе пра налогi ня трэба будзiць i думаць.

— А хто-ж iх заплацiць? — цiха спытаў Пракоп.

— Ну як гэта хто? — крыўдным голасам адказаў Сабакевiч. — Опшчая гэта ўсё, панiмаiш, стала быць аб налогах нечага забоцiцца. Калхоз налогi заплоцiць.

На языку ў Пракопа вiсела ўжо наступнае пытаньне, але стрымаўся. Ня верыў-жа ён, што Косьцiк прыйшоў у хату яго, ласкавын i дабразычлiвым намагаўся быць адно таму, каб пра даброты калгасаў расказаць.

— Ты панiмаiш, Пракоп, мне нiясна чаму гэта нашыя людзi ў калхозы баяцца йсьцi. Канечня, некаторыя гавораць, што ўражая агiтацыя вядзецца. Думаю, што ёсьцiка там доля праўды, ну нi саўсем гэта правiльна. Есьлi-б я сваiх людзей нi знаў, ну знаю iх як аблупленых… Розум у iх ёсьць i есьлi яны ўжо ўвiдзяць удобства, каб пайсьцi ў калхозы, так памоему нiякая ўражая агiтацыя iх нi задзержыць. А ўдобства пайсьцi ў калхозы ўсiм вiдны. Таму й нi панiмаю чаму задзержка…

— А можа зарана яшчо? Можа яшчо людзi падумаць хочуць? I чаго ўжо так напралом лезьцi ў тыя калхозы? — пытаўся Пракоп. — Ты-ж сам знаiш, што нашы людзi прынукi ня любяць. Дык каб тут быў час падумаць, каб нiхто нi пхаў…

— Ну панiмаiш, дзела ў тым, што жалеза нужна каваць пака гарачо! узарваўся зь месца Сабакевiч.

— Ня чуў-жа я, каб дзе ўжо калхоз якi зрабiлi, — спакойна й разважна адказаў Пракоп. — Нешта марудзяць… Унь колька вёсак, а калхозу нiводнага й на развод. Мусiць разумныя ня толькi ў Лiтоўцах жывуць. Каб там такое, Бог ведаiць якое дабро ў тых калхозах, дык чаму-ж, ня ўдзержылi-б ад iх людзей…

— Ты ўжо ўсе налогi заплацiў? — спытаўся Косьцiк.

Пракоп узгарэўся. Даймала колкае «ты» й начальнiцкi тон.

— Сам-жа знаiш, пэўня, дык навошта пытаешся, — адказаў.

Пракоп пацiснуў плячмi.

— Цэлае лета пацеў сам i унь сыны на тэй лiпавiцкай дзялцы. Дзякуй Богу, урадзiла. Ды каб аддаў усё-ўсенькае на тыя налогi й кулi, i нейкiя чортам выдуманыя лiшкi дык i то нi хапiла-бы. Ну што-ж… Нiхай во гэту астатнюю кашулю з плячэй зьдзiраюць! — шорстка выказаўся Пракоп.

— Дык вiдзiш, панiмаiш, пра астатнюю кашулю пачынаiш, — стрымана пачаў Сабакевiч. — А цi ты спрасiў сябе, зачэм яна, твая кашуля якому чорту нужна? Я табе раньша гаварыў i цяперака гавару й паўтараю: ня будзь ты мудрэй усiх мудрых. Прыйшла новая ўласьць, новы парадак, каторага многiя нi панiмаюць. От у чом дзела, панiнаiш? Новая ўласьць гэта i ёсьць уласьць народу. Стала быць для таго, штоб народ васпользаваўся ўсiмi вазможнасьцямi новай жызьнi, нужна i дажа савершэнна нiабхадзiцельна, штоб нiхто нi сапрацiўляўся новым законам i парадкам. Так от, — гэтта Сабакевiч падыйшоў i затрымаўся пры канцы стала, — есьлi сказана, што, калхозы гэта — вышшая сьцепень сацыялiсьцiчаскай сельскахазяйственнай благадацi, значыць так i ёсьць. Стала быць, чым скорша ў калхозы цем лутша…

Гэтта замахнулася Косьцiкава рука, хацела, мусiць, па стале на падмацаваньне довадаў пра калгасы стукнуць, але спынiлася на паўдарозе. Рух гэнай рукi прынёс Пракопу мiнулую зьяву. Гэта-ж яна, тая самая, што ў iкону Сьцятой Апрасiньнi шклянкай самагонкi папусьцiла. Болем перацяўся Пракопаў твар.

— Скажы, чаго ад мяне хочаш? — уськiпеў Бахмач. — Мне й так цяжка. Чаму спакою нi даеш?

— Тота-ж то! — усклiкнуў Косьцiк. — Памагчы хачу.

— Ты? Мне памагчы?

— Ну да.

У хаце запанавала доўгае маўчаньне. Бацька й сыны пераглянулiся.

— То есьць… штоб я табе памог, ты далжон памагчы мне, — фiнальным тонам паясьнiў Сабакевiч.

Здагадка распрамянiла Пракопаў твар. Вось чаму прыйшоў у хату гэты гэты гарлапан. Нешта новае заплянаваў. Асьцярожненька трэба.

— Саўсiм нiясна мне, што ты мне можаш дапамагчы й што я табе, — сказаў Пракоп.

— Так от паслухай. — Гэтак Косьцiк сеў ля стала зусiм насупраць Пракопа. — Ты, Пракоп, ёсьць харошы й чэсны чалавек, добры хазяiн. Да цябе ў дзярэўнi многа хто прыслухоўваецца, прыглiдаiцца. Гэта, што я табе раней пад п'яную руку казаў, забудзься. Ты чалавек чэсны й трудалюбiвы. От штоб гэта дзела калхозу зь места зьдзьвiнуць нада штоб такiя, як ты, людзi першыя за новым парадкам пашлi. Панiмаеш? Цябе многа хто слухаiць, от пачаму…

Пракоп проста пазiраў у шэрыя вочы й ня мог распазнаць хвальшу там, дзе мiльгаў хiтранькi сьветлячок.

— Гэта значыцца ты хочаш, каб я пачаў памагаць табе людзей у калхозы агiтаваць? — вельмi цiха спытаў Бахмач.

— Да нет, якая там агiтацыя, — выразна зьмякчэў Ромкаў гаспадар. — От есьлi-б слова закiнуў цi ў бяседзе, цi як там… Панiмаiш? Штоб ня толька процiў ня быў, ну штоб словам дзе падзьдзяржаў. Я нi прашу, штоб па хатах агiтаваць хадзiў. Гэта дзела вашых акцiвiстаў, от как…

Пракоп сядзеў аблакацiўшыся на стол. Цяпер адхiлiўся назад, зiрнуў на сыноў i Сабакевiча. Ваганьне ягонае было зусiм вiдавочнае.

— Як сам ты гаварыў, што людзi марудзяць, — цягнуў далей Косьцiк, — дык можаш i ты памарудзiць. Можаш сiчас атвета мне нi даваць. Я абажду. Но падумай, пажаласта. А есьлi сiчас якiя вапросы яшчо маiш, так даёш…

— Вапросы, дапросы, спросы, пiрапросы, — гавэньдзiў пад вус Пракоп. Нi тое, нi гэтае. Падумаць падумаю, чаму-ж нi падумаць, — павесялеў Бахмач з той прычыны, што нейкая разьвязка ёсьць i Сабакевiч насядаць перастане. Так значыць, гэта самае… падумаю…

Бахмач устаў ад стала й разам падняўся Косьцiк.

— Ну а скажы, калi ўжо мне так давяраеш, колькi-ж у Лiтоўцах так на першую руку ў калхоз запiсалася-б, цяперака занчыцца, от адразу, пацiкавiўся Пракоп.

— Нi магу табе сiчас на гэты вапрос атвецiць. Ну так пажалуй… уся камбедната ды яшчо пару. Прызнаюсь, нi знаю. Ну пака, — махнуў вяла рукой Косьцiк, — зайдуся другiм разам.

На такое разьвiтаньне Пракоп нiчога не адказаў i доўга яшчэ стаяў пасярод хаты пасьля таго, як зачынiлiся за Косьцiкам дзьверы.

— Што думаеш, тата? — спытаў Янук.

— Ды от чуеш, што басяк выдумаў. Прыйшоў, бязьмен, мяне проста ў вочы хвалiць i сулiць, каб я яму памагаў. Значыцца, ён мне паможыць. Так, як раней, мусiць… Каб табе бокам такая помач вылiзла!

Загрузка...