29

Антось Дзяркач прахапiўся зь нялёгкай дрымоты. Ныў зьмярцьвелы зад i плечы ад халоднае, цаглянае сьцяны й цэмантовае падлогi. Маленькая камора, дзе трымалi яго ўжо днi два, — дакладна ня мог ведаць, — набрыняла сьцюжай, сьцены пакрылiся iнеем. Ня было на чым нi сесьцi, нi прылегчы. Зьверху ярка сьвяцiла электрычная лямпачка, нема пазiрала зь дзьвярэй «вочка» й гэта ўсё, што тут было. Праўда быў яшчэ ён сам, Антось, Дзеркачом празваны. Тросься з холаду, корчыўся пусты жывот. Цяжкiм дурманам замарочаная, бяссоньнiцай змораная, цi нi паўтоны важыла галава.

За дзьвермi пачулiся крокi. Антось паволi падняўся, пачаў нясьмела пацягвацца, пазяхаць, рукою твар мацаць. I гэны ягоны, звычайна цьвёрды дзяркач памякчэў ужо, забыўся дзяцюк, калi апошнi раз брыўся. Крокi за дзьвярмi спынiлiся, нехта пазiраў у каморку. Неўзабаве адыйшоўся й недзе ў калiдоры скрыпнулi дзьверы. Антосеў зрок спынiўся ўверсе, аж пад самай стольлю, дзе маленькае, падоўжанае ваконца загарадзiлi стальной рашоткай. Навет удзень праз тое ваконца не пабачыш нiчога, бо зрок у нейкую сьцяну ўпiраўся.

Пра гэту прыбудоўку калiшняй вiльлi пана Вiлiнскага ня ведаў Антось да часу, пакуль самога сюды прывялi, ночы ўдома схапiўшы. Адно таму, што Антось амаль кожную сьцежку-дарожку й кажны дом у Гацях ведаў, зар'ентаваўся дзе апынуўся. Але якiм чынам правочыў турму-прыбудоўку? Яно, лепш падумаўшы, прыгадаў-бы пэўне-ж, што ад часу прыходу "вызвольнiкаў" людзi пранюхалi дзе запраўдная "народная ўласьць" памяшчаецца, дый трымалiся воддаль яе. Ад часу допытаў, Аксенi й Аўдолi як хто языкi завязаў. Жанчыны пасварылiся, але ўсё-ж неяк выплыла наверх у якiм будынку палатна шукалi.

Ад пачатку арышту ня спынялiся Антосевы допыты. Пачыналася ад "iмя й вотчаства" дзеда й прадзеда. Бацькавага дзеда Антось прыгадваў, ведаў навет, што чатыры валокi зямлi й васьмёра дзяцей меў. Што за людзi былi iншыя дзяды цi бабкi? Сьветлая памяць тым, што на вечны супачын адыйшлi.

Спачатку сьмешнымi здавалiся пытаньнi таго лысага, брытага гарбуза. Спрабаваў абыходзiць, жарты закiдаючы. Адылi кручканосы гарбуз, бязь нiякае лiтасьцi, марудзiў сваё. Тупая, упартая маска, нейкая казённая мумiя. Адно неяк не пасавалi да гэнай маскi разумныя й хiтрыя вочы. Калi глядзелi на цябе, праразалi ўглыб, бачылi наскрозь, здаецца. Выглядала, што нiчога ад iх не схаваеш. Калi бальшавiкова глотка раўла "врёш, сволоч!", здавалася Дзеркачу, што яны адно пацьвярджалi тое, што даўно спасьцераглi рудыя вочы.

Даводзiлася Антосю й сумлявацца. Нiколi-ж у сваiм недаўгiм жыцьцi не спатыкаўся з падобнай праблемай. Хiтры як лiс, практычны жартаўнiк, што любiў пакпiць i навет пазьдзеквацца з чужой помпы, надзьмутасьцi цi звычайнай недарэчнасьцi, ён гэтта адчуваў сябе пад узьдзеяньнем нейкай ня зусiм зразумелай яму брытвы. Выглядала, што брытва цяпер адно зьверху забаўлялася-ёрзала, але вайстрыню яе ўжо добра на сваей скуры адчуваў. Вось яна, глядзi, рэзане ўглыб i тады крывавiць будзеш.

Пасьля прадзедаў, дзеда, бабкi, бацькi й маткi йшлi пытаньнi наконт iншых бакоў "сацыяльнага праiсхаждзенiя". Шмат распытвалiся аб тым, як сталася, што ён адзiн з усей грамады новабранцаў змог дамоў уцячы.

Антось хадзiў па маленькай каморцы, — крокаў зь пяць мо ўдаўжкi й тры ўшырыню, — ды тросься з холаду. У адурманенай бяссоньнiцай галаве хаосам блыталiся розныя думкi. Вось зноў выплыў наперад кручканосы гарбуз: "Я тебе покажу, такая твоя контра!" Здавалася, што недзе знутры крычэў адно сам голас, а пуцатая маска быццам i ня прысутнiчала пры тым.

Нехта накрамзолiў штосьцi на сьцяне. Антось прачытаў:

"Ешчэ Польска не згiнэла,

а вы, кацапы, пацалуйце мне…"

Цiкава, колькi ўжо праз гэту камору прайшло людзей? Цi сядзелi яны доўга, цi коратка? I чаму гэта бацька ня прыйшоў? Няўжо-ж ён нi стараўся? А мо нi пусьцiлi? За сьцяной чутна хадзiў вецер. Шорах ветру, здавалася, распазнаў-бы Антось — сябра лесу, поля й нiвы, хоць-бы яго пару мэтраў пад зямлю закапалi. Недзе нешта глуха стукала, мабыць аканiца аб сьцяну. Можа бура на дварэ? Цiкава, цi цяпер дзень цi ноч?

Антось стануў, прыхiлiўся да сьцяны, пачаў мяркаваць, калi забралi яго з дому, колькi часу мог быць пад замком. Пяць разоў вадзiлi на допыты. Час тады валачыўся балюча-марудна й паколькi ня бачыў гадзiньнiка, лёгка меру часу трацiлася. Дый што за розьнiца? Так цi гэтак, пакуль духi зь цябе ня выматаюць, мусiць, ня пусьцяць. А мо й зусiм дарогi дахаты ня бачыць яму? Можа на Сiбiр пашлюць?

Дзяцюк здрыгануўся. Тросься, мусiць, ад тэй iнеем пакрытай сьцяны, да якой прыхiлiўся. I здавалася яму, што калi ад холаду гэтта не апруцянее ды на волю выпусьцяць, дык можа здароўем падупасьцi. Не хаханькi-ж галоднаму ў такой халадэчы пасядзець. На дварэ, напэўна, скрыпуча-кусьлiвы мароз. Цяжкая, змучаная галава зноў на сон хiлiла. Але як гэта на халоднай цэментовай падлозе пасьпiш?

Заскрыгаў ключ у замку, скрыпнулi дзьверы й пачулася ўжо ведамае "сьледуй за мной". У пакоi допытаў нi душы жывой. Як i раней, утаропiўся Дзяркач у ледзянавокую маску на сьцяне. Чакаць давялося нядоўга. Кручканосы гарбуз увайшоў шпаркiм крокам, сеў за сталом.

— Табе хто пазволiў сесьцi? — гаркнуў на Дзеркача.

Антось устаў з лаўкi.

— Прозьвiшча! — пачалося ўсё з пачатку.

Антось ня меў магчымасьцi праведаць у раней дапытванных ды вымяркаваць чаму кажны раз пачыналася з таго самага, каб пасьля шматлiкiх "матаў" да галоўнага прыйсьцi.

— Я ўжо вам раней казаў, - буркнуў Антось.

— Скажы яшчэ раз!

— Ну дык нашто гэта? Я-ж ужо расказаў i аб дзядох, i бацькох, i сваё сацыяльнае праiсхаждзеньня. Вы-ж усё запiсалi, — з дакорам паясьнiў Антось.

— Ты это что, мне указывать будеш? что делать? — раўнуў гарбуз. — Я спрашиваю, а ты отвечай! Понял, сукин сын?

— Понял, — буркнуў Дзяркач.

На працягу наступнай гадзiны, цi мо й даўжэй, паўтарылася ўчарашняе й пазаўчарашняе. Быццам першы раз, сьледчы паволi й дбайна запiсваў адказы, курыў i спакойна пераходзiў да наступных пытаньняў.

— Хто памог табе спэцкаць лёзунг на лiтоўскай школе перад зборамi?

Вось яно, галоўнае.

— Якi лёзунг? Хто яго пэцкаў? Ня ведаю аб чым гаворыце, — спакойна адказаў Антось.

— Ты гэта што, упарты балван? Пачакай, я многа часу маю. Нi прызнаешся дык здохнеш тут. А ну стань ля сьцяны, рукi ўверх. Скарэй ты, сукiн сын!

Антось падыйшоў да сьцяны, падняў уверх рукi.

— Блiжэй, выпрастайся, от так! — раўнуў сьледчы за вухам i так заехаў каленам ззаду ў сярэдзiну, што Дзеркачу дыханьне заняло. — Не варочай галавы, проста ў сьцяны глядзi!

Гэтак выпрастаны, прылёгшы да сьцяны, рукi выцягнутыя над галавою, Антось застыў у далейшым чаканьнi. Сьледчы хадзiў па пакоi, нарэшце сеў за стол. Маўчаў. Мiнула шмат часу.

— Паўтараю: хто памог табе спэцкаць лёзунг у школе?

Антось маўчаў. Млявасьць разьлiлася па канцавiнах i па ўсiм целе. Цяжкiмi намаганьнямi стараўся трымацца, каб ня ўпасьцi.

— Отвечай, вредитель ты, сукин сын, когда спрашиваю!

Голас цьвёрды й моцны, добра вытрыманы. Нiкчэмнiк, мусiць, зусiм не хваляваўся, моцна набiтую руку ў допытах меў. Абыякавасьць — вось усё, што адчуваў Антось. Але да рэзыгнацыi яшчэ не дайшоў. Навошта казаць хоць-бы якую макулiнку праўды, а яшчэ больш выдумляць? Скажы адно, дык цягаць будуць пакуль прызнаешся, што Крэмль узарваў, самога Сталiна павесiў. У галаве пачало шумець, слабелi каленi й пруцянелi рукi. Адчуваў, што доўга ня вытрымае.

Былi моманты, калi ў сярэдзiне змучанай галавы два чалавекi спрачалiся. Адзiн наважыў пайсьцi сьледчаму на руку й навыдумляць усялякай трасцы. Гэтта небясьпека падсьцерагала: калi бальшавiк спанатрыць, што ўсё выдумаў, дык можа яшчэ горш быць. Другi-ж Дзяркач проста навосьлеп супярэчыў таму першаму ўгоднiку. Надта-ж балюча рэзала бальшавiцкая брытва. Але чым глыбей яна старалася ўрэзацца ў Антосеву мякаць, тым больш хацелася аддаць назад удвая.

"Скула табе ў бок, жыдзiшча пракляты!" — катэгарычна адказаў першаму гэты другi, адважны й непакорны, да канца гатовы змагацца Антось. "Здыхлаты на цябе, нячысьцiк. Зьгiрдзiшся ты перш, чым табе што скажу!"

Пасьля такога канчатковага й наважнага адказу ажно лягчэла Антосю цялеснаму, каторы да сьцяны прылiп.

— Видно, голубчик, — сказаў кручканосы гарбуз, устаючы з-за стала, что баловаться хочешь. Погоди, сам попросиш. У нас время хватит.

З гэтымi словамi сьледчы пакiнуў пакой.

Адно зачынiлiся дзьверы, як Антось сеў на лаву. Дрыжэлi каленi, недзе зусiм да сьпiны прысох жывот i зусiм высах рот, быццам у яго хто жарствы насыпаў. З халоднага ў гарачае кiдала. Цi маглi быць якiя сумлевы, што калi-б дамоў неяк удалося вярнуцца дык прыдзецца ў пасьцелю залегчы.

Ня ўсьпеў Антось як сьлед на лаве расьсесьцiся, як шырака, з гукам адчынiлiся дзьверы й малады, прысядзiсты, шыракаплечы чалавек з каўказкiм тварам убег у пакой. Бачыў Антось яго раней. Сьледчы паклiкаў каўказца на помач, калi Антось адмаўляўся танцаваць пад бальшавiцкую дудку. Каўказец нiчога не гаварыў, адно сьлепа загады выконваў. Вiдаць, што ў сваiм рамясьле набiтую руку меў, бо без найменшага намаганьня так цябе схапiць за найбольш кволае месца мог, што дзясятаму закажаш. У рамясьле тым адчувалася нейкая грацыя й стрыманасьць. Давалася адно столькi фiзычнай сiлы, колькi якраз патрэбна было. I думаў ужо раней Антось, гэта тупалобага робата гледзячы, што бяда была-б тэй ахвяры, якой гэты каўказец усе свае катавальныя здольнасьцi пачаў-бы прысьвячаць.

Як дзярлiвы тыгра, тупалобы мiгам перад Антосем апынуўся. Быццам абцугамi, схапiў дзяцюка пальцамi за нос, паставiў на ногi. Не агледзеўся Дзяркач як хутка й якiм менавiта чынам тое сталася. Войстрай дзiдай кальнула яго нешта пад мышкай, у гарляку залажыла праход для паветра, балюча крутнулася правае плячо й поўным цяжарам звалiўся дзяцюк на падлогу. Калi-ж намагаўся злавiць у лёгкiя хоць крыху паветра, каўказцаў бот душыў тое месца, дзе ля жывата зьбягалiся Антосевы ногi. Нястрыманы боль агнявымi шпiлькамi расплываўся па целе, выцiснуў з вачэй сакавiтыя сьлёзы. "Задушыць, сукiн сын", — мiльганула ў Антосевай галаве. Пачаў крычэць, колькi моцы. Бот адпусьцiў на тым месцы, дзе сыходзiлiся ногi, клешчы злавiлi яго за вушы й мiгам дзяцюк ужо ля сьцяны стаяў. Магутная сiла крутнула рукi й не агледзеўся як прылiп да сьцяны якраз у такой самай пазыцыi як тады, калi сьледчы дзьвярмi скрыпнуў. Адылi цяпер зморанае цела балела ў многiх мясцах i пратэставала. Адчынiлiся ззаду дзьверы й каўказец зьнiк на калiдоры. Ужо па iншых кроках распазнаў Антось таго, што ў пакой вярнуўся.

— Следовательно, повторяю: кто тебе помогал испортить лозунг на литовской школе и с кем ты всё время в деревне делал антисоветскую пропаганду?

Дзiва. Лагодна-памяркоўна гучэў бас. Калi-б гэта дзесьцi ў сямейным коле яго пачуў, пабажыўся-б чалавек, што якраз такiм лагодна-ласкальным тонам бацькi да сваiх дзетак гавораць. А мо гэты агiдны кручканосы гарбуз i меў сям'ю й дзетак, якiх навет мог ласкаць i песьцiць? Што ён за чалавек?

Антось дрыжэў i маўчаў.

Шарганула за сталом крэсла, ацяжэлае, пузатае тулава выгадна распаўзлося, адчынiлiся таўстыя, круглыя вусны й адтуль прыляцеў да Антосевых, смылячых i чырвоных вушэй сяброўскi зварот: — Будьте любезны, садитесь, пожалуйста.

Круты паварот. Але Антось, змораны фiзычным перакананьнем каўказцавых рук, прытомнасьцi яшчэ ня страцiў. Не марудзячы, адыйшоў ад сьцяны й сеў пры стале насупраць сьледчага на самым краю крэсла. Ззаду адчынiлiся дзьверы й перад Антосем на стале касматая, чорнавалосая рука паставiла поўную шклянку чыстай, надта прынаднай, празрыстай вады. Не пасьпелi ззаду сьцiхнуць крокi, як Антосева рука ўжо на стале была.

— Погодите минутку, гражданин, пабеседуем. Вы, наверно, пить хотите?

Пяшчотны тон… Рука сьледчага адсунула на сярэдзiну стала шклянку з вадой. Зьдзек. Антосева рука абамлела на калене. Пiў вачмi. Гарэлi сьмяглыя вусны. Ня было насупраць анi кручканосага гарбуза, анi ледзянавокага Грузiна на сьцяне, адно надзiла, зьдзеквалася зь яго, зьбiтага й зганьбаванага вялiкая, прынадна-празрыстая, жыцьцядайная шклянка чыстай вады. Вада — альфа й амэга ўсяго жыцьця-быцьця, усей шырынi мiзэрнага Антосевага iснаваньня. Як ня дзiўна, адны й тыя самыя рэчы набiраюць зусiм iншага значэньня й моцы, калi бачыць iх у розных пэрспэктывах. Хiба адно змораны, зьняможаны падарожнiк пустынi бачыў калi ваду ў падобным сьвятле, як ўяўлялася яна цяпер Антосю Дзеркачу. Вось яна гэтта, зусiм перад дзяцюковым носам. Адно часiна, адзiн рух рукi i яна асьвяжыць вусны, улiе жыцьцёвую сiлу ў зьняможанае цела. Адылi мiж сьмяглымi, парэпанымi дзяцюковымi вуснамi, сухiм жыватом i вадой-збавiцелькай станула бяздушная, грозная магутнасьць бальшавiцкага палiцыйна-сьледчага апарату. Вада сталася максымальнай прынадай-пасткай. Прадайся, прызнайся, падпiшы ўсё, што вымагаюць, адно тады зможаш адсьвяжыць сьмяглыя вусны, прамачыць страўнiк.

У тым месцы й часе, дзе апынуўся Антось Дзяркач, чалавек не разважае памяркоўнымi й цьвёрдымi катэгорыямi, не абасноўвае зьмененых вартасьцяў звычайных, будзённых, нармальных рэчаў. Хiба адно волатам пад сiлу такое нешта. Загiпнатызаваны вiдам празрыстай вады, сядзеў Антось i ў галаву яму не магло прыйсьцi, што лягчэй цярпець было-б, калi-б на бок галаву адвярнуў. Тымчасам сьцiплая вялiчынёй шклянка вады расла ў змучаных бяссоньнiцай Антосевых вачох да манументальна-непазнавальных разьмераў, засланiла ўсё навокал i ў меру такога гiпнозу расла ягоная сьмягласьць, напаўняўся балючай жарствой змораны страўнiк.

— Вы курите? — спытаў ласкавы голас. Сьледчы падсунуў адчыненую папяросьнiцу.

— Не, — адказаў Антось. Ён ня зводзiў вока з вады. "А што каб раптам схапiць i выпiць? А пасьля… што будзiць, нiхай будзiць", — думаў Антось. Гэткую нагла-зухаватую ў коранi перасек каўказкi твар. Антосева левая рука, быццам для пацьверджаньня небясьпекi, памацала там, дзе зыходзiлiся ногi. Страх уваскрос новым болем.

Гарбуз пачаў гаварыць.

— Может быть вам неизвестно… Советская власть самая лучшая и самая гуманная в мире. Первой и преимущественной заботой этой власти — человек. Это совершенно понятно, ибо самые порабощённые слои эту власть для блага своего и тех которые придут позже. Следовательно не было и не будет у нас заботы большей, чем та, которую ощущаем для человека. Но исходя из этого, не должны мы забываць и другую сторону того столба, на котором построена первая и самая могущественная социалистическая страна в мире. Эта другая сторона наша полнейшая и крайняя преданность нашей родной коммунистической партии, нашему правительству и в первую очередь нашему вождю, великому и мудрому учителю, отцу всех народов мира, товарищу Сталину…

Настаўнiцкi голас спынiўся. Аўтамат i тут, дзе ня было паслухмяных нявольнiкаў, што пры згадцы дыктатара пачалi-б аддана плёскаць далонямi, зрабiў вытрыманы перапынак.

— У многих из нас есть ещё отрицательные пережитки прошлого, которые следует уничтожить и выбросить как нам чуждые и вредные, — прадаўжала лагодным басам шарманка. — Это сделать изумительно легко. Да! — падчыркнуў кручканосы гарбуз, — изумительно легко. У вас тоже эти пережитки есть. Они у вас, конечно, не по вашей вине, ибо вы жили в обществе, где человек человеку был волк. Понимаете? Человек человеку врагом был. У нас наоборот: человек человеку есть самый лучший друг. Видите как у нас? Стало быть, если каждый из нас есть другом каждому другому так и последовательно мы должны быть наибольшими друзьями. И наиболее преданными нашей власти. Ибо кто же, если не она, наша власть, ощущает для нашего блага наибольшую заботу? Вы должны полностью довериться вашим местным руководителям, активистам, коммунистам, не иметь никаких секретов, наоборот — навстречу им идти. Да, навстречу! Видите ли, как это просто и изумительно легко? Вы, может быть, не понимая наших порядков, каким то образом попали в шайку врагов советской власти, злобных клеветников. Может быть, вы хороший человек и раньше никто не раз'яснил вам советских порядков, не дали вам возможность увидеть полноту, красоту и гуманную справедливость советского мира. Так я вам сейчас и предлагаю эту возможность. Признайтесь, что вы делалi советской власти большой вред, назовите нам тех людей, с которыми вместе работали и я вас уверяю, что советская власть, которая есть самая лучшая и гуманная в мире, простит вам и как родной отец или мать станет заботиться о вас и откроет вам дверь благополучной жизни.

Шарманка спынiлася. Пстрыкнула запальнiчка й над сталом падняўся круг дыму. Гэта ня быў той дым, што рэзаў лёгкiя дзяручым смуродам карашкоў.

Рука падсунула Антосю шклянку вады. Ня верачы, вязень зiрнуў на нямую маску й адно пасьля ласкавага "выпите, пожалуйста" сьмяглыя вусны прылiплi да берагу шклянкi. Нiколi, мусiць, за цэлы свой куртаты век не адчуваў Антось такой вялiзнай асалоды. Трыма цi чатырма вялiкiмi глыткамi вада апынулася ў дзяцюковым страўнiку. Зь вялiкiм смакам Дзяркач аблiзаў асьвежаныя вусны й спанатрыўшы новапрыбыўшыя сiлы ў цэлым арганiзьме аж раўней сеў на крэсьле.

— Сейчас вас отведут в камеру, — гаварыў сьледчы. — Советую вам хорошенько передумать всё, что я здесь сказал и следующим разом не только самому признать все акты вашей вредительской работы, но и выдать всех ваших поплечников. Нет нужды убеждать вас в том что вас ожидает если не сделаете как вам советую.

Антось ня ведаў колькi прайшло часу як з допытаў вярнуўся. Дзесь па калiдоры, за гэным вочкам часта адчынялiся дзьверы, каротка гудзеў голас, а Дзяркач шнураваў ушыр i ўдаўжкi камэры, чакаючы калi зноў яго выклiчуць. Спрабаваў спаць, але, задрамаўшы, прачынаўся ад нясьцерпнага холаду, уставаў, бегаў, хукаў у рукi, дрыжэў-калацiўся. Пасьля, здвалася, няскончанай вечнасьцi, адчынiлiся дзьверы каморы й вартавы загадаў: — А ну-ка давай, с вешчамi!

Дзяцюк зiрнуў на вартавога, вочы прабеглi па пустой каморы. Зь якiмi «вяшчамi»? Забралi-ж амаль голага, не далi навет з бацькам разьвiтацца. У знаёмай яму ўжо канторы кручканосы гарбуз сядзеў за сталом. Калi вартавы зачынiў дзьверы, ён коратка сказаў: — Вы сейчас пойдёте домой. Лишь подпишите эту заявку, что никогда и ником не будете говорить о том, что здесь происходило. Поняли?

Напалоханы й зьняможаны Дзяркач чакаў чаго iншага, але не таго, што чуў i бачыў. Няйнакш сьледчы выдумаў нейкi дрэнны жарт. Зноў непрадугледжанае пачнецца. Цi зможа ён высьлiзнуць з гэтай новай, няведамай пасткi?

— Ну чего стоиш? Разве по-русски не понимаеш? Что с тобой?

Сьледчы падсунуў яму паперку й палажыў збоку ручку. На паперцы было нешта напiсана, але колькi нi намагаўся Антось прачытаць, — а парасейску ня ведаў добра, — лiтары скакалi, дваiлiся. Дом, цяпло, мiска сытнай стравы, вось што, быццам сонца, зазьзяла на цёмным у апошнiя днi Дзеркачовым гарызоньце. Ён навет ня памятаў, калi падпiсываў тую паперку.

Цi раз пазьней Антось разважаў пра нядужасьць i вытрымаласьць фiзычную. I часта прыгадваў як гэным часам, калi адчынiлiся перад iм дзьверы на волю, лягла зноў сонечная й прывабная дарога да роднае хаты, адкуль узялася тая моц, куды сплыла тая вялiкая нядужасьць. Спачатку хiстаўся як п'яны, але па меры таго як аддаляўся ад быўшай вiльлi Вiлiнскага, цяперашняга гнязда "народнай уласьцi", раўней ягоны крок, дужэў арганiзм, сьвяжэла змучаная галава. I паволi, вельмi паволi вярталiся на месцы ўсе пешкi, конi й каралеўскiя фiгуркi жыцьцёвай шахаўнiцы.

Перш за ўсё Антось спасьцярог, што на сьвеце панавала прыгожая, марозная зiмовая ранiца. Усё, здаецца, выглядала бязь зьмен. Людзi, каторых бачыў на вулiцы, каля станцыi, а пасьля i ў вiлах Глыбоцкайi Докшыцкай, дзе Гiбiшына крама раскашэлiлася, займалiся штодзённымi, патрэбнымi справамi. Праўда прыватны гандаль скончыўся, крамы пазачынялi, адзiн калiшнi каапэратыў, цяперашнi «горпiшчапромторг» гудзеў натоўпам. Народ вылiўся ў даўгi хвост чаргi, што цягнуўся аж да калiшняга "пастарунку палiцыi панствовай". Антось мяркаваў, што пэўне нешта важнае давалi. А мо хлеб чорны…

I ўсё-ж у Антосевых вачох жыцьцё выглядала накш, чым раней. Зьмена магла адбыцца ў яго самога. Вазьмi, прыкладна, гэных людзей у чарзе. Цi мала каторы думае, што калеючы на марозе за кавалкам хлеба, ён на дне нядолi апынуўся. Але цi каторы зь iх зьведаў тую камору, дзе апошнiмi днямi калеў Антось, цi хто зь iх ведае пакуты, волю страцiўшы?

Гэтак думаючы, iшоў Антось, не наважыўшы яшчэ што рабiць. Так звычайна захоўваецца арыштант, што пачынае на волi першыя крокi ставiць. Дзяркач сустрэўся лоб у лоб з Тодарам Кмiтам.

— Антось, куды ты? Як гэта з табой, пусьцiлi? — гукнуў той з бадзёрым выглядам. Ён трымаў нешта ў лужэльнай торбе пад пахаю. Апрануты быў у новыя боты з рудымi халявамi, суконную тужурку, барашкавую шапку. Кароткiя вусiкi прыдавалi весялосьцi румянаму твару.

— Здароў, Тодар. От чаго ня ўзьбiўся на цябе, загледзiўся, — вiнавата пачаў Антось.

— Здароў, здароў! — трос руку Тодар. — Дык адкуль ты й куды.

— Ды нi пытайся. Каму-ж ведаць, калi нi табе?

— Што ты, дзяцюк, вярзеш? Праўда, што там быў? — нацiснуў Тодар на перадапошняе слова

— Так, быў.

— Ну й што?

— Браток, нi пытайся, бо нi скажу. Паперку мусiў падпiсаць.

— Якую гэта паперку?

— Такую, дзе прырок вады ў рот набраць. Кумекаiш?

Рашчараваны Тодар адвёў вочы набок, думаў.

— А Косьцiка цi Лявона ня вiдзiў тамака?

— Не, ня вiдзiў, - спакойна адказаў Антось. — А чаго iм тамака цiгацца?

— Дык от-жа ня iм цiгацца, а iх пацягнулi, — зьнiзiўшы голас, ледь чутна паведамiў Кмiта.

Нельга сказаць, каб Антось адубеў ад такой навiны, але ён нiзка й працягла сьвiснуў, а вочы ягоныя нявыспаныя, з выразам "глянь ты, што робiцца", затрымалiся доўга на Тодаравым твары.

— Алi ты абажджы, — казаў Тодар, — ты во змучаны, вiдаць… Каб сьцюжа цябе нi хапiла, давай зайдзiмся.

Антось не адмаўляўся, калi Тодар яго за руку пацягнуў. Ня ведаў, куды цягне, а Кмiта задняй вулачкай прывёў яго ў рэстаран. Уласьнiк Шапiра ня ведаў, што далей будзе, рэстаран не пераключыўся яшчэ на новы лад. Сваiх клiентаў, што любiлi чарку, Жыд часам i на кухнi ўгасьцiў.

У Шапiравым дварэ Тодар падыйшоў да свайго каня, прывязанага да плоту, падкiнуў яму сена, пагладзiў па шыi.

— Падай нам, Хаiм, чаркi! — загадаў Тодар гаспадару, калi зачынiў скрыпучыя дзьверы й расьселiся каля стала. — Гэтта пагрэемся, — зьвярнуўся да Антося. — Дык, кажаш, рот зачынiлi, то й пытацца ня буду. Алi-ж вiджу, што ня ў выгадзе быў…

Гэтак гаворачы, Тодар выцягнуў з торбы празрыстую паўлiтроўку маскоўкi, сьвежы бохан крамнага хлеба й кавалак сала. На доўгiм стале напокуцi, побач рознага посуду, шыпеў вялiкi руды самавар. Пах селядцоў, капусты й печанай цыбулi атакаваў нос. Адзiн столiк пуставаў ля дзьвярэй. I трымаў, мусiць, Шапiра поўны самавар на выпадак, калi хто зайдзе пагрэцца.

— Ай, Тодаг, ты чалавек боскi, ты са свая гагэлка ходзiць, усьмiхнуўся лысы, пузаты, з малой, сiвой бародкай Хаiм.

— Як ты, Хаiм, зноў пачнеш прадаваць гарэлку, дык ня буду сваей прыносiць, — усьмiхнуўся Кмiта.

— Праўда кажаш, — згадзiўся Жыд. — Можа чай падаць?

— Давай, браток. Наш Антось цi нi прастыў во…

Тодар налiў чаркi, парэзаў сала, адкроiў хлеба.

— Дык давай, за тваё здароўе, — падняў чарку. — I за дарогу дамоў, падмiргнуў вокам. Гэткiм чынам Жыд не зразумеў пра што йдзе.

Пасядзелi ў Шапiры, мусiць, каля гадзiны. Антось павесялеў. Гарэлка добрым цяплом разьлiлася па акалелым целе. Сьвежы крамны хлеб з салам быў як-бы збаўленьнем. Добры чай зь лiмонам дапоўнiў Антосева задавальненьне.

— Алi-ж заседзiлiся. Трэба ехаць, бо баба навалiцца, — усхапiўся Тодар.

— А чаго-ж тваей бабе нi хапаiць? — спытаў Антось, нацягваючы сярмягу, якую Тодар трымаў на сядзеньнi й цяпер пасулiў лёгкаапранутаму дзяцюку.

— Ды чаго ей… Ня ведаiш трапла? Но-о-о-о, пашоў! — гукнуў Тодар на каня й кароткай пугай сьцебануў паветра.

— Алi-ж цябе як Бог падаслаў. Калi-б гэта я дахаты дабрыў, задаволена-вялым голасам сказаў Антось.

— Дарога цяпер ужо ўтоптаная. Нi я дык нейкi другi Макар падвёз-бы.

Тодараў малы, шустры конiк узяў трушком i, мiнуўшы вакзал, пераезд, пабег яшчэ весялей па гладкай, добра ўзежджанай дарозе. Абапал гасьцiнцу павесiлi аброслыя iнеем бароды старыя кашлатыя вербалозы. На паўднi, за Гаравацкай пушчай вызiрнула халоднае зiмовае сонца. Iскрыўся серабром сьвежа халодны сьнег на хвалiстых гонях, маўчалi маестатычныя хвоi й замерлi кастлявыя вольхi на лузе. Прыемна скрыпелi палазы. Дзяркач жмурыў вочы ад дражнячага, яркага блеску сьнегу, з асалодай удыхаў чыстае марознае паветра. Яго хiлiла на сон. Тодар параiў закруцiць ногi ў дзяругу, што ў санёх трымаў.

— Дык як-жа гэта, кажаш, Косьцiка й Лявона забралi? За што-ж iх? цiкавiўся Дзяркач.

— Чорт iх знаiць. Лiтоўскiя ня могуць у тым нiякага ладу дайсьцi. Гэта-ж iхныя, казаў той, найлепшыя людзi. Казала Шпуньцiха, што ночы ынкавудысты наляцелi, як ваўкi дзяцюка пацягнулi. Ды пазабiралi й другiх камунiстаў, з другiх вёсак. А нашто й чаму?

Як кароткая Тодарава пуга, каторай не патрабаваў навет паганяць конiка, новае, цiкавае пытаньне павiсла ў паветры.

Загрузка...