9

На золаку лагодны вецярок падкрадаўся лесам. Ля Гараваткi ён пасьмялеў, дыхнуў поўнай моцай i заўзята скалануў дуб-гiгант. Схамянуўся спрасоньня пышны Архiпаў чуб. Рыпнуў дуб сукамi, атрос кволае лiсьце й злосна сыпануў жалудамi. Пасьля гвалтоўнага ўздыху, вецер параўнеў i пырснуў рэдкiмi буйнымi кроплямi. Роўнамернаму глухому гоману з пушчы шапталi ў вадказ хвоi й таполi з Гараваткi. Яшчэ цясьней, здавалася, сплялiся ў абдымку кароны дзьвёх вялiкiх соснаў на лiтоўскiм могiльнiку. Пра што гаманiлi сястрыцы на стыку сплываючай ночы й нованароджанага дня? Пра сьвежую яму ў iх падножжа, цi пра новыя парадкi? У лiпавiцкiм маёнтку пераклiкалiся вартавыя. Учора на зьмярканьня спынiўся гэтта пяхотны вайсковы адзьдзел.

Частым скрыпам скардзiлiся ў гэну ноч ложкi ў спальнях мясцовых панкоў i асаднiкаў. Шукалi патолi, марыла iх бяссоньнiцай трывога. Пан Лазоўскi каторы ўжо раз ускарабкаўся ад свае Дамiцэлi, упоцемку шураваў па вялiкай спальнi, буйны русы чуб церабiў. Падыйшоў да вакна, адчынiў фортку. Сьвежае паветра хлынула ў пакой. Лазоўскi шырака разявiў рот, пазяхаў. За вакном яшчэ панавала цемра. Што рабiць? Уставаць? За што брацца?

Учора ўжо заказырыўся й аблажыў яго ёмкiмi матамi калiсь маўклiвы й паслухмяны парабок Яўхiм. Сяньня, а найдалей заўтра, зьявiцца перад яго гасподай новая ўлада. Як быць з золатам? Дрэнь тая бясьпечная схованка, калi яго й сям'ю як ваўкi авечак павалачы могуць.

Зыйшлiся ўчора свае, да зьнямогi раiлiся. Нэрвы, роспач, паднечаньне, едкi табачны тым i безнадзейная пропасьць у вачох. На тварах, што нядаўна яхiднымi валадарнымi ўсьмешкамi прамянiлiся, пагардай да мужыкоў крывiлiся, цяпер чорны цень загаспадарыў. Кагадзе магутныя й поўнаўладныя — цяпер бязрадныя й бездапаможныя, быццам крыга лёду на ўзбушаванай лёдам рацэ. Уцякаць? Куды? Яшчэ i яшчэ раз: што рабiць?

Над раньнем зусiм не на жартачкi раскапрысiлася неба. Густыя сiвыя хмары аблажылi з захаду й заглумiлi водсьвет узыходзячага сонца. Цi адна лiтоўская жанчына, корпаючыся зь вiламi цi чапялой ля печы, разьдзьмухваючы пасырэлыя дровы, казала: — Каго Бог дык i на той сьвет палюдзку адпраўляiць, а гэтую во… хто яе ведаiць, што тутака рабiць… мусiць на добрую iмжаку заносiцца. Клыпай ты па такой мокрадзi на могiльнiк гэны…

Сяляне — не гiпакрыты, яны справядлiва мерыць наўчылiся. Катораму лепшаму, вiднейшаму чалавеку, дык i па сьмерцi ад iх пашана большая, а нiякаватаму — дык i нiякай.

З абчарнелых сажай комiнаў, па зялёна-шэрых, абiмшэлых стрэхах, нiзка спаўзьлi на двары, хлявы, клецi й гумны сiвыя дымы.

Цэлую ноч цешыўся воляй Косьцiкаў Ромак. Воля саладзейшая была яшчэ таму, што Паўлюк ужо колькi месяцаў яго на прывязi трымаў. Учора сабака прагна ўзiраўся ў позна асьветленыя вокны, энтузiястычна «драгомiшчу» на разьвiтаньне зацяўкаў, аж пад Косьцiкаву бараду сваю доўгую пысу сунуў. Пачнуцца мусiць цяпер, як у той залатой даўнасьцi, цiкавыя вандроўкi. Так ужо карцiла каторага вясковага сабаку-жэўжыка клыкамi за шыю страсануць.

Калi ранiцай Нiна накармiла яго, Ромак удзячна лiзнуў ей па руках i твары. Пiльна падслухоўваў гукi зь сяней, скроб дзьверы ў хату. Вось неўзабаве скрыпнуць завесы i дзьвярох зьявiцца наймiлейшы сябра.

Сталася зусiм нешта нечаканае. З хаты Косьцiк выйшаў познавата, дый ня сам, а з тым чарнавусым, каторага Ромак зусiм яшчэ мала абнюхаў. Гаспадар паляпаў яго па шыi, да болю сьцiснуў вуха, прамовiў пару слоў, дый за нашыйнiк узяўся. Што гэта? Непаразуменьне якое? Як ласкава й лiсьлiва не стараўся заглядаць у Косьцiкавы вочы, нiчога не памагло. Пудовым цяжарам уплёўся за нашыйнiк ланцуг. Косьцiк адыйшоўся, паглядзеў на гадунца.

— Жалка, брацец ты мой, цябе, — сказаў. — Знаю што хочаш, алi нi магу. Дзяла ў цябе сабачыя, а ў мяне… служэбныя.

Дзяцюкi селi на самакаты й даўно скрылiся за дарожным адхонам, а Ромак доўга, заядла й плаксiва цяўкаў аж да хрыпаты голасу, ня могучы пагадзiцца з такiмi новымi парадкамi.

Пад поўдзень парадзела iмжака й празь нiзкiя хмары часта вызiрала сонца. Вецер прыносiў гаману й тарахценьне хурманак з гацкага гасьцiнцу. Малая група лiтоўскiх абкружыла сьвежую яму на могiльнiку. Старая Макатунiха ў суправодзе сям'i, спасьцярогшы ваду ў яме, заенчыла: — Божа мой, як-жа гэта так, у ваду?

Прысутныя пераглянулiся.

— Што-ж зробiш… Бог так даў, а ей усiроўна, — адказаў брат.

Янук i Зянькевiчаў Стась прымкнулi да групы тады, калi зачыненая дамавiна стаяла на горбачцы зямлi побач ямы, а людзi, апусьцiўшы галовы, слухалi Сабакевiчаву прамову.

— Дарагiя таварышы, аднасяльчане! Када я работаў для камунiсьцiчаскай парцii й са мной да з другiмi работала от наша пакойнiца, дык я ажыдаў таво дня када мы ўмесьця на таржэсьцьвенным празьнiку будзiм вялiчаць нашых асвабадзiцеляў, доблiсную красную армiю й савецкi народ, каторыя падалi нам руку й асвабадзiлi ад праклятага панскага iга. Таржэсьцьвенны дзень прышоў, ну от забраў ад нас адну iз самых лутшых работнiц, самых жэрцьвiнных людзей. Пагэтаму я з баляшчым серцам стаю над яе гробам…

— Ну трэба сказаць вам, таварышы аднасяльчанi, што свабоды бяз жэртваў ня бываiць i вы самi гэта мусiця знаць.

Сабакевiч змоўк, мутнымi вачмi ўглядаўся, ў прысутных, быццам чакаючы пацьверджаньня такой вялiкай, нiколi нячутай, iм упяршыню адкрытай праўды. Сосны й хвоi марасiлi дробным дожджыкам. Людзi пазiралi ўверх, горбiлiся, тулiлiся адкрытыя галовы ў каўняры адзеньня. Быццам у вадказ на Сабакевiчаву гутарку, у каторай зьдзекваўся зь дзьвёх сумежных моваў, уверсе над сястрыцамi-соснамi ўсхадзiлiся вароны. Пахнула сырой iглiцай, прэлым лiсьцем i жывой смалой.

— Пагэтаму гавару вам, таварышчы аднасяльчане, што нада шанаваць жэртвы, — бубнеў далей Ромкаў гаспадар, — бо яны жызьнь за нас аддалi, гэта значыцца штоб лепшая было жыцьцё для нас. Параскева Iванаўна, гэта наша пакойнiца, каторую мы сабралiся харанiць, была асоба жэрцьвiнная, яна нi шчыталася зь нiчым када работала для камунiсьцiчаскай парцii, значыць для асвабаждзенiя трудзяшчыхся западнай Бiларусii. Наша ўласьць прышла й сiчас мы добра жывём. Ну жалка, што када з вастока сонца засiяла дык Параска мусiла галавой налажыць. Гавару вам, таварышчы аднасiльчане, што да нас прышоў новы дзень. Таварышч Сталiн пазабоцiўся… аб нас, каторыя стагналi пад панскiм польскiм iгам, паслаў нам сваю доблiсную красную армiю на помашч…

Ззаду за Косьцiкам, прытрымлiваючы рукамi крыж на грудзёх, нахiлiўшы сiвую галаву, стаяў старэнькi слабодзкi сьвятар. Казалi, што гадоў яму пад восемдзесят. Зрок трымаў унiзе, дзесь на веку дамавiны; ледзь вярушылiся ў малiтве яго вусны. I было ў гэным вобразе над магiлай штосьцi камiчнае ў сваей недарэчнасьцi й грандыёзна-велiчнае ў прастаце, быццам Бог супаставiў побач, усiм на вока, дзьве вялiкiя й зусiм супрацьлеглыя сiлы. Надзьмуўшы тоўстыя шчокi, шырака расставiўшы патрапаныя й гразёй запэцканыя хромавыя боцiкi, выпяцiўшы грудзi, "новая ўласьць" расьпiналася перад хаўтурнiкамi пра нячутыя дагэтуль у вёсцы нейкiя даброты, ласкi, што вось прынесьлi лiтоўскiм сялянам апошнiя падзеi. Гэта была "ўласьць" у асобе пагарджанага сваймi людзьмi дзяцюка, калючага атожалка ад свайго дрэва. Хто гэта калi яго напокуцi калi пасадзiў? А пасланьнiк сiлы адвечнай, найвышэйшай i адзiна справядлiвай вунь сьцiпла за плячмi гэтага атожалка малiтвы шэпча.

Цi мала хто Косьцiка слухаў, цi многа, гэты кантраст яшчэ да пазаўчарашняга зусiм нясумяшчальных побач сябе людзей быў так вымоўным, што думкi самi напрашвалiся.

— Iш ты яго, ханжа во распаўзлася. Цяперака зажывём, калi во такi над табой руку будзiць дзiржаць!

Сказана было даволi голасна. Людзi азiрнулiся. Як звычайна, ня вытрымаў Антось Дзяркач. Косьцiк, заварожаны сваей прамовай, мусiць ня чуў. Ён далей прымiтыўна маляваў «блага» новае ўлады, пра нябожчыцу забыўшыся. Мiж прысутных ня было нi Сявенькi, нi Зянькевiчаў, нi Бахмача са сваякамi, нi Бурака з Бурачыхай, нi Шпунтоў. Людзi спасьцераглi адсутнасьць найбольш кемлiвых лiтоўскiх гаспадароў. Побач Косьцiка тарчаў Павалiцкi Хвёдар. Ён скроб патылiцу, азiраўся навокал з такiм выражэньнем, быццам казаў: людцы добрыя, я-ж тутака з боку-прыпёку, а галава ў нас во…

Янук цiкаваў за Дуняй. Змарнелая, босая, у пакамечанай шэрай крамнай сукенцы, вынашанай рудой накiдцы, яна стаяла побач Кмiтавай Аўдолi. Трымалася спакойна. Хлапцу iншыя хаўтуры прыгадалiся. Салёныя сьлёзы залiвалi збалелыя вочы, у грудзёх захрас цьвёрды камяк. I тады, ён неспадзявана зь дзяўчынай у сенях сустрэўся. Цяпер яшчэ сорам за тое скроб. А яна вось якая спакойная, зусiм не плача навет. Але гэта-ж ня матка ейная.

— Ты вiдзiш, Янук, колька вунь апенак? — таўхнуў пад бок Зянькевiчаў Стась.

Янук зiрнуў у той бок, куды паказаў вялiкiм, карэлым ногцем Стасеў палец. Недалёка ад iх, пышнымi цёмнарудымi грнкамi апенькi распаўзьлiся па аграмадным гнiлаватым пнi. Колькi кошыкаў можна было напоўнiць. Дрэва, вiдаць, звалiлi даўно, не пры Януковай памяцi.

Нарэшце спынiлася доўгае Сабакевiчава бубненьне. Людзi цiха загаманiлi. Паглядзеўшы, што не марасiць зьверху, мужчыны зьнялi з дамавiны века. Быццам на сыгнал, пачалiся ўсхлiпы жанчын. Сьвятар падыйшоў да дамавiны й пачаў малiцца. Пры лёгкiм шуме ветру ў каронах прыгажунь-соснаў, надзвычайна ўрачыста гучэў лагодны, цiхi й выразны голас. Хаўтурнiкi хрысьцiлiся, малiлiся пры ўсхлiпваньнi жанчын i пасьля ўсе разам засьпявалi "вечную памяць". Ужо калi дамавiна дакранулася вадзянога люстра на дне ямы, ямчэй усхадзiлася галашэньнем старая Макатунiха. У гэны час Хвёдар з Косьцiкам, адбыўшы павiннасьць, нацiскалi на ступнi самакатаў, бяручы кiрунак на Шпунтоў хутар.

Зусiм нечакана ажыў гацкi гасьцiнец. Мiж прысадаў дарогi выплывала з Гаравацкай пушчы вялiкая, шэрая калёна людзей. Iржалi конi, лякаталi колы, рыпела вупраж i чуваць была цiхая, памяркоўная гамана. Янук i Стась пераглянулiся ды борзда рванулi зь месца. Колькi хвiлiн пасьля, задыхаўшыся ад хуткага бегу, спынiлiся ля ўчора ўежджанага гасьцiнцу.

Войска йшло трымя радамi, а наперамен валаклiся малыя, нагружаныя хурманкi. Адразу кiдалася ў вочы суцэльная беднасьць гэтай нехлямяжнай армii. Жаўнераў у стар'ё апранулi. Шматлiкiя стрэльбы трымалiся на плячох на абшмуляных вяровачках. У старой, палатанай вупражы напружвалiся зацяганыя конi, — рэбры скурай абцягнутыя.

У параўнаньнi з учарашняй магутнай танкавай калёнай, войска гэта нагадвала зарганiзаваны натоўп жабракоў, дохлую грамаду, што мусiць адкармлiвацца на гэтую зямлю прыпаўзла. Хлопцы разявiлi раты, пазiралi на старэйшых, што абступiлi дарогу.

Лiтоўскiя гарэзы спачатку маўчалi, вачом не давяраючы, пасьля-ж кпiнамi распрамянiлiся твары.

— Дык гэта-ж дрэнь, а ня войска! — зарагатаў Стась.

— Цiха ты! — перасьцярог яго Янук.

Маўклiва прыглядалiся бядзе на гасьцiнцы.

— Слухай, Стась, — загаманiў зноў Бахмач, — давай у Гацi зьбегаiм, паглядзiм што там робiцца.

— Давай!

— Калi?

— Ды хоць i цяперака. Але перш можа сходзiм пад'есьцi.

— Ты вечны ненаеда. Давай во адразу бяжым.

Хлопцы неўзабаве выперадзiлi дохлае войска. Iх босыя ногi пакiдалi выразныя сьляды па ўчора так прыгожа выраўнаным танкамi, сяньня-ж ранiцы добра змочаным гацкiм гасьцiнцы.

Загрузка...