25

Калi-б самiм давялося быць у Гацях i пажадалi выбрацца на Глыбокае, мусiлi-б пачынаць ад тых вiлаў, дзе зыходзiлiся Докшыцкая й Глыбоцкая вулiцы й дзе рассасулiлася шырокая, з упалай гонтавай страхой Габiшына крама. Пачынаючы вось ад гэнай крамы, праехаўшы па няроўным бруку Глыбоцкай вулiцы так мэтраў за дзьвесьце, налева ў рынак упрэцеся. Спынiце вашага руплiвага каня. Гэта-ж нам затрымацца выпадае. Чуеце стук сякераў, малаткоў, скрыгат пiлаў? Так, майструюць нешта. Ужо вунь зьвязалi з дрэва нейкi прастакутнiк, дошкамi яго абiваюць. На памост выглядае. А гэта там воддаль ля самага поля, — бачыце вунь мураваны белы будынак неабшырных разьмераў? — гацкая бойня. Сюды прыводзiлi й прывозiлi на забой кароў, авечак i сьвiньней. I стаiць бойня, — бачыця во? — воддаль ад рынку, зусiм як-бы за мястэчкам. Самi-ж, пэўне, добра й памяркоўна ўгадаеце прычыну.

На рынку гэтым, дабрадзею, дзе мы во з вамi затрымалiся, нельга сказаць, каб калi якiя вялiкiя кiрмашы адбывалiся. Яно-ж сабе быў у Гацях i рыначны дзень, каторым пашанцавала быць аўторку, прыяжджалi навет, хоць i скупавата, людзi. Ды кiрмаш тут нiколi ня быў тых разьмераў як, скажам, у сераду ў Докшыцах, цi ў чацьвер у Глыбокiм. Гэтта людзi, каторым запраўды што большае збыць трэба было, падноскаў надта не тапталi й часу цэннага ня глумiлi. Вядома-ж, мястэчка малое, дык «каляяжы» якiя-б пражорлiвыя ня былi, дабра многа спажыць ня могуць. Вось таму, дабрадзею мой, кiрмашы ў Гацях такiя сьцiплыя былi.

Сытуацыя крыху перамянiлася, як «саветы» прыйшлi. Тыя «саветы», як мо й самiм чуць давялося, — салдатнi пераважна, — поўныя кiшэнi лысых мелi. Лысымi звалi дзесяцiрублёўкi, або паiхнаму чырвонцы, а гэта таму, што на iх тая найбольшая, значыцца значыцца галоўная бальшавiцкая брыда была намаляваная. Здарылася цi раз, што замiж запраўдных лысых бальшавiцкiя жаўнеры "гасударсьцьвiннымi аблiгацыямi" за тавар плацiлi. Гэта былi прыгожа зробленыя паперкi, што дзяржава за пазыку людзям давала й грашовае вартасьцi яны ня мелi. Штучку гэту, вядома-ж, сяляне мясцовыя хутка пранюхалi i ўжо ведалi запраўдных лысых, ад розных "аблiгацыяў" iх адрозьнiвалi.

Людзi мясцовыя, да ўнармаванага жыцьця прызвычаеныя, гэтта падумалi, што новыя парадак можа быць моцны й трывалы, не раўнуючы як тыя пачварныя пудзiлы, што ў дзень вялiкага «вызваленьня» так шмат рудога пылу на гацкiм гасьцiнцы ўскаламуцiлi. Значыцца, што моцнае, тое пэўне-ж i багатае дый трывалае. Народ наш, — самi, пэўне-ж, ня ўчора спавiваныя, дык мяркуйце, да ладу й працы прызвычаены, парадак, навет абрыдлым чужнiком астаноўлены, шанаваць прыспасобiўся. Вось чаму й пасьля гэтае перамены народ адразу за гаспадарку ўзяўся. Як нiколi раней, ажыў гаманой гацкi рынак. Прыемна шалясьцелi ў спрацаваных сялянскiх руках новыя й прыгожаыя «лысыя», а ў вачох аганькi спадзяваньня тлелi. Чаго й трэба, дабрадзею мой, збыт ня сялянскiя тавары быў першаклясны. Як падурэўшы, дальбог, «саветы» падчышчалi каляскi аж да голых драбiнаў, як-бы ад вякоў рознае емiны ня бачылi.

Няўцямнасьць зьмянiла спадзяваньнi ў сялянскiх вачох, калi за тыя «лысыя», колькi нi тарчы ў чарзе ля таго сельпо цi гарпо, навет фiгi макавай табе ня купiць. Як што прывязуць, дык няйнакш напаказ.

— Дык напляваць на гэту брыду лысую! — сказаў народ, маючы на думцы бальшавiцкiя грошы, што так прынадна шалясьцелi. — Сваё, значыцца, аддай, а купiш за iх фiгу.

Вось з такой, дабрадзею мой, прычыны надта-ж скора апусьцеў гацкi рынак. Невялiкi сякi-такi гандаль, — з кошыка й з-пад палы, — перанёсься ў тыя вiлы да Габiшынай крамы. Вядома-ж, i бяз брыды лысай зусiм не пражывеш, асаблiва калi яна вунь па цэлай зямлi таўчэцца, людцам добрым цярпеньня й бедаў спорыць. А ў ваўторак, у самы белы божы дзень, выходзiлi й вылазiлi на гацкi рынак суседнiя куры й пеўнi, дый тыя разглядалiся ўважна навокал, каб якiя саветы за хвост не ўчапiлiся.

Самiм давялося пра кастрычнiцкую цi акцябрскую чуць? Гэта-ж кажуць, што сёмага лiстапада сьвяткаваць яе тут будуць. Мусiць таму з дошак тыя вунь чатыры з малаткамi й пiламiнейкую трыбуну цi што будуюць. Але-ж. Калi самiм ня собiла нiколi нiякай кастрычнiцкай сьвяткаваць, дык заглянiце. Кумпанii, кажуць, усялякае будзе. Насамперш, кажуць, зьявiцца вялiкае бальшавiцкае начальства, дый сваiх разявякаў, пэўне-ж, падганяць ня будзе патрэбы. Як на яе нi глядзi, гэта самая кастрычнiцкая то, мусiць, нейкi новы цымус, ад каторага, як камiсары заўсёды i ўсюды аж да няпрытомнасьцi вярзяць, зусiм новы й найбольш шчасьлiвы бальшавiцкi сьвет пачаўся.

Нядоўга давялося Дунi Янука намаўляць.

— Пойдзем, Янучок, — пачала лагодна дзяўчына. — Ты-ж ведаеш, усiм наказваюць, каб iшлi. Гэта-ж вялiкае сьвята iхнае, дый наша. А разам з тым i нашу школу цяперака паглядзiш. Яна-ж каб ты вiдзiў як зьмянiлася…

— Эт, чаго мне тамака, — пачаў адмаўляцца хлапец.

— Дый увiдзiш хлопцаў сваiх… усе твае дружбанты ў школу ходзяць.

Гэтта Макатунiшка на чульлiвую струну наступiла. Карцiла Януку даўно ў школу зазiрнуць, прайсьцiся дарагiмi для памяцi клясамi й калiдорамi, паглядзець хто зь ягоных аднакласьнiкаў на школьную лаўку вярнуўся.

— Ну добра, — згадзiўся Янук.

Ранiца таго кастрычнiцкага сьвята бальшавiцкага, што на сёмага лiстапада выпала, нiчога пацешнага не варажыла. Вецер гнаў хуткiя золкiя хмары й адно каля дзясятай крыху пасьвятлела.

— Дык што-ж ты, гэта нi гатовы яшчо? — навалiлася Дуня на Янука са скрыпам дзьвярэй.

— Дык як-жа iсьцi, калi, мусiць, дождж будзiць? — апраўдваўся хлапец.

— Якi табе дождж! Усе вуньдзiка йдуць. Хадзi, бо спозьнiмся. Нам-жа ў школу на час зьявiцца сказалi. Скарэй! — цягнула Макатунiшка.

— Табе то так… ты вучанiца. А мне тамака з боку-прыпёку, — ня ўступаў Бахмач.

— Ну от што пачаў! Ты-ж у нас свой мiж сваiх. З радасьцю прымем, ня толька што. Скарэй!

— А ты, Мiкола, куды? — спытаў Янук брата.

— Пайду i я, — адказаў брат.

— I ня лень табе?

— Ну а чаго? Часу-ж ёсьць, нi сiнакос-жа гэта.

— Ты з намi? — спытаў Янук.

— Ды дзе там маiм нагам з вамi справiцца. Бяжыце ўжо, а я неяк памалу павалакуся.

Янук з Дуняй адразу ўзялi борзды крок i выперадзiлi шмат каго па дарозе. Яшчэ здалёку спасьцераглi сабраную перад школай вучнёўскую моладзь. У групах i паасобна над галовамi тарчэлi ўсе аднаго памеру, недзе аднэй рукой змайстраваныя ледзянавокiя дыктатары. Мясцамi вецер тузаў разгорнутыя палотны, што крычэлi:

ДА ЗДРАВСТВУЕТ ПОБЕДОНОСНАЯ ОКТЯБРЬСКАЯ СОЦИАЛИСТИЧЕСКАЯ РЕВОЛЮЦИЯ!
ДА ЗДРАВСТВУЕТ ТОВАРИЩ СТАЛИН ОТЕЦ И УЧИТЕЛЬ НАРОДОВ ВСЕГО МИРА!
ДА ЗДРАВСТВУЕТ…

Янук ужо спраўляўся з чытаньнем, хоць i ў расейскую школу яшчэ не хадзiў. I прыгадалася яму, што ўжо недзе раней падобнае бачыў: i транспарэнты, i лёзунгi, i вялiкую грамаду людзей. Дзе гэта было? Мусiць у тых фiльмах, што бальшавiкi вечарам у Лiпавiчах паказвалi. Адно там людзi iншыя былi: яны ў баях змагалiся, iх падганяў той самы лысун, каторы на грошах намалеваны. Так яно й было.

…ТОРЖЕСТВЕННОЕ ШЕСТВИЕ…

чытаў далей Янук.

— Чаго разявiўся? — таўханула пад бок Дуня.

— Ды вунь панапiсвалi. Ты вiдзiла такое?

— Вiдзiла. Хадзi, я табе вучыцялёў пакажу.

Макатунiшка ўчапiлася й цягнула Янука за руку.

— Вунь там на ганку стаяць, — паказвала.

Янук яшчэ ня ўсьпеў разгледзець тых на ганку, як зачапiўся за нейкую нагу. Ён ледзь ня ўпаў i зараз пачуў знаёмы гулкi рогат. Адвярнуўся.

— Здароў, Янук! — прамянiўся й дыхаў амаль у вочы твар Загорнага Лявон, таго самага, з каторым гады два ў гацкай школе на аднэй лаўцы сядзеў.

— Здароў, здароў, Лявон! — зь вялiкай радасьцю ўсклiкнуў Бахмач. — Як маешся?

— Добра, браток. Толька от пра цябе часта думаў. Чаму гэта ў школу ня ходзiш?

— Ды знаiш… — зацяўся Янук. — Усякае лiха. Трэба было-б.

— Праўду кажаш. Нi глядзi на лiха. Навука навукай…

I тады Лявон зусiм да Януковага вуха прылiп.

— Хадзi, пацягнем, — шапнуў.

Пакуль Янук скумекаў што й да чаго, той ужо за руку яго цягнуў. Забеглi за вугал школы, на той бок дзе нiкога ня было.

— На во, пацягнi.

— А што гэта?

Загорны трымаў у руцэ паўлiтровую плоскую пляшку, амаль больш паловы напоўненай празрыстай вадакасьцю.

— Во пацягнi дык будзiш ведаць. Нi марудзь-жа. Я захiну, на ўсякi выпадак, каб нiхто ня вiдзiў.

Янук выцягнуў корак i ўважна яго абнюхаў.

— Дык гэта-ж цi нi маскоўская чыстая? Алi чаму бутылка такая? Яны-ж у круглых прадаюць. А налепка дзе?

— Вось i дурань ты. Пiралiў у плоскую, каб у кiшэнь было выгадней улажыць. Цягнi, нi марудзь!

— Чорт яе знаiць, я гарэлкi нiколi ня пiў, - марудзiў Янук.

— Ну дык пара цяпер пачынаць.

Янук нагнуў пляшку й вельмi нясьмела пацягнуў. Забрала дыханьне. Закашляўся, аж сьлёзы паказалiся.

— Каб… ач-хi! Каб цябе халерачкi!

Лявон голасна зарагатаў.

— Цягнi яшчо. Сьмялей, ня бойся!

Пры гэтых словах Загорны нагнуў малую пляшку Януку ў рот. Бахмач намагаўся спажыць яшчэ глыткi са два, але моц гарэлкi забiрала дыханьне й нейкае, раней нязьведанае цяпло разьлiлося шырака па жываце, замуцiла ў галаве.

— Ну нi магу, нi пхай! — аддаў Янук Лявону пляшку.

— Добра трошкi пагрэцца, дзiвак ты. Сьцюжа во.

Загорны пацягнуў з пляшкi, заторкнуў яе, улажыў у кiшэню суконнай сьвiткi й шлёпнуў Янука моцна па плячы.

— Нi бядуй, кажу. Цяплей во на такiм надвор'i стаяць будзiць. Выгналi-ж во, шэльмы. Завуч i пiянерважаты ўжо вушы абляпалi ўсiм, што абавязкова зьявiцца маюць, толька пажар, патоп цi сьмерць могуць быць апраўданьнем, калi хто ня прыдзiць, — усьмiхнуўся Загорны. — Дык вiдзiш як ёсьць, а гэтта яшчэ пакрапiць можыць, дык i будзiць тады табе акцябарская на ўсе застаўкi.

Янук ужо добра адчуў мутны прылiў у галаве й цяпло па цэлым целе. Вельмi дадатна ўплывала на яго й пагодлiвая Лявонава натура. Гэты нiколi носа ня вешаў. Янук ведаў, што хлапец жыў у дабрабыце, асаднiкавых кароў ня пасьвiў. Параўнаньня зь Януковым жыцьцём быць не магло.

Далучылiся да грамады. Ля брамы гулкi сiпаты голас кiдаў вучням нейкiя загады. На перадзе калёны вецер гуляў з чырвоныымi сьцягамi, ззаду йшлi розныя транспарэнты й Сталiнавы партрэты.

— Кажу, наплюй на ўсё й прыхадзi ў школу, — бубнеў побач Лявонаў голас. — Мусiць ужо скора пойдзiм.

— Добра табе казаць, наплюй на ўсё. Нi так яно проста, — жалiўсё Янук.

— Ну а што? Ня пойдзiш цяперака, дык цэлы год прападзець. А дома неяк i бiзь цябе збойдуцца. Кажу, прыходзь!

— Добра, падумаю, — сказаў Янук нянадта пераконлiвым голасам.

Школьная калёна тройкамi паволi рушыла на дарогу. Ля чыгункi зачынiлiся вароты й чакалi пакуль перапаўзе даўгi вайсковы цягнiк. Цэлы марш да рынку трываў з паўгадзiны. Янук iшоў побач Лявона i ўжо адчуваў як суцэльна ўлiўся ў вучнёўскую грамаду. Лявон меў слушнасьць, шкада трацiць цэлы год навукi.

Гацкiя жыхары павыходзiлi на вулiцы, пазiралi на вучняў. Ад рынку даляталi гукi духавой аркестры. Гэта гралi мясцовыя пажарнiкi. Янук прыгадваў тых польскiх пажарнiкаў, што калiсь у залатых, зьзяючых на сонцы шлёмах гралi на "дзень канстытуцыi" — трэцяга мая, або ў хмарны дзень «непадлегласьцi» — адзiнаццатага лiстапада. Цяпер-жа людзi, што дзьмухалi ў трубкi блiзу трыбуны, ля якой стоўкся лес сьцягоў, транспарэнтаў i Сталiнавых партрэтаў, апранулiся ў чорнае й ня мелi зьзяючых шлёмаў.

Палова рынку запоўнiлася людзьмi. Мiж выбранага тузiна на трыбуне, вайсковых i цывiльных, Янук спасьцярог Маршалкава, Сабакевiча й Саладуху.

Аркестра прыцiхла й да мiкрафону падыйшоў чарнявы вайсковы палiтрук. Гэтага Янук знаў даўно, сустракаў на перадвыбарных зборках. Палiтрук пачаў гаварыць паволi й мерна. Тэма, якую давялося чуць ранней, гэтым разам асаблiва нацiскала на "вялiкi акцябар". Людзi прамову слухалi спакойна, аглядалiся на пагражаючыя хмары.

"…велiкая октябрьская соцiалiстiческая революцiя положiла основанiя новой жiзнi, создала могушчественную страну рабочiх i крестьян i она сегодня под руководстваом самого умнейшего в мiре учiтеля i отца всех народов, товарiшча Iосiфа Вiссарiоновiча Сталiна iдет…"

Пры згадцы крамлёўскага валадара тыя, што стаялi на абвешанай чырвоным палатном трыбуне, быццам на каманду заплёскалi ў далонi. Iх падхапiлi блiжэйшыя ад трыбуны й плёсканьне завяла на плошчы.

"…i несёт освобожденiе всем трудяшчiмся мiра. Так как вы долгiе лета ожiдалi освобожденiя от белопольского панского iга, так точно ожiдают сейчас освобожденiя i порабошчённые всего мiра. Оно, это освобожденiе непременно прiдёт, iбо…"

— Алi-ж, братка, брэшыць ён як шарманка накручаная, — таўхануў Лявон пад бок Янука.

— Мусiць усiх iх добра на той самы лад накруцiлi, — адказаў Янук.

Пасьля палiтрука выступаў Маршалкаў i Саладуха. Рослы, дужы Саладуха адно разагнаўся басаватым гулкiм голасам, як нарэшце разгневалася неба. Нiзка паўзучыя хмары лiнулi густым сьцюдзёным дажджом. Як на каманду, людзi з рынку пачалi расплывацца на ўсе бакi. Некторы час басiў яшчэ, а неўзабаве змоўк i Саладухаў голас.

Загрузка...