41

Выпрастаўшы босыя ногi на калясцы, Янук пусьцiў вольна лейцы й кабыла йшла гасьцiнцам бяз прынукi. Адно ўважаць трэба было на грузавыя аўтамашыны. Янук не бачыў чэрвеньскага хараства прыроды: нi зелянеючых лугоў, нi прыбранага, быццам на Сёмуху, лесу, нi жоўцi красак побач дарогi, нi кучаравых, як бараноў, хмарак на блакiтным небе. Змучаны хлапец ехаў у паўдрымоце.

Ад часу, калi зьявiўся дзядзька Хвёдар, адбылiся ў Бахмачоў перамены. Перш за ўсё параiлi Януку кiнуць школу й пайсьцi працаваць на пошту. Бацька зь недаверам аднёсься да братавай думкi, што лепш у калгас iсьцi раней чым пасьля, бо ўсяроўна ня выкруцiшся. Хоць штучнае акупантава дзяцiшча ўжо спавiвалi ў Лiтоўцах, хоць i заявiла яно аб сваiм узыходзе на гiстарычную лiтоўскую плятформу хрыплым Пятуховым голасам, не хапала яму жывога й здаровага дыханьня. Забойства Косьцiка, Марылi й самагубства Сявенькi да глыбi страсанула вёску, прынесла непажаданыя насьледкi. Як узгарэўшы, пачаў цяпер праяўляць надзвычайную «бдзiцельнасьць» Лявон Шпунт, асаблiва-ж пасьля таго, як патрымалi яго ў НКВД, дзе, як мяркавалi, насьпяваў цэлую лiсту кандыдатаў у далейшаыя падарожжы. Забралi Антося Дзеркача, старога Бурака з жонкай, пацягалi, але выпусьцiлi языкаватага лекара Зянькевiча. Прыцiхлi людзi ў начоўках лiтоўскiх. Сявенькава й Буракова, — дзьве найбольшыя гаспадаркi ў Лiтоўцах, — сталiся асновай калгасу "героя Чапаева". Ня ў прыклад iншым, новасьпечаныя калгасьнiкi бралiся за гаспадарку, як агонь за мокрае. Зноў пайшлi чуткi пра далейшае раскулачваньне багацейшых сялянаў, на сходах часта да хрыпаты гучэў гiстэрычны Шпунтоў голас. Сам старшыня таго ненатуральнага дзецiшча, Сымон Пятух далей смуродзiў цыбуком з карашкоў, хадзiў бадзёра мабiлiзаваць "адзiналiчнiкаў". Людзi, звычайна, адкуплiвалiся самагонкай i, такiм чынам, Пятуховы энтузiязм да гаспадаркi часта-густа расплываўся ў алькагольнай ханжы. Учарашнiя сябры камбеду, цяперашнiя калгасьнiкi, ласыя на чужое марудзiлi, азiралiся па бакох i шматлiкiя ўжо бачылi, што "канчалася кату масьленiца". Аднаасобнiкi, у тым лiку й Пракоп Бахмач, памалу кешкалiся ля сваiх гаспадарак, сачылi як замыкалася ўдушлiвае кола. Хвёдараў паварот з глыбi Расеi падмацаваў Пракопа, даў спадзяваньнi, што на ўсялякi выпадак, калi прыйдзе патрэба, зьявяцца на помач «плечы». Навет Лявон Шпунт адносiўся да яго накш чым да iншых, зусiм не насядаў, а Пятух i зусiм абмiнаў, бо ведаў, што не чакае яго нi гарэлка нi пашана ў Бахмачовай хаце.

Паралюш сялянскага жыцьця йшоў побач зусiм няпрыхаванай трывогi. Чакалi нечага новага, быццам яшчэ горшага й нiхто ня мог вызначыць у якой хворме гэнае нешта мае выявiцца. Навет дзед Якуб зрабiўся бурклiвым, радзеў на сваей прызьбе, грэўся. Мо спанатрыў, што перапалоханыя людзi на давер скупiлiся. Зiма даўным-даўно адыйшла на поўнач, але загнязьдзiлася ў сэрцах сялян лiтоўскiх зiма яшчэ жахлiвейшая, — тая, што запаволiла й часткова спаралiжавала самае звычайнае жыцьцёвае тэмпа.

Дзесь за межамi й далей той калiшняй «моцарствовай» многа глуму нарабiў «немiц». Пасьля маланкавых паходаў на тры бакi сьвету, прытаiўся дзесь i цiкаваў новую здабычу бэрлiнскi абжора-груган. Цi ягоны страўнiк не палягчэў яшчэ перад новым нападам, цi ня вымяркаваў зь якога боку насесьцi на новую ахвяру…

Панавала немач i роспач. Сьцiскалiся злосна зубы, бездапаможна ў малiтвах да Бога складалiся далонi. Блудзiў сялянскi зрок па пагвалчаных нiвах i млелi ногi ў чэргах перад дзяржаўнымi крамамi. Чужнiк-гвалтаўнiк рукамi "ваiнствуюшчых бязбожнiкаў" зачыняў сьвятынi, ськiдаў зь вежаў крыжы. Разбуралiся адвечныя асновы. Што прыйдзе заўтра? — Нiхай хоць чорт прыдзiць, абы пiрамена, абы лепi было жыць, — гаварылi ў роспачы людзi.

Тымчасам чужнiкi новым «налогам» запрэглi сялянскiх коней. У Гацях ля чыгункi зладоўвалi й насыпалi вялiкiя й даўгiя валы каменьня зь лiку "па трыццаць кубаметраў на лошадзь". Каменьне ладавалi на цягнiкi, адвозiлi некуды на будову лётнiшчаў. Iншыя-ж звозiлi каменьне аж у Слабаду. На роўным узвышшы за вёскай масьцiлi шляхi для самалётаў зьняможаныя, галодныя, абдзёртыя нявольнiкi, прыгнаныя сюды Бог ведае зь якiх глыбiняў "нiаб'ятнай".

Янук адпрасiўся з працы на пошце, каб памагчы бацьку вывезьцi "па трыццаць кубаметраў ма лошадзь". Вялiкае каменьне, што мог падняць цi ўскацiць па дошцы на каляску, браў з адхонаў чыгункi, з Гараваткi й калiшняга панскага поля. Цяжкага возу не накладаў, каб кабыле пасобiць. Цяпер Янук ехаў паволi дамоў i мяркаваў, цi ўсьпее яшчэ адзiн воз да захаду сонца наладаваць i ў Гацi завезьцi. Заробленыя грошы па аднаму чырвонцу на кубамэтар, прыабяцаў яму бацька на касьцюм.

Янук спынiўся на абочыне гасьцiнцу, зьлез з каляскi, разглянуўся па бакох i з прыдарожнага, сьвежа скошанага, ужо падсохлага сена ўськiнуў вялiкi ахапак у каляску. Далей ехаў паволi. прыжмурыў вочы, думаў пра розныя апошнiя падзеi й бачыў перад сабой адно руды кабылiн зад, што раўнамерна гойдаўся на бакi, хвост, што часта па бакох сьцёбаў ды адвiслую на правы бок грыву.

— Янучок! Ты што, заснуў гэта?

Дзявочы сьмяхотлiвы галасок празьвiнеў над левым Януковым вухам i аж спалохаў яго. Побач, на самакаце зьявiлася Дуня. Пышнай усьмешкай зьзяў яе загарэла-асмужаны, радасны тварык. Даўгiя, мяккiя валосы перавязала блакiтнай касынкай, а паркалёвая, жоўтая сукенка зьвiла дробнымi ружовымi краскамi. Зь пяшчотна адчыненых поўных ружовых вусенак вызiралi роўныя, белыя зубкi. Зухавата-прынадныя вочы зь хiтрынкай-праменьчыкам пазiралi на хлапца.

— А ты адкуль узялася?

— Зь неба звалiлася. Ха-ха-ха!

— Гэта табе на небе самакат далi?

— О так! Сьвяты Мiкола даў! Ха-ха-ха!

Янук зручна перахiнуўся праз бок каляскi i ўшчыпнуў Дуню за бок.

— Ах ты, нягоднiк! Няможна так! Скажу маме, дык яна цябе вылупцуiць, сьмяялася дзяўчына.

Дуня абаперлася правай рукой аб борт каляскi й так хвiлiну ехалi моўчкi. Янук пазiраў на поўныя дзяўчынiны грудзi, гладзенькi падбародак, круглую, як адточаную добрым майстрам, шыю i далей унiз, дзе рама мужчынскага самакату зусiм загалiла Дунiны ногi.

— Адкуль-жа ты самакат узяла?

— Казала табе, што сьвяты Мiкола даў, ха-ха-ха, — рагатала дзяўчына.

— Гэта, мусiць, сьвяты Мiкола некага раскулачваць памагаў… Га-га-га! — зарагатаў Янук.

Макатунiшка нiчога не адказала, адно зiрнула на яго скоса.

— Ты з Гацяў едзеш? — спытаў Янук.

— Ага.

— Школу скончыла?

— На днях ужо.

Зноў хвiлiна маўчаньня. Мiнулi чугуначны пераезд.

— Ты знаеш што, Янучок?

— Ну?

— Даўно з табой пагаварыць хацела.

— Гавары.

Бурклiвы Янук прыгадаў цi адну жаўнерскую руку, што гарнула-тулiла гэту дзяўчыну на вечарынах, яшчэ цяпер зьвiнела ейнае хiхiканьне ў цемры. Кальнула ў сэрца. I стаяла яна побач, як цудоўная, пышна расьцьвiўшая зьява, зь беленькiмi зубкамi, мяккiмi вусенкамi й выклiкаючымi на паядынак вачмi-васiлькамi. Стаяла ўдзень i ўночы. I нараджалiся думкi. Часам, у юнацкiх снох, сядала яму на каленi, моцна-моцна гарнулася-тулiлася, горача, да страты прытомнасьцi цалавала. Зьява вялiкая, як цьвiтучае жыцьцё, як цудоўная вясна, як сьветлая крынiца.

Але вось зьявiлася яна побач, тымi васiлькамi скрабла-вярэдзiла кволыя струны. I ня мог Янук проста ў вочы ёй зiрнуць. А дзяўчына, нахабнiца, зводзiла, быццам у самае нутро ягонай душы зазiрнуць намагалася.

— Як тут во так пагаворыш…

— А чаму не?

— Давай паглядзiм, што ў лесе робiцца.

— А кабылу дзе дзець?

— Прывяжы, нi ўцячэць.

Янук падумаў.

— Трэба было-б яшчэ воз каменьня на станцыю завезьцi.

— Нiкуды яно нi ўцячэць, каменьне тваё. Здаганяй мяне!

Дзяўчына раптоўна нацiснула на самакат i гонка пусьцiлася гасьцiнцам, аж хвост касынкi з пушыстымi валосамi забаўляўся. Янук пугай сьвiснуў над кабылай i сьцебнуў па бакох лейцамi. Кабыла трушком пабегла за дзяўчынай. Дуня азiралася, махала рукой, падганяла… Уехаўшы ў Гаравацкую пушчу, яна павярнула направа ў бочную дарогу. Гэтта лес быў густы, колы стукалi па карэньнi. Дуня пад'ехала яшчэ добры кавалак, павярнула налева й на малой паляне зьлезла з самакату. Янук прывязаў кабылу да камля бярозы, адпусьцiў падпругу, узяў з возу й падкiнуў ей сена. Азiрнуўся. Самакат ляжаў пад хвояй, а дзяўчыны нiдзе ня было вiдаць.

— Ку-ку! Ку-ку! Лавi зязюльку!

Звонкi галасок прыляцеў зь левага боку й рэхам адгукнуўся ў глыбi пушчы. Скосныя праменьнi сонца залацiлi маладое лiсьце, нос казытаў арамат красак. Воддаль дзесь закукавала запраўдная зязюлька. Янук скочыў у гушчар налева.

Бярозанька, сасоначка.

паклiч майго мiлёначка.

Жду хвiлiнку, жду я дзьве,

ды мiлёначак ня йдзець.

— Гэта, раней няведамая Януку песенька даляцела да яго з глыбi лесу з правага боку. Не марудзячы, хлапец кiнуўся туды. Дрэвы парадзелi. Як матылёк, дзяўчына пырхала ад аднаго дрэва да другога навокал паляны. Янук нагнаў яе i ўчапiўся за руку. Дуня зручна крутнулася, падставiла нагу й хлапец не агледзеўся, як ляжаў на траве, а а Макатунiшка гарэзьлiва ўсьмiхалася, з вышынi пазiрала яму проста ў вочы.

— Даганяў мяне, пакуль цябе нi злавiла! Ха-ха-ха!

Янук схапiў яе за нагу й пакацiў.

— Я-ж цябе цяперака нашчакачу!

Бахмач казытаў за бакi, за грудзi, а дзяўчына-рагатуха аж заходзiлася ад сьмеху. Ён спынiў казытаньне, пачырванеў, сарамяжлiва паглядзеў на грудзi, што хвалявалiся пад тонкiм крамным паркалем, на поўадкрытыя вусны, гарэзьлiвыя вочкi. Дунiны рукi схапiлi хлопца абцугамi й сьмела, прагавiта прыляглi да ягоных дзявочыя вусны. Янук адчуваў п'яную асалоду. I вусны, i краскi, i выразна чутнае бiцьцё Дунiнага сэрца зьлiлося зь недалёкiм кукаваньнем зязюлi, зь iншымi птушынымi сьпевамi. Хлапец шыбаваў дзесь над хмарамi да цудоўных, нязьведаных вышыняў. Дзяўчына адняла вусны.

— Янучок, ты мой мiленькi, якi-ж ты дурненькi, — сказала.

— Чаму?

— Цi-ж ты ня вiдзiш, што цябе люблю? Чаго-ж стыдаiшся?

— I я…, - зацяўся Янук, зiрнуў набок, — цябе люблю…

— Дай мне сваю руку, — загадала, ды схапiла левую Янукову руку.

— Ты калi шчупаў дзяўчыну?

— Што?

Яна павяла Янукову руку пад сукенку й зноў прагна прылiпла да ягоных вуснаў. Хлапец дрыжэў, набухаў, здавалася, як пузыр, што неўзабаве лопне. Млоснасьць i павышаны пульс зусiм адурманiлi яго. Здавалася, што перагарыць з напружаньня. I калi ўжо зусiм забрала дыханьне, дзяўчына прахапiлася, адпiхнула яго й чырвоная, палкая, цяжка дыхала.

— Хацеў-бы, можа! — сказала глухiм голасам i пагрозьлiва памахала пальцам. — На бярозцы грушы растуць!

— Я-ж табе пакажу, як зводзiць, нястыднiца ты! — крыкнуў злосна Янук.

Дуня нырнула мiж дрэваў i пакуль задыханы Янук выбег на паляну, яна ўжо цiснула на ступнi самакату.

У тую ноч доўга ня мог заснуць Янук Бахмач. Трызьнiлася й зводзiла Дуня, а кабыла зь цяжкiм возам каменьня напiнала гужы й нiяк не магла ўзабрацца на ўзгорак на гасьцiнцы.

Таронта, 1971–1973

Загрузка...