26

Каляднiца ўзялася за гаспадарку паволi. Руплiва пазьмятала лiсьце й iншы расьлiнны хлам ля платоў, хатаў i гумнаў, падчысьцiла лысыя гарбы на палёх i нiвах. Добра абнiзiўшы тэмпэратуру, трывалка зашклiла ўсе вадзяныя прасторы. Нясьмела пачаў забаўляцца сьнег.

На лiтоўскiм лузе, дзе малеча ўзялася ладзiць калаўрот на галалёдзiцы, сьнег сыпаў дробным, колкiм у твар макам, а вецер плёў зь яго крутыя гужы, каторымi сьцёбаў па сiне-празрыстым лёдзе. Халадзеча даймала праз даматканыя сьвiткi неданоскi, кажушкi, лезла празь дзiркi ў ботах, шчыпала-пякла ў твары. Халадзеча ня толькi ня спынiла, але навет не запаволiла дзiцячага мурашнiку ля калаўроту. Першы лёд — першая вялiкая радасьць. Гулкiм звонам лiлiся дзiцячыя галасы ля аглоблi калаўроту. Каторым ня было як за аглоблю ўзяцца, тыя за вопратку чапалiся. Хвост напружваўся, гнуўся, танцаваў, рваўся, канькамi лёд крэмзаў. Каторыя-ж ня мелi канькоў, тыя сунулiся падэшвамi ботаў-неданоскаў. Вэрхал над лугам стаяў несамавiты.

Мусiць не да спадобы гэткае вялiкае сваевольства дзяцей лiтоўскiх прыйшлося ветру ўсходняму. Злосна скалануў чубамi клёнаў, бярозаў i хвояў, шырэй адчынiў усходнiя дзьверы й замянiў колкую сьнежную манну на буйныя крупiны. Ужо зусiм на зьмярканьнi, разагнаўшы малечу па гасподах, вецер абамлеў ад нямогласьцi i ўлёгся ў Гаравацкай пушчы. I тады шырака адчынiлася неба. Сьнег падаў роўнымi, вялiкiмi матылямi, клаўся шчыльна, мяккай белай прастынёй засьцiлаў голыя прасторы. Хто ў тую ноч дзе на адлегласьць ад хаты свае адбiўся, доўга ў памяцi сваей нечага падобнага для параўнаньня мусiў шукаць. Мяккi, пушысты дыван завесiў шляхi, схаваў аб'екты арыентацыi. Вiдаць было на адлегласьць не далей, як добрай пугай махнуць.

I з гэнай глыбокай пярыны на золаку зноў раскатурхаўся вецер. Спачатку нясьмела перакiдваў трасянку, пасьля дзьмухаў мякiну i ўжо калi зусiм разьвiднелася, падпрог на помач тысячы чарцей. Нячысьцiкi асядлалi магутных вiхрыстых коней i густой кавалерыяй узялiся гэйсаць навокал хатаў, хлявоў, сьвiрнаў i гумнаў. Ля будынкаў iмчалiся дзе коламi, дзе паўколамi, дзе гужамi ўпрысядкi вiлiся. а дзе на ўвесь рост падымалiся, быццам гатовыя да рабунку ўланы. Набраўшы разгону ад лiтоўскага балота, навала чартоўскай коньнiцы накiдвалася на стрэхi, тузала-рвала трухлявую салому. Трашчэлi пад магутным напорам латы й кроквы, дрыжэлi сьцены. Не адразу агледзелiся людзi, што разбэшчаная стыхiя раськiдала бусьлянку на Захаруковай лiпе, пашкодзiла шмат чые стрэхi.

Вялiкай шуфляй падымаўся сьнег з адкрытых гоняў, абкладаў-абсыпаў будынкi, гароды, сады. Ужо пад полудзень, калi ацiхла бура, лiтоўскiя сяляне, як краты, пачалi тачыць ў сьнезе праходы, сьцежкi, дарогi. А сьнег ня спыняўся яшчэ пару дзён. I калi мелi лiтоўскiя людзi якую паважную прычыну наракаць на сваё гэаграфiчнае палажэньне, дык хiба ў гэну пару вялiкага сьнегападу.

— Цi нi ўсхадзiлiся гэта гаравацкiя чэрцi! — дзiвiлiся некаторыя.

— Каму па каму, а нам два камы, — параўноўвалi лiтоўскiя сваё палажэньне зь iншымi вёскамi, што на вышэйшым грунце ляжалi.

Цi аднаму кемлiваму лiтоўскаму гаспадару прыйшла думка, што мала бракавала для таго, каб вецер зусiм лiтоўскiя начоўкi засыпаў. I мо якраз тады цi адзiн прыгадаў тых далёкiх, няведамых продкаў, што наважылi ў гэтым месцы пасялiцца.

Сьнежная навала ўляглася папаўднi на чацьвёрты дзень. Адразу пажвавеў пульс прысыпанай вёскi, пачалося доўгае й маруднае адкопваньне, пракладаньне шляхоў. Гурбы сьнегу сягалi падстрэшшаў, адпаведна паменшалi ростам голыя дрэвы, некаторыя пахавалiся камлямi ў круглых конаўках, а суччо iх зьвiсала ўпрытык да сьнежных грэбляў. Несамавiты й непрадбачаны сьнегапад зьмянiў жыцьцёвае тэмпа вёскi. Людзi напраўлялi стрэхi, вычышчалi гарышчы хатаў, каб не растаяў сьнегi не пацякла праз столь вада.

I калi ўсё дужае й працаздольнае безадкладна ўзялося за гэту, нiкiм непрадугледжаную працу дык меншыя дзецi цяпер забылiся пра лёд i нованаладжаны калаўрот на лузе. У ход пайшлi саначкi. Ды сьнег яшчэ ня ўлёгся. Санкi з малечай вязьлi ў мяккай ў мяккой белай пярыне. Навет людзкiя галасы чулiся ў новай прапорцыi. Калi раней са Шпунтовага двору лёгка чуваць было гамонку вёскi, цяпер гукi гублялiся ў сьнежных карытах ля гумнаў, хатаў, у задзьмуханых садох, дый зьнiкла зусiм рэха.

Ня ўсьпелi Лiтоўцы паправiць патузаныя стрэхi, як сьлед папракладаць у сьнезе сьцежкi й дарогi, калi раптоўна пасьцюдзянела. Казалi пасьля сяляне, што няйнакш недзе нехта адчынiў далёкую, жахлiвую Сiбiр. За ноч тэмпэратура раптоўна кульнула ўнiз i хаця шматлiкiя ў вёсцы мо нiколi ў жыцьцi ня бачылi градусьнiка, агульная апiнiя, калi такая iснавала, спынiлася-б прынамся на саракоўцы нiжэй нуля. Ледзянелi сокi дрэваў, трашчэла й ламалася гальлё, дрыжэў статак у халодных хлявох. Дарма, што амаль бесперапунна дымiлi цяпер комiны й зьядалi пропасьць дроў вялiкiя печы, халадзечу суняць было цяжка навет у хатах. Замярзалi ў паветры пырскi вады, енчыў цi адзiн лёгкадумны, калi ў посьпеху голай рукой за намезлае вядро ўзяўся. Наляталi на гумны лясныя птушкi, падкрадалiся начамi да хлявоў ваўкi й заядла грызьлi сады зайцы.

— Чорт iх ведаiць… мусiць гэтыя во Сiбiр нам прынясьлi, — наракаў нехта.

— Хто гэта?

— Асвабадзiцелi нiбы, а хто-ж…

Як доўга жылi лiтоўскiя людзi, нiхто ня мог прыгадаць такой лютай сьцюжы. Дзед Якуб апавядаў, што холад запраўды даўся яму некалi ў знакi, але было тое ў далёкай, чужой, няпрыветлiвай краiне, калi пагналi яго былi цара-бацьку сiлай «зашчышчаць».

— Кажу вам, каб яго макарэц спапялiў, што як сьвет сьветам, як доўга во па гэтай грэшнай зямлi хаджу, нiколi такога ў Лiтоўцах яшчо во нi было. Прынесьлi во Сiбiр з сабой.

I ў вадзiн люты сiбiрскi дзень прыйшоў ў вёску наказ, каб усе, хто меў сiлу лапату трмаць, на гацкi гасьцiнец выходзiлi. Колькi бальшавiцкiх грузавых машынаў, што намагалiся праехаць, завязла ў сьнезе. Навакольныя сяляне, спанатрыўшы гэта, на сьмех паднялi маторных разумнiкаў. Адылi хутка ацiх сьмех, калi ўпраглi iх у рашчышчаньне гасьцiнцу. Станулi людзi плячо ў плячо й рылi тунэлi, што мясцамi глыбiнёў у двух чалавек сягалi.

Нiяк не маглi ажывiць у адкапаных машынах маторы. Пакiдаць-жа грузавiкi на гасьцiнцы было немагчыма. На помач прывялi сялянскiх коней, падпрэглi па чатыры ў машыну ды, падпiхаючы ззаду, пасьцягвалi iх у Лiпавiчы. Рашчышчаны гасьцiнец намагалiся цяпер трымаць адкрытым. Спатрэбiўся пастаянны нагляд i дадатковае рашчышчаньне тых мясцоў, якiя няўтомны вецер засыпаў сьнегам.

Засьнежаная краiна спрыяла «вызвольнiкам» у вадным галоўным мерапрыемстве, пра каторае не адразу даведалiся сяляне. Звычайна пасьля поўначы, калi сьпяць працавiтыя й сумленныя людзi, на маёнткi, фальваркi й асаднiцкiя засьценкi наляталi ўзброеныя людзi. Работу сваю намагалiся рабiць цiха, каб не спасьцерагло непаклiканае вока. Прыблiжалiся да аб'екту цiха, як зданi, пазладзейску. Настойлiвы стук у дзьверы раскатурхваў перапалоханага гаспадара. Абмундзiраваныя, узброеныя людзi ўрывалiся ў гасподу, як каршуны на кволых птушак, наляталi на сонных людзей, загадвалi неадкладна ў дарогу зьбiрацца. Не, зусiм нiякiх рэчаў нi запасаў браць з сабой ня трэба. Заўтра, цi дзень пасьля, вялiкадушны валадар усiх дахаты адпусьцiць. Вось адно цяпер "быстрэй, быстрэй!"

Людзi са зброяй былi надзiва негаваркiя. Дзе не памагаў ляканiчны загад, там пагрозьлiва пераконваў кантаваты штык. Плач дзетак, праклёны матак, стогны слабых цi нямоглых не сягалi непаклiканых вушэй. Хапуны лётам кантралявалi маёмасьць "ворагаў народу", найбольш цэннае пхалi ў свае кiшэнi. Дрэнна апранутых людзей выкiдалi празь дзьверы ў санi ды, насядаючы на коней, зьнiкалi ў марознай сьнежнай далi.

— Вывозяць!

Жахлiвае, крылатае слова шырылася па ваколiцы. Слова падстрэлiлi. Каму трэба, "народная ўлада" дала грунтоўныя выясьненьнi. Iншыя-ж, перапалоханыя цьвёрдай рукой улады, без адвалокi прышчамiлi языкi.

Загрузка...