Каля паўдня ў сыботу Янiк пачуў звон шорхавак з таго боку ад бальшака. Ля Кмiтавай хаты спынiлася санная брычка, людзi нешта распытвалi Аўдолю. Неўзабаве брычка рушыла й хутка зблiжалася. Добра дагледжаны буланы конь гуляючы ступаў па ўтоптанай дарозе. Дзяцюк, што сядзеў сьпераду на казьле, нацягнуў лейцы й голасна спынiў каня перад Бахмачовай хатай.
На сядзеньнi зь левага боку, апранутае ў чорнае сукно, развалiўся цёмны, даўганосы юнак гадоў пад сямнаццаць, побач яго — круглатварая сярэдняга веку жанчына ў падношаным пальце з футраным каўняром i вялiкай, белай, ваўнянай, махрысткай хусткай на галаве. З правага боку сядзеў мажны, у чорным чыгуначным адзеньнi, зь дзьвюмя чырвонаымi шпаламi на каўняры мужчына ў футранай шапцы. Калi-б навет i тых шпалаў ня было. Янук дадумаўся-б, што гэтыя людзi «адтуль». Штосьцi было ў iх выглядзе й вопратцы. Янук ня ўсьпеў iм добра прыглядзецца, як мужчына спытаў яго парасейску:
— Скажы, калi ласка, малады чалавек, цi тут Пракоп Бахмач жыве?
Янук рот разявiў. Адкуль гэты вялiкi ўраднiк, — абы хто-ж не насiў шпалаў чыгуначнiка на каўняры, — ведаў iмя й прозьвiшча бацькi?
— Так, тут, — адказаў Янук.
— А ты, малады чалавек, можа сын ягоны?
— Так, Пракоп Бахмач гэта мой тата. Зараз пазаву.
Янук шмыгнуў на ганак i ў хату. Посьпех быў лiшнi. Ледзь ня стукнуў бацьку ў лоб у цемнаватых сенцах.
— Стой, куды цябе гонiць?
— Тата, чалавек пра цябе распытваў… нейкi савецкi й цябе знаiць.
— Так? Вiдзiў iх праз вакно. Няўжо-ж гэта Хвёдар?
Шырака адчынiлiся пярэднiя дзьверы. Уважна прыглядаючыся, Пракоп паволi крочыў да брычкi. Чыгуначнiк вылез, затрымаўся, прыглядаўся Пракопу.
— Пракоп, няўжо-ж гэта ты?
— Хвёдар?
Доўга трымалiся ў вабдымках.
— Браток мой любы, якая радасьць, якое шчасьце, нiколi сьнiць ня сьнiў! — захапляўся Хвёдар сустрэчай, цалуючы брата.
— Хвёдар, ты як з таго сьвету. Бог нi бязь мiласьцi, мусiць.
— Ну як жывеш? — пытаўся госьць.
— Пагаворым. Алi-ж, браток даражэнькi, ну нi пазнаў-бы я цябе, каб дзе от так на дарозе спаткаў цi што. Так многа часу сплыло, Божа мой! — гаварыў паднечаны Пракоп i бязрадна стаяў перад братам. — Ну дык чаму нi знаёмiш? Ды прашу, заходзьце ў хату.
— Будзь ласкавы, гэта мая жонка Марыя Iванаўна, а гэта — сын Уладзiмер.
Пракоп пацiснуў вялую руку Марыi Iванаўны й патрос пляменьнiкаву.
— А гэта мой сын Янук, — паказаў на хлопца.
— Мы ўжо раней пазнаёмiлiся.
— Ах, якое шчасьце, якi Бог мiласьцiвы! Гэта-ж падумаць, падумаць толька! — ня сунiмаўся Пракоп. — Мы цэлы час думалi, што на вайне ты прапаў. Але пра гэта пасьля. Заходзьце, калi ласка ў хату.
Госьцi стаялi.
— Ах даруйце, — агледзеўся Бахмач. — Гэта-ж нi падумаў саўсiм, бо галава дурная з той нiспадзеўкi. Адкуль вы прыехалi й адкуль ваш хурман?
— Са станцыi Гацi.
— Хурмана адпусьцiце, а я сам адвязу вас куды трэба. Дык заходзьце ў хату, калi ласка.
— Добра, — сказаў Хвёдар. — Слухай, дзяцюк малады, — зьвярнуўся ён да хурмана, — едзь назад. Нас прывязуць. Вялiкi табе дзякуй.
Дзяцюк нiчога не сказаў, гукнуў на каня й пачаў заварачвацца.
— Вы багажу нiякага нi маеце? — спытаў брата Пракоп.
— Гэта што?
— Прабач, мне i нi ў галаве, што ты, можа, пабеларуску гаварыць забыўся… Пытаюся, цi маеце што з сабой?
— Ды не. Станцыя тут-жа, як рукой падаць. Дык навошта?
Калi зайшлi ў хату й разьдзелiся, Янук спасьцярог вялiкае падабенства бацькi й дзядзькi. Хвёдар перарос Пракопа. Смуглявы, буйнавалосы, ён здаваўся надта бльiзкiм i разам з тым недаступным. Марыя Iванаўна, што да гэтага часу роту не адчынiла, цяпер зьдзела пальто, сьцягнула з галавы хустку й разглядалася.
— Дайце, я павешу, — падыйшоў Янук.
— Калi ласка. Я для цябе нешта маю.
Жанчына гаварыла чыста парасейску, з прыцiскам, характэрным маскалём. Навет Хвёдар, што ўжо пачаў у гутарку ўкiдаць беларускiя словы, розьнiўся вымовай ад жонкi. Пакуль Янук павесiў пальто на круку на сьцяне, жанчына палезла ў ручную торбу й выцягнула цэлую жменю загорнутых у чырвоныя паперкi цукеркаў.
— От, дзяцюк ты мой, гасьцiнца табе. Трымай.
З гэткiмi словамi Марыя Iванаўна насыпала Януку поўную жменю цукеркаў.
— Дзякую вам, — сказаў Янук ды падыйшоўшы да Ўладзiмера. — Будзем есьцi разам? — спытаўся.
— Не, дзякую, — адказаў той. Ён стаяў сярод хаты й разглядаўся. Янук ня ведаў пра што зь iм гаварыць.
— Разьдзенься, сядзь, — сказаў ён Уладзiмеру.
Тымчасам дзядзька Хвёдар распрануўся, бязь нiякае прынукi сеў на лаве ля стала. Таўставатая й пульхная Марыя прысела побач мужа. Нейкi час плялася нясуладная гутарка, ажно Пракоп раптам нешта прыгадаў.
— Янучок, зьбегай ты да Тодара, — сказаў Пракоп сыну, — папрасi ў яго лiтроўку. Скажы, што пасьля заплачу.
— Нiчога ня трэба, Пракоп. Нiкуды нi пасылай. Я штосьцi маю, — забег наперад Хвёдар. — Марыя, будзь добрая, там у мяне ў кiшэнi, — сказаў жонцы.
Жанчына ўстала, падыйшла да вешака ля парогу i зь сярэдняй кiшэнi пальта дастала вялiкую пляшку маскоўкi ды паставiла яе на стале.
— Я, браток, ня п'ю, ды от для вас думаў, - пачырванеў Пракоп.
— Ды знаеш, браце, гэта ўжо занадта. Ды чаму? Па чарачцы ўсе зробiм, намаўляў брат.
— Я калiсьцi, бывала, пры гасьцях дык чарку выпiў, - тлумачыў Пракоп. Але тут у нас нядобрае ў хаце было. Гэты-ж наш акцiвiст, цi як яго, чорта, цяперака зваць, дык ён як толькi зьмена прыйшла то мяне тут сiлай паiў ды iкону во пабiў, - паказаў Пракоп зрокам у кут.
— Гэта што? — зьдзiвiўся Хвёдар. — Хто пабiў i навошта?
— Доўга, браток, расказваць… Наш мясцовы камунiст гэта. Хацеў мне сiлай гарэлкi ў рот налiць i крычаў, каб за таварыша Сталiна й за савецкую ўласьць пiў. А я-ж хваравiты, вунь пры Паляках палiцыя пячонкi адбiла, дык i баранiўся, як мог… Тады гэты басяк поўнай налiтай чаркай ды як чарахнiць па iконе, так i пасыпалася шкло…
— Ды гэта ён цябе насiлаваў? — сур'ёзна спытаў Хвёдар.
— А як-жа.
— А хто ён такi, гэты чалавек?
— Буракоў сын. Помнiш Паўлюка Бурака?
Хвёдар зморшчыў лоб.
Помню, ну так, помню. Дык гэта яго сын? Я, пэўна, нi знаю яго?
— Малы шчанюк быў… Ня будзеш знаць.
— Дык гэта ён за Сталiна й за савецкую ўладу?
— Ну так.
— Маладзец, дзяцюк, ведае што рабiць, — сказаў Хвёдар i зiрнуў на жонку й сына.
— Я нi знаю, — адказаў зьбянтэжаны Пракоп. — Нi знаю цi маладзец, паўтарыў, скоса зiрнуўшы на брата.
— Ды не, Пракоп, — сказаў той, не за тое маладзец, што хулiганiць, а таму што Сталiна вялiчае. Разумееш?
Хведар доўга глядзеў на Пракопа, як-бы зрокам хацеў нешта недаказанае языком вытлумачыць.
— Ты лепi знаеш. Я нiнадта разьбiраюся, — сказаў Пракоп. — Алi чаго-ж я сяджу, нешта на стол трэба, — устаў гаспадар. Ён загадаў Януку прынесьцi хворасту, распалiць плiту. Неўзабаве на скварадзя засквiрчэласала й смажылася каўбаса з тых сьцiплых запасаў, што ў клецi вiселi пад самай страхой (каб пацукi не дабралiся) на якую нечакана-пiльную патрэбу. Прыемны пах расплыўся па хаце. Хвёдар падыйшоў да печкi.
— Як гэта завецца? Хвораст, цi што?
— Так, хвораст, — адказаў Янук.
— Помню. Ведаеш, многа забыўся пра гаспадарскае з дому. Прыкладна, у нас на Ўрале, дзе я служыў, печкi палiлi вуглём. Але тут, вядома, вугля няма.
Ён прайшоўся ўдаўжкi i ўшыркi па пакоi, пазiраючы на Пракопа, што стаўляў пасуду на стол, спынiўся перад здымкамi на сьцяне, пачаў пра некаторыя распытвацца. Уладзiмер падыйшоў да Янука, стаяў i маўклiва пазiраў на полымя ў печцы. На стале зьявiўся разовы жытнi хлеб, гуркi, капуста шыткаваная.
— Вы госьцiкi, прабачце нам, што нiчога спiцыяльнага нiма, — гаварыў Пракоп. — Каб-жа гэта чалавек ведаў…
— Ну ды што ты, навошта гэта, Пракоп? — зьдзiвiўся Хвёдар. — Усё во, што маеш i ёсьць для нас спэцыяльнае.
— А калi Мiкола вернецца, Янук?
— Нi казаў.
— Заседзiцца можа.
— Гэта твой другi сым? — зацiкавiўся госьць.
— Так. На сяло недзе пашоў.
Як на добрую згадку, адчынiлiся дзьверы й на парозе стаяў Мiкола. У хату ўвайшоў нясьмела, спачатку зiрнуў на незнаёмых людзей, пасьля на патэльню на печцы, пацягнуў носам. Вочы яго павандравалi на стол, пры якiм завiхаўся бацька. Пабачыўшы пляшку водкi й каўбасу, дзяцюк мяркаваў, што гэтта адбываецц нешта надзвычайнае.
— Мiкола, от i ты на добры ўспамiн. Паглядзi, якая ў нас вялiкая радасьць у хаце: гэта во мой брат Хвёдар, яго жонка Марыя i сын Уладзiмер, адрэкамэндаваў бацька.
— Здрасьця, — прывiтаўся Мiкола.
Госьцi спасьцераглi, што хлапец кульгае, але нiхто пра прычыну не распытваўся.
— Дома, значыцца, бацьку памагаеш, цi ў школе? — спытаў Хвёдар.
— I дома, i за шаўца вучуся, усяк бываiць, — адказаў Мiкола.
— Гэта за каго вучышся? — не зразумеў дзядзька.
— За сапожнiка, — ператлумачыў хлапец.
— Ага, так, шавец — гэта сапожнiк, — сказаў Хвёдар i спытаўся Пракопа: — Нi расказваў ты мне пра жонку. Калi памерла?
Пракоп уважна паглядзеў на гасьця, памяркаваў.
— Пачакай, братка, пасьля раскажу. Давай перш перакусiм.
Селi госьцi за стол бяз прынукi, Пракоп — на табурэце напрыканцы стала, Хвёдар i Марыя — на лаве ля сьцяны, а хлопцы — насупраць iх.
— Перш памолiмся, — сказаў цiха Пракоп. — У iмя Айца й Сына й Сьвятога Духа, амiнь. Госпадзi, Божа наш, багаславi гэту яду i ўсiх за сталом. Дай нам усiм здароўя й даруй нам грахi нашы. Дзякую Табе, Госпадзi, за тое, што вярнуў брата майго й сям'ю ягоную. Дзякуй Табе, Госпадзi, за ласкi Твае вялiкiя для нас. Нiхай iмя Тваё вялiкае славiцца сягоньня, заўтра й на вякi вякоў. У iмя Айца й Сына й Сьвятога Духа, амiнь.
Перахрысьцiлiся ўсе тры лiтоўскiя Бахмачы, а госьцi сядзелi й няўцямна пазiралi адзiн на аднаго. Сам Пракоп, звычайна сядаючы за стол перад спажывай, адно хрысьцiўся, але сяньня, паднечаны нязвычайным здарэньнем, наважыў падзякаваць Богу за вялiкую ласку Ягоную. Пасьля малiтвы спасьцярог, што недаверкаў, мусiць, за сталом госьцiць.
— Дык, калi пазволiце, па чарачцы, — запрапанаваў Хвёдар i ўзяўся за пляшку.
— Будзь добры, — сказаў Пракоп, — налiвай. Ну толька адну кроплю для мяне.
Брат набухтырыў Пракопу поўную чарку.
— Ну а вам? — спытаў Хвёдар хлопцаў, налiўшы жонцы й сабе. — Будзеце пiць?
— Я вып'ю, — адказаў Мiкола.
— Я нiколi ня пiў, - прызнаўся Янук.
Хвёдар налiў Мiколу поўную, Януку — трэцюю часьць, а сыну — палову чаркi.
— Усе будзем сьвяткаваць гэты дзень, калi мы, пасьля так доўгай разлукi нарэшце спаткалiся. Таму прапаную ўсiм выпiць! — тлумачыў госьць, устаючы.
— Дай, Божа, здароўя вам i нам, — падтрымаў Пракоп.
— Дык за здароўе!
Пракоп ледзь вусны памачыў. Марыя Iванаўна й Хвёдар выпiлi да дна, хлопцы таксама. Адно Янук закашляўся й зморшчыўся, калi водка забрала яму дыханьне.
— Алi-ж моцная, каб яе чорт! — сказаў, зiрнуўшы на Ўладзiмера.
Узялiся закусваць. Госьцi, вiдаць, спадабалi, самаробную каўбасу, бо елi са смакам.
— Добрая каўбаса, — сказала Марыя. — Самi рабiлi?
— Ну а хто-ж, — адкзаў Пракоп. — Як там у Расеi, самi ня робяць?
Жанчына зiрнула на мужа й сына.
— Ды не, у нас усё з крамаў. Алi знаеце якое харчаваньне з крамаў… От ваша нешта новае, iншы смак…
Неўзабаве Хвёдар налiваў па другой чарцы, але гэтым разам абмiнуў юнакоў. Мiкола зiрнуў спадылба, хацеў, мусiць, яшчэ выпiць, але ў такiм таварыстве не асьмелiўся нiчога сказаць. Пракоп другiм разам дапiў сваю чарку да паловы. Пазiраў на гасьцей i ня ведаў як прадаўжаць гутарку, а лiчыў гэта сваiм абавязкам.
— Сам будзеш у Гацях працаваць, цi што? — спытаўся брата.
— Так, камандзiроўка. Вядома сам начальству запрапанаваў. Паеду, думаю, пад дом, пагляджу хто з вас жывы й здаровы й як усё наагул.
— От добра зрабiў, - пахбвалiў яго Пракоп. — Працуеш на чыгунцы?
— Так, на чыгунцы, — адказаў брат. — Цэлы час працаваў на чыгунцы.
— Мусiць, нейкi начальнiк вялiкi. бо далi табе во гэтыя, як iх назваць, што на каўняры?
— Цяпер начальнiкам руху, — коратка адказаў Хвёдар.
Прыйшлi роспыты, згадкi пра старое, далёка мiнулае маленства, нiткi даўно парваныя, часы на стагодзьдзе цi больш назад у нябыт адыйшоўшыя. Маскоўка развольнiла языкi. Хвалюючыся, Пракоп расказаў, як Бжончэк Алену застрэлiў, дубовiцкага сьвятара згадаў. Да гэнага часу Хвёдар чаркi з чатыры выпiў, але слухаў брата ўважна, даваў пабочныя пытаньнi, сядзеў сканцэнтраваны, задуманы. Марыя Iванаўна слухала маўклiва i ўважна. Сын Уладзiмер пазiраў на Янука, быццам нешта спытацца хацеў.
— А як-жа вы там жылi? — спытаў Пракоп. — Як там у вас жыцьцё? Цi яно такое добрае, як кажуць?
Хвёдар прыкiнуўся, што недачуў i зльвярнуўся да сына:
— Ты слухай, сынок, не надакучыла табе сядзець са старымi? Можа-б ты зь Януком пагуляў, на саначках паезьдзiў?
— Хадзi, Уладзiмер, у нас добрая горка ёсьць, паезьдзiм, — падхапiў Янук.
Хвёдараў сын ахвотна згадзiўся й хлопцы выйшлi.ж
— А ты, Мiкола, нi маеш нiякага занятку? — спытаў Пракоп сына, хутка разгадаўшы братаў манэўр. — Iдзi там у гумно, паглядзi цi трасянка ёсьць у запасе й накармi статак.
Мiкола ўстаў, з дакорам зiрнуў на бацьку. Хацелася яму, мусiць, гасьцей паслухаць, яшчэ чарку выпiць.
— У нас гэта, ведаеш, навет перад дзяцьмi сваiмi бывае небясьпечна, тлумачыў Хвёдар, пасьля таго, як зачынiлiся за Мiколам дзьверы.
— Як гэта небясьпечна? Чаму так?
— Доўга табе расказваць. Дам прыклад, можа сам зразумееш. От у Маскве стаiць помнiк Паўлiку Марозаву. А хто-ж быў той Паўлiк Марозаў?
— Хвёдар! — дакорлiвым голасам сказала жонка, моцна скрывiўшыся.
— Ды што ты, Маша, я-ж з братам сваiм гавару, ня зь кiм… Разумееш? А чаму-ж не расказаць? Няхай ведаюць сваiх вызвольнiкаў… Чым раней, тым лепш…
Пасьля гэткага ўступу, Хвёдар Бахмач налiў сабе поўную чарку гарэлкi.
— Ты вып'еш, цi што? — зьвярнуўся да Пракопа.
— Ды не, нi глядзi на мяне, я не магу.
— Дык от, — прадаўжаў Хвёдар, — такiм чынам, хто-ж такi гэны Паўлiк Марозаў? Гэта дванаццацiгадовы хлапчына, што бацькоў сваiх, як злачынцаў, у НКВД аддаў. Проста — вырадак.
Хвёдар спынiўся.
— Як гэта ў НКВД? Чаму?
— Як ворагаў народу, от як. Вiдаць, падслухаў, якл нешта супраць савецкай улады казалi, цi што. Перадаў пра гэта свайму настаўнiку ў школе, а той далей. Забралi, разумееш, бацькоў i сьлед прастыў, а сына далi ў прыклад iншым юнакам, як пiльнага пiянера. Помнiк яму збудавалi, от як… Такiм чынам дзяржава, партыя й Сталiн даражэй бацькоў i сям'i. Бяры, маўляў, уся моладзь з Паўлiка Марозава прыклад, от як…
— Божа ты мой! — жахнуўся Пракоп. — Дык тады-ж бацьком сваiх дзяцей баяцца трэба, роту нiма як адчынiць!
— А як-жа, — згадзiўся госьць, — вось i ўявi сабе жыцьцё ў такой сыстэме, дзе дзяцей ворагамi бацькоў парабiлi.
— Госпадзi наш, Iсус Хрыстос! — перахрысьцiўся Пракоп.
— Чатыры гады цi што, можа й больш, пачынаючы з трыццаць трэцяга, уся краiна была ў абдымках тэррору. Я працаваў на чыгунцы бачыў як на ўсход людзей вывозiлi. Здавалася, канца ня будзе. Прыйшла калектывiзацыя, калхозы значыцца. дык усiх, хто супрацiўляўся, раней цi пазьней на Сiбiр адправiлi. На Ўкраiне, кажуць, мiлiёны людзей гэты ёлуп голадам замарыў. Дый што гаварыць, цi толькi на Ўкраiне! Цягнiкi начамi праз наш горад на Ўрале праяжджалi й нiкому з нас блiзка не пазвалялi падыйсьцi. Але я ўжо так i знаў хто й што едзе, калi быў загад неадкладна спэцыаяльны прапусьцiць. Бывала, што й затрымлiвалi дзесь на чыгунцы збоку. Чуў я лямант i праклёны, чуў i вартавых i сабак. Спэцыальныя атрады НКВД, вось хто канвой трымаў. Спаралiжавалi ўсю краiну, чалавек ценю свайму ня верыў. Разумееш? Пасьля-ж партыйная чыстка прыйшла, народныя суды гэтак званыя, Сталiн усiх сваiх паплечнiкаў i сяброў зьбяёдаў.
— А Божа-ж ты мой, — шаптаў Пракоп.
— От табе й Божа, — прадаўжаў добра ўжо паднечаны Хвёдар. — Нi памог нi Бог, нi памог нiхто. Мiлiёны людзей, мусiць, ёлуп зьнiшчыў. Пацягалi й Марыю Iванаўну, пацягалi й мяне. Спрабаваў я ў партыю, але ня прынялi. Думаю, ня хочаце, дык i ня трэба. А ўсёроўна пацягалi. Разоў дваццаць, мусiць, бiяграфiю выпытвалi: адкуль, хто дзед i прадзед, хто такiя бацькi? Сацыяльнае паходжаньне iм давай. У дабавак i сам той факт, што мейсца майго нараджэньня апынулася пад белапольскай акупацыяй, зусiм ня спрыяў мне. Наадварот: глядзi каб шпiёнства табе ня прышылi. Вось як, Марыi Iванаўны бацька афiцэрам царскае армii быў. Разумееш? Прапаў чалавек няведама дзе. Дык, разумееш, падазрэньне. Цi нi змагаўся з чырвонымi, цi нi быў у Калчака, цi Дзянiкiна? Значыцца, калi-б i змагаўся з бальшавiкамi на баку белых, дык цi-ж дачка мусiць за гэта адказваць? Цi-ж яна яму загадвала? Так цягалi днямi й начамi. I вось, разумееш, браток, навет i сяньня чалавек з чалавекам сябраваць баiцца, адзiн на другога даносы робiць…
Маўчаньне трывала доўга.
— Гэта страшна, — уздыхнуў Пракоп. — Тутака ўсяк гавораць, алi ад савецкiх нiчога нi даведаешся.
— Яны гавораць, што iм палiтрукi загадаюць. Зрэшты, нiхто з савецкiх табе праўды нi скажа. Народ пазнае тады, калi чыстка й вывазы пачнуцца, калi Бог пра ўсiх забудзецца, а Сталiн будзе рабiць што хоча…
— Ты думаеш, што й тут будзiць тое, што ў вас было?
— Дарагi мой, — адказаў Хвёдар, налiўшы сабе чарку, — дык цi-ж што-небудзь зьмянiлася? Сталiн жыве, НКВД i калгасы iснуюць, нiчога не зьмянiлася. Пацягнулi спачатку на Сiбiр паноў вашых, а пасьля й на iншых чарга прыйдзе. Помнi мае словы, дарагi мой.
— Гэта-ж чорт ведаiць што, — сказаў заклапочаны Пракоп, — мусiць горш чым за Польшчай будзiць.
— Напэўна горш будзе. Я тут усяго дзьве нядзелi, ды ўжо прыглядаўся як народ жыве, цi жыў. Вядома, многа ў вас бяды было, сам ведаеш. Але калi параўновываць з нашым, дык ваш селянiн, каторы працаваў, меў i сала, i масла, i малако, i, вiдаць, апрануцца меў за што й наагул, калi ня гультай, дык жыў нядрэнна. Так, цi не? Гэткага жыцьця нельга нiяк зраўняць з калгасным.
— Гэтыя калгасы, — сказаў Пракоп, — як у iх жывецца?
— Горш як у прыгоне. Чуў пра прыгон?
— Чаму-ж не…
— Розьнiца, мусiць, тая, што прыгоньнiкамi валодалi буйныя цi меншыя землеўладары, а калгасьнiкамi, — i гэта лiтаральна, — валодае дзяржава. Калгасьнiк, напрыклад, за год заробiць нейкую колькасьць працадзён. У калгасе ёсьць ураджай добры, або й няма. Зьбяруць плёны, змалоцяць i хто, ты думаеш, першы з лыжкай i мiскай? Дзяржава йдзе першая. Яна забiрае ўсе налогi, пасьля семенны фонд забярэ сваё. Разумееш? Рэшта, колькi там астанецца, дзеляць на працаднi. I вось, калгасьнiк атрымае паўкiляграма зярна, столькi то бульбы й iншага, — колькi там на працадзень выпадзе, вось жывi ды пажывай, братка. А нормы-ж на працадзень такiя даюць, што як дурны наробiшся. Ясна, што нiхто не хацеў i ня хоча ў калгасе быць. Але-ж у горад не ўцячэш, бо там ня прыпiшуць цябе. Дазвол ад уладаў трэба, а яны-ж спытаюць адкуль ты, дый не пагладзяць па галоўцы.
Раптам праясьнела Пракопава галава. Выявiлася ўсё недаказанае й нявытлумачанае мясцовымi агiтатарамi й палiтрукамi. Вось яна, просьценькая й хiтрая пастачка: прыгон у новай хворме, з новым уласьнiкам i партыйным цiвуном.
— У нас цяперака якраз наш Косьцiк, — гэты самы, каторы абразы мне пабiў, - усiх у калхоз гонiць. Ужо па хатах лазiў з нагаворамi, сходы рабiў. Людзi ўпiраюцца, многа чаго ня ведаюць, але ўжо нядобрае пранюхалi. Ёсьць бедныя, што ў калхоз адразу пойдуць, алi такiх мала. Бальшыня надта-ж асьцярожная. Людзi думаюць, што калхоз ад iх залежыць. А як ты думаеш, што мне рабiць?
Пракоп зiрнуў брату ў вочы, быццам там ратунак таiўся.
— Знаеш што, братка мой, — пачаў Хвёдар, — калi так пайшла справа, дык раю табе йсьцi адразу. Так лягчэй будзе. Ты кажаш, што Косьцiк — басяк. Згода. Але-ж якраз на такiх савецкая ўлада аснавалася. Улiчы, што раней цi пазьней усе будуць у калгасах. Iншага выхаду няма. Тых, што супраць калгасаў, як ворагаў народа ў Сiбiр вывязуць, адкуль нiхто не вяртаецца, а калi пойдуць у калгас пазьней, дык iм будзе горш за тых, што калгас зарганiзуюць. Вядома, справа гэта твая. Але бяручы на ўвагу тое, што я табе сказаў, - улiчы, што гавару як роднаму брату й нiякай iншай душы на зямлi я не сказаў-бы гэтага, — лепш у калгас iсьцi спачатку. Напэўна ўбачыш i сам пераканаешся.
Дзьверы адчынiлiся й на парозе затрымаўся Алесь. За вокнамi ўжо шарэла.
— Гэта я во толькi з Гацяў вярнуўся й сказалi, што ў цябе госьцi, дык i зайшоўся.
— Добра зрабiў, - сказаў Пракоп. — Хацеў я цябе й тваiх адразу папрасiць, алi загаварылiся. Во мой брат Хвёдар зь сям'ёй.
Алесь знаёмiўся. Прыйшла неўзабаве й Кацярына. Гутаркi на iншыя тэмы пайшлi.
На ўзгорку Гараваткi забаўляўся з Уладзiмерам Янук. Рухавы хлапец любiў санкi. Адно гаворка нiяк не вязалася й Бахмач ня ведаў чаму. Якiмi справамi цi рэчамi цiкавiўся гэты новы сваяк? Казаў, што ўжо дзесяцiгодку скончыў.
Над Лiтоўцамi асядаў мяккi зiмовы змрок. Далёка кацiлася па далiне рэха вёскi.
Адвёзшы гасьцей ужо дзесь пасьля поўначы ў Гацi, цэлую ноч марыўся бяссоньнiцай Пракоп.