32

Любiнаму дзевiру Мiхалюку цi ня першы раз у жыцьцi так пашанцавала стацца цэнтрам агульнае ўвагi вёскi. Рассасулiўшыся за сталом, падпёршы падбародак правай даланёй, ён крыўдна-лянiва варушыў тоўстымi вуснамi.

— Дык-жа-ж от кажу, што ажно ў Вiльню загналi. Паслалi мяне ў полк… ну дзе гэну самую чынную тады служыў. Вы-ж помнiце… Ну дык мяне туды й цяперака, значыцца, — каб я з гэтага месца нi зышоў, пабажуся от, — ды адразу аж за тую Аршаву недзiка на хронт… а нашых нi знаю куды параськiдалi…

— Дык як-жа гэта ты, Мiхалючок, нi пытаўся нiкога, цi ня вiдзiў нiкога, дый нiчагусянькi нi знаiш i ня ведаеш?

Вульлянiн плаксьлiвы голас перадаў эмацыянальную зьнямогу доўга чакаючай, сплаканай маткi, што ў асобах сваiх двух "галубкоў" усё спадзяваньне й будучыню ў гэнай далёкай вайне страцiла. Каб хоць якi сьцiплы праменьчык, макулiнку-вестачку прынёс Мiхалюк. Дакорлiвым рашчараваньнем у з болем пазiралi на Мiхалюка дзясяткi жаночых i мужчынскiцх вачэй. Не магло памясьцiцца ў галаве, што з таго сьвету вайны, якая праглынула столькi вясковай моладзi, першым вярнуўся найбольш ведамы, нiчога няздольны сказаць тупiца. Каб на яго месца хто больш празорлiвы, кемлiвы…

Ды нi выпадала Мiхалюка вiнавацiць. Сьвежым у памяцi бытаваў i пры згадцы сьмехам людзей душыў надта-ж паказальны зь Мiхалюковай вайсковай кар'еры выпадак.

Калi пару гадоў перад вайной адбарабанiў дзяцюк «чынную», далi яму ў Вiльнi чыгуначны бялет i сказалi яму цягнiком дамоў ехаць. Няпiсьменны Мiхалюк, каторага ледзь у пехаце не заганялi, пакуль левую ад правай навучыўся адрозьнiваць, больш як чатыры пары зь Вiльнi ў Лiтоўцы пехатой шкандыбаў. Дзiвiлiся людзi, што не заблудзiў, ды гэтта ськiдку давалi на тое, што навет Мiхалюкоў непаваротлiвы язык у родным краю дарогi мог дапытацца.

— Дык чаму-ж ты на поiзд ня сеў? — пыталiся яго, рагочачы.

— Дык-жа пашоў садзiцца, алi ня ведаў на каторы. Тамака ў Вiльнi паяздоў тых сам чорт нi разьбярэць, нi так як гэттака ў Гацях, — адказаў сур" ёзна Мiхалюк.

— А як пусьцiлi дамоў, далi якую паперыну, цi што?

— Дык от-жа далi нейкую.

Зь кiшэнi выцягнуў i камшыў нешта ў вялiкай, тады ўжо адвыклай ад гнаявых вiлаў даланi. Людзi прыгледзелiся й распазналi пасьветку з войска й чыгуначны бiлет з Вiльнi ў Гацi.

Пакрыўдзiўшы Мiхалюка ў адной дзялянцы, добра ўзнагародзiў яго Тварэц у iншай. Пры малацьбе, касавiцы, вывазе гною й iншых працах, дзе здаравенныя мускулы патрэбныя былi, цi хто ў Лiтоўцах i суседнiх вёсках мог зь дзяцюком справiцца.

— Нi нарадзiўся мусiць той, каторы зь Мiхалюком пры гнаявых вiлах зраўняецца, — кпiў Антось Дзяркач. — Тры разы, братцы мае, кiнiць, глядзiш i воз. От ужо толькi вiлы падаваць спраўляйся. Мядзьведзь, сiлы сваей нi знаiць. Як падчэпiць пад камiнь, вiлы — трэсь! Глядзiш ужо двух цi трох сукоў нiма. Хэ-хэ-хэ! От i ўбi ты ў мазга-ўню ягоную, каб памяркоўна, вiлаў нi ламаў.

Люба, удава па Мiхалюковым брату, жыла са сьвякроўкай, якой пад семдзесятку падбягала. Кавалак зямлi мелi спорны, ды якая-ж гаспадарка без гаспадара. Мiхалюк зь Вiльнi пехатой прышкандыбаць здолеў, але ўсё-ж гэта ня тое, што ладам гаспадарку павесьцi.

Давалi вясковыя дзяцюку ськiдку й на яго няпiсьменнасьць, i невялiкую кемлiвасьць, i нехлямяжасьць у вопратцы, дый звычайную ляноту. Пры iншай нагодзе нiхто-ж, пэўне, на яго й крывога слова не сказаў-бы. Гэтта-ж, як наўмысна, вайна паставiла Мiхалюка ля самага чульлiвага жыцьцёвага нэрву, найбольш дакучлiвай i балючай раны. Прынёс-бы якую вестку, — памысную, прыемную, цi навет сумную пра каго зь вясковых новабранцаў, - зусiм накш было-б. Людзям проста ў галовах не магло памясьцiцца, што быў ён "тамака, з усiмi разам", прынамся вёску з адным скрыпам дзьвярэй пакiнуў, ды зусiм нiчога пра нiкога ня чуў. Антось Дзяркач патрапiў навет з рук чужынцаў вышмыгнуць, а гэты…

— А ў каторым ты палку быў, дык тамака нiкога з нашых нi было?

— У мяне пад бокам нiкога… Алi полк-жа, кажуць, вялiкi, можа якiх пару тысяч чалавек, — вяла адказаў Мiхалюк.

Мiхалюк схудзеў, ды гэтым крышку з выгляду зьiначыўся. Папрацiралiся локцi рукавоў i каленi порткаў таннага польскага мундзiру. Як на дзiва, Мiхалюк трымаўся чыста.

— Ну а як-жа ў палоне было? — спытаў Тодар. — Добра кармiлi?

Тут разьвязаўся Мiхалюкоў язык. Спануканы дапаможнымi пытаньнямi, апавядаў паволi, смакуючы розныя дробязi. Хаця-нехаця людзi слухалi, кажнае слова лавiлi. Дый мяркавалi некаторыя, што як разгаворыцца дык можа пра каторага зь вясковых дзяцюкоў прыгадае. Рашчаравалiся.

— Гэта нейкая кара боская, — заключыла са сьлязьмi на вачох Вульляна. Чаму Ён вярнуў аднаго такога, як усiм на зьдзек? Мала во людцы церпяць, навiны якой чакаючы? Дык навiт нi саветы нiчога нi знаюць, нi навiт гэты свой, як вады ў рот набраўшы…

— Ну а як цябе дамоў пусьцiлi? — пытаўся Кмiтаў Тодар, што стаяў воддаль, абапершыся аб вушак дзьвярэй i жваў сухую травiну.

— Дык-жа прышоў немiц, сказаў раўс, гэй нагаўза… Ну а тады нас сабралi на поiзд i прывязьлi на гранiцу ды масклалём аддалi.

— Каго гэта вас?

— Ну каторых дамоў пусьцiлi.

— Многа было?

Дзяцюк задумаўся.

— Мусiць былi сотнi, нi лiчыў.

— Алi каторых гэта пушчалi?

— Тых, знацца, каторыя пад Расеяй цяперака. Нi пушчалi Палякаў, толька Бiларусаў i Ўкраiнцаў.

— Гэта, мусiць, цi ня тое, ягодка, што казалi бальшавiкi: немцу яго шпiёнаў аддалi, а за тое немiц нiкаторых нашых дамоў пусьцiў, - паясьнiла суседцы Аўдоля.

— А калi так многа пусьцiлi, дык нiкога з нашых нi было?

Мiхалюк з адказам не сьпяшыў. Ён уважна зiрнуў на зацiкаўленыя, нецярплiвасьцю насычаныя твары.

— Нiкагусiнькi, — сказаў коратка.

— От гэты Маршалкаў i наабяцаў. Казаў, што сам Сталiн паможыць, заключыў Уладзiмер Пятух.

Загрузка...