22

— Ну i ўсыплюць-жа табе цяпер бабы, ягодка мая, — гаварыла да Аксенi Кмiтава Аўдоля. Яна турботна зiрнула на захад, дзе над Гацямi вiсела шырокая цёмная хмара. Дзьмуў спорны вецер i дрыжыкам брала васеньняя золь. Выйшаўшы з будынку НКВД ў Гацях, жанчыны апынулiся пад густым лiўнем. Пасьля таго як iх у сярэдзiне прынялi, нiводнай у галаву ня прыйшло, каб ад дажджу ў той страшнай будынiне скрывацца. Там холадам ад сьцен нясло, мову паралiжавала.

Забеглiся ў вакзал. Станцыя аж душылася ад войска й ня было мовы, каб дзе цёплы кут знайсьцi. Скрылiся пад страхою, а пры першым супыне дожджу рушылi дамоў. галодныя й мокрыя, сьпяшылi цяпер колькi ў нагах моцы. З-за павароту выскачыў вялiкi вайсковы грузавiк. Пакуль жанчыны спасьцераглi, ён плёхнуў на iх вадой з дарожнай лужыны.

— Ах, кабе табе, сынок, бельмы наверх павылазiлi, як ты ня вiдзiш куды едзiш!

Кмiтава пахатуха абтрасла ваду з вопраткi, рукавом выцярла мокры твар i старалася не адстаць ад Аксенi, каторая, цяплей апранутая i лепш абутая чымся Кмiцiха, не звальняла кроку.

— Усыплюць, кажаш, усыплюць… лацьвей iм… А што-ж я вiнавата, га? Казаў той баўтун: "паслужыш прымерам жэншчынам усей рэспублiкi", каб ты чорту нямытаму ўвесь свой век служыў! Ну скажы, Аўдоля, чым я вiнавата?

Аўдоля борзда тэпала збоку ў дзiравых чаравiках, паўсуконным пальце. Каб не мокрадзь, не даймаў-бы так вецер. А там. глядзi, нацягне ды лiне. Жанчына неспакойна азiрнулася назад.

— Дык, ягодка-ж мая, я гэта знаю, алi цi бабы табе памяркуюць? Увiдзiш…

I далей iшлi моўчкi, сушэйшыя месцы па гасьцiнцы выбiралi. I нiхто не прыгадаў найважнейшага, пагрозьлiвага, жахам што поўнiла, што сказаў, пальцам добра пад носам намахаўшы, гацкi кручканосы «анкавiдзiст».

Вандроўка да вышэйшага начальства ня ўчора наклюнулася. Трэба-ж было нейкай справядлiвасьцi на Маршалкава шукаць. Палатно забраў i "хвастом накрыўся". Анi тых падзякаў ад Сталiна, Молатава, Кагановiча, анi нiчога. I трэба-ж было во на такога нядобрага трапiць. Ня было-ж сумлеву, што зьверху ўсе добрыя, сумленныя, спагадлiвыя былi, адно пра народнае дабро дбалi. Дый прыказка кажа, што ў бочку мёду часам лыжка дзёгцю пападзе.

Пасьля доўгiх гутарак пра тое, каб вось гэтую лыжку дзёгцю абмiнуць, а ў самую бочку мёду заглянуць, накш кажучы — справядлiвасьцii нейкай на Маршалкава пашукаць, накiравалiся сяньня ранiцай жанчыны ў Гацi. У сельсавеце параiлi iм дзе Маршалкава знайсьцi. Нельга-ж было яшчэ адзiн раз не папытацца, праверыць. А можа…

Бальшавiк прыняў iх у сваiм бюро суха й няпрыязна.

— Я-ж вам цi раз казаў, што пасылкi перадаў i дзела з маiх рук. Ня верыце?

Жанчыны лыпалi вачмi, ня ведалi што далей рабiць, да каго йсьцi той справядлiвасьцi шукаць.

— Ну дык што я маю сваiм таварышкам казаць? Яны мне ўжо галаву прадзяўблi, — адказала Аксеня.

Камiсар адказаў не адразу. Уважна пазiраў на жанчын, але думкамi быў дзесь далёка.

— Пачакайце, я вас зараз задаволю…

Пры гэтых словах узяўся за тэлефон. Гаварыў цiха й коратка. Лiтоўскiя сялянкi не дайшлi ладу ў размове гэнай.

— Хадзiце са мной! — загадаў, апрануўшы шынэль i шапку.

Iшлi галоўнай гацкай вулiцай. Маршалкаў — сьпераду, жанчыны — пару крокаў ззаду. Маўчалi. Бальшавiк павярнуў перш на станцыю, пасьля перасек пляц да шырокага ходнiка, што цягнуўся ўздоўж двух- i трохпавярховых будынкаў, крытых чырвонайа чарапiцай, дзе некалi" ужэнднiкi" й «каляяжы» жылi. Аўдоля першая зiрнула на вялiзную шэрую, з каменя, мусiць, высечаную фiгуру на падстаўцы, што стаяла на цэнтральным месцы малога парку ля вакзалу.

— Глядзi во, — таўханула Аксеню.

Пiлiпава жонка абыякава зiрнула на помнiк чырвонаму дыктатару.

— Скора-ж усьпелi, — сказала.

Ад каменнага твару Аксеня зноў угледзiлася ў сьпiну Маршалкава, быццам там намагалася прачытаць што ў недалёкай будучынi здарыцца. Афiцэр iшоў шпаркiм i роўным вайсковым крокам, рэдка азiраўся. На станцыi стаяў даўгi таварны цягнiк, войска высыпала зь цяплушак на плятформу. Некаторыя несьлi ў кацялкох вар, а ў руках — аграмадныя белыя камякi.

— Што гэта ў iх у руках белае, ягодка?

— Цукар, мусiць.

— Такiя вялiкiя кускi цукру? — зьдзiвiлася Кмiцiха.

Лязгат буфароў, скрып тармазоў, галёканьне паравозаў, смурод дыму, гамана сотняў людзей. Вялiзны вайсковы мурашнiк ладна павялiчыў цяпер значэньне навет i раней рухавай станцыi. Iшлi на ўсход. Жанчыны спасьцераглi каля дамоў грузавыя аўтамашыны, людзей у мундзiрах чыгуначнiкаў. Некалi добра дагледжаныя, цяпер рыжыя траўнiкi скалясiлi грузавiкi. Скрозь ляжалi паламаныя платы, кучы хламу.

Маршалкаў павярнуў налева, на дарожку абсаджаную гонкiмi маладымi таполямi. Глыбака ў гушчы дрэваў схавалася прыгожая вiльля. Належала яна калiсь багатаму пану Вiлiнскаму. З таго боку чыгунак ягоныя абшырныя i ўрадлiвыя землi прымыкалi аж да мястэчка. I вiльлю гэту, i самога пана жанчыны бачылi раней.

— Куды-ж гэта ён нас, ягодка?

— Нехта, мусiць, надта важны ў гэтым доме жывець, — адказала Аксеня.

На дварэ стаялi аж тры легкавыя машыны й адзiн грузавiк. У ваднэй машыне ззаду сядзела двух у шапках з малiнавымi аколышламi. Адзiн чалавек, мусiць шафёр, нешта калупаўся пад адкрытым верхам аўта сьпераду. Маршалкаў адчынiў дзьверы двухпавярховай вiльлi, прайшоў калiдорам i пастукаўу дзьверы зь левага боку. Не пачуўшы адказу, лёгка прачынiў дзьверы, зазiрнуў у сярэдзiну й кiўнуў жанчынам.

— Сюда! — загадаў.

Жанчыны ўвайшлi ў вялiкi пакой.

— Сядайце, я зараз, — сказаў адрывiста й пакiнуў жанчын.

Адна-адзiная электрычная лямпачка млява асьвятляла абклеены шэрай паперай пакой. На стале стаяў тэлефон, ляжала кнiга ў чорных вокладках, у куце — трохножная вешалка. I ўсё. Шэрасьць закрывала шчыльная ваконная фiранка. А чалавек зь ледзяным зрокамзаймаў пачэснае месца на сьцяне супраць лавый бяздушна пазiраў у нейкую нявызначаную даль. На калiдоры раптоўна пачулiся, а пасьля ацiхлi крокi й галасы. Нехта доўга й марудна бубнеў за сьцяной. Часам спыняўся, пасьля зноў прадаўжаў памяркоўным тонам. Што й каму гаманiў гэты голас, адгэтуль цяжка было разабрацца.

— Куды гэта ён нас, ягодка, прывёў?

— Ынкавэдэ, мусiць… Вiдзiла гэных двух, што ў аўтамабiлi сядзелi, у шапках з малiнывымi аколышкамi?

— Дык гэта яны? Каб чаго, ягодка, кепскага, нi дай Божа…

— Як гэта кепскага? А за што нам такога кепскага?

— Ды хто-ж, ягодка, угадаiць iх…

Пачулiся на калiдоры шпаркiя крокi. Шырака адчынiлiся дзьверы i ў пакой увайшоў кручканосы чалавек сярэдняга росту ў сiнiх галiфэ й зялёнай кашулi. Не зьвярнуўшы на жанчын нiякай увагi, адсунуў крэсла, сеў ля стала, надзеў на кручкаваты нос акуляры i ўгледзеўся ў вадчыненую кнiгу ў чорных вокладках. Блеск сьвятла зьзяў на брытай, круглай як арбуз галаве. Аксеня цiханька кашлянула, але чалавек той прадаўжаў трымаць нос у кнiзе. Так прайшло хвiлiн, мусiць, пяць. Жанчыны неспакойна пераглядалiся, ня ведаючы як разумець абсалютную абыякавасьць да iх кручканосага чалавека за сталом. А той нарэшце закрыў кнiгу й пачаў павольна разглядаць iх. Цёмнарудыя вочы й маска-твар не давалi нiякага знаку пра тое, што адбывалася пад гладка брытым чэрапам. Зь кiшэнi ён выцягнуў сярэбраную папяросьнiцу, улажыў у рот даўгую папяросу й пстрыкнуў запальнiчкай. Зiрнуў на сто, падняў трубку тэлефону.

— Георгий Иванович? Пепельницу у меня убрали. Да, если можете, в номере три…

Праз якую хвiлiну дзьверы адчынiлiся, увайшоў у пакой мужчына, паставiў на стале пепельнiцу й бяз слова выйшаў.

— Што вам трэба? — спытаў чалавек жанчын парасейску.

— Таварыш Маршалкаў нi казаў вам? — спытала Аксеня.

— Я вас пытаюся, — суха адрэзаў кручканосы, — хто вы такiя й адкуль будзеце?

— Мы зь Лiтоўцаў, - адказала заклапочаная Аксеня.

— Iмя, па бацьку й прозьвiшча!

Лiтару «р» вымаўляў паводле «г» й гэта давала камiчны цень яго сур'ёзным пытаньням.

Энкавэдыст запiсваў адказы. Абыякавым голасам ён выказаў жаданьне ведаць зусiм, здавалася, няважныя дробязi асабiстага, сямейнага жыцьця й сацыяльнага паходжаньня. Першы раз давялося жанчынам адказваць на такiя пытаньнi. Пераказвала пасьля Аўдоля: — Гэта-ж падумай, ягодка, як нас да костачкi пiрабраў. I нашто яму ўсё гэта?

У пакоi ня было гадзiньнiка й не маглi ведаць лiтоўскiя сяброўкi, колькi часу трывалi выпыты, але прысягнулi-б, што надта доўга. Дабраўшыся нарэшце да Аксенiнай iнiцыятывы паслаць бальшавiцкiм верхаводам падарак, кручканосы гарбуз хацеў ведаць ня толькi ўсе прозьвiшчы сьмелых дабрадзееек, але навет зусiм нязначныя дробязi. У бальшынi адказвала Аксеня. Кемлiвая й хуткая на язык, яна добра спасьцерагала ўсялякiя кручкi.

— Нашто вы ўсё гэта пытаiцеся? Што мы зло якое каму зрабiлi, цi што? ня вытрымала Аксеня.

— Я буду вас пытацца, а вы будзьце дабры адказваць, — рэзка адказаў кручканосы гарбуз. Ён колькi разоў уставаў, хадзiў па пакоi, а часам сядаў i запiсваў. Лiтоўскiм жанчынам здавалася, што селi на лаве, а прадаўжалi на iголках сядзець. Каб маглi хаця ўгадаць навошта былi гэныя даўгiя выпыты.

Кручканосы чалавек падняў трубку тэлефону, коратка буркнуў нешта ў яе.

— Следуйте за мной! — загадаў.

Выйшлi на калiдор, павярнулi налева. Мiнуўшы колькi дзьвярэй, сходамi спусьцiлiся ўнiз. Энкавэдыст адчынiў дзьверы i ўключыў сьвятло. Сьцены абшырнай каморы абвешаны былi цывiльнай вопраткай, а ў вадным канцы ляжалi нейкiя транты, кучы газэтаў i кнiжак. З правага боку жанчыны спасьцераглi драўляную скрыню рудога колеру, якраз такую, як зрабiў Кмiт Тодар для высылкi падаркаў у Маскву. Энкавэдыст паволi адчынiў скрыню, дастаў адтуль жмут абрэзаў кужалю й трымаў перад сабою.

— Эта ваше? — спытаў.

Нiчога не адказаўшы, Аксення выцягнула руку, узяла абрэзы. Сумлеву быць не магло: у руках трымала канцы палатна з павышыванымi прозьвiшчамi крамлёўскiх валадароў i дабрадзеек лiтоўскiх. Пры гэтым разгляданьнi пачалi дрыжэць Аксенiны рукi. Нешта гарачае хлынула ў твар i засеў у гарле камяк. Зiрнула на Аўдолю, што ледзь магла стрымаць за зубамi язык.

— Гэта кускi нашага палатна, нашы прозьвiшчы на iх. А дзе палатно? Можа паслалi бяз прозьвiшчаў нашых? — адважылася Аксеня.

— Нiхто й нiкуды яго не пасылаў, - спакойна й зроўнаважана адказаў энкавэдыст.

— Як гэта панiмаць? Што вы хочаце сказаць?

— Ня ўсьпела даказаць, як страшэнная здагадка праясьнiла галаву. Дзiва няма, што дапытваў!

— Вам зусiм ня трэба панiмаць. Навет лепш будзе для вас i сяброў вашых, калi ня будзеце панiмаць i проста выкiнiце ўсё гэта з памяцi сваей. Ясна вам?

Пагроза зусiм выразная. Як адубеўшы, жанчыны ня ведалi, што рабiць далей.

— Я вам добрую раду дам: забудзьцеся што тут было й нiкому не расказвайце пра гэта. Калi-ж даведаемся, што каму раскажыце, будзе дрэнна, вельмi дрэнна. Панятна?

— Панятна, — адказалi аднагалосна жанчыны.

— Можаце цяпер iсьцi дамоў.

I цяпер, па дарозе дахаты, гучэў у вушах той пагрозьлiвы бальшавiкоў «савет».

— Пэўня-ж прапiлi, басякi. Як ты думаеш, Аксеня?

— Вы паслужыця прымерам жэншчынам усей рэспублiкi! Цьфу, басяк! плюнула Аксеня.

Аксенiнаму дрыготкаму, зласьлiваму голасу адгукнуўся вецер, што скалануў вярхамi прыдарожных разьвесiстых бярозаў ды пырскамi шчодра абсыпаў дзьвюх жанчын, тэпаючых па мокрым пяску гасьцiнцу.

— Паслужыце прымерам жэшчынам усей рэспублiкi! Каб ты чорту ў пекле служыў, нехрыст апантаны! — паўтарала яшчэ зласьлiвейшым голасам Аксеня. Адно Аўдоля азiралася пераз плячо, а Пiлiпава жонка быццам i ня бачыла капрызнага надвор'я. Яна рогам хусьцiнкi выцерла вочы, каб стрымаць сьлёзы. Навет Аўдолi не магла цяпер у вочы проста глянуць. Якi аграмадны сорам! Дый найгоршае наперадзе чакала. Ужо бачыла перад сабой чаргу дапытлiвых лiтоўскiх дабрадзееек, што нейкiм чэрцям у Маскве хацелi падарак зрабiць i якiх меншыя мясцовыя чарцягi ашукалi. I што яна скажа iм, калi гэны кручканосы гарбуз навет язык на прывязi загадаў трымаць! У глыбiнi дзесь дасьпяваў i квялiў сэрца зласьлiвы дакор.

— Чаго табе ўсюды першай лезьцi? Пiлнавалася-б во гэтай сьвiной мешалкi цi чапялы й досiць бы зь цябе. Кажу, нарвешся некалi!

Гэтыя простыя й незласьлiвыя словы мужавай перасьцярогi прыгадалiся цяпер Аксенi ў зусiм новым сьвятле, новай шырынi. Нарвалася.

— Ну як-жа гэта, ягодка, будзiць? Што мы зробiм, як бабы пра палатно пытацца пачнуць? Га?

Сьцiснуўшы плечы й пазiраючы пад ногi, Аксеня маўчала. Ды што магла на тое адказаць? Звычайна бадзёрая й вясёлая, яна быццам на дзясятак гадоў пастарэла, змоўкла, асунулася. Аўдоля старалася зiрнуць сяброўцы ў вочы, знайсьцi нiтку сувязi, якую цi нi парваў Маршалкаў i ягоны кручканосы таварыш з НКВД.

— I такi во добры чалавек нам гэты Маршалкаў паказаўся, — бубнела дробненькiм голасам Кмiтава пахатуха, — здавалася, што хось ты яго да раны прылажы. Помнiш во, як на тых зборах гаварыў? Ён табе ажно сьлязу пусьцiць. Чалавек-душа, здавалася, лепi як свой каторы… Ён як гаварыў, дык колька яшчо нашых баб у плач уводзiў. Гэта-ж здавалася, што такi чалавек як ён, ягодка, нiкому вока нi запарошыць, а ня то што… Ну й паглядзi, што зрабiў. Гэта-ж проста каб бабам нашым расказаць, дык каторыя паверуць толька…

— Ты во глядзi, яшчо за даўгi язык возьмуць, — злосна адказала Аксеня. — Цi можа так скора забылася што той ынкавэдыст казаў, га?

— Ды чаго-ж ты, ягодка, кiдаешся на мяне? Як гэта так я забылася? А калi ўжо пра мой язык гаворыш, дык цi-ж твой карацейшы?

— А можа й карацейшы… давай памерым! — агрызнулася Аксеня. — Гэта каб ня ты дык можа-б i нi пасылалi таго праклятага палатна… каб яно лепi праз зямлю правалiлася! Во нарабiлi бяды!

— Каб нi я? — прарэзьлiва-зласьлiвым тонам крыкнула Аўдоля. — Гэта-ж ад каго, калi нi ад цябе думка вышла, га? Каб табе, ягодка мiленькая, памяць ужо саўсiм забрала, як ты ня помнiш i на мяне складаеш! I як гэта ты можаш?!

— Думка-ж мая была. алi-ж я вас пыталася. А сама-ж знаеш зь якой вялiкай ахвотай ты за гэта ўзялася. Зараз усiм разбрахала, давай i давай, нi задзержыць цябе нiяк…

— Каб табе Бог так здароўе даваў, як я давала! — адсекла Кмiцiха. — Каб ты ў пекле так брахала, як я каму разбрэхiвала! I як табе ня стыдна на мяне складаць! Калi Маршалкаў цябе пахвалiў, дык як каралеўна якая — галава аж пад неба, жардзiной нi дастанiш! — хадзiла. Ах каб цябе!

Аксеня здрыганулася. Быццам укушаная гадзюкай, яна зь нянавiсьцю зiрнула на Аўдолю, сьцiснула вусны. Спачатку ледзь заўважна, пасьля-ж раптоўна пачало дрыжэць ейнае цела. Неўзабаве неўтаймаваны плач суправодзiў Кмiтаву Аўдолю. Аксеня дала сьлёзам поўную волю. Разгубленая Кмiцiха памкнулася прыгарнуць да сябе сяброўку, але на паўдарозе спынiлася выцягнутая рука.

Загрузка...