2

Даўно адгарлапанiлi ў вёсцы пеўнi й паволi разганяў начную цемру зябкi золак. Ля хлявоў голасна сакаталi куры, пад стрэхамi пераклiкалiся галубы, хмарамi наляталi на гумнiшчы й накiдвалiся на парассыпанае зерне сьвежай збажыны шпакi. Рэдка дзе скрыпнуў асьвер. Адно самым руплiвым няўлежна ў цёплых пасьцелях было. Надта-ж марудна раскатурхвала вясковы народ са сну сьвятая нядзеля.

На гасьцiнцы непадалёк Гаравацкай пушчы канчалася ўсяночная праца. Учора верх партыйнага падпольля загад прыслаў. Выканаць яго трэба было, хоць на галаве стань. Ад поўначы дзесь працавалi. Цяпер-жа Косьцiк Сабакевiч i Лявон Шпунт скруцiлi пiпкi, прыкурылi, папярхiкалi едкiм дымком ды адыйшлiся колькi крокаў, каб дзяцiшчам сваiм, новазмайстраванай брамай прывiтальнай палюбавацца. Павалiцкi Хвёдар i Параска Макатунiшка раскручвалi доўгае белае палотнiшча з напiсам, матузы да яго прывязалi. "Да Здравствует Доблестная Освободительная Красная Армия!" — крычэлi паўмэтровыя, прыгожыя чырвоныя лiтары. У канаве цярплiва чакаў свайго пачэснага месца на браме вялiкi партрэт.

Ад тэлефоннага слупа з аднаго боку гасьцiнцу да вялiкай бярозы з другога, мэтраў на восем уверх, упоперак дарогi праляглi чатыры здаравенныя бярозавыя жардзiны, зьбiтыя шматлiкiмi папярэчнiцамi. Мясцамi аздобiлi iх верасам, або чырвоным матар'ялам агарнулi. Цяпер адно павесiць гэны вялiкi партрэт, удаўжкi прымацаваць да жардзiны клiч прывiтальны й справе канец, могуць вызваляць.

Косьцiк Сабакевiч, Лявон Шпунт, Параска Макатунiшка й Павалiцкi Хвёдар, — чатыры перадавыя падпольнiкi з ваколiцы — сустрэнуць дарагiх братоў з Усходу з хлебам i сольлю як гаспадары й гэроi падпольля, заўтрашнiя правадыры працоўнага народу. Якая-ж салодкая надыходзiць радасьць! Зноў згадаў Косьцiк тыя бясконцыя цяжкiя днi й ночы, панскiя вязьнiцы, жыцьцё ў холадзе й голадзе, калi чалавек ценю свайго баяўся, роднаму не давяраў. Навет учора, калi загад канчаткова з нары вылазiць прыйшоў, браму прывiтальную для «доблiснай» майстраваць, дык i то асьмелiцца паказацца на сьвет божы боязна было. Дзiва што! Гэтак сполаху нагналi — па начох адно з нары вылазiў — што за вуглом кажнага будынку, здавалася, тайны шпiгун на яго цiкаваў.

Сказалi, што «доблiсная» заўтра перад абедам вызвалiць манiцца, дык браму назарэз да ранiцы трэба было скончыць. Рук не пакладаючы, ад поўначы працавалi. Добра пры тых жардзiнах, пакуль зрэзалi й папрыбiвалi, папанатужылiся. Дый без асьцярожнасьцi нельга было. Ня дай Божа, наляцi палiцыя. Косьцiк свой абрэз захапiў, каб чорту якому непаклiканаму ў выпадку чаго адбой даць.

Што й гаварыць, здорава папацелi. Ноч бяз прыгодаў прайшла. На досьвiтку такавалi дзесь заўзята ў лясной глушы цецярукi, пераклiкалiся на хутарох пеўнi, а пасьля маланкай прагрукаталi па чыгунцы з Загацьця тры паравозы й колькi вагонаў. Нячуванае-нябачанае: ажно тры паравозы на такi эшалён кароткi. Цi не пранюхаў панок якi, што «нашы» з Усходу сяньня "братом сваiм" руку падаваць маюць. Спасьцярогшы, як рука гэна перазь мяжу выцягвацца манiлася, каб ямчэй пяткi падмазаць, аж тры паравозы падпрог. Калi-ж яны ў Гацi прыджгалi, адразу пажвавеў на чыгунцы рух. Заварушылiся ў трывозе паны. Куды ўцякаць? На Захадзе Сосаў хаўрусьнiк Адольф, каторага маскалi нарабаваным ад народу дабром падкармiлi, ужо бальшыню «моцарствовай» праглынуў, страўнiк задаволена гладзiў, са смакам над Бугам аблiзваўся, на прынадны кавалак Беларусi пазiраў.

Канчаўся нарэшце кашмарны час Косьцiкаў, калi быў самым апошнiм «нiчэм», ды нараджаўся дзянёчак сьветлы, калi тым доўгачаканым «всем» расьцьвiце й ўзбуйнее. Выкачвалася з-за Гараваткi сонейка яснае.

Думка пра вялiкую перамену да шалу няпрытомнасьцi лашчыла-казытала сэрца. Скакаць i галёкаць з радасьцi напiрала. Няхай-бы гулкае рэха ад Косьцiкавага гарластага ўра па цэлай неабсяжнай Гаравацкай пушчы, па нiвах i далiнах пералiвалася!

Яшчэ гадзiна, мо дзьве…

Дзесь там на мяжы заводзяць маторы, а мо й рушылi ўжо. Пад крокамi дзсяткаў тысячаў ног, пад калёсамi й гусянiцамi магутных машынаў дрыжаць прымежныя беларускiя гасьцiнцы. Хваля прыблiжаецца, магутнее, напiрае.

Сабакевiч зiрнуў на няскончаную браму. Саладжавай усьмешкай распрамянiўся шырокi твар. Брама-ж ня толькi «доблiсную» вiтаць будзе, але й яму, гаротнаму й нястомнаму змагару за народнае шчасьце, шлях у сьветлае заўтра адчынiць.

— Ну й нарабiлiся, бля. ха! Алi за тое, — задаволена цмокнуў вуснамi, зацягнуўшыся горадзенскiм тытунем Косьцiк, — нiхай здраствуiць! Такая хлёсткая й крэпкая, як сама ўласьць савецкая. Цаца, нi брама! Нiхай знаюць, што нi пэцкалi строiлi.

— Нас пiражывець! — руплiва пераборшчыў Лявон. — Ну толька-ж канчаць трэба, саўсiм разьвiднелася ўжо…

— Дык даеш! — схамянуўся Косьцiк. — Хто-ж палезiць?

— Нiхай Макатунiшка. Яна найлягчэйшая.

Борздым крокам рушыi да брамы. На жвiры й глiне гасьцiнца валялiся аполкi дрэва й трэскi, а ў канаве — сталярскiя прылады. З кужэльнае абгорткi злавесна пазiрала руля Косьцiкавага абрэзу. Лявон узяў скрутак тонкай вяроўкi й парэзаў яго на кароткiя кавалкi ды падаў Парасцы.

— На, лезь. Партрэт i лозунг прывяжаш. Вазьмi й ножык, дзiркi прапорыш дзе трэба.

Зяваючы Макатунiшка пераступiла з нагi на нагу. Стройная, танклявая, як бярозка маладая, босая, загарэлыя лыткi, раськiданыя валосы, апранутая ў белую блюзку ў краскi, зялёную спаднiцу, дзяўчына заспанымi вачыма пазiрала на Шпунта.

— Чаму гэта я? А з вас каторы ня можыць?

— Ну лезь ужо, Параска, ня медлi. Ты-ж найлягчэйшая й найболi павярткая ў нас, — спанукаў Косьцiк.

Лявон зiрнуў у вадзiн i другi канец мёртвага гасьцiнца.

— Скарэй во, бо саўсiм разьвiднелася ўжо! — прынагляў ён.

— Лезь, Параска! — падтрымаў сяброў Павалiцкi Хвёдар.

Дзяўчына палажыла ў кiшэню спаднiцы парэзаную вяроўку, Лявонаў ножык-складанчык i пачала таропка лезьцi па драбiне. Дзяцюкi моўчкi прыглядалiся як ёмка ўсьпiналася наверх. Гэтак магла лезьцi адно дзяўчына каля гаспадаркi й лесу выгадаваная. Калi ўзьлезла, аблапiла верхнюю жардзiну рукамi, а нагамi асьцярона ступiла на нiжнюю. Жэрдка ўгнулася, але трымалася.

— Ня зломiцца? — гукнула Параска.

— Сьмела, ня бойся! — падбадзёрыў Шпунт.

На доўгую галiну зь цьвяком на канцы Павалiцкi Хвёдар падчапiў партрэт i падаў яго Макатунiшцы. Цяпер усе на спраўнасьць ейных рук чакалi. Для раўнавагi Мякатунiшка шырака расставiла ногi i ўзялася прывязваць партрэт. Занятая працай, яна не спасьцерагла прыглушанага хiхiканьня дзяцюкоў, што зьнiзу пiльна ня толькi за ейнымi рукамi сачылi.

— А што-ж ты думаў, - штурхнуў локцем Косьцiка Лявон, — што бiз штаноў яна?

— Каму-ж знаць, калi нi табе? Цi раз ты туды злазiў? — адсек Косьцiк. Як на загад тройка голасна зарагатала.

— Ах вы, нягоднiкi! — злосна крыкнула зьверху Параска. — А-цьфу на вас!

Дзяцюкi борзда адскочылi й спорны плявок сьлiны шлёпнуў у жвiр.

— Рабi, рабi ўжо! — гаркнуў Косьцiк. — Даёш скарэй!

Мiнула хвiлiн зь пятнаццаць. Рознагалосьсем птушыных песьняў усхадзiлася Гаравацкая пушча, перагаўквалiся па навакольлi сабакi, нейдзе ў Лiпавiцкiм двары рыкалi каровы. Пунсовым пажарам зацьвiла за гарбом Гараваткi неба. Спачатку ледзь чутна, а пасьля гулка загрукаталi ў лесе калёсы. Дзяцюкi трывожна пераглянулiся.

Параска канчала прывязваць палотнiшча, як раптам воддаль зь лесу выкацiлася на самакатах група жаўнераў у круглых шапках. Ззаду борзда гнала запрэжаная парай коней каляска. Першая ўгледзiла iх зьверху Макатунiшка.

— Гляньце, глянь! — выставiла дзяўчына ўказальны палец i анямеў ад страху ейны голас.

Здарылася гэта так раптоўна, што дзяцюкi, забыўшыся пра ўсё, кiнулiся ў панiку. Не ў галаве мусiць быў Косьцiку ягоны верны абрэз, калi ўсе тры, як раптам спалоханыя курапаткi, нырцом iрванулi ў прыдарожны зарасьнiк. Калi й чуў каторы, дык нiводзiн не адклiкнуўся на ўтрапёны лямант Мактунiшкi, што бездапаможна ўверсе на браме калацiлася.

Яшчэ на хаду пасаскаквалi жаўнеры з самакатаў i колькi раптоўных стрэлаў сьцебанула па прыдарожных кустох i дрэвах.

— Не страляць! — раўнуў рослы, мурлаты капiтан. — Псякрэў, бальшавiкi! Чорта якога цяпер у лесе знойдзеш, — плюнуў ён сакавiта ў той бок, куды дзяцюкi скрылiся. Вочы ўсiх жаўнераў, - а было iх больш дзесяцi, — прагна ўпiлiся ў Параску, што асiнавым лiстом дрыжэла ўверсе над групай помстай дыхаючых КОПаўцаў.

Наладаваная вайсковымi трантамi й амунiцыяй каляска спынiлася ззаду. Спакойна жваў даўгую саломiну й лейцамi стрымлiваў двух прыгожых коняў, выгадна расьсеўшыся на козлах здаравяка-хурман. Вiдаць пры доглядзе коняў зашмальцаваў свой зялёны мундзiр. Конi нецярплiва жвалi цуглi, топалi ў гужох, а белая пена з храпаў камякамi спадала на жвiр гасьцiнца.

Аддыхаючы з хуткага бегу, жаўнеры стаўпiлiся каля брамы. Некаторыя закурывалi. Твары прамянiлiся ўсьмешкамi, што бываюць у паляўнiчых, калi зьвер у пастку трапiць.

— Матка боская чанстахоўская, Ёзус Марыя! То ўжо скурчы сыны бальшавiкоў спатыкаць прыгатавалiся. Бачылi вы такое? Трэба было iх усiх, як скурчых сыноў, даўно перадушыць!

— Гэта толькi што нашы польскiя сэрцы добрыя! Мы да iх як ласкавая матка, а яны нам нажы ў сьпiны рыхтавалi.

Асаблiва злосна бурчэў i лаяўся прысядзiсты, з маленькiмi рыжанькiмi вусiкамi дзядзька.

— Але-ж i папалася птушанё. Ну таго… дык чаго гэта чакаем, пане капiтан?

Ледзь прытомная ад жаху Параска памкнулася ў вадзiн i другi бок, але ацяжэлыя ногi й галава нiяк не маглi наважыцца што рабiць.

— Гм, брама даволi хлёсткая, але мне здаецца, што на ёй дэкарацыяў замала, — зьедлiва ўсьмiхнуўся афiцэр i яшчэ больш на правы бок сваю круглую шапку ссунуў. — Як думаеце хлопцы?

Здагадлiвасьць распрамянiла сяржантаў твар.

— Яшчэ от хоць-бы адну дэкарацыю на ёй павесiць, — пацёр ён далонi. Хлопцы, вяровачку!

— Злазь мiгам! — шорсткiм голасам загадаў капiтан Парасцы.

Калi Макатунiшка адубелымi нагамi пачала нарэшце ступаць па драбiне, капiтан гукнуў на хурмана.

— Пад'яжджай, Яцак!

Як успыхвае раптоўным полымем сухая салома, гэтак ажыла грамада КОПаўцаў. Ня здолела Макатунiшка дабрацца да нiжнiх ступнёў драбiны, як некалькi рук учапiлiся за ейныя ногi й вопратку. Цягнулi й тузалi, суправодзячы голаснай лаянкай, у каторай дамiнавала-грымела лiтара «р».

Мiгам апынулася Макатунiшка на возе. Хтосьцi балюча вывiхнуў i ззаду трымаў ейныя рукi. Зьмейкай узьвiўся над верхняй жардзiнай брамы таўставаты гуж i неўзабаве хлёсткая добра зьвязаная пятля лашчыла гладкую, польнымi вятрамi й сонцам цалаваную, дзяўчынiну шыю.

— Паночак, даруй! Я-ж ня вiнаватая, мне загадалi… Злавiце iх, дрыготкiм голасам прасiлася Параска.

— Маўчаць, хамка-бальшавiчка! — гаркнуў афiцэр. — Будзеш спатыкаць бальшавiкоў на пачэсным месцы.

Прарэзьлiвы рогат дзiкiм рэхам скалануў лес.

— Пане сяржант, гатоў? — спытаў афiцэр сяржанта.

— Так ест, пане капiтан, — запэўнiў падафiцэр, зацiскаючы на Парасчынай шыi пятлю.

— Яцак, iрванi зь месца!

Спакойны й зроўнаважаны хурман, што маўклiва прыглядаўся падрыхтоўчай мiтусьнi, рэзкiм махам даўгоў пугi сьцебануў па конях. Парэпаныя босыя Парасчыны ногi задрыгалi ў паветры. Угнулася пад раптоўным цяжарам жардзiна, моцна ўрэзалася ў шыю пятля, болем скрывiўся дзявочы твар.

Ледзь здолеў лес паўтарыць радасны воклiч жаўнераў, як чарга стрэлаў загуляла па партрэце Сталiна й чырвоным палатне. Ёмка загаўкалi па хутарох сабакi.

Стукнутая моцным жаўнерскiм чаравiком, паляцела з-пад брамы драбiна. Косьцiкаву абрэзу так i не далося свайму гаспадару ў крытычны момант пасобiць. Агледзiўшы яго, жаўнер размахнуўся й стукнуў аб кола й кароткая руля разьвiталася з прыкладам.

— У дарогу жвавей! Няма часу! — спахапiўся капiтан.

Цi трэба было падганяць. Страх, як мудрасьць адвечная кажа, вялiкiя крыльлi мае. Мiгам запылiлi па гасьцiнцы самакаты й загрукалi калёсы. Каб вешацелi замарудзiлi крыху, не абыйсьцiся iм бязь сьветкаў свайго злачыну.

Пад прастрэленым партрэтам тупатварага дэспата супакоiлася ў вабдымках хуткае сьмерцi цела Макатунiшкi. Вялiкi палец правай нагi чамусьцi недарэчна задраўся ўверх. Сонцам золатам аблiло раськiданыя мяккiя пушыстыя валасы, пётлёй задраны ўверх падбародак.

На абочыне гасьцiнца зашалясьцелi кусты й нясьмела, пазладзейску азiраючыся на бакi, паказалася «баявая» тройка.

Загрузка...