19

Барабаншчына па падрыхтоўцы да выбараў "дзiпутатаў у народны сход", што меўся ў Беластоку адбыцца, трымала ў бесьперапынным млiве языкi партыйных палiтрукоў на працягу даўгiх васеньнiх вечароў.

— Самi дадiте кандiдатов, самi i iзберать будете, — пялiўся Маршалкаў у суправодзе Косьцiка, Лявона й Пятуха.

— Онi, значiтся этi вашi лучшiе сыновья i дочерi, отождествлят ваше многолетнее стремленiе к прiсоедiненiю к родiне нашей, могушчественному Советскому Союзу… Вы воплотiтесь в одно тело с нашей родiной i станет ваша мать родная на зашчiте вашiх iнтересов, а тогда…

Ад «тогда» пачыналася пералiчваньне "благаў", што вось гэтта за парогам чакалi. Варта адно дзьверы адчынiць, як тыя «блага» у хату хлынуць. Пiпку пакурваць i ў столь пляваць будзеце, а "айцец народаў" лепш чымся сам Архангел Стораж вас забясьпечыць.

Маршалкавы вочы мутнелi, твар пакрываўся аўрэоляй сьвятасьцi, калi згадваў як цяжка было раней i якi рай павiнен настаць. Жанчыны пускалi сьлёзы, у куты хусьцiнак чмыхалi. Неяк аднойчы падачас пералiчваньня тых "благаў", што скора ў Лiтоўцы быццам мелiся прычыкiльгаць, ня вытрымаў Антось Дзяркач.

— Гэты куды гладзей за дубовiцкага абуха брэшыць.

Сыкнулi збоку на Антося жанчыны. Дзяцюк агледзеўся й пашкадаваў, што так неасьцярожна выказаўся. Многа хто ледзь рогат стрымаў.

Калi-ж Маршалкаў гаварыў пра "лучшiх сыновей i дочерей" дык ня цямiлi людзi пра каго была мова.

— У вас замечательныя людi есть, коммунiсты й беспартiйные, — паясьняў савецкi камiсар.

Цэлы цымус — i пра гэта неўзабаве лiтоўскiя даведалiся — палягаў у тым, што пануючая камунiстычная партыя й народ рознымi меркамi "замечательных людей" бралi. Дык немалое было зьдзiўленьне, калi на адны, перадвыбарным вечары Сымон Пятух на гэны "народны сход" кандыдатамi Косьцiка й Лявона паставiў. Многа каторыя на залi вушам сваiм ня верылi ды нiхто супярэчыць не асьмелiўся. Трэба-ж было ўсяго двух кандыдатаў i вось сам каравы Сымон, пэўне-ж па загаду зьверху, "лучшiх сыновей" высунуў. Зiрнулi людзi на Пракопа Бахмача, што ў куце маўклiва побач Алеся сядзеў. Пра тое як Косьцiк зь Лявонам яму абраз пабiлi й пабандыцку напаiць намагалiся, вестка шырака па людзях пайшла.

Напярэдаднi выбараў Лявон Шпунт пры помачы Аксенi, ейнага Арсеня, малодшага Пятуха й пад наглядама самога "упылнамочанага сельсавету", а цяпер кандыдата Косьцiка Сабакевiча, "выбарчы ўчастак" падрыхтаваць узяўся. Як доўга жылi-былi Лiтоўцы, нiчога падобнага людзi ня бачылi. Цi-ж жарцiкi, сама, казаў той, гiсторыя ў вёску прывандравала. Мужыцкi разьняволены народ сваiх "лучшiх сыновей" у "народны сход" выбiраць будзе. Гэткiм тонам, ужо добра падвыпiўшы, гаманiў рыжавусаму Захаруку Косьцiк Сабакевiч. Аж рос на вачох адзiн з тых «сынавей», калi на пярэдняй сьцяне Пятуховай хаты зьявiўся ўжо зусiм добра ведамы ледзянавокi твар, а пад iм вялiкiмi лiтарамi лёзунг: "Спасiбо товарiшчу Сталiну за Осцобожденiе". Гэтта-ж зьнiзу, меншыя за той верхнi, прылiплi да сьцяны партрэты Лявона й Косьцiка.

— Да, гэта гiстарычэская ўрэмя… сам народ сваiх будзiць iзьбiраць… Гiстрычэская ўрэ…

Косьцiк перастаў даводзiць Захаруку пра важнасьць падзеi й сачыў як Лявон жардзiну намагаўся паставiць.

— Даёш, паможам!

У выкапаную раней малодшым Пятухом яму ля весьнiц паставiлi вертыкальна спорную бярозавую жардзiну, увышкi так мэтраў зь пятнаццаць. На версе яе чырвоны сьцяг з залатым серпам i молатам распасьцёрся на на лёгкiм ветры.

— От, да й здраствуiць!

Лявон горда зiрнуў на сьцяг, пасьля на сьцяну, дзе ягоны партрэт унiзе прылiп да "атца народаў".

— Цяпер свой свабодны народ i свая ўласьць!

Шпунт рабiў такi выгляд, быццам адно яго намаганьнямi "свая ўласьць" у вёску прыйшла. Нiхто, вядома-ж, ня зьбiраўся яму пярэчыць. Як-нiяк, важнасьць Лявона й Косьцiка вырасла ў сялянскiх вачох.

Ноччу сьцебануў спорны дождж i надта-ж доўга гiстарычная ранiца не асьмельвалася заглянуць поўным сьвятлом у вокны лiтоўскiх хат. Зяблы ветрык разганяў па начоўках дымы з рана закурыўшых комiнаў. Выпялiлася ўрэшце з-за балота млявае сонца. Падгнiлай атавай i прэлым лiсьцем з аселiц цягнула.

Першым на "выбарчы ўчастак" зьявiўся Лявон Шпунт. Кагадзе загадала яму "камунiсьцiчаская парцiя" каб ён, як кандыдат, не перашкаджаў працэсу галасаваньня, адно за парадкам сачыў. Кiнуўшы вокам на гэты агульны парадак на зябкiм Пятуховым дварэ, зморшчыўся Лявон. Цяўкнуў ля будкi сабака й скрыпнулi ў хаце дзьверы. Уладзiмер, малодшы Сымонаў брат, ступiў на вялiзны камень ля дзьвярэй.

— Здароў, Лявон! — прывiтаўся голасна.

— Здароў, Уладзiмер! — даказаў кандыдат.

— Алi-ж i здорава вас, начальнiкаў, сягоньнiка ночы дождж адпсяюрыў. Ну паглядзi во, ха-ха-ха! — разрагатаўся Пятух. Быў гэта крэпкi, вясёлы з твару, рухавы мужчына. — Сталiну дык добра-ткi нюню скрывiў, а вы, жабоцькi. дык саўсiм па сьцяне распаўзьлiся. Ха-ха-ха!

Лявон ня ведаў, што сказаць. Брала злосьць за гэны гулкi сьмех на Ўладзiмера, а найбольш дык хiба-ж на самога Бога. Чаму ён з дажджом не пачакаў?

Зьверху на сьцяне ледзь лiпеў скрыўлены пасiнелы Джугашвiлi, а зьнiзу пад лёзунгам — як той Уладзiмер казаў — распаўзьлiся жабоцькi. Партрэты кандыдатаў сталiся непазнавальнымi. Лявон падыйшоў да сьцяны, згроб рэшткi "кандыдатаў" i выкiнуў за плот.

— Цьфу, такую тваю маць! Якраз як i тады, каля школы нейкi брыда, Дзiркач мусiць напэцкаў. А цяперака дык сам бацька нябесны, такую яго… Нiяк нi вязець!

— Сталiна таксама ськiнiш? — пытаўся Ўладзiмер.

— Мусiць не, — вагаўся Лявон. — Папраўдзе сказаўшы, дык чорт яго знаiць… бiзь яго-ж нiма як…

— Га-га-га! — паехаў рогатам Уладзiмер, — маладзец зь цябе камунiст, з гэткiмi Сталiн далёка заедзiць. Чорт яго знаiць, кажыць, бiзь яго нiма як… га-га-га!

Лявон то чырванеў, то бялеў. Азiрнуўся навокал ды ўсьцешыўся, што адно Пятуховы вушы сказанае чулi. Трэба сабе на лбе запiсаць, што язык на прывязi трымаць. Вось каб дзе так пры людзёх сказаў…

— Пасiнелы партрэт "бацькi народаў" Лявон пакiнуў на сьцяне. Каму трэба той, той разьбярэцца ў чым справа.

Прыехалi дзьве грузавыя машыны зь Лiпавiчаў. Вылезла шэсьць "байцоў" i сам Маршалкаў. Ён прывiтаўся кароткiм «здрасьця». — Всё готово? — спытаў.

— Да, таварыш камiсар.

— Давай аднаго цi двух чалавек, — сказаў Маршалкаў Лявону, — няхай паедуць па тых, што самi прыйсьцi ня могуць.

Прыйшла Пiлiпава Аксеня з сынам. Лявон папрасаiў яе ў "балацiравачную камiсiю". Жанчына не магла разгадаць новага слова, што на Лявонавых вуснах нарадзiлася. Цi была гэтта што ад балота? I пры чым тут балота? Такой кемлiвай i ганарлiвай, ёй-жа пытацца сорамна было.

— А што-ж я, Лёнька, у тэй блацiровачнай камiсii рабiць буду?

— Га? Ды што-ж… сядзець i балоты лiчыць будзiш, во… Дасi, значыцца, чалавеку, каторы прыдзiць, балот, каб ён яго ў скрынку ўкiнуў. А каторы ня кiнiць, дык значыцца пойдзiць за той стол завешаны дываном, ён тады нi галасуiць за сваiх лепшых сыноў камунiстаў i бiспарцiйных, дык такога мы на вока возьмiм. От…

"Балоты" цяпер сталiся яшчэ большай загадкай, але спанатрыла Аксеня, што не ад Лявона ёй нейкага клёку дабiцца. Пабачыўшы Маршалкава, павесялела жанчына. Не атрымалi-ж яшчэ ад "бацькi народаў" адказу наконт падаркаў. Аксенiны сяброўкi ей галаву ўжо прадзяўблi. I карцiла-ж шаўцовай жонцы хутчэй стацца тэй жанчынай, "прымеру каторай пасьледуюць жэншчыны ўсей рэспублiкi".

Аксеня наблiзiлася да камiсара, усьмiхнулася. Спадзявалася, што бальшавiк ледзь не ў абдымкi яе возьме. Колькi разоў бачыў яе навечарох, навет у "красным угалку", што для мясцовай агiтацыi й пашырэньня «палiтграматы» зрабiлi. Гэтта сталася дзiва дзiўнае. Маршалкаў зiрнуў нейкiмi мутнымi (цi не ад учарашняй п'янкi) вачмi й навет ня прывiтаўся. Засеў у горле камяк i ледзь сама чула свой няроўны голас.

— Таварыш камiсар, атвет з Масквы прышоў, цi не?

— Ах, Аксiня Iванаўна, — затросься палiтрук, — ды нажаль яшчэ не, але днямi напэўна ўжо будзе.

Тон i манера выразна паказалi, як няпрыемным было для Маршалкава Аксенiна пытаньне. Яна адыйшла набок, сачыла як жаўнеры выцягнулi патэфон, прымасьцiлi яго на стале ля сьцяны. "Казiныя ножкi" засмуродзiлi сьвежае раньняе паветра. Жаўнер з васпаватым тварам з набажэнствам адчынiў скрыню тое бальшавiцкае цуда, мэханiзму якога нiяк не маглi зразумець малаадукаваныя дзядзькi. Зьмянiў спачатку голку, пасьля доўга ручкай круцiў. На шпянёк пасярэдзiне нацэлiў дзiрку ў кружэлцы, пасунуў кружэлку ўнiз i карэлым рудым ад табакi пальцам крануў круг. Апусьцiў на кружэлку кацiную галоўку з голкай. Спачатку надта трашчэла й шумела, а пасьля сiпаты голас аб'явiў "гэч тавагыша Iёсiпа Вiсагыёнавiча Сталiна".

Манатонна-хрыплаваты голас гучэў недзе ў вялiкiм будынку, бо адбiвалася гулкае рэха й часта спыняла яго бура воплескаў. А пры воплесках гэных падскаквала, здавалася, з захапленьня голка.

— Як то так рукi iм нi забаляць, ягодка мая?

Аўдоля, вiдаць, напякла ўжо аладкаў, накармiла сям'ю й побач Аксенi цяпер стаяла.

— Нешта-ж нiвясёлая ты сягоньнiка, ягодка, — прадаўжала пахатуха. Чаму гэта?

— Ат, нi пытайся, — адмахнулася Аксеня рукой.

— Скажы, калi нi сакрэт, — налягала Кмiцiха.

— Якi там чорта сакрэт… сама знаiш… паслалi во палатно, а фiгу за яго…

Аксенiн дакорлiвы голас дрыжэў ноткай крыўды.

— Папытайся во яго, — паказала Аўдоля вачмi камiсара.

— Пыталася.

— Калi?

— Во цяперака.

— I што-ж ён, ягодка, сказаў?

— Тое самае "к сажаленiю нi палучылi". От як…

— Ну а нi казаў чаму?

— А што-ж ты за язык яго пацягнiш?

— Трэба, ягодка мая, будзiць з другiмi бабамi пагаварыць, што рабiць далей, от як…

— Нiхай сабе. Толька-ж у галаве маей ня месьцiцца, чаму гэта другiя бабы клююць мяне, як усiроўна тоя палатно я сабе забрала цi што… Сама-ж я дала найлепшага дый найболi i яшчо самому Сталiну…

Аксенiн голас гучэў крыўдай. Жанчына глядзела ўнiз, ня могучы вытрымаць пранырлiва-дапытлiвага Аўдолiнага зроку.

— Цiха ты, ягодка, неяк будзiць.

Тымчасам запаволiлася "гэч тавагыша Сталiна". Васпаваты жаўнер адхiлiў на бок кацiную галоўку з iголкай ды доўга круцiў патэфоннай ручкай. "Тавагыш Сталiн" адразу пажвавеў, голас ёмка грымеў-хваляваўся недзе над крамлёўскiмi рэдзькамi, сягаў-iмкнуўся некуды ўвысь i якраз тады, калi здавалася, што вось-вось пырсьне занадта надзьмуханы вялiкi баранi пузыр, расплыўся шырокi акiян воплескаў.

На патэфоне лягла новая кружэлка. Жыдзенькi дзявочы галасок зацягнуў:

На зака-а-а-ацi ходзiт па-а-арынь возьлi дома маiво-о-о…

Гэтта прышкандыбаў у ведамым сурдуце Сымон Пятух. Не сьпяшаючы, выцягнуў сваю карэлую пецярню Марашалкаву, пасьля Лявону, Аксенi дый Тодару з Аўдоляй.

— А ты чаго гэта, як ня еўшы, валюхаешся? — накiнуўся на Сымона Шпунт.

— А што такое? Гарыць, цi што? — адазваўся гультай.

— Па людзей сiчас трэба ехаць… знацца па тых, каторыя самi прыйсьцi ня могуць. Усе, як адзiн чалавек, далжны галасаваць. А твая мацi прыдзiць?

— Ды мусiць не, трэба паехаць забраць.

— Ну дык во, паедзiш забярэш яе, пасьля дзеда Якуба дый сама глядзi яшчо каго…

— Каторым? — зiрнуў Пятух на грузавiкi.

— Сiчас скажу. Ды помнi, што ад найстарэйшых пачынаць. Тутака фатограф ёсьцiка, ён зробiць зьнiмкi, каторыя ў газэця напiчатаюць. Панiмаiш?

— Ну. А дзе-ж Косьцiк?

— Нi тваё дзела. Скора будзiць.

Скрыпеў, шунеў, трашчэў патэфон. Хадзiў "на закаце парынь, ухадзiлi на гражданскую вайну камсамольцы" i ўжо цi ня мiлiённы раз "выхадзiла на бераг Кацюша". Колька яна, бедная, у чарзе за буткам мусiла калець, каб такую колькасьць разоў басанож на гэны бераг не хадзiць…

Ля Пятуховай хаты быццам кiрмаш у чацьвер на Глыбоцкiм рынку. Шырака адчынены ў хату дзьверы. Надзьмутая, з важнай кiславатай мiнай сядзела ля "балацiравачнай скрынi" Аксеня. Побач варушыў даўгiмi рыжымi вусамi Захарук. У шэрым школьным сшытку Дуня Макатунiшка адзначала прозьвiшчы тых, што галасавалi. У вёсцы мала хто «паруску» ведаў. Колькi не адмаўлялася, ня выкруцiлася ад Лявона, дый ведала-ж, што шмат камбедаўскага дабра трапiла Макатуном з ласкi Шпунта. Укусi яго, дык сябе ўкусiш. Казалi людзi некаторыя, што новы лад вымагаў новага падыходу да людзей. Але з другога боку памятала дзяўчына гвалт у лесе. Калi Лявон збоку ацiраўся, на старожы трымалася. Гэтак i сяньня ранiцай, вельмi балюча за мяккое месца ўшчыкнуў.

Людзi гаманiлi за дзьвярмi, мала хто ў хату заходзiў. Спанукаў iх сам энтузiястычны Лявон. Зьявiўся на самакаце Косьцiк.

— Быў на ўчастках Павалiцкага Хвёдара й Саладухi, — паясьнiў, прывiтаўшыся. — А як тут iдзець?

— Ат, медлiнна, — махнуў рукой Шпунт.

У суправодзе вясковых сабак i дзяцей укацiўся ў двор грузавiк. Першай саскочыла рухавая Вульляна. Выцягнулiся рукi на помач дзеду Якубу. Лiтоўскi патрыярх пазаўчора ў пасьцелю залёг. Колькi нi пратэставаў Васiль i нявестка, каб ня трывожылi занямогшага, Пятух учапiўся за дзеда, як клешч за скуру.

— Прыказ дык прыказ! — падняў ён голас. — Мне сказалi прывязьцi жывога цi мёртвага, от!

Паласаваўшыся нарабаваным камбедаўскiм дабром, стары абiбок нагоду ўбачыў. Ягоны сур'ёзны твар i задзiрлiвыя словы не давалi месца на нiякi сумлеў, што забярэ дзеда. Якуба апранулi й вывелi да машыны.

— Што-ж ты гэта, Сымон, каб цябе макарэц, з пасьцелi мяне хворага цягнiш! Выбiралi-б бiзь мяне! — пратэставаў дзед.

— Нiчога табе, дзеду, нi станiцца, — запэўнiваў Пятух. — ты-ж найстарэйшы, дык за табой, казаў той, усе пойдуць.

Зьняможанага дзеда паставiлi на ногi на Пятуховым дварэ ды, падтрымлiваючы, павялi да "балацiровачнай скрынi". Ледзь шкандыбаючы, стары вурчэў пад нос, не адказваў на нiчые вiтаньнi.

— Дык што з гэтым рабiць? — спытаўся, узiраючыся мутнымi вачмi ў лiтары на «балоце».

— Гэта, дзядуля, нашы кандыдаты. Вы галасуiце за iх, дык укiньце ў гэту скрыню i ўсё, — тлумачыла Аксеня.

— Кандзiдаты, кажаш? Хто-ж яны? — спытаў дзед.

— Таварышчы Шпунт i Бурак.

— Таварышчы, кажаш? Каму-ж яны такiя таварышы?

Людзi цiснулiся ў дзьверы, ацiхкла гамонка.

— Ну гэта такая мода, так завуць цяперака. Паноў-жа нiма, усе толька таварышы, — спакойна тлумачыла Аксеня. Захарук падкручваў вусы й маўчаў. Адно Дуня пазiрала зьбянтэжана то надзеда, то на iншых.

— Ага, унь яно як… таварышы, кажаш… — паволi крэкчачы, гаварыў дзед. А тады раптоўна й злосна: — Алi якiя такiя яны мне таварышы, калi хворага з пасьцелi сьцягнулi? Што гэта й памерцi спакойна нiма як? Бiзь мяне нi маглi?

— Да как это так, отец? Да нельзя так. Вы прiмером всей деревнi должны быть, — голасна сказаў Маршалкаў, што дагэтуль збоку трымаўся. — За вамi другiе последуют.

— Прымерам, кажаш… — зморшчыўся дзед. Ягоны слабы зрок блудзiў па людзях, вусны памкнулiся нешта сказаць, ды стрымалiся. — На, укiнь гэты сьвiсток, каб адчапiлiся ад мяне, старога й хворага, — адаў дзед «балот» Дунi й адыйшоўся.

Дуня ўкiнула выбарчы бiлет у скрыню i ўзялася запiсваць дзедава прозьвiшча. Васiль мiгам адбыў сваю павiннасьць i ўзяў бацьку пад руку, каб надвор памагчы выйсьцi. Чырвонаармеец мецiў на дзеда фотаапаратам.

— А ну-ка отец, на меня смотрi! — загадаў голасна.

— Обождi, братец, давайте сюда кандiдатов i другiх, — спынiў ягоМаршалкаў.

Ля дзеда паставiлi "таварышчаў кандзiдатаў", побач стануў Маршалкаў i старшыня камбеду. Прынясьлi "балацiровачную скрыню", якую абкружыла "балацiровачная камiсiя". Ужо пасьля ўсяе гэтае муштры шчоўкаў апарат. Адно не ўдалося ўпрасiць дзеда, каб на фотакамэры ўсьмiхнуўся. Ён бурчэў i раiў усiм прысутным, каб яго скарэй у цёплую пасьцелю пусьцiлi, бо дрыжыкi бяруць. Пасьля здымкаў, дзеда мелi павезьцi дамоў, "балацiровачная камiсiя" заняла папярэднiя месцы, а да Маршалкава падыйшла Вульляна.

— Таварыш камiсар, я да вас…

— Так, грамадзянка, чым магу служыць?

— Я, гэта самае… можа помнiце… пра сваiх сыноў-галубкоў, каторых гэта палякi на вайну забралi, вас пыталася. Дык вы-ж тады гэта абяцалi, што дагледзiце… Можа яны там дзе да немца папалiся…

— Што ей трэба? — спытаўся Маршалкаў Косьцiка парасейску.

— Двух яе сыноў палякi на вайну забралi, — адказаў Косьцiк.

Выгляд Сабакевiча гаварыў быццам напярэдаднi ўжо цэлую ноч выбарчую перамогу сьвяткаваў.

— Дык што, калi забралi? Пры чым тут я? — шорстка адказаў бальшавiк.

— Як гэта пры чым ты?! — Вульляна наўмысна павысiла голас, каб усе пачулi. — Ты-ж мне абяцаў, што сам Сталiн гэтым дзелам займiцца. Ня помнiш нiчога?

— Пачакай, пачакай, грамадзянка! — крыкнуў Маршалкаў. — Так, я вас памятаю цяпер… Ну так, зусiм памятаю.

Камiсар намагаўсяўсьмiхнуцца, але на твары паказалася грымаса.

— Ну так, памятаю. Гэта вы мяне на першым мiцiнгу пра сыноў пыталiся? Так, цi не?

— Я, ага…

— Вы сьпiсок усiх зрабiлi, Канстанцiн Паўлавiч? — зьвярнуўся камiсар да Косьцiка.

— Перадаў вам, — адказаў Косьцiк.

— Ну дык калi вы мне перадалi, дык я уж верна перадаў далей… Ну да…

Маршалкаў узiраўся ў Вульлянiны вочы, быццам хацеў сказаць: "Маеш адказ. Чаго яшчэ, баба, хочаш?".

— Ну й што? Дзе мае сыны? — насядала жанчына. Яна выцiрала сьлёзы, пазiрала на людзей, што сьцяной абступiлi яе й двух начальнiкаў. Маршалкаў пачырванеў. Дзясяткi дапытлiвых вачэй i сьцiнутых вуснаў узлавалi яго.

— Слухай, баба, — пачаў камiсар голасам войстрым, як брытва, — цi-ж ты думаеш, што калi-б твае сыны й iншыя былi ў нас, дык мы ня пусьцiлi-б iх дамоў? Вiдаць, што яны ў плен папалiся. Так, верна ў пляну, калi нiякiх вестак няма…

— Ну а калi ў пляну, — голасна насядала на афiцэра Вульляна, — дык ты-ж казаў, што зь немцам вы нейкi там вялiкi саюз зрабiлi, дружбу маеце… гэта-ж вашыя словы… Нi так вы казалi? Ну а калi нiма нi слуху нi духу пра маiх сыноў-галубкоў, дык як тады пра другiх? Што гэта? З усей вёскi людзi пад зямлю правалiлiся, цi што? I яшчо-ж сам казаў, што лiчна сам таварыш Сталiн гэтым займiцца… Мусiць ты такi брахун, як i той поп дубовiцкi!

Буйныя сьлёзы накацiлiся на Вульлянiны вочы. Стрымаўшы дыханьне, народ маўчаў. На ейным плячы лягла рука. Удава адвярнуллася й сустрэла спагадлiвыя, лёгка-блакiтныя вочы лiтоўскага патрыярха.

— Ты, дачушка, нi насядай на гэтага, каб яго макарэц, камiсара. Можа ён i забыцца мог, можа i нi знаiць. Трэба пацярпець, нахрапам нiчога ня зробiш, памагчы нi паможаш, а шкоду можаш на галаву сваю…

Вульляна, цяпер голасна расолакаўшыся, прытулiлася да дзеда. Гладзячы яе па валосах, як дзiця, Якуб улажыў у рот люльку.

Якраз калi дзедава ласкавая й дрыготкая рука суцяшала жанчыну, на дварэ "выбарчага ўчастку" зьявiўся Янук Бахмач. Басаногi, ў зрэбных портках, сiняй кужэльнай кашулi, ён спынiўся й прыглядаўся.

Даўно карцiла Януку пабегчы на тыя выбары, але трэба было карову падаiць, памагчы Мiколу гаспадарку ўпарадкаваць. Пасьля гэнай памятнай Косьцiкавай i Лявонавай вiзыты, зноў пачаў занемагаць бацька. Цi не праняў яго тады скразьняк у варыўнi. Змарнеў, асунуўся, але хваробе не здаваўся i ўсё прадаўжаў з жорнамi ходацца. Пасьля гадзiны-другой пры камянi пачынаў крактаць i зьлягаў у пасьцелю.

— Ты во, Пракоп, у цёплым вылiжся, дык чорт зараз тую трасцу прагонiць, гаварыў, зьнiмаючы банькi, лекар Зянькевiч. — А жорны нiкуды нi ўцякуць. Паляжы во, кажу, дык i немач скарэй выхадзiш.

Каб гэта ў лежню чалавеку было. Духовы ўдар падчас тэй вiзыты нанава зрушыў балючае, падсяканае некалi Палякамi карэньне. Першыя подыхi "народнай улады" ледзянiлi сялянскiя сэрцы. Пракоп наадрэз адмовiўся йсьцi галасаваць.

— Даволi ўжо й так зьдзекуюцца, басякi! — злосна казаў швагру Алесю. I гэта-ж во яшчо хочуць каб чалавек, сабе на душу напэцкаўшы, галасаваць за iх iшоў. Палякi нашто ўжо чэрцi былi, а гэтыя дык iх цi нi пiраплюнулi. А трасца-ж вам у бакацiну.

Гэтыя бацькавы словы прыгадалiся на Пятуховым дварэ, калi ўслужлiвы доктараў Стась падбег да яго й расказаў як Вульляна спачатку распытвала Маршалкава, а пасьля напала на бальшавiка. Мiгам зразумеў малады Бахмач чаму дзед намагаўся Вульляну спатолiць. Сам хваравiты, ледзь-ледзь клыпае, здаецца, а колькi нявычэрпнай сiлы, вялiкага духовага гарту меў гэты сiвы, прыгорблены, аднаногi чашчавiк.

З патэфоннай кружэлкi гарлапан зноў "гэч тавагыша Сталiна" пачаў. Янук спынiўся ля прачыненых дзьвярэй хаты й мяркаваў куды яму йсьцi. У хаце спасьцярог Захарука й побач Дуню. Нейкая рука страсанула яго за плячо.

— Ну а ты, пацан, чаму бацьку ня прывёў? Дзе ян?

Лявон стаяў перад iм, як важны генэрал. Твар прамянiўся зухаватаю нахабнасьцю, выклiкаў, зьдзекваўся. Муынаватыя, нецьвярозыя вочы памалу поўзалi па малым Бахмачу.

— Iдзi сам яго спытайся. Пусьцi! — тузануўся Янук.

Рука яшчэ мацней сьцiснула хлопцава плячо, а ацяжэлы Лявонаў язык пагражаў: — Ты, гэта такую тваю маць, чаго на дыбы становiсься, жабянё? Як спрашываю, дык атвiчай! Начальства з табой гаворыць, пацан ты!

— Бацька хворы, — адказаў Янук. ж

— Хворы? Эгэ… прытварыўся, сукiн сын!

— Калi ня верыш, дык сам iдзi паглядзi!

Лявон паклiкаў Косьцiка й клешчы звольнiлi Янукова плячо. Падыйшоў Стась.

— Чаго ён цябе? — спытаў.

— Нi знаiш? Чэпiцца, шэльма, што бацька нi прышоў, а бацька — сам знаiш — усе плечы ад банек сiнiя…

Ня меў Янук ахвоты Стасю свае крыўды вылiваць. Пераступiў парог i апынуўся ля стала перад Дуняй.

— Памагаiш, Дуня? — спытаў, крыху зьбянтэжаны.

— Так, Янучок, папрасiлi каб запiсвала. Казалi, што мала хто ў нашым сяле паруску можыць.

Перад сталом стаялi жанчыны й перакiдвалiся словамi з Аксеняй i Захаруком. На печы, апранутыя ў крамныя кашулёнкi, зрэбныя портачкi, павытыркалi заходжаныя пяты i як кураняты тулiлiся адзiн да аднаго два Ўладзiмеравы хлапчукi. Аднаму было тры, другому — чатыры гады. Пятухова маладая, пасьвяточнаму апранутая жонка кiвала на iх пальцам, ля прыпечку стоячы, каб гоману не рабiлi.

Дуня зьзяла поўняй расьцьвiлай прыгажосьцi. Сiняя аксамiтная блюзка й зялёная спаднiца, прыгожа рашчэсаныя валосы, прывабныя вочы-васiлькi, румяныя шчокi — яна была выдатнай аздобай "балацiровачнай камiсii". Васiлькi пазiралi на Янукла проста й даверлiва. Хлапцу ня давялося спанатрыць калi загаспадарыла ў iх самаўпэўненасьць i дзявочая зусiм выразная гарэзьлiвасьць.

— Ну а ты ўжо навучылася пiсаць? — спытаў Янук.

— Буквы знаю, фамiлii магу запiсваць, — хвалiлася Дуня.

— Надта-ж скора.

— У школе як далi нам па тры буквы на дзень дык за два тыднi ўсе пазналi. Гэта-ж мы ня дзеткi малыя…

— Ага, — сказаў Янук i яшчэ больш зьбянтэжыўся.

— Можа сягоньнiка на вiчарынку пойдзiм? — выручыла Дуня.

— Дзе, якую?

— У лiпавiцкай пунi.

— Ага, знаю. А хто-ж робiць? Зь кiм пойдзiш?

— Байцы робяць. Гэта Клава мяне падахвоцiла.

— Сваiх дзяцюкоў на вайну забралi, дык вы з байцамi цяпер.

У Януковым голасе чуўся дакор. Дзяўчына спасьцерагла.

— Майго-ж на вайну нi забралi. Ты-ж мой, — сказала зусiм проста й шчыра дзяўчына.

Чырвань залiла Янукоў твар.

— Якi зь мяне дзяцюк? Ты ня строй кепiкаў…

— Нiякiх кепiкаў, - усьмiхнулася Макатунiшка. — Хадзi во й пойдзем.

— Ня ведаю, — буркнуў Янук.

— Ну што-ж ты, Янук, аднекваiшся? — укiнуў Захарук. — Ты цяперака-ж мусiць за яе ня лепшы.

Укалоў дзядзькаў язык. Заняты Дуняй, Янук i забыўся пра яго. А той проста ў жывое й балючае трапiў. У памяцi паўстала адлеглая часам сцэнка ў лесе. Цяпер Бахмач ужо баяўся на Дуню зiрнуць. Бяз слова шмыгнуў празь дзьверы.

Загрузка...