28

У канцавым пасажырным вагоне на бочнай чыгунцы навосьцеж адчыненыя стаялi дзьверы. Адтуль вылятала надвор сьмяцьцё. Паказаўся да паловы зношаны камель мятлы, ногi ў брудных чаравiках-шчыблетах, а наапошку вырасла ў квяцiстым, карэлым, шырокiм хвартуху таўстая сярэдзiна, вялiкiя грудзi й твар-месяц. Навокал месяца спаўзалi даўгiя, незачэсаныя, цемнаватыя касмылi.

— Глядзi, Дуня, Манька во… падмятаiць, — таўхануў Янук сяброўку.

— Дзе?

— А вунь там.

— Пiрапечка, ха-ха-ха! — зарагатала Дуня.

Яны падыйшлi да вагону. Пабачылi шырака адчынены рот, наiўна-дабратлiвую, простую, аж шкадаваньне выклiкаючую ўсьмешку, дый нейкую асаблiвую прапорцыю ў тулаве. Цэлы-суцэльны мякiш. Мятла абаперлася аб сьцяну вагону, лёгка скалыхнулiся вялiкiя грудзi.

— А чаго-ж вы гэттака швэндаiцеся?

Голас, што нiзкiм альтам вылез з глыбiнi мякiшу, дапоўнiў дзiвоснасьць гэтай нязвычайнай iстоты. Для гацкай станцыi Манька была тым, чым Жыдоўка Габiха для мястэчкавага рынку. Габiшына крамаў клiне вулiц Глыбоцкай i Докшыцкай раскашэлiлася. Прыгрэе, бывала, сонца. Пульхная Габiха на лаўцы перад крамай старожыць, кажнага падарожнага на канi на сваей двойцы аклiкне.

— Што нi паедзеш на рынак дык ў таўстую Габiху, як у добрую пуню ўпрэшся, — жартавалi людзi. I не ўяўлялi бяз Габiхi гацкага рынку, так як ня было станцыi бяз Манькi Пiрапечкi.

Хто й калi яе Пiрапечкай ахрысьцiў? Казалi, што некалi ў адной панi «каляяжыхi» служанкай была. Калi-ж панiн сынок у «хамчыны» дзявочыя тайнiцы паспрабаваў заглянуць, вылупцавала «каляяжыха» дзяўчыну й дзьверы паказала. Казалi…

Выводзiлася Манька зь сям'i найменш папулярнага й найбольш неабходнага ў Гацях чалавека, што зь вялiзнай рудой бочкай ва ўсе гацкiя прыбiральнi заглядаў i якога васьмёхлiтарнай мянушкай клiкалi. У самы захаднiм хвасьце мястэчка, у трухлявенькай хаце жыў. Калi ягоны шыроказады, пародзiсты бэльгiйскi гняды тую вялiкую бочку па каторай гацкай вулiцы цягнуў, выглядалi людзi здалёк, цi ня плёхла зь яе, абыходзiлi й аб'яжджалi яго, а перад прыходам "вызвольнiкаў" палiцыя загадала адно за агародамi езьдзiць, на вулiцах зусiм не паказвацца.

I апроч гэнай васьмёхлiтарнай мянушкi цi вядаў хто як завецца чалавек. Казалi, што пасьля першай «каляяжыхi» Манька ў iншых паноў i падпанкаў хаты прыбiрала, а пасьля на станцыю прыбiлася. Ад няпамятных, здаецца, часоў, была яна гэтта пад рукою, так яна так як гэна абшмулянае крэсла ў чакальнi, цi той рыначны плот, ля якога каней прывязвалi. Як той бяздомны цюцька, што iснаваў, здаецца, каб на яго тукнуць-гукнуць, гэтак i Манька. Казалi, што быццам некалi чатыры клясы прабэкала-прамэкала. Кажнаму на сустрэчу шырака рот адчыняла, ласкавае якое слова пачуць хацела, а зь яе сьмяялiся, у найлепшым выпадку зь лiтасьцю пазiралi.

Пайшла Манька ў моду, калi «вызвольнiкi» прыйшлi. Калi якi цягнiк, бывала, на станцыю прыходзiць, стаiць грудзi выпяцiўшы, быццам на прывiтаньне, Манька, круглымi вачамi лыпае, месяц-твар усьмешкай расплываецца. Расказваў нейкi мястэчкавы жартаўнiк: — Знаеш, гэта самае, уiжджаiць на гацкую станцыю поiзд i глядзiць здалёку, што Манька пiрад вакзалам стаiць. Крычыць тады, гэта самае, качагар машынiсту: Пазры, Ванька, унь барышня, сматры за цыцку паравозам нi зачапiся!

Натура Маньчына, як у сук уляпiў, да новых парадкаў пасавала. Думаць зусiм ня трэба было, усё прасьцюсенька й ясна. Поўнымi вялiкiмi грудзьмi чэрпала дзеўка паветра «асвабаждзеньня». Казалi людзi, каторыя ведалi, што Манька напралом у авангард адданых Сталiну «трудзяшчыхся» улiлася, ды ў сажалцы сталiнскай "народнай улады" як павярткая-крутая рыбка плёхалася. Iншыя-ж асалоду дэталяў смакавалi й цьвердзiлi, што працэс Маньчынага ўлiцьця ў Сосаву калатушку не такiм прасьцюсенькiм быў. Аблюбавалi, быццам, сваецкiя жаўнеры Маньчын мякiш. Ня перабольшвалi, мусiць, языкi людзкiя. Вядома-ж было, што Манька нiколi кавалера ня мела. Як-жа тады ей напярэймы гэнаму жыватворчаму «вызвольнаму» духу нi пайсьцi? Дый цi толькi духу?

Калi першыя кантаватасьцi «вызваленьня» абгладзiлiся, калi народ пачаў найясьнейшую пад сонцам ды найбольш сьветлую сталiнскую канстытуцыю практыкаваць, за выбарамi ў "народны сход западнай Бiларусii" прыйшла чарга на выбары ў гэтак званы "савет дзiпутатаў трудзяшчыхся беларускай савецкай сацыялiсьцiчаскай распублiкi". Побач зь iншымi партрэтамi й плякатамi, каторыя абляпiлi гацкiя платы й сьцены, зьявiўся круглы месяц Манькi Пiрапечкi. Напiс на плякаце заклiкаў: "Галасуйце за выдатнейшых людзей, перадавых прадстаўнiкоў рабочых i сялян, камунiстаў i беспартыйных. Марыя Iванаўна Кукiшка, кандыдат ад акругi х…"

Шматлiкiя людзi ўпяршыню даведалiся прозьвiшча "выдатнейшага чалавека, перадавога прадстаўнiка" Манькi Пiрапечкi. Мястэчкавыя жартаўнiкi ад зьдзiўленьня раты разявiлi. Ненадоўга. Новыя пераказы пра Маньчын прагрэс у "выдатнейшыя людзi" пачалi майстраваць. А дзеўка, як i цяпер, далей чысьцiла вагоны, лiчыла цягнiкi, шырака разяўляла дурнаватай усьмешкай рот.

— А што ты, Манька, загародзiш нам, цi што? — усьмiхнулася Дуня.

— Ды што вы мне, каб я загараджвала, хы-хы-хы, — разрагаталася дзеўка.

— Чаму-ж ты, Манька, такую работу робiш? Цябе-ж вунь у начальнiкi выбiруць, — жартаваў Янук.

— Таварыш Сталiн сказаў работаць, работаць i работаць, — ёмка адрэзала дзяўчына.

— А ён так сказаў? — пытаўся далей Янук.

— А ну канечна сказаў, чудак ты, хы-хы-хы.

— А ты, гэта самае, там была й чула?

— Ды разьвi нада было быць? Як савецкае начальства гаворыць, што сказаў, так палагаiцца верыць, што дзiсьцьвiцiльна сказаў. Ну нi так?

Мякiш абапёрся на мятлу й шэрыя вочы пазiралi на юнакоў проста й наiўна.

— А што таварыш Сталiн сказаў работаць? — цягнуў Янук.

— Ну як што… Эгэ! — усклiкнула Манька, — ты, сапляты, што гэта зь мяне кепiкi ўзяўся строiць? Ды я цябе, такую тваю…

Маньчын язык пачаў вярнуць прынесеныя маскоўскiя брыдоты. Сiпаты голас трос грудзi й здавалася, што неўзабаве мятла рынецца на Янукову галаву.

— Ну пiрастань, Манька, пiрастань, — намагалася суняць дзеўку Дуня. Скажу нам лепi, цi цябе ў дзiпутаты выбiруць.

— Канечна выбiруць, — без запыну адказала Пiрапечка.

— А хто табе казаў, што выбiруць?

— Ды як гэта хто? Сам таварыш Саладуха казаў, от хто.

Месяц зазьзяў трыюмфальным поглядам. Упэўненасьць гэтай дзеўкi нагадвала наiўна-дзiцяннае "мама казала, от хто".

— Дык ты мусiць тады проста ад падмятаньня паняй будзеш, як у дзiпутаты пападзеш, — кпiў Янук.

— Якой такой паняй?! Ты гэта што, ня чуў куды паноў вунь вязуць? Тамака яны ў тых вагонах выюць, iдзi паглядзi, — кiўнула дзеўка галавой у той бок, адкуль кагадзе юнакi ўцяклi. Твар ейны ўзгарэўся, спакойныя вочы заiскрылiся, ды ўсхадзiлiся вялiкiя грiдзi. Здавалася, што неўзабаве мякiш гэты, што тросься з паднечаньня як дрыгва, кiнецца на тых ненавiсных, выючых паноў. Жорсткая рэакцыя, што ажывiла гэту тушную й павольную асобу, мела асаблiвы камiчны выгляд.

— А гэта там у тых вагонах паны сiдзяць? — падмiргнуўшы Януку, цягнула Маньку за язык Дуня.

— Няўжо-ж хто, — адказала дзеўка.

— А якiя гэта паны? — пытаўся Янук.

— Ды чорт iх ведаiць якiя. Пасабiралi, панiмаiця, гэта барахло з маёнткаў, фальваркаў, адаўсюду…

— А калi iх iх пазьбiралi? Доўга так стаяць?

— Да ўжо нядзелю, верна, iлi болi, — адказала сiпатае альта.

— А есьцi iм даюць? Чаго яны выюць?

— Да я нi знаю. Верна нi даюць, да i нiкаво нi падпускаюць блiзка. I пускай здыхаюць, нашто iм есьцi…

— Дзецi там таксама ёсьцiка? — спытаў Янук.

— Верна ёсьцiка, — неахвотна ўжо буркнуў "выдатны чалавек". — Ды сказала я табе, есьлi хочаш узнаць дык пайдзi сам туды, а мяне нi спрашывай. Накога чорта яны мне…

— Нi распытвайся ты яе, — таўханула Янука Дуня. — Ня вiдзiш, што злуецца? Iдзём замарудзiлi, позна ўжо.

Янук зiрнуў на пульхную дзеўку, памяркаваў, што, мусiць, больш ужо зь яе ня выпампуеш, ды рушыў побач Дунi. Бокам абыйшлi вакзал i накiравалiся на галоўную вулiцу. Ужо шарэла й электрычныя лямпачкi на слупох зiхацелi млявым сьвятлом. Мароз адзываўся пад нагамi храбусткой скарынкай пачарнеўшага сьнегу й цяў коньчыкi вушэй, канцавiны рук i ног. Янук угледзеўся ў сустрэчную лямпу й здавалася яму, што кашаль-чханьне далёкае электрастанцыi, чутнае праз навакольны гоман, хлiпала на дроцiку лямпы. Доўгая канцэнтрацыя на сьвятле сьветчыла адно, што хлапец дзесьцi далёка думкамi блудзiў.

Енк у вагонах… i мiлы, знаёмы тварык… кастлявыя, сiнiя рукi… i блiзкi галасок… спагада й розум… Што гэта й адкуль? Недзе яно вязалася разам. I Янук прыгадаў. Раптоўна спынiўся й Дуню моцна за рукi таргануў.

— Дуня, ведаеш што?

— Ну што?

Янук маўчаў i шырокiмi, ледзь прытомнымi вачмi пазiраў у дзяўчынiны пытальныя васiлькi.

— Кажы што. Нi трасi мяне, гавары!

— Гэта самае… от што прыпомнiў я… Знаiш, хто тамака пэўня ў тых вагонах сядзiць?

— Ну?

— Я думаю, што яны тамака.

— Хто гэта яны?

— Ну гэтыя-ж Старажонкi, хто-ж… з Галавачоў. Нi знаiш? Iх-жа, кажуць, таксама забралi, з панамi разам, от як…

I Янук моцна, голасна зарагатаў. Дуня пазiрала на сябру й ня ведала што рабiць.

— З панамi! Чуеш? Бiда аж пiшчэла, галапупых поўная хата, а яны от не абы зь кiм, а зь вялiкiмi панамi ў Сiбiр паедуць. Чуеш, Дуня? Што ты на гэта скажаш, га?

Старажонкi — шматдзетныя арандатары вялiкага неўрадлiвага фальварку. Глiна, глей, падзолак. Колькi iх бралася, грызла, калупала зямлю ды, плюнуўшы, адыходзiла. I Старажонкi паласавацца хацелi. Бацька малы, чарнявы, як корч, цяглавiты рабацяга. Ужо сына старэйшага, гадоў зь пятнаццаць, да працы падпрагаў. У хаце дзяцей як бобу, васьмёрка, мусiць. Жартаваў тады нехта, што папа рымскi наказаў, каб каталiкi размнажалiся, дык Старажонак надта заўзята ватыканскiя наказы выконваў. Хата-ж у фальварку была вялiчынёю на якi тузiн.

Старажонкава Верачка, хлёсткая малая цацанька, разам зь Януком i Дуняй у адной клясе засёды першай вучанiцай была. Ды што там для яе праграма школьная! Цэлы, здавалася Бахмачу, неабсяжны лiтаратурны сьвет знала: i Мiцкевiча, i Сянькевiча, i Рэйманта, i Жаромскага, i Гётэ, i Бальзака, i Шэкспiра. Янук пра некаторых тых вялiканаў першы раз чуў, а Верачка-цацанька iхныя творы чытала. Мала таго. Гэта ад яе пачуў Янук Купалавы, Цётчыны й Коласавы вершы. Зь ёю на якую хочаш тэму гавары. Часта дзiвiўся Янук, што дзяўчо, як казалi, вялiчынёю з кукiш, а колькi разуму Бог ей даў.

— Што ты хочаш, каб я сказала? — глуха адазвалася Дуня, галаву апусьцўшы. — Мусiць таму ўзялi, што яны Палякi.

— Палякi? — перапытаў Янук.

— Ну, яны-ж каталiкi.

— Фэ, от i сказала, разумнiца, — скрывiўся Янук. — Цi ты ведаеш, што мне гэта цацанька-Верачка адзiн раз казала?

— Што?

— Казала, што ня ўсе каталiкi ёсьць Палякi. Тыя, каторыя гавораць пабiларуску й роджаныя тутака, дык яны Бiларусы, хоць i каталiкi. Яна гэтак казала. I ведаеш яшчо што?

— Ну?

— Казала цацанька-Верачка, што калi-б так было, як Палякi кажуць, значыцца, што ўсе каталiкi ёсьцiка Палякi, дык трэба было-б тады ўсiх французаў, Гiшпанцаў, Iтальянцаў ды цiмала яшчо якiх Палякамi папiсаць. Дык цяперака сама вiдзiш, што Палякi наўмысна лухту паролi, народ наш ашуквалi. Дык Старажонкi нiякiя нi Палякi, от як.

— Цацанька-Верачка, мусiць праўду казала, — згадзiлася Дуня.

— А от папалiся й паедуць на Сiбiр тую. I за што?

У Януковым уяўленьнi зьявiлася малое, недарослае на свае гады дзяўчо. Анельскi тварык, вельмi разумныя й заўсёды вясёлыя вочкi. Цяпер-жа тая дзяўчына-цацанька (мянушка надзвычайна трапна характарызавала яе ўдома i ў школе) недзе, як у клетцы, зь дзеткамi калее. А мо каторага на руках трымае? А можа ўжо памерзьлi, цi з голаду душу Богу аддалi?

Думка скаланула Янука марозам жахлiвейшым, чымся той, што цiснуў на захад сонца. Юнакi йшлi моўчкi. Янук зiрнуў на плот. Адтуль з плякатаў пазiраў месяц Манькi Пiрапечкi й гэны назойлiвы напiс: "Галасуйце за выдатнейшых людзей, перадавых прадстаўнiкоў…"

— Тпррррруу! — пачулася гулкае на дарозе. Дзядзька Захарук спынiў каня. — Ну сядайце! Чаго глядзiцё, як бараны на новыя вароты.

Не марудзячы, Янук зручна кульнуў Дуню за шырокiя дзядзькавы плечы й прымасьцiўся сам.

— Алi-ж дзядзька маладзец! Каб табе Бог здароўя поўныя прыгоршчы! пахвалiла Захарука Дуня.

— Но-о-о-о-о! — пагнаў гнядога гаспадар. — …йшоў, цюхцяй!

Дзядзька, скарэй лёганька пагладзiў, чым сьцебануў канёў зад i падатлiвы гняды, што ведаў кожны гаспадароў рух, трушком рушыў у дарогу. Ён бег так роўна й бязь нiякiх намаганьняў, што, здавалася, чалавек дзесьцi на мяккай раўнiне ў прасторы плыве.

— Захiнiцiся вы, жабоцькi, ато памерзьнiце, — загадаў вучням Захарук.

Пры хуткай язьдзе больш дацiнаў мароз.

— Надта-ж хлёсткага конiка, дзядзька, маеш, — пахвалiла Захаруковага гнядога Дуня.

— Ага, — буркнуў рыжавусы селянiн, — ён-жа нiчога-ткi…

— Што-ж чуваць, дзядзька Захарук?

— Эт, нiчога. Што ў вас?

— А дзядзiчка, а роднiнькi, каб ты вiдзiў, што мы сягоньнiка зь Януком вiдзiлi, — сказала прыцiшана-таямнiчым тонам, нахiлiўшыся да Захарукова вуха, Дуня.

Селянiн сьцямiў, што дзяўчына мае яму нешта важнае сказаць i таму пiльна прыслухоўваўся.

— Гэта-ж во тамака за станцыяй, з таго баку каля лесу два саставы вагонаў стаяць. Дык людзi тамака ў тых вагонах так стогнуць, так галосяць… Мы зь Януком са школы йшлi ды задумалi-ж гэта нацянькi праз поле дамоў… ажно тамака, чуем, выюць-галосяць, акасьцянелыя сiнiя рукi з вагонаў выцягваюцца… слабыя, хрыплыя галасы дзетак… такi крык i стогн, аж сэрца разрываiць, як блiзка падыйдзiш. Алi-ж хто падыйсьцi асьмелiцца… Янук i я аж аслупянелi, пачуўшы гэта, алi нас вартавыя з сабакамi даганялi, дык мы колька сiлаў мага, аж дух займала, давай наўцёкi…

— Гэта цi ня тыя будуць, каторых дзьве нядзелi назад пазабiралi, сказаў Захарук.

— Як гэта? — усхапiлася Дуня, — Дык iх так доўга галодных i на холадзе дзяржаць?

— А няўжо-ж, — адгукнуўся раўнадушна Захарук.

— А Божа-ж мой! — усклiкнула ўтрапённым голасам дзяўчына. — Бедным людзям нiхто не паможыць!

— От памажы… Паном нi варта памагаць, скула iм у бок, — з нацiскам спасьцярог Захарук. — Алi-ж там многа людзей, так сказаць нашага брата, нiвiнаватых нi ў чым. Дык як ты iм паможыш, каб i хацеў? Скарэй сам пападзешся. Кажаш, што за вамi гналiся. Як гналiся?

— Ынкавудэ з сабакамi, — пасьпяшыў адказаць Янук. — I яшчо крычэлi на нас.

— Дык от, будзьце асьцiражней другi раз, — параiў памяркоўны дзядзька.

— Гэта праўда, дзядзька Захарук, што iх ня кормяць i што ў холадзе яны мерзнуць? — спыталася Дуня.

— Так людзi кажуць.

— Дык яны-ж памерзнуць i з холаду паўмiраюць, — жахнулася дзяўчына.

Задуманы Захарук доўга глядзеў на вучняў, выняў з роту сьмярдзючы руды недакурак ды ёмка плюнуў пераз правае плячо.

Загрузка...