Увосень 1902 года група студэнтаў-беларусаў (Вацлаў Іваноўскі, Алаіза Пашкевіч, Іван Луцкевіч ды інш.) пачала ствараць у Пецярбурзе падпольную арганізацыю пад назовам Беларуская Рэвалюцыйная Партыя. Узімку 1902/03 года адбыўся з'езд прадстаўнікоў студэнцкіх і вучнёўскіх гурткоў Менска, Вільні і Пецярбурга, на якім была ўтвораная Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, пазней перайменаваная ў Беларускую Сацыялістычную Грамаду. Да ліку заснавальнікаў БСГ акрамя названых асобаў належалі Антон Луцкевіч, Алесь Бурбіс, Казімір Кастравіцкі, Аляксандар Уласаў, Вацлаў Ластоўскі ды інш. Сваёй найбліжэйшай задачай БСГ ставіла звяржэнне самаўладдзя і заваёву дэмакратычных свабодаў у хаўрусе з іншымі народамі Расейскага гаспадарства, а канчатковай мэтай — пабудову сацыялізму. Па нацыянальным пытанні ў першай праграме (1903 год) выказалася за стварэнне незалежнай Беларускай дэмакратычнай рэспублікі, а ў другой (1906 год) — за дзяржаўную аўтаномію Беларусі з Соймам у Вільні (у складзе Расейскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі) і культурна-нацыянальную аўтаномію для нацыянальных мяншыняў.
Лідэры БСГ прычыніліся да заснавання выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» ў Пецярбурзе і першых легальных газет на беларускай мове — «Нашай Долі» і «Нашай Нівы», якія выдаваліся ў Вільні. Пасля паразы першай расейскай рэвалюцыі БСГ фактычна спыніла дзейнасць і як партыя часова перастала існаваць. Яе актыў засяродзіўся вакол «Нашае Нівы», якая сталася цэнтрам згуртавання і выхавання нацыянальна сведамай інтэлігенцыі і нацыянальна-культурнага адраджэння народа.
Пасля акупацыі Вільні кайзераўскімі войскамі (1915 год) частка лідэраў БСГ (браты Луцкевічы, В.Ластоўскі) узначаліла «Беларускі камітэт дапамогі пацярпелым ад вайны» і выступіла з ідэяй адраджэння Вялікага Княства Літоўскага з Соймам у Вільні.
На тэрыторыі Беларусі, што знаходзілася пад уладай Расеі, БСГ аднавілася адразу пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Яна была галоўным арганізатарам з'езда прадстаўнікоў нацыянальных арганізацый у Менску ў сакавіку 1917 года, на якім было пастаноўлена аб стварэнні краёвай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расейскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі. Аднак Часовы расейскі ўрад адклаў развязанне гэтага пытання да Ўстаноўчага сходу.
Улетку 1917 года БСГ значна вырасла. Акрамя Беларусі яе арганізацыі дзейнічалі ў Петраградзе, Маскве, Кіеве, Адэсе, Саратаве, Казані, Гельсінгфорсе ды іншых гарадах. Лідэрамі яе ў гэтым часе былі В.Адамовіч, П.Бадунова, Я.Варонка, Я.Дыла, З.Жылуновіч, А.Прушынскі, С.Рак-Міхайлоўскі, А.Смоліч, Б.Тарашкевіч, А.Чарвякоў. Тады яна была найбольш масавай і ўплывовай партыяй у беларускім нацыянальным руху.
БСГ была адным з галоўных арганізатараў Першага Ўсебеларускага кангрэса ў Менску. Пасля яго разгону дзеячы нацыянальна-дэмакратычнага кірунку зрабілі высновы аб немагчымасці дзяржаўна-палітычнага развязання беларускага пытання ў хаўрусе з бальшавікамі і ўзялі ўдзел у стварэнні незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі (абвешчаная 25 сакавіка 1918 года), арыентуючыся на падтрымку спачатку Германіі, а пазней — Антанты. У сярэдзіне 1918 года з гэтага крыла БСГ аформіліся Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя і Партыя беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў.
Дзеячы левага кірунку на чале з А.Чарвяковым і З.Жылуновічам, выказаўшы пратэст супраць разгону Ўсебеларускага кангрэса, усё ж пайшлі на супрацоўніцтва з бальшавіцкімі ўладамі і настойліва пераконвалі іх у неабходнасці стварэння беларускай аўтаноміі на савецкай платформе ў рамках РСФСР. З гэтага крыла БСГ, якое складалі ў асноўным арганізацыі беларусаў-бежанцаў, рабочых, вайскоўцаў, інтэлігентаў, што жылі і працавалі ў Савецкай Расеі, увесну 1918 года пачалі ўтварацца беларускія секцыі РСДРП(б), якія групаваліся вакол Беларускага нацыянальнага камісарыята пры Наркамнацы РСФСР. Такім чынам, да лета 1918 года БСГ канчаткова распалася.