Берасцейская вунія — гэта пагадненне, падпісанае ў кастрычніку 1596 года на царкоўным саборы ў Берасці паміж найвышэйшымі праваслаўнымі і каталіцкімі герархамі Вялікага Княства Літоўскага.
Галоўная прычына, дзеля якой праваслаўная і каталіцкая цэрквы Вялікага Княства імкнуліся да ўз'яднання, — агульная патрэба супрацьстаяць даволі моцнаму на той час рэфармацыйнаму руху, які прыкметна ўплываў на жыццё вернікаў. Беларуская праваслаўная царква імкнулася да вуніі з каталіцкаю яшчэ й таму, што над ёю паўстала пагроза з боку ўтворанай у 1589 годзе Маскоўскай патрыярхіі, што абвясціла сябе пераемніцай улады Канстанцінопаля (у 1453 годзе ён быў заваяваны туркамі) і прэтэндавала на падпарадкаванне ўсіх земляў, населеных праваслаўнымі.
Урад Вялікага Княства гэтаксама падтрымліваў ідэю царкоўнай вуніі, бо разлічваў праз яе дасягнуць спакою ў гаспадарстве, спыніць нарастанне канфліктаў на рэлігійнай глебе.
Паводле ўмоваў пагаднення 1596 года праваслаўныя герархі атрымлівалі некалькі месцаў у Радзе Вялікага Княства, а гэтаксама прызнавалі над сабою выключную ўладу папы рымскага, дзякуючы чаму пазбаўляліся ад усялякіх прэтэнзіяў з боку маскоўскіх патрыярхаў. Разам з тым у праваслаўнай царкве Княства захоўвалася ўсходняе грэцка-візантыйскае набажэнства і рытуалы, заставаліся непарушнымі ўсе зямельныя ўладанні, у царкоўнай практыцы па-ранейшаму прадугледжвалася карыстанне старым юліянскім календаром.
Аднак не ўсе праваслаўныя дзеячы падтрымалі ідэю вуніі. Тады ж, у кастрычніку 1596 года, яны правялі ў Берасці свой сабор пад кіраўніцтвам патрыяршага экзарха Нічыпара, на якім адмежаваліся ад новай царквы. Праўда, пазней на працягу ХVІІ стагоддзя амаль усе праваслаўныя жыхары Вялікага Княства схіліліся да вуніяцтва.