17. Ці праўда, што літоўцы заваёўвалі Беларусь?


Міф пра «літоўскую заваёву» Беларусі мае даўную гісторыю, сягаючы ажно ў ХVІ стагоддзе. Паводле яго, у сярэдзіне ХІІІ стагоддзя літоўскія князі Эрдзівіл і Мінгайла, пакарыстаўшыся тым, што беларускія землі спустошаныя мангола-татарскім нашэсцем, заваявалі іх. І хоць пазней гістарычная навука высветліла, што не існавала ніякіх ні Эрдзівіла, ні Мінгайлы, як не было і мангола-татарскага нашэсця на Беларусь, але міф пра заваёву літоўцамі нашых земляў застаўся. Некрытычна ўспрыняты шмат якімі даследнікамі, ён такім чынам замацаваўся ў навуковай літаратуры. Замест Эрдзівіла і Мінгайлы былі знойдзены іншыя кандыдаты на ролю заваёўнікаў, у прыватнасці Міндоўг, які і да сённяшняга дня фігуруе ў гэтай ролі.

Найперш трэба ўразумець, што ў значнай ступені гэта адбываецца ад тэрміналагічнай блытаніны ў выніку атаесамлення старажытнага племя літва з сучаснай Літвою (Летувою). Узапраўды продкамі сучасных літоўцаў (летувісаў) былі жамойць, дзяволтва і некаторыя іншыя плямёны, якіх даўней беларусы звычайна называлі адным найменнем — жамойты (па назове больш моцнага племя).

Старажытная ж літва жыла на тэрыторыі Беларусі, у раёне верхняга Панямоння: паміж Менскам і Новагародкам з усходу на захад і ад Маладэчна да Слоніма з поўначы на поўдзень. Яна засяляла параўнальна невялікую гістарычную вобласць Беларусі побач з Полацкай, Тураўскай і Новагародскай землямі.

Паколькі Новагародскае княства к сярэдзіне ХІІІ стагоддзя дасягнула высокага эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця, то яно і ўзяло ў свае рукі справу аб'яднання беларускіх земляў. Далучэнне літвы — першы крок у ажыццяўленні новагародскай аб'яднаўчай палітыкі. Гэта было зроблена з дапамогаю Міндоўга, які з'явіўся ў Новагародку выгнаны супернікамі з сваіх уладанняў, гэтак званай «літвы Міндоўга» (яна знаходзілася ў раёне сучасных Баранавічаў). Прыязна прыняты ў Новагародку, ён быў ахрышчаны ў 1246 годзе ў праваслаўе і абраны князем. Як адзначыў Іпацеўскі летапіс, Міндоўг неўзабаве «зане літву», што адпавядала стратэгічным мэтам Новагародка.

Аднак у выніку агрэсіі галіцка-валынскіх князёў Новагародку на гэты раз не ўдалося ўтрымаць літву. Яе канчаткова прыяднаў у 1263–1264 гадах сын Міндоўга Войшалк, што і з'явілася адным з першых крокаў на шляху ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага.

Толькі ўлічваючы ўсё адзначанае, і можна вытлумачыць, чаму Новагародак стаўся першай сталіцай Вялікага Княства. Адсюль, з верхняга Панямоння, дзе знаходзілася старажытная літва, і пайшло найменне новай дзяржавы.

Тое, што ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага суправаджалася заваёваю балцкіх плямёнаў (нальшчанаў, дзяволтвы, а пазней і жамойці), знішчэннем і выгнаннем іх феадалаў, адхіляе пашыранае ў навуцы сцверджанне, што ўзнікненне гэтае дзяржавы дыктавалася іх інтарэсамі. Як бачым, якраз наадварот, — яно было ў інтарэсах беларускіх феадалаў, што і характэрызуе гэтую дзяржаву як беларускую. Нездарма ж далейшае збліжэнне беларускіх земляў у працэсе станаўлення Вялікага Княства ішло мірным шляхам. Адсюль зразумела, чаму ў Вялікім Княстве Літоўскім панавальнае месца заняла беларуская культура, а дзяржаўнай мовай стала беларуская.

Такім чынам, ніякай «літоўскай заваёвы» Беларусі не было. У сапраўднасці нашыя продкі, далучыўшы старажытную літву да Новагародка, заклалі тым сама падмурак сваёй новай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага.


Загрузка...