Уздымны, апагейны перыяд развіцця нашае дзяржавы і культуры прыпаў на ХV-ХVІ стагоддзі. Першадаследнікі залатога веку, перадусім Вацлаў Ластоўскі, Усевалад Ігнатоўскі, Максім Гарэцкі, звязвалі яго з найбуйнейшым росквітам нашае старадаўнае культуры, найперш з дзейнасцю Францішка Скарыны, яго выданнем кніг у Празе (1517–1519) і ў Вільні. Сучасныя ж даследнікі ў актыў плёну прыгожага пісьменства нашага залатога веку залічваюць багатую спадчыну не толькі на старабеларускай і царкоўнаславянскай мовах, але й на лаціне — мове ўсёй сярэднявечнай Эўропы. Пры гэтым маюцца на ўвазе такія выдатныя творы, як «Пруская вайна» (1516) Яна Вісліцкага і «Песня пра зубра» (1519) Міколы Гусоўскага.
Залатая пара нашае культуры была знітаваная не толькі з Рэнесансам, але й з Рэфармацыяй, дзейнасцю такіх слынных асобаў, як Мікалай Радзівіл Чорны, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі.
У ХVІ стагоддзі ў Беларусі ўзнікла мноства навучальных установаў. У Вільні, Нясвіжы, Берасці, Лоску, Любчы, Цяпіне ды Венграве паўсталі друкарні, вакол якіх утвараліся цэлыя літаратурныя школы. Прадукцыя нашых друкароў карысталася шырокім попытам не толькі ў Вялікім Княстве, але і ў краінах Заходняй Эўропы.
Значнымі былі дасягненні нашых продкаў у навуцы. Асабліва развіваліся лінгвістыка, гісторыя, геаграфія, астраномія, матэматыка і медыцына. А юрыдычная думка Беларусі ў ХVІ стагоддзі, як вядома, дасягнула найвышэйшага ў Эўропе роўню. Ніводная з тагачасных краінаў не мела гэткага дасканалага заканадаўства, як Беларусь, аб чым красамоўна сведчыць змест Статутаў 1529, 1566 і 1588 гадоў.
Эпоха Рэнесансу ў Беларусі пазначана небывалым узлётам мастацтва. У нас у тым часе ўзніклі першыя прафесійныя тэатры, развіваецца музычнае мастацтва, з'яўляецца свецкі партрэтны жывапіс — прыкмета высокага роўню развіцця мастацкай творчасці. У ХVІ стагоддзі ўдасканальваецца іканапіс, скульптура, дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва, гравёрнае майстэрства.
У залатую пару нашае дзяржавы надзвычай хуткімі тэмпамі развіваецца горадабудаўніцтва і дойлідства. Менавіта тады былі пабудаваныя перліны нашае архітэктуры: Траецкі касцёл у Ішкалдзі, Святадухаўская царква ў Кодзені, Барысаглебская царква ў Новагародку, фарны касцёл у Горадні, касцёлы Святой Ганны і бернардзінцаў у Вільні, шэдэўры сусветнага дойлідства цытадэлі-бажніцы ў Супраслі, Мураванцы, Сынковічах, рэфармацкія зборы ў Смаргоні, Заслаўі, Асташыне, абарончыя сістэмы замкаў у Міры, Нясвіжы, Новагародку…
У эпоху Рэнесансу ў Беларусі адбывалася далейшае развіццё металургічнай і цагельнай вытворчасці, шматлікіх рамёстваў. Узнікла новая, больш дасканалая арганізацыя працы, утварыліся рамесніцкія цэхі, дзе існаваў прынцып спецыялізацыі і падзелу працы.
Такім чынам, залаты век у гісторыі беларусаў быў. І быў ён залаты найперш багаццем творчага плёну, яго шматграннасцю, абсягам, пафаснасцю ўсяго створанага, светлай ідэяй Асветніцтва, высокім патрыятызмам, чалавекалюбствам; быў і застаўся залатым сваёй векапомнасцю, аграмаднасцю традыцый, грунтоўнасцю зацверджання беларусаў у свеце.