91. Як беларусы змагаліся супраць расейскага панавання?


Існуе думка пра нібыта адвечную санлівую пакорлівасць нашага народа. Аднак не хто-небудзь іншы, а якраз нашыя продкі на працягу няпоўных ста гадоў пасля захопу Беларусі Расеяй тройчы браліся за зброю, каб вырвацца са смяротных абдымкаў імперыі.

Увесну 1794 года беларусы разам з палякамі і жамойтамі падняліся на паўстанне, якое ўзначаліў наш зямляк Тадэвуш Касцюшка. На беларускіх землях барацьбой кіраваў палкоўнік Якуб Ясінскі. Ён хацеў знішчыць прыгон, пісаў па-беларуску звернутыя да сялян вершаваныя пракламацыі. Змагары спявалі «Песню беларускіх жаўнераў»:

Помнім добра, што рабілі,

Як нас дзёрлі, як нас білі.

Докуль будзем так маўчаці?

Годзе нам сядзець у хаце!

Нашто землю нам забралі?

Пашто ў путы закавалі?

Дочкі, жонкі нам гвалцілі.

Трэ, каб мы ім заплацілі!

Коней нам пазаязджалі,

Што хацелі, то і бралі.

Пойдзем жыва да Касцюшкі,

Рубаць будзем маскалюшкі!


Паўстанцы ўзялі ўладу ў Вільні, Горадні, Наваградку, Берасці, Слоніме, Пінску, Ваўкавыску, Кобрыні, Ашмяне, Лідзе, Браславе. Але сілы былі няроўныя. Загартаваная ў захопніцкіх паходах царская армія, на чале якой стаяў А.Сувораў, задушыла паўстанне.

Барацьба з царскай уладаю, што зрабіла Беларусь калоніяй, не спынялася. Віленская студэнцкая моладзь стварыла таемнае таварыства філаматаў, моцная філія якога дзейнічала ў Полацкай піярскай вучэльні. Беларускі паэт і рэвалюцыянер Францішак Савіч у 1836 годзе арганізаваў у Віленскай медычна-хірургічнай акадэміі нелегальнае «Дэмакратычнае таварыства», якое працягвала традыцыі разгромленых царызмам у 1823 годзе філаматаў.

У 1831 годзе Беларусь падтрымала антырасейскае паўстанне ў Польшчы. Найбольш чынная барацьба разгарнулася ў Ашмянскім, Браслаўскім, Дзісенскім і Віленскім паветах, а таксама ў ваколіцах Белавежскай пушчы. Трохтысячны шляхоцка-сялянскі аддзел заняў і колькі дзён утрымліваў горад Дзісну. На памежжы Віцебскай і Віленскай губерняў паспяхова дзейнічаў палявы аддзел, створаны 25-гадовай графіняй Эміліяй Плятэр, вядомай беларускай фалькларысткай. Пераапрануўшыся ў мужчынскае адзенне, яна і сама ўдзельнічала ў баях з расейскімі акупантамі.

Царызм задушыў паўстанне і ўзмацніў каланіяльны ўціск. Былі зачыненыя Віленскі ўніверсітэт ды іншыя навучальныя ўстановы, а таксама шэраг вуніяцкіх кляштароў, бо беларускае грэцка-каталіцкае духавенства падтрымлівала паўстанцаў.

Але рэпрэсіі не паставілі народ на калені. У студзені 1863 года беларусы, як і іх браты па няволі ў Жамойці і Польшчы, зноў узяліся за зброю. У Беларусі паўстаннем кіраваў Кастусь Каліноўскі. Разам з паплечнікамі ён выдаваў па-беларуску газету «Мужыцкая праўда», якая выкрывала расейскую палітыку на паняволенай зямлі і клікала народ на змаганне. «Падумайце добра да, памаліўшыся Богу, станьма дружна за нашу вольнасць! Нас цар ніц не падмане, — не падвядуць маскалі: няма для іх у нашых сёлах ні вады, ні хлеба, для іх мы глухія і нямыя — нічога не бачылі і не чулі», — пісаў ён у адным з нумароў газеты пад псеўданімам «Яська-гаспадар з-пад Вільні».

Напачатку паўстанцы здолелі атрымаць некалькі значных перамогаў. Аддзел начальніка Магілеўскай губерні Людвіка Звяждоўскага заняў горад Горкі. Паўстанцы авалодалі мястэчкам Свіслач і напалі на Ружаны.

Расейскім уладам удалося падмануць значную частку беларускага сялянства (асабліва на ўсходзе Беларусі), якое паверыла, што «паны змагаюцца за вяртанне прыгону», а таму не падтрымала паўстанцаў. Ва ўсходнебеларускіх губернях паўстанне было задушана ў траўні, але на захадзе асобныя аддзелы змагаліся з карнікамі да канца 1863 года.

Царызм жорстка расправіўся з барацьбітамі за свабоду Бацькаўшчыны. Пакараных ваенна-палявымі судамі і без судоў у «Паўночна-Заходнім краі» налічвалася 18,5 тысяч. 128 паўстанцаў былі расстраляныя або павешаныя, 853 пайшлі на катаргу, 11 502 — у ссылку.

Нягледзячы на рэпрэсіі, жорсткі прыгнёт і русіфікацыю, ідэя нацыянальнага вызвалення, за якую змагаліся беларусы, працягвала жыць. У 1884 годзе ў Пецярбурзе пачаў выходзіць часопіс «Гомон», які быў органам беларускай фракцыі рэвалюцыйнай арганізацыі «Народная воля». «Гоманаўцы» вялі гаворку пра існаванне беларускай нацыі і патрабавалі яе самастойнасці пасля знішчэння царызму. Заснавальнікам сваёй фракцыі яны лічылі нашага земляка шляхціча Ігната Грынявіцкага, які ў 1881 годзе, выконваючы прысуд «Народнай волі», забіў расейскага цара Аляксандра ІІ.


Загрузка...