Праз паўмесяца пасля абвяшчэння БССР, 16 студзеня 1919 года, ЦК РКП(б) з удзелам У.І.Леніна пастанавіў «выдзеліць» з БССР Смаленскую, Віцебскую і Магілеўскую губерні, далучыўшы іх да РСФСР, а на тэрыторыі Менскай, Гарадзенскай і Віленскай губерняў утварыць Літоўска-Беларускую ССР. Такім чынам, БССР фактычна ліквідавалася. Анексія Смаленшчыны, Віцебшчыны і Магілеўшчыны была аформлена на пачатку 1919 года рашэннямі адпаведных губернскіх з'ездаў Саветаў. Пагадзіўся з ёю пад націскам бальшавікоў і І Усебеларускі з'езд Саветаў, які адбыўся на пачатку лютага 1919 года ў Менску. У ліпені 1920 года БССР была абвешчана бальшавікамі другі раз, але толькі ў межах шасці паветаў былой Менскай губерні агульнай плошчай 52,4 тыс. кв. км.
Далі шэсьць паветаў…
Ну, дзякуй за гэта, -
засталіся з таго часу ў памяці людзей словы Янкі Купалы.
На пачатку 20-х гадоў уся ўсходняя Беларусь заставалася ў складзе РСФСР. Толькі ў сакавіку 1924 года ў адказ на настойлівыя патрабаванні ўрада БССР Усерасейскі ЦВК прыняў пастанову аб перадачы Беларусі шэрагу паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губерняў (Полацкага, Віцебскага, Гарадоцкага, Магілеўскага, Горацкага, Рагачоўскага, Быхаўскага, Клімавіцкага, Чавускага, паловы Амсціслаўскага). У снежні 1926 года да БССР былі далучаныя Гомельскі і Рэчыцкі паветы. Аднак і пасля гэтага ў складзе РСФСР засталіся значныя тэрыторыі Віцебшчыны, Смаленшчыны і Браншчыны з беларускім насельніцтвам. Не вернутыя яны Беларусі да сённяшняга дня.