Паўлаўская рэспубліка — гэта дзяржаўнае міні-ўтварэнне (накшталт тых, што і сёння ёсць у Эўропе, — Манака, Андора, Сан-Марына ды інш.), якое існавала на беларускай зямлі ў апошняй трэці ХVІІІ — на пачатку ХІХ стагоддзя.
Стваральнікам Паўлаўскай Рэчы Паспалітай, як яна афіцыйна менавалася, быў прадстаўнік старадаўнага беларускага шляхоцкага роду Павел Ксавер Берастоўскі (Бжастоўскі). У сакавіку 1767 года ў сваім маёнтку Мерач (што знаходзіўся на поўдзень ад Вільні, на рацэ Мерачанцы) пад уплывам ідэяў філосафа-асветніка Жана Жака Русо, а таксама сацыялістаў-утапістаў Томаса Мора, Анры Сэн-Сімона ды іншых абвясціў сялянскую рэспубліку і распачаў прагрэсіўныя на той час рэформы. Прыгонныя атрымалі асабістую вольнасць і з паншчыны былі пераведзеныя на чынш (гэтак называўся натуральны або грашовы падатак), а ўлада была перададзеная сялянскай грамадзе.
У 1791 годзе Сойм Вялікага Княства Літоўскага зацвердзіў Статут (г. зн. канстытуцыю) Паўлаўскай рэспублікі. Паводле яго, кожны жыхар лічыўся раўнапраўным грамадзянінам, меў зямлю і права быць абраным на якую заўгодна дзяржаўную пасаду. Заканадаўчая ўлада належала двухпалатнаму сойму, выканаўчая — міністэрствам, прычым усе пытанні вырашаліся бальшынёй галасоў. Пажыццёвым прэзідэнтам быў абраны П.К.Берастоўскі.
Паўлаўская рэспубліка мела школу, шпіталь і банк. Існавалі ўсе атрыбуты дзяржаўнасці: сцяг, герб, уласныя металёвыя грошы. Было створанае і войска з адметнаю ўніформаю, а ў выпадку вялікай небяспекі склікалася народнае рушанне.
Сацыяльны эксперымент Паўла Ксавера Берастоўскага стаўся даволі даўгавечным: Паўлаўская рэспубліка існавала больш за паўстагоддзя — да 1824 года. Гэты гістарычны факт — як рэальная спроба ажыццяўлення ідэяў свабоды, роўнасці, народаўладдзя — з'яўляецца для нас сведчаннем даўных дэмакратычных традыцый нашага народа.