Стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі было заканамерным этапам у развіцці нацыянальна-вызвольнага руху ў Беларусі пачатку ХХ стагоддзя. Усебеларускі кангрэс, які адбыўся ў снежні 1917 года, выказаўся за аўтаномную рэспубліку Беларусь у складзе федэратыўнай савецкай Расеі. Але нават такая пастанова выклікала абурэнне кіраўнікоў бальшавіцкай партыі, і яны, як вядома, выкарысталі сілу. У 1918 годзе лідэр бальшавікоў «Западной области» В.Кнорын пісаў: «Мы считаем, что белорусы не являются нацией и что этнографические особенности, которые их отделяют от остальных русских, должны быть изжиты». Рада і Выканаўчы камітэт, абраныя кангрэсам, былі тады адзінымі прадстаўнікамі інтарэсаў беларусага народа.
У лютым-сакавіку 1918 года гэтая Рада была папоўненая прадстаўнікамі з месцаў і пераўтвораная ў беларускі парламент — Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Выканаўчы камітэт стаў урадам БНР, які называўся Народным Сакратарыятам. У яго ўвайшлі Язэп Варонка, Алесь Бурбіс, Іван Серада, Васіль Захарка, Аркадзь Смоліч, Пётра Крэчэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц.
25 сакавіка 1918 года ў 3-й Устаўной грамаце Рады БНР Беларусь абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай. Устанаўліваўся 8-гадзінны працоўны дзень; лясы, азёры і нетры нацыяналізаваліся; зямля без выкупу перадавалася тым, хто на ёй працуе. Абвяшчалася вольнасць слова, друку, сходаў, забастовак, веравызнання, незачэпнасць асобы і памяшкання. Нацыянальным мяншыням на беларускай зямлі не было гвалту: яны мелі права на нацыянальна-персанальную аўтаномію.
Беларускую Народную Рэспубліку афіцыйна прызналі Ўкраіна, Турэччына, Фінляндыя, Аўстрыя, Чэхаславаччына, Летува, Эстонія, Латвія, Польшча, Арменія, Грузія.
Пры канцы лютага ў Менск, дзе знаходзіўся ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі, прыйшлі войскі кайзераўскай Нямеччыны. Яны забралі касу Народнага Сакратарыята, сарвалі з яго будынка бел-чырвона-белы сцяг, выгналі службоўцаў. Лідэры БНР былі папярэджаныя, што акупацыйныя ўлады не дапусцяць у Беларусі сур'ёзнай палітычнай дзейнасці. Паводле дамоўленасці з бальшавікамі ў Берасці, немцы абавязаліся не прызнаваць новых дзяржаўных утварэнняў на тэрыторыі былой Расейскай імперыі.
Урад БНР не прытрымліваўся ў сваёй дзейнасці і польскіх інтарэсаў. Ён катэгарычна адхіляў прэтэнзіі заходняга суседа на беларускія землі. «Старшыня Беларускай Рады п. Луцкевіч, прыбыўшы нядаўна ў Варшаву, хоча выратаваць фікцыю беларускай дзяржаўнасці і вядзе перамовы з польскім урадам. Урад без асаблівай ахвоты вядзе перамовы», — гэтак, пагардліва для беларусаў, адзначалася на з'ездзе інструктараў польскай ваенізаванай арганізацыі «Страж крэсова» ў верасні 1919 года.
Такім чынам, урад БНР дбаў толькі пра інтарэсы сваіх грамадзян, беларускага народа. Лічыць Беларускую Народную Рэспубліку марыянеткай Нямеччыны, Польшчы ці якой іншай дзяржавы няма ніякіх падставаў.