Акрамя Рэспублікі Беларусь, дзе яны складаюць блізу 80 адсоткаў, найбольш кампактна беларусы жывуць на Беласточчыне, Віленшчыне, Латгальшчыне, Пскоўшчыне, Смаленшчыне і Браншчыне. Але варта зазначыць, што яны там не эмігранты, а спрадвечныя жыхары на сваёй этнічнай тэрыторыі, на сваёй зямлі.
Пакідаць радзіму беларусаў вымушалі розныя прычыны, але перадусім эканамічныя і палітычныя. Найбольш масавая эміграцыя пачалася пры канцы ХІХ стагоддзя. Паскоранае развіццё капіталізму абумовіла тады міграцыю сялян і дробных вытворцаў дзеля лепшага заробку і набыцця зямлі. Сотні тысяч беларусаў пераязджалі ў Сібір, у буйныя прамысловыя гарады Расеі (гэтак, толькі за перыяд з 1896 да 1912 года ў Сібір перасяліліся з Беларусі 717 тысяч чалавек). За межамі Расейскай імперыі нашых суайчыннікаў найбольш прыцягвалі Злучаныя Штаты Амерыкі, Канада, Аргенціна і Бразілія.
Першая сусветная вайна, гвалтоўная эвакуацыя, рэвалюцыя і бальшавіцкія рэпрэсіі раскідалі масы нашых людзей па абшарах Расеі.
Жорсткасць і помслівасць савецкай улады прымусіла стваральнікаў і актыўных прыхільнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі падацца на эміграцыю ў Летуву, Латвію, Польшчу, Чэхаславаччыну і Нямеччыну.
У міжваенным перыядзе (1921–1939 гады) дзесяткі тысяч выхадцаў з Заходняй Беларусі ў пошуках лепшае долі накіраваліся ў Канаду, Аргенціну, Уругвай, Парагвай і Бразілію.
У часе Другой сусветнай вайны больш за 300 тысяч беларусаў апынулася ў Нямеччыне, Аўстрыі ды іншых заходнеэўрапейскіх краінах. Многія з іх затым перасяліліся ў ЗША, Канаду і Аўстралію, утварыўшы новыя цэнтры беларускай эміграцыі.
За мяжою засведчылі сваю жыццяздольнасць арганізацыі нашых суродзічаў «Згуртаванне беларусаў у Вялікабрытаніі», «Згуртаванне беларусаў у Канадзе», «Беларуска-амерыканскае задзіночанне», «Беларускае аб'яднанне ў Аўстраліі», «Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі», «Беларускае нацыянальнае аб'яднанне ў Канадзе», «Беларускі саюз моладзі ў Канадзе».
Найбуйнейшымі цэнтрамі навукова-культурнага жыцця эміграцыі сталіся Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку (выдае навуковыя «Запісы»), Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе, Беларуская бібліятэка і музей імя Ф.Скарыны ў Лондане, Беларускі (Вялікалітоўскі) фонд імя Л.Сапегі ў ЗША, Ангельска-беларускае таварыства (выдае «Часопіс беларускіх даследванняў» на ангельскай мове).
Згуртаванню беларусаў на эміграцыі, развіццю іх нацыянальнай сведамасці і культуры спрыяюць і папулярныя перыядычныя выданні, сярод якіх найбольш значныя газета «Беларус» (Нью-Ёрк, выдаецца з 1950 года) і часопіс «Беларуская думка» (Саўт-Рывэры, з 1960 года).
Беларуская эміграцыя дала свету таленавітых спевакоў (Пётра Конюх, Міхась Забэйда-Суміцкі, Мікола Стрэчань), кампазітараў (Мікола Равенскі, Мікола Куліковіч-Шчаглоў, Эльза Зубковіч), мастакоў (Віктар Жаўняровіч, Уладзімір Шыманец, Зміцер Чайкоўскі), паэтаў (Наталля Арсеннева, Алесь Салавей, Масей Сяднёў ды інш.). У сем'ях беларускіх эмігрантаў нарадзіліся і Алія Клеч (Пашкевіч) — вядучы мастак «Дыснэйленду», і Ўэйн Грэцкі — «зорка» паўночнаамерыканскага хакею.
Можна толькі ганарыцца, што беларусы паходжаннем гэтакія славутыя вучоныя, як Барыс Кіт — спецыяліст у галіне ракетнай тэхнікі, узнагароджаны Залатым медалём Германа Обэрта, былы дарадчык урада ЗША ў галіне развіцця астранаўтыкі, акадэмік Сусветнай акадэміі астранаўтыкі; Ілля Прыгожын — прэзідэнт Бельгійскай каралеўскай Акадэміі навук, літаратуры і прыгожых мастацтваў, дырэктар Міжнароднага інстытута фізікі і хіміі ў Сальвэ, лаўрэат Нобелеўскай прэміі 1977 года па хіміі.