52. Што такое Рэфармацыя?


Рэфармацыя (ад лацінскага reformatio — пераўтварэнне, выпраўленне) — шырокі грамадскі і рэлігійны рух, які пачаўся з дзейнасці Яна Гуса (1371–1415) у Чэхіі і Марціна Лютэра (1483–1546) у Нямеччыне. Ён узнік як пратэст (адсюль яго другі назоў — пратэстанцтва) супраць каталіцкага касцёла, перадусім масавага продажу індульгенцыяў (набыццё якіх нібыта пазбаўляла чалавека ад грахоў), маральнай разбэшчанасці герархаў, неапраўдана жорсткай царкоўнай дысцыпліны, строгай падпарадкаванасці папу рымскаму.

У Вялікім Княстве Літоўскім з рэфармацыйнымі ідэямі ўпершыню выступіў Геранім Пражскі, паплечнік Яна Гуса. З дазволу Вітаўта Вялікага ён у 1413 годзе прамаўляў свае казанні перад месцічамі Вільні і Віцебска. Пазней, у ХVІ стагоддзі, рэфармацыйнае вучэнне ахапіла шырокія грамадскія колы, на нашых землях імкліва пашыраліся амаль усе яго плыні — лютаранства, кальвінізм, сацыніянства (або арыянства) ды інш.

Рэфарматы ажыццявілі шэраг пераўтварэнняў у царкоўным жыцці. Яны спрасцілі царкоўнае набажэнства, памянялі некаторыя абрады, адмовіліся ад аздаблення храмаў, багатай рытуальнай адзежы, званоў, свечак, перасталі пакланяцца абразам і мошчам святых, амаль усе малітвы (з выняткам «Ойча наш») абвясцілі непатрэбнымі, прапанавалі новае тлумачэнне Бібліі, пазбавіліся святароў, якіх замянілі настаўнікі. Тэарэтыкі Рэфармацыі адстойвалі ідэі сацыяльнай справядлівасці, патрабавалі свабоды слова, асуджалі тыранію, дэспатызм, праявы анархізму. Яны з'яўляліся цвёрдымі прыхільнікамі прававой дзяржавы, дамагаліся свабоднай працы, духоўнага і фізічнага разняволення кожнага чалавека.

Ідэі рэфарматаў былі надзвычай прывабнымі, прычым для ўсіх сацыяльных колаў. Не выпадкова ў сярэдзіне ХVІ стагоддзя да рэфармацыйнага руху далучыліся амаль усе магнацкія і князеўскія роды Беларусі, а таксама шматлікія шляхоцкія дынастыі. Да тых або іншых плыняў Рэфармацыі належалі многія дзяржаўныя і палітычныя дзеячы, багасловы, філосафы, пісьменнікі, сярод якіх такія славутасці, як Мікалай Радзівіл Чорны, Астафей Валовіч, Леў Сапега, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Андрэй Валян, Саламон Рысінскі, Андрэй Рымша, Гальяш Пельгрымоўскі і сотні іншых. Пазней, з пачаткам Контррэфармацыі (у другой палове ХVІ-ХVІІ стагоддзі), бальшыня іх перайшла ў каталіцтва.

Рэфармацыйны рух пакінуў глыбокі след у нашай гісторыі і культуры. Рэфарматы збудавалі блізу 250 збораў (храмаў), заснавалі і на свае сродкі ўтрымлівалі некалькі дзесяткаў пачатковых школаў, а таксама знакамітую Івейскую арыянскую акадэмію, рэктарам якой доўгі час быў вучоны і пісьменнік Ян Ліцыній Намыслоўскі. Годнае месца ў іхных навучальных установах займала беларуская мова, на якой прамаўлялі казанні, пісалі кнігі. У Берасці, Нясвіжы, Венграве, Лоску, Вільні, Уздзе, Ашмянах, Слуцку і Любчы працавалі пратэстанцкія друкарні, дзе на працягу ХVІ-ХVІІ стагоддзяў былі надрукаваныя сотні твораў айчынных і замежных аўтараў на беларускай, польскай, лацінскай і грэцкай мовах.

Наагул жа беларускія рэфарматы выступалі з шырокай адукацыйна-асветнай праграмай, у аснову якой былі пакладзеныя гуманістычныя прынцыпы гарманічнага суіснавання ўсіх грамадскіх станаў, шырокай асветы простых людзей. У ХVІІ стагоддзі нашы рэфарматы, аднак, мусілі спыніць сваю дзейнасць, найперш дзеля матэрыяльнай нястачы і няздольнасці канкураваць з больш моцнымі плынямі хрысціянства. У некаторых жа іншых краінах, напрыклад Швецыі, Нарвегіі, Даніі, Англіі, пратэстанцтва ўмацавалася і па сутнасці стала нацыянальнай рэлігіяй.


Загрузка...