20. Хто такі Гедзімін?


Гедзімін быў сынам вялікага князя Віценя і ўзышоў на вялікакняскі пасад у 1316 годзе пасля смерці бацькі. Пачатак яго княжання быў пазначаны перамогай над крыжакамі пад Жэймамі. Каб супрацьстаяць Ордэну, вялікі князь узводзіць шэраг замкаў на паўночным захадзе Беларусі (у Троках, Вільні, Медніках, Новагародку, Лідзе, Мядзеле). Ён жа пераносіць сталіцу Вялікага Княства з Новагародка ў Вільню — старадаўні цэнтр крывіцкай каланізацыі, які напачатку меў назоў Крывічгорад, — і будуе там замак. У 1320 годзе каля Меднікаў Гедзімін на чале беларускага войска зноў разбіў крыжакоў. Але дасягнуць перамогі над Ордэнам, спадзеючыся толькі на зброю, было немагчыма, таму ён актыўна падтрымліваў варожых крыжакам Рыгу, Пскоў і Польшчу.

Шукаў Гедзімін і міжнароднага прызнання Вялікага Княства і з гэтай мэтаю паслаў грамату да папы рымскага Яна ХХІІ, у якой паведамляў, што жадае прыняць хрысціянства паводле заходняга абраду, а таксама ахрысціць паганцаў у сваёй дзяржаве. Але планы Гедзіміна не знайшлі падтрымкі як сярод праваслаўных, так і сярод прыхільнікаў паганства ў Вялікім Княстве. Акрамя таго, яны не адпавядалі і палітычным інтарэсам Ордэна крыжакоў, бо касавалі «падставу» іхнай экспансіі на ўсход. І вялікі князь мусіў адмовіцца ад сваёй задумы.

Следам за сваімі папярэднікамі Гедзімін працягваў палітыку аб'яднання беларускіх земляў, умацавання нашага гаспадарства. У часы яго валадарання ў склад Княства ўвайшлі Менская, Віцебская, Турава-Пінская землі. Палітычная мудрасць Гедзіміна выявілася ў тым, што новым землям ён гарантаваў захаванне традыцыйных законаў — «старыны не рушыць, навіны не ўводзіць».

Загінуў Гедзімін пад час штурму нямецкага замка Баербург у 1341 годзе.


Загрузка...