Бальшавікі імкнуліся да стварэння імперыі, у якой усё было б аднолькавае, стандартнае. Ім належыць ідэя «зліцця моваў», г. зн. пераходу ўсіх народаў на расейскую мову. Першы этап гэтага зліцця — «збліжэнне» моваў, якое праводзілі прымусовымі, рэпрэсіўнымі метадамі.
Беларуская літаратурная мова адрадзілася ў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Складаліся граматыкі, слоўнікі, стваралася навуковая тэрміналогія. Але праца гэтая не была завершаная. Пры канцы 20-х гадоў бальшавіцкія ўлады абвінавацілі мовазнаўцаў у шкодніцтве і за некалькі хваляў рэпрэсіяў вынішчылі фізічна. Сярод знішчаных — Браніслаў Тарашкевіч, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік, Сцяпан Некрашэвіч, Мікола Байкоў ды іншыя.
«Варожымі» былі абвешчаныя і іхныя працы, у тым ліку пастановы Акадэмічнае канферэнцыі па рэформе правапісу 1926 года, праект рэформы правапісу 1930 года. У 1933 годзе беларускай мове паспешліва, без грамадскага абмеркавання, дэкрэтам навязалі бальшавіцкую рэформу. Мэтай яе было «ліквідаваць штучны бар'ер паміж беларускай і рускай мовамі», г. зн. спыніць развіццё беларускай мовы, пазбавіць яе непаўторнага аблічча. Скасавалі мяккі знак, які абазначаў памякчэнне (песьня — песня, зьява — з'ява), сталі пісаць не як чуецца, а на расейскі лад (чэскі — чэшскі, ня быў — не быў), у выніку чаго пачало страчвацца характэрнае для беларусаў вымаўленне. Запазычаныя словы мелі пісацца ўжо не на заходнеэўрапейскі, а на расейскі ўзор (дакляраваць — дэклараваць, газэта — газета). Нават скланяць і спрагаць словы беларускай літаратурнай мовы цяпер даводзілася аналагічна расейскім (у садох, у палёх — у садах, у палях; не ганеце — не ганіце). Уводзіліся зусім не ўласцівыя беларускай народнай мове дзеепрыметнікі (эксплуатуючы і эксплуатуемы клас). Востры пратэст супраць рэформы выказала інтэлігенцыя Заходняй Беларусі, з ціхім незадавальненнем успрынялі гвалт над мовай у самой сталінскай БССР.
Пад канец 30-х гадоў прыхільнікі «зліцця моваў» падрыхтавалі чарговую рэформу з напісаннямі тыпу весна, братскі, бібліатека. Яшчэ ў адным праекце (1951) прапаноўвалася пісаць снегі, цеатр, басціон. Толькі відавочная абсурднасць гэтых прапановаў уратавала нашую мову ад іх прыняцця.
Русіфікацыя перайначыла слоўнікі нашае мовы. Асаблівую нянавісць у бальшавікоў выклікалі спрадвечныя і самабытныя беларускія словы, якія яны называлі «нацдэмаўскімі», «кулацкімі». Партыйныя загады патрабавалі ўкладаць слоўнікі паводле «пралетарска-інтэрнацыянальнага» прынцыпу. Вяршыняй такіх «дасягненняў» стаў слоўнік пад рэдакцыяй А.Александровіча (1937), дзе знаходзім словы забыўчывы, неўстрашымы, брадзячы. Рукапісы ж раней падрыхтаваных слоўнікаў пайшлі пад нож, і для нашчадкаў загінулі шматтомны «Слоўнік жывой беларускай мовы», двухтомныя расейска-беларускі і беларуска-расейскі слоўнікі, польска-беларускі і беларуска-польскі, эсперанцка-беларускі і беларуска-эсперанцкі, латышска-беларускі, гістарычны, арфаграфічны…
На загад з партыйных кабінетаў зрусіфікавалі расейска-беларускі слоўнік 1953 года. Да беларускіх словаў дапісвалі расейскія сінонімы, ставячы іх часта на першае месца: рас. батрак — бел. батрак, парабак; большак — гасцінец, бальшак; поезд — поезд, цягнік; минута — мінута, хвіліна. Яшчэ далей пайшоў слоўнік 1982 года, які рэкамендаваў ужываць поруч са словамі вавёрка, бусак таксама белка, багор і г.д. У 50-х гадах беларускія мовазнаўцы «прывезлі» з Масквы новы загад русіфікаваць граматыку беларускае мовы, што і здзейснілі ў двухтомнай акадэмічнай «Граматыцы».
Сёння расейскія моўныя элементы пранізваюць словаўтваральную сістэму нашае мовы. Пад чужаземным уплывам мы і цяпер страчваем нацыянальны сінтаксіс, фразеалогію, тэрміналогію (дзялімае і прэдзел у матэматыцы, скорасць і рычаг у фізіцы, свінец і раствор у хіміі, засядацель і наследнік у юрыспрудэнцыі і да т. п.). Гэта служыць для шавіністаў падставаю зневажаць беларускую мову, называць яе «испорченным русским языком», «грубым диалектом русского языка», заяўляць пра яе няразвітасць. Пара пазбыцца цяжкой бальшавісцкай спадчыны і аднавіць самабытнасць нашае мовы.