Палякі ў Беларусі ніколі не былі карэннымі жыхарамі. Паводле законаў нашай старадаўнай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага, усім іншаземцам (у тым ліку й палякам) забаранялася займаць у нас дзяржаўныя і царкоўныя пасады, купляць зямлю. І хоць гэтыя законы часам абыходзіліся, прыкметнай міграцыі палякаў у Беларусь тады не было.
У другой палове ХVІІ стагоддзя дзеля розных сацыяльна-палітычных прычынаў пакрысе пачаўся працэс паланізацыі (г. зн. апалячвання) беларускай шляхты і найвышэйшых станаў грамадства. Пазней, у ХІХ стагоддзі, хваля паланізацыі часткова закранула і сялянства, пераважна праз каталіцкі касцёл (нагадаем, што пасля ліквідацыі расейцамі вуніяцкай царквы больш за мільён беларусаў, пратэстуючы супраць гэтага гвалту, перайшлі ў каталіцтва). Ксяндзы, часта наўмысна атаясамліваючы нацыянальнасць і веравызнанне, прапаведвалі заганную формулу: хто трымаецца «польскай» (каталіцкай) веры — той паляк.
У выніку гэтых працэсаў, паводле перапісу насельніцтва Расейскай імперыі 1897 года, палякамі запісалася 12 % жыхароў Беларусі. Гэтаксама, згодна з дадзенымі Кракаўскага статыстычнага камітэта, у 1912 годзе сярод насельнікаў Гарадзенскай губерні было 10,07 % палякаў, а ў Віленскай яшчэ меней — 8,17 %.
У Заходняй Беларусі ў часе яе знаходжання ў складзе Польскай дзяржавы ў 20-30-х гадах праводзілася дзяржаўная палітыка апалячвання, якая суправаджалася пераследамі ўсяго беларускага. Польскія ўлады маніпулявалі статыстычнымі дадзенымі, штучна завышаючы лік польскага насельніцтва. Не абмяжоўваючыся гэтым, яны праводзілі палітыку наўпроставай каланізацыі, перасяліўшы ў Заходнюю Беларусь з этнічнай Польшчы блізу 300 тысяч чалавек гэтак званых асаднікаў (каланістаў).
На тэрыторыі Ўсходняй Беларусі (БССР) палякі тады складалі не больш за 3 % насельніцтва, або 97,5 тысячы чалавек (дадзеныя 1926 года).
Пасля далучэння Заходняй Беларусі, у 1940 годзе, у выніку сталінскіх рэпрэсіяў блізу 600 тысяч чалавек каталіцкага веравызнання (у іх ліку практычна ўсе асаднікі) былі высланыя ў Сібір.
Пасля Другой сусветнай вайны, у 40-50-х гадах, лік польскага насельніцтва ў Беларусі яшчэ болей зменшыўся. У выніку польска-савецкіх міждзяржаўных пагадненняў каля 500 тысяч беларускіх каталікоў (пераважна сялян, што ўцякалі ад калгасаў) выехала на сталае жыхарства ў Польскую Народную Рэспубліку.
Як ні парадаксальна, але і пасля гэтага ў БССР, паводле перапісу 1989 года, жыло 418 тысяч палякаў, з якіх 13,3 % лічылі роднай мовай польскую. Дык адкуль жа яны ўзяліся? Мы ж ведаем, што на працягу ўсёй нашай гісторыі значнага перасялення палякаў на нашыя землі не было (з выняткам з'явы асадніцтва, якое, аднак, не пакінула па сабе этнадэмаграфічнага следу).
Значыць, яны «прадуктуюцца» тут, у Беларусі. І «прадуктуе» іх, без сумневу, польскі каталіцкі касцёл. Менавіта ён сёння, як і сто, як і дзвесце гадоў таму, робіць палякаў з беларусаў-каталікоў, прышчапляючы ім польскую нацыянальную свядомасць.
Усё гэта пацвярджаецца і дадзенымі антрапалогіі, вывучэннем мовы і культурных традыцыяў польскай меншыні ў нашай краіне. Яны пераканаўча сведчаць, што пераважная колькасць тых, хто лічыць тут сябе палякамі, - беларусы паводле свайго паходжання.
Такім чынам, не адмаўляючы наяўнасці ў Беларусі этнічных палякаў, даводзіцца прызнаць: у абсалютнай бальшыні мясцовыя палякі, як, дарэчы, і тыя, што жывуць на Віленшчыне, — гэта апалячаныя беларусы.