УСКРАІНА МАЛАДОСЦІ

Я падаўся шукаць начлегу на ўскраіну свае маладосці. Некалі шчыльна пазабудоўваныя вуліцы паказвалі воку шэрыя лапіны прыску, а зверху — абгарэлае галлё ігруш і яблынь. Ацалелыя драўляныя хаціны напакоўваліся прыезджымі ад падлогі да столі, на душу прыпадала метр ці паўтара.

Праз нейкі час з’явілася кватэра — частка наспех збудаванай хаціны. Пасяліліся там я з жонкай, яе сястра Наташа з дачкою-школьніцай. Не жылі, а мерзлі.

Дом будавалі палонныя, пагаднення аб звароце іх яшчэ не было. Дык не карміць жа дармова, да таго ж па рабочай норме, плойму здараўцоў! Хай хоць што робяць, напэўна, не адзін з іх прыкладаў руку да спалення нашых дамоў.

Палонныя расчышчалі руіны, разбівалі на кавалкі бетанаваныя падмуркі і сутарэнні, разбіралі на цэглу сцены. А там-сям аднаўлялі больш-менш прыдатныя для жытла мураванкі. Будаваць драўляныя дамы не ўмелі, рабілі абы-як, дый, мусіць, нагляду належнага не было.

Жыхарам, што засялялі пастаўленыя гэтымі рукамі дамы, прыйшлося нясоладка. Паміж кепска падагнанымі бярвеннямі лёгка ўваходзіў палец, сцен не імшылі, дзе-нідзе ўткнулі ў шпары пакулле, дый тое, разгледзеўшыся, парасцягвалі вераб’і і большыя птушкі на ацяпленне сваіх сядзіб.

За недаробкі мы ўзяліся самі. Пазатыкалі большыя шчыліны чым маглі — кудзеляю, анучамі, ватаю, а ўсярэдзіне абабілі сцены нейкай чорнай, тоўстай, пад кардон, паперай.

Усё роўна, на дварэ было цяплей. Дома мы не спускалі з ног валёнак, а перад выхадам на вуліцу абувалі чаравікі.

Прымаўку «па хаце вецер ходзіць» склалі няйначай маючы на ўвазе нашу кватэру — тут вецер распяразваўся як хацеў. Фіранкі на вокнах безупынку калываліся, у пакінутых на стале кнігах самі гарталіся старонкі, а ў шчылінах між рамаю і шыбамі тоненька пасвіствала, асабліва ў вецер з поўначы, якраз туды і глядзела наша жытло.

Загрузка...