У часе праборкі за некарэктнасць да суседа Мільчанкі Алік быў настроены ваяўніча. Яны з Лявонам з’явіліся да нас таго ж дня надвечар. Хлопчык пачаў з парога, не паспеўшы скінуць шапку.
— Чаму вы дазваляеце крыўдзіць Дзіка?
— Як гэта так, хлопчанька?
— Дзік мае права не пускаць нікога да нашых дамоў?
— Будзем лічыць — мае.
— А чаго гэта Мільчанка кожны дзень ходзіць?
— Чакай, чакай! А хто гэта расказваў мне пра Петрачкоў сыр? Пра нейкія загрэбіны?
Алік стаяў на сваім:
— Але ж тады сабака нікога не зачапіў, яго самога ўдарылі!
— Вы ж не дрэсіравалі Дзіка гаўкаць на прозвішча Мільчанкі? — разважліва запытаў Лявон.
— Ну, хлопчыкі, усё гэта вы ведаеце не горш за мяне. Мы ніколі не звучалі яго рабіць па камандзе.
Сапраўды Дзік даходзіў усяго сваім сабачым розумам, нейкім верхнім нюхам. I даставаць розныя рэчы з вады, і скакаць на пастаменты. Ведаў імя кожнага сямейніка, прыбягаў клікаць любога з нас на абед ці вячэру, — з суседняга пакою ці з агарода.
Толькі славутыя ўскокі на пастаменты пасля слова «Сэм!» былі больш-менш падобны да каманды. А як і калі сабака стаў выконваць даручэнне «Паглядзі ў акно!» — мы пачалі ўспамінаць разам у вечар здарэння з асадаю інжынера.
Гэта навука здабылася не адразу.
З крайняга ад дзвярэй акна быў відзён ганак і хто стаіць на ім. Пакідаючы нашу дзяўчынку адну дома, заўсёды наказвалі: «Адразу дзвярэй нікому не адчыняй, перш паглядзі ў акно». Так яна і рабіла: глядзела сама, глядзеў, таварышуючы ёй, Дзік.
Напамянём, час тады быў неспакойны, не спрыяў таму, каб пускаць у дом незнаёмых. Таму і дарослыя, будучы ў поўным складзе дома, папярэджвалі адзін аднаго, пачуўшы стук у дзверы: «Зірні спачатку ў акно!»
I яшчэ. Мы любілі свой малады садок і агародчык. Як толькі заліліся першым цветам вішанькі, бясконца любаваліся імі. Клікалі і ўсіх гасцей да акна, каб не мінула каго выпадкам доля вясновага хараства: «Зірні, зірні». Паміж людзьмі, што пазіралі праз шыбы, уссоўвалася на падаконне і цікаўная сабачая морда.
— I ты любіш цвет? — пытаўся хто-небудзь. — Глядзі, глядзі, вясны на ўсіх хопіць.
Такім чынам сабака запамінаў, што за акном робіцца многа цікавага. Узімку злёталіся чародамі гракі і вароны, шукалі спажывы пад снегам, вясною бегалі па разорах шпакі. Добрыя памочнікі чалавеку, яны дзяўблі вусняў і розных жучкоў, не так лёгка было накарміць ненаеднае патомства пад дахамі шпаковень у кожным садку.
Таму збіралася іх мноства, а Дзік любіў парадак і выганяў лішніх з сядзібы, каб вачам не заміналі. Ён не падзяляў крыважэрных мэтаў ката Хамы.