ДЗІК ТРАПЛЯЕ Ў БЯДУ

Пагранічнае начальства запрасіла мяне зірнуць, на якія замкі замыкаецца наша мяжа. А з’явіцца жаданне, можна і даўжэй пабыць на заставах, пазнаёміцца з абаронцамі запаветнай рысы.

Гэта было ў навіну, і я даў згоду. Але напярэдадні знік наш сабака. Уночы папрасіўся на двор, як заўсёды, далікатна; у такіх выпадках ён сядзеў насупраць гаспадынінага ложка і глядзеў ёй у твар, чакаў, пакуль адчуе позірк і абудзіцца.

Дзіка выпусцілі перад ранічкай. Было ўжо з паўдня, а ён не з’яўляўся, хоць больш за дзве гадзіны ў самастойных праходках ніколі не бавіўся і снедаць прыбягаў акуратна.

Адсутнасць спрабавалі растлумачыць проста: спаткаў дзе-небудзь вясельную кампанію хвастатых сваякоў, на правах дужэйшага ўзначаліў яе, узгуляліся і павяліся за горад. Але тым часам мінавала пара абеду, а яго не было і не было.

— Трэба шукаць!

Шукалі па ўсім горадзе. Я пайшоў за велазавод, на адлоўны пункт. Туды звозілі ў будках сабак-бесхацінцаў, а то і хатніх, калі былі без нашыйнікаў. Хапалі ўсіх, што трапляліся на вока і не паспявалі ўцячы. Звычайна псы ўнюхвалі набліжэнне будкі здалёк і прыпускаліся прэч, колькі ставала сілы. На маіх вачах пярэстарак-дварняк з суседняга двара, які з людское ласкі дажываў веку і не кусаўся, бо мог разжаваць хіба што бульбіну, зачуўшы небяспеку, даваў ходу на ўзроўні алімпійскага рэкорду і сігануў цераз плот, даступны не менш чым чэмпіёну свету па падскоках угару.

Было малаверагодна, каб наш лёгкі на лапу сабака трапіў у пастку. Сапраўды, на адлоўным пункце, апытаўшы, як выглядае прапажа, цвёрда адказалі:

— Няма і не было.

— А можа б, я паглядзеў?

Даўно няголенаму, з тварам у чорным прудкім воласе, вартаўніку не хацелася адыходзіцца ад пячуркі.

— На ключы, глядзі. Толькі не павыпускай.

Пяць ці шэсць зняможаных, запалоханых сабачых душ тулілася ў даўгаватай халоднай адрынцы. Яны не толькі не памкнуліся ўцякаць, а яшчэ шчыльней збіліся ў кучу каля задняй сцяны. Не, мой псіна даўно б пазнаў мяне па кроку і падаў голас. Другое адрынкі я не адчыняў, пад дзвярыма свіснуў, гукнуў па імені. Цішыня, няма і тут.

— Праўду казаў, — падзякаваў я няголенаму.

— А падзяка? — мыркнуў ён.

— За што?

— За тое, што няма. А калі прыбудзе, я яго прытрымаю. Заходзь.

Доказ быў варты некалькіх рублёў.

Агледзіны інстытутаў, дзе ў даследчых мэтах прымалі валачашчых сабак, таксама не далі вынікаў.

У клопаце, амаль у жалобе, мінуў дзень, а за ім другі. Шукаць ужо не было дзе, чакаць — не ставала сілы. I я сабраўся ехаць да пагранічнікаў.

Міналася яшчэ адна бяссонная ноч. Недзе блізка поўначы каля акна пачулася хрыплае «цяў!».

Адчыняць беглі ўсёю сям’ёю. Дзік ляжаў на снезе каля ганка, быў памкнуўся ўстаць — не змог, толькі крыху пасунуўся на чэраве, падпіраючыся лапамі.

Я ўнёс яго ў дом. На шыі сабакі замест фасоністага нашыйніка з мядзянай насечкаю быў туга закручаны драцяны абруч. Другі абруч з яшчэ таўсцейшага дроту апяразваў тулава пад пярэднімі лапамі.

Да яго нельга было дакрануцца: скура на спіне і сцегняках уся ў пісагах і ўзялася гноем, сімпатычнай морды не пазнаць, распухла, адно вока зусім заплыло, другое — штохвіліны плюшчылася.

У якое пекла трапіў, што вытваралі з ім? I, галоўнае, як вызваліўся адтуль? Няйначай, недзе злавілі і мерыліся ўзяць на прывязь. Сабака не даваўся, напэўна, пусціў у ход зубы, тады яго білі, пакуль не знясілеў. Потым, не спадзяваўшыся на звычайны ланцуг, абматалі ў некалькі столак дротам.

Якія яшчэ пакуты выцерпеў небарака, мы толькі здагадваліся. Зразумела было адно, сабака не здаваўся, стаяў за сябе, таму і быў гэтак скатаваны. Але ўсё ж вырваўся, выграбся, выплішчыўся неяк са зняволення, прыпоўз у свой дом.

З дапамогай абцугоў я перакусваў смяротныя драты, сабака ўздрыгваў ад болю, не вішчаў, не меў сілы, толькі час ад часу мордаю адпіхаў руку, быццам прасіў: пакінь, не чапай, няўжо ты не адчуваеш, як мне баліць.

Не чакаючы ветэрынара, калі яго яшчэ ўдасца выклікаць, пачалі даваць рады самі, найбольш Гаспадыня і Наташа. Іна калацілася ў начной кашульцы, стоячы на парозе ў кухню, і паўтарала праз слёзы: «Ой-ой! Яму ж балюча!»

А мы пераводзілі бінты, абціраючы бруд і гной, абмывалі марганцоўкаю адкрытыя раны і прысыпалі крыху стрэптацыдам.

— Ну, Дзічок, — падахвоціў я, — патупаем на месца…

Зачуўшы знаёмую каманду «на месца», Дзік паспрабаваў падняцца, але адразу ж абсунуўся на падлогу. Давялося зноў браць на рукі і несці. Падсцілка была даўно падбіта і пераслана чыстым, я асцярожна паклаў яго, усе паселі наўкруга, хто дзе прыткнуўся, гаварыць не маглося. Да адчынення лячэбніцы заставалася амаль уся ноч, а што можам зрабіць мы болей? Чым дапамагчы?

— Дадзім яму чаго-небудзь смачнага! — дадумалася Іна і прынесла прыхаваную для школы цукерку.

Сабака ляжаў мордаю на хату і не зрабіў ніводнага руху да запрапанаванай спакусы. Не ўзяў есці, хоць каля самага носа паравала міска з улюбёнай поліўкаю. Толькі калі падсунулі грэтага малака, хлебтануў цераз сілу і заплюшчыў незапухшае вока.

Разгульваўся маразок за акном. Ноч знікала, мне было пара на цягнік. На развітанне нагнуўся над Дзікам, пагладзіў каля вушэй:

— Праўся!

Вока расплюшчылася, хвост слаба варухнуўся: «Выбачай, маўляў, нават за парог правесці не магу».

Загрузка...