Сярод службовых і сяброўскіх даручэнняў, якія былі на абавязку Дзіка ў нашай сям’і, далёка не ўсе былі прыемныя яму. Але ён выконваў. Трэба было толькі ласкава звярнуцца, сказаць: «Прашу!», а калі гэта не дапаможа, дык дадаць яшчэ ласкавей: «Вельмі прашу!» I сабака ўважаў просьбу: абавязак ёсць абавязак, які б ні цяжкі ён быў для выканання.
Прыемна, скажам кінуцца з разгону ў рэчку і плысці, каб хвост калыхаўся над вадою, як ветразь.
Але асалода акунуцца ў рачную прахалоду адкрылася яму не адразу, а першае купанне здалося нават страшнаватым.
Неяк улетку мы паехалі на возера, ледзь не цэлым дваром, колькі ўлезла ў рэдакцыйную палутарку. На беразе, не марудзячы, параспраналіся і боўталіся ў ваду адно перад другім, каб як мага хутчэй выбрацца на глыбокае.
Дзік, шчанюк да года, быў ашаламонены: як можна, што вы робіце?! Ён бегаў па беразе, стараўся стаць кожнаму насупраць, не пускаў і гаўкаў, папярэджваючы: гэта ж небяспечна!
Нарэшце, пабачыўшы, што гаўканнем бяды не адхіліш, наважыў ратаваць неразумных дзівакоў. Ускочыў у ваду і спалохаўся: лапы не дасталі дна! Але тут жа, паводле няпісаных законаў, выпрацаваных ягонымі продкамі, паплыў і сам.
Што ж, калі так, трэба выганяць іх адсюль. Падплыў да Гаспадыні, хапаў за рукі, за купальнік, цягнуў на бераг. Яна сказала «дурань!» і адмахнулася. Не даўся ратавацца і Гаспадар. Алік быў зрабіў рух вылезці і перадумаў.
Канец марным намаганням ратавальніка паклаў Лявон.
— Без карысці стараешся, Дзік, хутка не вылезуць, — сказаў ён, палашчыўшы сабаку. — Зараз будзе і табе занятак.
Знайшоў выгладжаны хвалямі сухі сук і, даўшы Дзіку панюхаць, шпурлянуў яго метраў за пяць над купальшчыкамі.
— Плыві! I прынясі сюды!
Дзік паглядзеў на сур’ёзны твар выпадковага дрэсіроўшчыка і зразумеў. Сук быў дастаўлены Лявону, а той, няўдзячны, зашпурнуў яго яшчэ далей. I гэта заданне было адолена.
Выпрабаваць Дзіка ў новым умельстве захацелася ўсім. I ён без перадыху плаваў і прыносіў, што ні закідвалася ў ваду.
Гэта была першая ў ягоным жыцці падноска. З таго часу, калі здаралася апынуцца пры вадзе, Дзік заглядаў у вочы, прасіў, здавалася, пашлі мяне па што, добра сплаваю.
З’яўленне ў хаце доктара заўсёды трывожыла Дзіка. Ён запомніў, што аднойчы пасля такіх адведзін Гаспадар знік ледзь не два тыдні за бальнічнымі дзвярыма. Часамі дактары змушалі яго не ўставаць з ложка, а гэта пазбаўляла прыемнасці пабегчы з ім за горад, пагойсаць па хмызняках і пагрэбціся на пожнях, дзе ў свежых норках унюхваліся краты і мышы.
Яшчэ больш не любіў лячыцца сам. Калі яго прыводзілі на чарговы агляд у ветэрынарную лячэбніцу, сабака ўпіраўся ўсімі чатырма, не хацеў заходзіць у памяшканне. Яму рабілі выключэнне — аглядалі на дварэ. А прыняць адно лякарства не мог угаварыць ні фельчар у злінялай гімнасцёрцы, вельмі ўмелы ў абыходжанні з жывёламі чалавек, не ўпрасіў і Гаспадар.
— Бярыце дамоў, можа, як ашукаеце, падмяшаеце ў страву, — сказаў, даючы бутэлечку з лекамі, фельчар.
Дома таксама не дайшлі да добрай згоды. Ад поліўкі з падмешанымі лекамі сабака пагардліва адвярнуўся.
Не дапамагла і просьба.
— Еш, кажу табе!
Сабака стаяў над міскай, не нахіляючы галавы, непахісны ў прынятым рашэнні.
Пад вечар Гаспадыня надумалася:
— Буду прасіць. Быць не можа, паслухае.
Выліла рэшту лекаў у кубак, паклікала сабаку, прылашчыла:
— Выпі, Дзічок, прашу!
Сабака не зварухнуўся, схаваў морду ў мяне пад пінжаком.
— Вельмі прашу, сабачка, глыні, і ўсё.
Давялося расшчапіць моцна стуленую пашчу, тым часам просьбы рабіліся ўсё больш ласкавыя:
— Вельмі прашу, зрабі гэта. Чуеш?
Я паклаў у пашчу руку, каб выпадкам не стулілася, Гаспадыня нахіліла шклянку з лекамі, стала ліць, сабака заплюшчыў вочы і глынуў. Поўную шклянку касторкі.
Далі хутчэй на заедку кавалачак каўбасы, сабака прыняў, але пазіраў на нас з дакорам.
«А вы самі каштавалі калі-небудзь такую брыду? — гаварыў яго позірк. — Каб паспыталі хоць раз, дык не змушалі б на гэта вашага сябра».
Так, добра папрасіўшы, ад яго можна было чакаць якой захочаш паслугі.
Часамі госці, заседзеўшыся, многа і густа курылі. Гаспадыня сплясквала рукамі, адчыняла форткі:
— Божухна, колькі курцоў у нас сёння!
Зачуўшы гэтыя словы, Дзік падаваўся куды-небудзь у зацішнейшы куток, каб не трапляць на вочы.
— Чаму вы толькі нас за курцоў лічыце? — звычайна пытаўся хто-небудзь з гасцей. — У вас жа і сваіх стае.
— Вось ужо і хапае! — крыўдзілася Наташа — яна набыла гэту дрэнную звычку, цяжка жывучы і чорную работу робячы пры немцах у час акупацыі горада. — Мяне можна было б і не лічыць.
— Вы ж забылі, цёця Наташа, што і Дзік курыць, — абзываўся наш заўсёдны госць Алік. Яму нецярплівілася пахваліцца перад прысутнымі майстэрствам нашага сабакі. Даводзілася даканчваць гульню:
— А дзе гэта падзеўся наш мілы сабачка? Алік, ты не бачыў?
— Тут, тут, — Алік не хаваў задавальнення ад асалоды пачуць пахвалы свайму ўлюбёнцу.
— Дзік, дзе ты? Ідзі сюды!
Сабака з’яўляецца на святло, але трымаецца ў мяне за плячыма.
— Ідзі, ідзі, пакажыся!
Дзік набліжаецца вельмі неахвотна.
— Дык колькі ў нас курцоў, Дзік?
— Трое, трое! — Алік сплясквае далонькамі. — Вы, цёця Наташа і Дзік.
— Дзік, гэта праўда?
Сабачая галава апускаецца да падлогі.
— Калі праўда, дык вазьмі.
Сабака і глядзець не хоча на запрапанаваную папяросіну.
— Дзічок, пакуры, зрабі мне ласку.
Сабака не змяняе паставы. Трэба прасіць яшчэ.
— Пакуры, я вельмі прашу. Хоць трошкі.
Сабака, здрыгануўшыся, так яму агідна, ледзь-ледзь размыкае пашчэнкі і бярэ папяросу. Зараз жа задзірае галаву, каб усе бачылі, што ён сапраўды курэц.
— Можа, табе запалку даць?
Дзік круціць галавою і плюе так, што гільза з тытунём і муштук разлятаюцца ў розныя бакі.
Хвіліннае засмучэнне мінаецца. Мы робім тур вальса, і на міравую ён атрымлівае самае смачнае — некалькі арэхаў. Акуратна раскусвае кожны і вычышчае языком лупінкі.
Тытунёвага дыму сабака гідзіўся здаўна. Нейк мы ўзялі яго ў дом адпачынку. Там яму можна было ўдосыць налётацца і нагаўкацца. Ідучы з намі на рэчку, ён уткнуўся ў куст, дзе кувала зязюля. Напалоханая няшчасніца выскачыла з-пад галіны і замест свайго абвыклага спеву забалбатала нешта несусветнае і непрыстойнае. Сабака аж прысеў ад здзіўлення.
Так, лазячы па хмызняках, ён набраўся кляшчоў, яны паўпіваліся ў вушы і чарнелі ў поўсці, як вялікія павукі.
Лячыў яго ўсё той жа ветэрынар: прыпякаў паразітаў гарачым попелам з цыгарэты. Я трымаў яго за галаву, але Дзік, відаць, не стрываў апёкаў і смуроду, вырваў зубамі з рук лекара цыгарэту і выплюнуў у куток.
Тады Алік і парасказваў сваім сябрукам, нібыта Дзік умее і нават любіць курыць.
Аднаго разу нашаму сабаку давялося пабыць лекарам самому. Я вярнуўся дамоў даволі позна і быў здзіўлены: Дзік не падбег насустрач, нават не ўстаў з падсцілкі. Мусіць, штосьці здарылася, зноў ублытаўся ў нейкую гісторыю.
Гаспадыня расказала, што нядаўна пайшла суседка, жалілася: у яе хварэе сынок, дактары не могуць рады даць.
— Дык яна просіць даць вады з рота…
У гэты забабон верыла і наша вёска. Калі каму нядужылася ад спалоху, дык бабулі раілі даць вады з рота таго, хто напалохаў.
— А што, хіба я гэта нарабіў?
— Ёсць каму.
Гаспадыня не дагаварыла… Дзік неспакойна паводзіў вачыма па пакоі, сустрэў мой позірк і заўздыхаў.
Высветлілася, што на тым тыдні хлопчык з суседняга дома выйшаў ноччу на ганак і ў адной кашульцы стаяў, загледзеўся на буйныя пад восень зоры. I раптам да яго падбегла задыханае страхапудзіла з высунутым языком і пацягнула ў сябе паветра. Дзіця з крыкам кінулася ў дом. З таго часу кепска спіць, худнее. Вось і ўспомнілі пра народныя сродкі.
— Думаюць на нашага Дзіка…
— Напэўна, ён. Варочаўся з сваіх вандровак. Не будзем больш выпускаць ноччу аднаго.
Алік і Лявон былі ў нас, як і заўсёды ў складаных выпадках. Уважліва слухалі, што мы ўспаміналі наконт народных прыкмет, павер’яў. Гарадскія хлапчукі, яны і чутам не чулі пра варажбу, замовы, як лячылі ад сурокаў, падзіву, зубнога болю. Ад пярэпалаху вызваляліся па-рознаму. Выкачвалі, гэта значыць, моцна разміналі кулакамі цела хвораму, асабліва жывот. Качалі яго з боку на бок, паклаўшы на тапчане. I вылівалі — чалавека змушалі многа вады піць дый некалькі разоў на дзень аблівалі, голага. Яшчэ: білі, нечакана для хворага, гаршчок ці збанок, каб напужаць хваробу і яна ўцякла. Давалі і вады з рота напалохаўшага.
Лявон паставіўся да пачутага разважліва і як практычны чалавек пачаў дазнавацца.
— А як вы возьмеце вады з рота ў сабакі?
— Я не ўпэўнены, што гэта трэба рабіць…
— А па-мойму, трэба: людзі вераць, можа, і станецца па-іхняму.
— Так, але ж Дзік — сабака, у яго могуць быць рабакі ці іншае што.
— Ну, ваш лекар — чысты, — усміхнуўся Лявон.
— Можа, у лячэбніцы праверыць? — запытаўся Алік, у яго, відаць, выспеў план. — Дзіка трэба любіць, а не баяцца. Я прывяду да вас таго Грышку. Яны падружацца, і ўсё мінецца.
Так і зрабілі. Звадзілі Дзіка да ветэрынараў, зрабілі яму пазачарговую лазню і прамылі пашчу марганцоўкаю.
У чысты паўмісачак паклалі некалькі ледзянцоў і залілі свежай вадою. Дзік ахвотна павыцягваў улюбёны прысмак і такім чынам падрыхтаваў «лекі» для хворага.
Той прыбег разам з Алікам, перш адхіснуўся ад сабакі, але, убачыўшы яго прыязную «ўсмешку» — гэтак Дзік заўсёды дзякаваў за салодкае, — заўсміхаўся і сам.
Хлопчык і праўда выглядаў кепскавата: бледненькі тварык, сінцы ад бяссоння. Аднак ён на вачах весялеў, таксама як і Алік, смела гладзіў сабаку, паціскаў яму лапу.
Алік збегаў на кухню і прынёс паўмісак з «лекамі».
— Твая мама прасіла, — звярнуўся ён да Грышкі, — даць табе Дзікавай вады. Будзеш піць?
Той у знак згоды кіўнуў галавою.
— Тады я пачну! — Алік адважна нахіліў да вуснаў паўмісак і зрабіў ніштаваты глыток. — На!
Грышка сербануў болей, вярнуў пасудак Аліку:
— I ты!
Так і распілі яны, чаргуючыся, усю тую цудадзейную мікстуру. Гулялі ў нас, пакуль не з’явіліся маці клікаць на абед. Пра Грышкаву нядужасць хутка і думаць забыліся, ён стаў нашым частым наведвальнікам. А пілі хлапчукі зусім не тую ваду. Алік прынёс другі такі паўмісачак, яго падрыхтавалі на ўсякі выпадак і паставілі поруч з Дзікавым.
Паблытаў хлопчык ці зрабіў знарок? Нашто высвятляць!
Грышка правіўся, вера ў мацунак народнага сродку дапамагла.
Як дапамагала нашым дзядам і прадзедам з курных хацін, калі не мелі яны другога спосабу лячыць душу і цела, апрача веры: у лекара, у зямлю, у свае дужыя рукі.
Як дапамагае і нам хадзіць, думаць, старацца ямчэй рабіць. I сабе і людзям.