ШТО Ж АДБЫЛОСЯ?

Выпадак з абложаным у будачцы Мільчанкам цалкам не даваўся да ўразумення.

Лявон, Алік, Іна ўспаміналі папярэднія ўчынкі Дзіка, падзея ўзважвалася з усіх бакоў.

Момант дрэсіроўкі адпадаў начыста, загаду трымаць чалавека на марозе ніхто не даваў, — Лявон быў таму сведкам.

Што ж заставалася? Няўжо складаны план помсты за крыўду, як з тым рудзенькім сабачкам на ганку ў парку? Аднак там магло быць імгненнае памкненне адбіць ваяўнічы выпад. Мы ж нічога кепскага не зрабілі, а сабачка лаяўся, за якія правіны?

А што ж тут? Так, Мільчанка некалі штурхнуў Дзіка ў бок, але ж гэта было даўно. Няўжо аж дагэтуль карцела тая пакрыўджанасць ці, можа, дадалося нешта іншае, чаго нельга дараваць і забыць. Бо чаму ж ён гаўкаў, пазіраючы ў акно, як толькі вымаўлялася прозвішча крыўдзіцеля?

Дарэчы, формы просьбаў агледзець двор вельмі часта змяняліся. Гаварылі: «Паглядзі ў акно» і «Зірні ў акно», звярталіся нават больш складана: «Можа б, хто глянуў у акно?» I далей: «А што там робіцца за акном?», «Ці няма там за акном каго чужога?».

На ўсе варыянты звароту сабака адказваў заўсёды аднолькава: падскок, лапы — на падаконне, вочы ўтароплены ў шыбу.

Па ўсім выходзіла: нешта запамінаў і, больш таго, разумеў. Калі сказаць гэтак дазваляе навука.

Алік стаяў на сваім, маўляў, Дзік бараніў нашы дамы ад чужых і меў права ўжываць любыя сродкі.

Не адступаўся ад свае думкі Лявон: сабака помніў той штурханец ад Мільчанкі, таіў крыўду, а як вырас і адужаў, узяў і разлічыўся.

I тое і другое магло лічыцца верагодным, як сцвярджае старая мудрасць, праз дзіцячыя вусны прамаўляе ісціна. А на чыім баку праўда: на Алікавым ці яго браціка?

Таму думалася: ну, няхай пакрыўдзіўся, хай запомніў, няхай, нарэшце, бараніў сваю тэрыторыю. I ўсё ж, што штурхнула яго прыпільнаваць чалавека ў будачцы і трымаць яго там, на марозе?

Сам, сваім розумам дайшоў? Тады, выходзіць, да рангу надзеленых здольнасцю мысліць трэба далічыць і сабак.

Загрузка...