СВАРКА З РУДЫМ САБАЧКАМ

Мы з Дзікам ішлі па вуліцы і спявалі. Да гэтага хіліў падтуманены маёвы ранак, неабуджаная цішыня ў горадзе.

Дакладней кажучы, спяваў адзін я, Дзік ступаў поруч, задзіраў галаву і… усміхаўся. Праўда, праўда, усміхаўся! Падціскаў ніжнюю губу і крыху падымаў верхнюю: выскальваліся два рады іклаў, але не папярэджвальна і пагрозліва, а вельмі прыязна, акурат — усмешка.

Зараз гэтае пасміханне выяўляла высокую ступень задаволенасці самою праходкай, вясновай раніцай: цёпла, сонечна, чаму ж бы не заспяваць і сабаку!

За плоцікамі дамовых агародж ускраіны сінеў пахучы бэз, стаялі, як пад вянец убраныя, ігрушкі і слівы. Хораша ўсім!

Апрача ўсяго іншага, у Дзікавым запабяганні і падлешчванні чулася просьба: «Можа, я пабягу наперад? Дазволіш, а?»

Сабака ўвесь час прыбаўляў кроку і падскокваў, мерачыся зазірнуць у вочы. Я рабіў выгляд, нібыта не заўважаю гэтых хітрыкаў. На вуліцы Дзік мусіў хадзіць пры назе, каб не нагнаць страху каму сустрэчнаму. Перасцярога амаль залішняя: ён быў не здольны зрабіць нічога некарэктнага. На жаль, гэтага не ведалі пешаходы: палохаліся, кідаліся ўбок, а жанчыны падымалі крык.

Чаму ён прасіўся, было таксама зразумела. Парк, куды мы кіраваліся, абяцаў многа рознай уцехі: бегай — колькі ўлезе, скачы — куды хочаш, качайся па траве.

Выйшаўшы на бакавую алею, я даў дазвол:

— Добра, паганяй!

Сабака цяўкнуў, лізнуў мне шчаку і знік.

Калі казаць праўду, Дзік умеў спяваць і, сцвярджалі суседзі, не так і блага, можа, на саліста і не выцягваў, але подгалас даваў прыстойны.

Здаралася, усе дарослыя з нашай кватэры сыходзілі па справах ці ў госці або ў тэатр. За вартаўнікоў заставаліся Іна і Дзік.

Скончыўшы рыхтаваць хатнія заданні, дзяўчынка спакоўвала ў партфель патрэбныя на заўтра сшыткі і падручнікі. Заняткаў іншых не знаходзілася, кніжак новых не было, рабілася нудна. Апрача таго, сабака-то сабака, а ўсё роўна страшнавата перабываць адной цэлы асенні вечар, а час жа валачэцца надзвычай марудна. Праб’е хіба гадзіннік на сцяне, ды чакай таго бою зноў паўгадзіны. А ў цябе за худымі плечкамі ўсяго нейкіх дзесяць гадоў.

I дзяўчынка бралася спяваць усё, што ўспамінала. Украінскія, чутыя ад бабкі спевы, беларускія — народныя і партызанскія, нават рамансы, падхопленыя з рэпрадуктара.

Сабака сядаў насупраць канапкі, куды яна ўмошчвалася з нагамі, і пачынаў дапамагаць. Падвываў спярша паціху дый забіраў на поўны голас, мудрэй за спявачку.



Жыхары суседняй кватэры і нават бліжэйшага дома ведалі, што гэта за нагода: пяюць, значыць, у хаце дарослых няма. Нам самім доўга слухаць дуэт не ўдавалася. Сабака адразу ж пазнаваў крокі на ганку. Якія там спевы — вярнуліся! I кідаўся сустракаць, намагаўся зняць дзверы з кручка, цягнуў паліто з рукавоў.


Парк, у маладым, не густым яшчэ лісці, праглядваўся наскрозь. Я ішоў нібыта праз заслону тугога прахалоднага паветра ад рэчкі, куды падала неба, злівалася з празрыстай парай над нягучнымі хвалямі. У вершалінах дрэваў свяціўся кволы блакіт, востра патыхала сырою карой, слаўся водар зямлі і паадрослай за ноч травы.

Клікаць свайго спадарожніка не хацелася, навошта, — ён недзе недалёка, асочыць мяне сам. Каб і хацеў, не ўцячэш.

Пясчаная сцяжына падняла мяне на пагорак. З правай рукі, дзе да вайны стаяў дом Якуба Коласа, зарастала крапівою і палыном выгаралая сядзіба. Лявей тулілася некалькі драўляных дамочкаў, добры клопат і ўтулак так і павяваў ад іхніх белых аканіц, чысценькіх ганачкаў і аплеценых хмелем агародчыкаў.

Каля аднаго з такіх дамочкаў, умасціўшыся на вышараваных да васковага бляску маснічынах ганку, ляжаў сабачка, зусім малы, на якіх пагардліва кажуць — псючок. Таксама чысценькі, мыты няйначай як увечары, ён быў пад колер падлозе і лаўкам ганку. Таму я адразу і не заўважыў яго. Не ўстрывожыла і псючка маё з’яўленне, ён пазяхнуў, паказаўшы ружовы язычок, і ўтуліў галаву ў лапкі.

Як на тое, сюды прыскочыў задыханы Дзік. Ён, відаць, ужо дасхочу налётаўся, нахлябтаўся вады з рэчкі — морда і лапы былі добра мокрыя — і прыбег далажыцца: я тут. Сабака клаўся доле, усхватваўся, зноў клаўся, словам, выказваў самую непадробную радасць з нагоды нашай сустрэчы.

Але тут разлёгся востры, пранізлівы брэх. Рудзенькі псючок стаў на крывыя лапкі, распрастаў грудзіну, гатовы легчы касцямі, а не пусціць небяспеку да свайго дома і сваіх гаспадароў. Напэўна, палічыў нашу прысутнасць за грабежніцкае ўварванне на падапечную яму прастору з нядобрымі мэтамі. Ды, мусіць, і Дзік здаўся яму нейкім страшыдлам, а быў ён сапраўды прыстойнага росту, многа вышэй, як у калена.

Хоць мы і не выказвалі ніякіх агрэсіўных намераў, пільны вартаўнік брахаў і брахаў. I, па ўсім відаць, брыдка лаяўся на нас па-сабачы.

Дзік відавочна разумеў гэтае абзыванне, ён натапырыў поўсць на хібе і няголасна гыркнуў праз сашчэпленыя пашчэнкі адменных белых зубоў.

Каб не паджыўляць наспяваўшага канфлікту, я крыху адышоўся. Дзік забег наперад і стаў наўпоперак дарогі ў запытальнай паставе: «Ну, што, так і пойдзем?»

Стала зразумела: зрабі я любы крок, скажы хоць якое слова, і з рудзенькага паляціць у паветра чыста вымытая і вычасаная шэрстка, а на жаласнае вішчанне абавязкова выбегуць гаспадары.

Таму я цвёрда забараніў:

— I не думай! — I пачаў сарамаціць: — Па-першае, ён малы, а значыць, яшчэ дурань, па-другое: калі ён звычайны звяга, усё роўна тут яго права, ён на сваёй тэрыторыі. А што зрабіў бы ты, каб па нашым панадворку швэндаўся незнаёмы з сабакам?

Я сеў на лаўку непадалёку і заняўся купленай па дарозе газетай. Туды ж прысунуўся, як не сваімі нагамі, Дзік. Лёг, уткнуўшыся носам у чаравік, і ўздыхнуў.

Звычайна ён уздыхаў над міскай гарачай поліўкі — марудна астывае, ліха на яе! Цяжэйшыя ўздыхі пачыналіся пасля вымовы за чарговую правінку, скажам, за разлупленую панчоху лістаношы, не па злосці, праўда, яна прыносіла пах газетнай фарбы, якога сабака страшэнна не любіў. Уздыхалася яму і ад смутку: хацелася пабегчы за кім-небудзь з нас у магазін, а тут не ўзялі. А як возьмеш, калі там ён кладзецца на парог і спыняе гандаль, не пускае пакупнікоў.

Зараз Дзікава ўздыханне азначала штосьці іншае. Магчыма, разгубленасць, — што ж рабіць, той жа не ўпыняецца, брэша, а за што тут лаяцца, ніхто нічога дрэннага яму не ўчыніў. А можа, у сабакі было крыху крыўды і на мяне, на забарону заклікаць да парадку нахабніка.

Псючок, напэўна, разумеў усе перавагі свайго становішча: ён на сваім ганку, а ў сваім двары і трэска памагае. Няйначай нешта падобнае спакмячаў і Дзік: хто ж рызыкне рабіць напад на вартаўніка ў часе службы!

Тым часам мой сабака ўсё ўздыхаў і паглядаў то на мяне, то ў бок неўтаймоўнага брахуна.

Каб спыніць узаемнае псаванне сабачых нерваў, я ўстаў, хацеў перайсці на далейшую лаўку. Падхваціўся і Дзік, вільнуў мне хвастом і, угнуўшы галаву, на ўсю сілу прыпусціўся да звяглівага сабачкі.

— Будзе бяды! — мільгнула думка, аднак адклікаць, спыніць сабаку я не паспеў, ён падбег пад самы ганак.

Брэх жоўценькага дасягнуў найвышэйшых нот трывожнага вакалу, Дзік пад носам у яго завярнуўся, уціснуў хвост і на такой жа хуткасці пачаў уцякаць.

Тут выказалася неадольная ўласцівасць сабачай натуры: глядзець на таго, хто ўцякае, і не кінуцца наўздагон — звыш сабачых сіл.

Жоўты сабачка кумільгом скаціўся з прыступак і ўлёг за ўцекачом. Калі ён адбегся крокаў на дзесяць ад дома і, поўны ваяўнічага запалу, ледзь не хапаў Дзіка за ногі, той раптоўна стаў і спружыніў на лапах. Разявіў сваю велізарную пашчу — ад здзіўлення я не мог падаць голасу і заплюшчыў вочы, — але вельмі далікатна ўзяў малога за каршэнь, патрос у паветры і, не зрабіўшы ніякай шкоды, паклаў на траву. Той віскнуў і застаўся ляжаць на спіне з падагнутымі лапамі, што азначала поўную капітуляцыю.



Дзік і не падумаў гнюсіцца аб малога, крыху вінавата палашчыўся. Гэта магло быць перапрошванне: не ўшчувай вельмі, іначай не мог. Магло быць і выхвалянне: бачыш, як ёмка я правучыў гэтага драбняка…

Рудзенькі рызыкант, каб не нарвацца на горшае, падаўся, пабрэхваючы, пад ахову родных дзвярэй, а я паспяшаўся пайсці. Не столькі ўнікаў сутычкі з гаспадарамі пакрыўджанага, як не мог дайсці да ладу, што ж адбылося.

На звароце алеі — сабака не адбягаў і не аставаўся ад мяне — я ўспомніў пра неаднойчы ўжываны сродак, які, аднак, дзейнічаў мацней за любое пакаранне.

— Абух! Апошні лопух! — пачаў я ўшчуванне. — Глядзець на цябе не хачу. Не трэба мне такога сабакі.

Дзік на вачах набываў надзвычай пануры і прыгнечаны выгляд, яго прабіралі такім чынам за неэтычныя адносіны да гасцей або да суседзяў і за ўсялякія іншыя правіны. Сабака тады страшэнна засмучаўся, стараўся стаць непрыкметным, зашываўся на сваё месца за шафай, там клаў галаву на лапы і ўздыхаў таксама, як і тут, у парку.

Але цяпер ніякай правіны за сваёй сабачай душою ён не адчуваў, не адчуваў нічога такога і я, калі не лічыць здзіўлення ад вынаходлівасці правучыць нахабніка і забіяку.

Як відаць, сабака ўлавіў у маім голасе не грозьбу, не сур’ёзнае папярэджанне, а прытоены смех. Так яно і было. Перад вачыма стаяў пацешны малюнак няўдалай сабачай пагоні і расправы: жоўтыя лапкі недарэчна трапяталіся ў амаль паглынуўшай усё тулава жоўценькага пашчы і тыя ўцёкі сабачкі дамоў, азіраючыся, з брэхам і павіскваннем.

— I ўсё ж такі ты не дурань, Дзік! — я не датрымаў сур’ёзнасці. Сабака падскочыў, учуўшы іншы тон звароту, лізнуў мяне ў бараду і не даў дагаварыць, што ён самы прыемны і кемлівы з усіх знаёмых мне прадстаўнікоў ягонага роду.

Да Дзіка дайшло — яму нічога не пагражае. Сабака зноў зрабіў вясёлы падскок, прыгнуўся перада мною на выпрастаных лапах і выставіў наперад галаву, як робяць сабакі, запрашаючы адзін аднаго на гульню: пабегаць і падурэць. Калі ён выпадкам выказваў такое жаданне, я звычайна пляскаў у ладкі і тупаў нагою, робячы выгляд нібыта запрашэнне прымаецца. Тады сабака зрываўся з месца, абабягаў мяне па коле і спыняўся ў той самай паставе. На такія забавы ён не ведаў ні ўпынку, ні ўтомы.

Зараз было не да гэтага. Калі хто-небудзь з гаспадароў рудзенькага сабачкі бачыў развязку ягонай прыгоды, нас чакалі непрыемнасці і лішнія размовы. I мы падаліся дадому.

Лятучая нарада: слухаецца паведамленне Гаспадара пра паводзіны Дзіка. Удзельнічалі ўсе сямейнікі, толькі кот Хама спаў на канапцы, яму нядаўна не пашанцавала, але пагаварыць пра гэта будзе час.

Неяк само сабой атрымалася, што віноўнік размовы апынуўся ў цэнтры пакоя, людзі сядзелі наўкруга яго пры вокнах і стале. Калі завіталі Алік з Лёнем і занялі столік каля дзвярэй, кола амаль замкнулася, усе, з усіх бакоў утаропіліся на сабаку. Дзік адчуваў гэта, — ніякавата ад такой пільнай увагі стала, ён устаў і паспрабаваў схавацца ад позіркаў за крэслам Гаспадыні.

— Сядзі як сядзеў. I матай на вус!

Слухацца неахвота, але Дзік вяртаецца на ранейшае месца.

Напачатку, як некалі на ваенных саветах, пытаюцца погляду ў малодшых.

— Што вы пра гэта думаеце, хлопцы?

Лявон зноў жа пераступіў права на слова меншаму — брату. Алік вытлумачыў здарэнне даволі арыгінальна, але крыху просталінейна, як дазваляў яму ўзрост.

— Дзік спачатку забаяўся, — сказаў хлопчык, — пасля яму стала брыдка перад вамі, і ён даў пытлю таму злосніку.

Лявон паправіў акуляры і, не абвяргаючы браціка, бо паважаў не толькі свае погляды, пачаў разважаць:

— Дзік зрабіў выгляд, што спалохаўся, вось і падашукаў сабачку, спакусіў даганяць.

Нейкім чынам гэта пасавала да маіх назіранняў і да вычытанага з кніжак пра паводзіны сабак у розных абставінах.

— Дык ты думаеш, што Дзік умее разважаць? — спытала Ініна маці Наташа, па прафесіі настаўніца. — Выходзіць, ён склаў план аперацыі?

— Падобна, — крыху збянтэжыўся Лявон.



— Аднак жывёліны не надзелены здольнасцю мысліць. Вам ужо гаварылі ў школе пра ўмоўныя рэфлексы?

— Не, я сам чытаў крыху.

— I што ж?

Хлопец падняў на мяне акуляры:

— Ваш Дзік пярэчыць тэорыі ўмоўных рэфлексаў. I шмат у чым.

Гэта была праўда: сабака лавіў загады і просьбы, не толькі зачуўшы слова, а з аднаго руху ці позірку, і не меў школы, не прайшоў ніякай дрэсіроўкі.

Мы гаварылі далей.

— Па-твойму, Лявон, акадэмік Паўлаў памыліўся? А яго доследы на сабаках пацвярджаюць гэту тэорыю…

— Так. Але, можа, тэорыя не распрацавана да канца…

Нешта падобнае здавалася часамі і мне. Аднак нейкі загадкавы момант у паводзінах аднаго сабакі не даваў ніякіх падстаў сумнявацца ў шматгадовай рабоце вялікіх. Дый яшчэ быўшы амаль невукам у гэтай справе.

I ўсё ж, што адбылося ў парку? Як растлумачыць? Па Лявонавым: зрабіў выгляд, што баіцца. Што шкуматаць меншага і слабейшага ды яшчэ на яго ўласным парозе не дазваляе ніякая этыка? Нават сабачая.

Наконт сабачай этыкі з хлопцам можна было згадзіцца, адносна чалавечай — наўрад. Стала амаль абвыклым: штурхнуць локцем слабейшага па службе і заняць ягоную пасаду, спыніць на вуліцы старога або інваліда, адабраць у яго апошнія капейкі, набіць так, каб не здыхаўся, або ўсадзіць між лапатак нож.

Што тычыцца этыкі дзяржаўнай, дык ці мала на нашай толькі памяці выпадкаў, калі вялізныя дзяржавы пад трохкаляровымі сцягамі ці паласатымі штандарамі з зорамі на простакутніку ўверсе падгібалі пад сябе меншыя прасцягам і сілаю народы? Выграбалі багацці, вынішчалі нацыі фізічна, рабавалі іх духоўна, тапталіся на годнасці і свабодзе? I знаходзілі сабе апраўданне ў вачах свету, маўляў, дапамагаем, баронім ад хцівых суседзяў…


Паколькі тое смешнае і нясмешнае здарэнне адбывалася ў парку амаль усутыч з колішняй сядзібай Якуба Коласа, было вырашана расказаць усё яму.

Што ён скажа?

Канстанцін Міхайлавіч слухаў усмешліва, хоць я і пабойваўся, што магу расхваляваць яго прыгадкаю пра мясціну, дзе некалі стаяў ягоны дом, пад дахам якога жыла ўся цалкам, не кранутая вайною і часам, сям’я. I, дарэчы, былі вартаўнікі, вельмі сімпатычныя сабакі.

На шчасце, сумныя прыгадкі абмінулі яго, а пасур’ёзнець Канстанцін Міхайлавіч пасур’ёзнеў:

— Можна сказаць, сабачая правакацыя. А можа, нават стратэгія: задуманы і складзены план аперацыі, як сарваць ворага з ягонай тэрыторыі і пакараць. I бліскучае выкананне…

Надышло маўчанне…

— Трэба думаць, — зноў пачаў Канстанцін Міхайлавіч, — розум жывёл і не такая ўжо няпэўная катэгорыя, як мне здавалася. Толькі ў жывёл сыплюць трохі больш цукру, чым трэба. Скажам, пра дэльфінаў шмат наманена.

Як ні дзіўна, развагі школьніка Лявона перагукваліся са словамі акадэміка Коласа.

Загрузка...