У Гродна я прыехаў з растрывожаным сэрцам. З вакзала пазваніў дадому. Адказ не суцешыў, ветэрынар глядзеў, прыйдзе і заўтра, але надзея малая.
Заставалася чакаць. Пачаў рыхтавацца да сустрэч з пагранічнікамі — клопат заўжды адганяе трывогі і непатрэбныя думкі.
Пайшлі да арганізатараў паездкі. Гаворка не вельмі доўгая, але грунтоўная. Мы так і папрасілі: расказвайце ўсё, што можаце, і падрабязна, быццам мы вось-вось нарадзіліся на свет. Устанавілі маршруты, час наведвання застаў і — дзень пры канцы.
За адной размовай — другая. Паклікаў у абком С. Прытыцкі, тагачасны першы сакратар у Гродне. Яму быў прыхоплены падарунак: паштоўка-здымак — буйны твар юнака і надпіс па-польску: «Свабоду Сяргею Прытыцкаму!» Так камсамол Заходняй Беларусі адваёўваў некалі жыццё свайго таварыша, над чыёй галавой вісела пакаранне смерцю.
Сяргей Восіпавіч пакруціў адозву, чамусьці патрымаў супраць святла:
— А я ўжо і забыўся пра гэта! — I нечакана разгаварыўся.
Успомніў бясконца даўгі дзень і яшчэ даўжэйшую ноч, праведзеныя без даху над галавою. Валячыся з ног ад зморы, галодны, пільнаваўся, каб не трапіць на паліцэйскае вока, блукаў па Вільні ў пошуках неправаленай яўкі. Так і не знайшоў. На цемнаватай вулачцы — кінулася ў вочы шыльда фатаграфіі. «Можа, і ўсяе па мне памяці будзе», — абудзілася думка. Зайшоў, зняўся, а ўжо з турмы пераслаў сябрам квіт на атрыманне фота. Тыя адразу ж сабралі скупыя капейкі і надрукавалі паштоўку-адозву з патрабаваннем вызваліць паплечніка.
Упершыню мы выслухалі гэтую гісторыю, што вышэй за чалавечыя магчымасці, і, галоўнае, — з вуснаў яго самога, таго — ён як бы ажыў перад намі — адважнага хлопца.
У белы дзень мінуў дзесяткі пастоў, сотні шпікоў і паліцаяў і трапіў у святое святых, белапанскі суд. Там мела адбыцца застрашвальная працэдура працэсу над семнаццаццю рэвалюцыянерамі.
Апрануты ў афіцэрскі мундзір, лёгка, нібыта і не праседзеў ноч на лаўцы ў скверы, наблізіўся пад самы бар’ер, за якім круцілася гадавай душы істота, прадаючы і заблытваючы камуністаў, да каго ён ушыўся ў сяброўства, уцёрся ў давер, стаўшы правакатарам.
Прытыцкі падышоў амаль усутыч. Стрэліў раз і адразу ж другі. Павярнуўся і таксама павольна — выканаў даручэнне, пакіраваўся да дзвярэй.
Абудзіўся ўкамянелы суд, спахапілася варта. Пачалі страляць, але ўбезладзь, звалілі не адразу.
— Упаўшы, — Прытыцкі пасміхаецца, — яшчэ нешта кеміў. Дай паспрабую дрыгну нагою, падумаюць: «Гатоў» — і не стрэляць у галаву.
Перажываючы тую страшную хвіліну, мы слухалі не зварухнуўшыся. За вокнамі стала шарэць, з касцельных вежаў заблямкалі званы на імшу.
Каля гасцініцы чакала машына, рушым у госці да пагранічнікаў.
Праскочылі гарадскую ўскраіну і вось — на многія дзесяткі кіламетраў некранутыя бары. Выносістыя сосны, як ні задзірай галаву ўгару, верхавіны іх хутчэй угадваюцца, чым бачацца, пашумліваюць, амаль не парушаючы цішыні. Не варушацца і лапіны маладзейшага лесу, асабліва ціха стаяць маладыя хваінкі, вельмі мілыя пад нячэпаным снегам, акурат школьніцы ў белых пуховых хусцінках.
Машына бяжыць па ледзь прыкметнай няслізкай дарозе, працёртай як быццам аднымі саньмі.
Зусім неспадзявана ў апалай шэрані паказваецца будынак, за ім другі, ніжэйшы: застава.
У баку ад дома размецены невялічкі пляц, на ім помнік.
Тут на пачатку вайны жменька пагранічнікаў стрымлівала батальён, калі не больш, варожай пяхоты. Цяперашні начальнік заставы, хоць і малады яшчэ афіцэр, меў што расказаць пра клапатныя дні сваіх папярэднікаў. Дый зараз заслона цішыні і непарушнасці гэтых мясцін — уяўная, за ёю прыхована нядрэмнае жыццё і служба.
— Парушэнні межаў? — начальнік заставы перапытвае: — Ёсць, як ім не быць. Часта перасякаем у намерах. Сочым, каб не прарваўся ніхто.
Начальнік выпраўляе нарады байцоў на службу. Кароткая, вельмі сур’ёзная цырымонія: даклад пра зрыхтаванасць і маршруты. Міжволі адчуваеш і сам ускладзеную адказнасць.
Просяць у сталовую. Пакаштуем салдацкага прыварку, даўно не даводзілася. Благога не скажаш — смачна! Але зрабіць, каб посуд заблішчэў — не на нашу сілу. Суседзі па сталу, чырванашчокія малайцы, пасмейваючыся, упраўляюцца з сваімі порцыямі. Большую частку сутак яны ў хадзе, на ветры і марозе.
Пакрысе завязваецца размова: колькі хто служыць, што пішуць з дому.
Пераходзім у другі пакой, тут байцоў больш. Трапляем пад абстрэл роспытаў.
— А Шолахава ведаеце? Бачылі толькі? А Фадзеева?
— Разам песні спявалі, быў у нас у гасцях…
— Праўда? Дык, можа, з намі папяём?
Спяваць пакуль не час. Пераходзім на вершы: чытаем і слухаем, на заставе — два сваіх паэты.
Але служба ёсць служба. Начальнік заставы прапануе стаць на лыжы. Рыхтуецца на адыход чарговы нарад.
Каля аднаго з пагранічнікаў вялікі, амаль у пояс яму, сабака — увесь увага і пільнасць. Да гэтага абавязвае сур’ёзнасць моманту і сабранасць ягонага гаспадара — і пёс напагатове.
Думкі цьмяніць невыразная трывога: «А як там мой Дзік? Ці жывы хаця?»
Падзеі разгортваюцца далей. Журботныя развагі крыху адступаюцца. Праз нейкія паўгадзіны чуем: на блізкай палянцы валтузня. Дужы псіна валіць у снег чалавека і шматае на ім адзенне.
Нам паказваюць інсцэніраванае затрыманне парушальніка. Павадыр сабакі і сам чатырохлапы выканаўца атрымліваюць падзяку за спрыт і адвагу. Добра было б і сабе пагладзіць таго сабачку, аднак нельга, не паложана.
Пазней, перад адбоем, урачыстасць, якою канчаецца кожны дзень, вячэрняя паверка.
Застава выстраена на тым самым пляцы каля помніка. Першым называецца імя былога начальніка, Героя Савецкага Саюза. Пакуль страляла рука, пакуль дыхалі грудзі, баранілі байцы родную зямлю. I ўсе чыста палеглі — ад першага да апошняга…
Назаўтра не заўважылі, калі і як, час гасцін мінуўся. Прыбыло ўражанняў, знаёмстваў, нават такія-сякія радкі зараіліся.
На расстанне поціскі рук — ад душы, пальцы млеюць — ну і, вядома, узаемныя пажаданні поспехаў.
Учарашняя бліскучая дарожка прыцярушана снегам, едзем даўжэй. А мне ўсё нецярплівіцца: калі ўжо тое Гродна! Двое сутак няма вестак, як там дома, што з хворым.
На жаль, тэлефонная размова не дала палёгкі. Голас у Гаспадыні быў засмучаны: дома не палепшала, Дзік не ўстае і ежы не прымае… Ветэрынар заходзіць штодня, стараецца дапамагчы. А больш паціскае плячыма: «Дзіва, як з яго духі не выбілі. Скура ж — рана на ране, струп на струпе».
I мне адразу ўявілася Дзікава кватэра — куток паміж буфетам і дзвярыма на тэрасу. I там дажывае, можа, апошнія хвіліны сябар.
Нямы і нерухомы.
Чуе знаёмыя крокі, а самому не ўстаць, не падбегчы насустрач — не служаць, не хочуць слухацца лапы. Адчувае, Гаспадыня лёгка датыкаецца рукою, гладзіць, а яму ні зірнуць — не расплюшчваюцца вочы, ні палашчыцца, вільнуць хвастом — не можа варухнуцца хвост. I стук у дзверы яму чуцён — чужы ці свой? — а не ўскочыць і не загаўкае — немаведама дзе падзеліся голас і сіла.
У нумар гасцініцы зайшоў харыст Шырмавага хору, напамянуў, што Рыгор Раманавіч чакае на рэпетыцыю. Гэта было сапраўднае свята — нам паказалі амаль увесь рэпертуар, а ён быў і класічны, і фальклорны, і, галоўнае, у бездакорным выкананні.
Наперадзе чакала яшчэ адна сустрэча.