ДЗІК ВАЮЕ СА ШКОДНІКАМІ. МЫ ТАНЦУЕМ ВАЛЬС

Наш халодны і малапрытульны дамок стаяў на ўскраіне горада і, як іншыя суседнія дамкі, быў абкружаны кустамі парэчкі і вішняком, а вокны пазіралі на грады з буракамі і капустаю. Не дзіва, што вялося тут вялікае мноства розных паўзуноў і летуноў. Хай бы сабе вяліся, але нам ад гэтага было не салодка. Усе яны — мурашкі, мухі, камары і нават чмялі — не мелі ніякага жадання абсталёўваць сабе ўласнае жытло, а так і цэлілі трапіць у кватэру. Наляталі праз дзверы і форткі, напаўзалі праз непрыкметныя воку шчыліны ў сенцах і ў вокнах.

Як ні пільнаваліся мы шчыльней зачыняцца, зацягваць марляю і сеткаю вокны, нічога не дапамагала. Звечара самым старанным чынам аглядалі ўсе куткі і выганялі, нават выкурвалі дымам бярозавай губы ўсіх, хто меўся застацца з намі начаваць, здавалася б, дачыста. А толькі пагасіш святло і ледзь-ледзь змружыш вочы, над вухам звон — камар! Паспрабуй згледзь ды злаві яго! Як быццам дасі сяк-так рады, а ўжо ў суседнім пакоі нехта абудзіўся і ляпае далоньмі, каб залавіць парушальніка спакою.

Ішла трывалая, хоць і неабвешчаная ў друку вайна. I ў ёй актыўна ўдзельнічаў наш сабака.

Асабліва надакучалі мухі. Іх даводзілася выганяць па некалькі разоў на дзень. Цэлымі раямі ляцелі яны з бліжэйшых памыйніц і сметнікаў і трымаліся вельмі нахабна, поўзалі па сценах і па сталах, замахваліся сесці на хлеб ці ўваліцца ў талерку.

Дзік даволі ўдала абараняўся лапамі: адгрэбаўся ад мурашак і душыў на мордзе камароў. А вось мух гідзіўся страшэнна, асабліва гудух, тоўстых, чорных з зеленаватымі галоўкамі. Варта было такому стварэнню, абварыўшыся ў пары, упасці ў ягоную міску з гарачай поліўкай, як сабака адыходзіўся і не паддаваўся на ніякія ўгаворы: хоць бы пакаштаваць ежы, хоць муха была даўно выкінута.

— Дзік! — злавалася ў такіх выпадках Гаспадыня. — Ідзі сюды. Глянь на Хаму.

Кот ужо вымываў языком свой сподачак, не зважаючы, што збоку ляжыць муха.

— А чаго ты перабіраеш? Што ты з панскага заводу, ці што?

На вачах у сабакі страву вылівалі вон, вымывалі посуд і налівалі свежую, толькі што з пліты. Толькі тады ён падыходзіў бліжэй, усё разглядаўся і прынюхваўся, зрэшты рабіў ласку хлебтануць, і то, каб не ўкрыўдзіць Гаспадыню.


Аднойчы раніцою ўсе пасыходзілі з дому. Засталіся толькі Дзік і я. Мне трэба было скончыць тэрміновую работу, а сабака выконваў абавязкі вартаўніка дома.

Амаль адразу, як я сеў за стол, з’явіліся няпрошаныя госці: якім чынам яны злаўчыліся трапіць у мой пакой і што ім тут падабалася? Каб хто ведаў! Да столі слупом стаяў сіні папяросны дым, невялічкая фортка не ўпраўлялася выцягваць яго. I чалавеку не ўтрываць, але ў тыя мае гады здароўя было не пазычаць, а госці — усяго толькі слабыя стварэнні з кволымі лапкамі і крыльцамі.

Першы з’явіўся чмель. Я выпасажыў яго параўнаўча лёгка. Не дужа паваротлівы ў сваім аксамітным паўкажушку чмель пагуў, зрабіўшы некалькі кругоў каля сцен, і запоўз у куток рамы. Там я і накрыў яго ручніком. Чмялёў голас змяніўся: замест пагражальнага барытона бзынкаў тоненькі і жаласны фальцэт. Аднак вытрасены з ручніка на вуліцу ён бадзёра паляцеў, адвітаўшыся са мною зноў жа барытонам.

Дзік наглядаў за гэтай валаводай і ўсім сваім зніякавелым выглядам нібыта прасіў прабачэння: «I рад бы, але не магу дапамагчы».

Тым часам у пакоі аказалася пчала, многа спрытнейшая. Упраўляцца з ёю давялося тым самым манерам, пры дапамозе ручніка, але значна даўжэй.

Нарэшце можна было сядаць за работу. Тут клопату задала муха. Яна трымалася не менш ваяўніча, чым абрыдзелы за вайну нямецкі самалёт «месершміт». Лётала з кута ў кут, ад сцяны да сцяны і нахабна, густа гула, галоўнае, не рабіла спробы дзе-небудзь прысесці.

Я ўжо быў гатовы пагадзіцца: гудзі, ліха з табою, буду працаваць. Але муха перайшла да дзеянняў, іначай як агрэсіўныя іх не назавеш: снавала сюд-туд над галавою і цэліла сесці акурат на нос.

Мы з Дзікам парасчынялі ўсе вокны і дзверы, я зноў узброіўся ручніком. Адзін захад наўздагон за няўлоўнай надаядай, другі, і ў пакоі як быццам не засталося нікога, апрача сабакі: ён не адступаўся і часта дыхаў, выставіўшы язык.

Мы напіліся вады, крыху адпачылі, але не паспеў я ўзяцца за аловак, як над вухам пачулася агорклае «бз-з-зз!».

Усё пачалося спачатку. Ратуючыся ад ручніка, муха ўмела хавалася, зашывалася за шафу, у цёмны куток і некаторы час сядзела ціха. А як толькі канчалася аблава, зноў звінела над галавою.

Час ішоў, а раніца — самы лепшы час для работы — была зглумлена. Агледжаны ўсе магчымыя спраты, вымаханы ручніком пакоі і тэраса, і я ўзяўся за работу.

Можа, адчапілася хітрая назола, а як — не, перацярплю.

Муха нібы таго і чакала: вылецела аднекуль і на гэты раз змяніла тактыку, пачала кружыцца вакол стала нізка, на ўзроўні крэсла. Але тут шчоўкнула сабачая пашча і стала ціха.

— Дзік! Дзякуй табе, дарагі мой!

Сабака пераступаў з лапы на лапу, вельмі грэбліва крывячы морду. Нарэшце расшчапіў зубы і выплюнуў чорную муху-гудуху, яшчэ жывую. Яна страпянула крыльцамі і папаўзла па падлозе.

Сабака хутка ўдарыў лапаю і адступіўся.

На здарэнне прыбег Алік з двара. Дазнаўшыся, што адбылося, ён запляскаў у далонькі:

— Дайце яму хутчэй малака! Хай апаласне рот. — I павучальна дадаў: — Чаго толькі не зробіць верны сабака для гаспадара.



Алік ведаў дакладна, што найбольш падабаецца Дзіку і чым ён грэбуе. У доме хлопчык быў часты госць, часамі загульваўся, хацеў есці і сядаў у нас за стол. Любіў так званы мінскі хлеб, нават выказаў жаданне атрымаць кавалачак.

Дазнаўшыся пра гэта дома, яму забаранілі прасіць чаго-небудзь самому. Мама дазволіла толькі часам прыняць прапанову і сказаць «калі ласка». Для хлопчыка такая працэдура была складанай, мамін загад перайначыўся, і, падгаладаўшы, ён казаў пошапкі Гаспадыні: «Хачу, калі ласка, мінскага хлеба».

Вядома, вабілі яго ў наш дом жывёлы, асабліва хораша дружылася ў іх з Дзікам. Таму ён так захоплена сустрэў сягонняшні сабакаў учынак.

Тым часам Дзік выеў малако, морда ў яго набыла выраз абвыклай прыязнасці, а ў вачах чыталася надзея: «Ці прайшліся б мы куды?»

— Не, Дзічок, — сказаў я, — не пара.

Гуляць аднаго яго выпускалі на світанні або калі аціхаў рух на вуліцах. Зараз жа толькі бралася з поўдня дый на стале чакала недакончаная работа.

Я пачухаў яго за вушамі, сабака ад задавальнення выцягваў шыю і плюшчыў вочы.

— Калі хочаш, прашу на тур вальса.

Прапанова была сустрэта прыхільна, і лапы ўмомант апынуліся ў мяне на плячах. Без музыкі мы абкружыліся вакол стала, прарабляючы нагамі нешта вельмі мала падобнае да плаўных рухаў цудоўнага танца.

Гэтая забава надзвычайна падабалася яму: колькі б разоў на дзень я ні выходзіў з дому, усё роўна па звароце мусіў адбываць прызвычаеную цырымонію.

Звычайна, сустрэўшы ў дзвярах, сабака праводзіў мяне да вешалкі і цярпліва чакаў, пакуль здыму паліто і пераапрануся ў хатнюю адзежу. Тады, бачачы, што сабачая цярплівасць пераходзіць межы магчымага, я запрашаў: «Давай абдымемся!» I мы сапраўды абдымаліся, ён даставаў мяне лапамі каля шыі, я абшчэпліваў яго за тулава і крыху прыўздымаў над падлогай.

Аднойчы, зусім выпадкова, я закружыўся, ашчаперыўшы сабаку, па пакоі. Адтуль і павялося — заканчваць сустрэчу вальсам — ён запомніў гэтае слова і ўспрымаў яго як прыемную каманду.

Часамі, знерваваны ці заклапочаны, я забываўся прарабіць сустрэчу з усімі падрабязнасцямі. Сабака крыўдзіўся, клаўся на месца і з дакорам пазіраў адтуль, пакуль не звернешся з нейкім прыветлівым словам.

Здараліся часамі выпадкі, спачатку зусім не зразумелыя: Дзік адмаўляўся ад танца. Мала таго, не хацеў падтрымліваць са мною хоць якія адносіны. Сустракаў каля ўвахода, пачынаў быў лашчыцца, але, пацягнуўшы ў сябе паветра, адварочваўся і смутна кіраваўся ў свой куток.

Растлумачылася гэта не дужа хутка, але зусім проста: сабака не любіў паху віна, чуў яго здалёк. Хай сабе ў роце ў чалавека пабыла адна кропля віна, самага лёгкага і добрага, з грузінскага вінаграду.

Такі перапынак у нашых дачыненнях адразу ж выкрываў Гаспадара перад хатнімі: ага, спазніўся на вячэру, значыць, быў недзе на бяседзе з сябрамі.

Аднак у сабакі не заўважалася асаблівай непрыхільнасці да пахаў, што звычайна суправаджаюць вячэру з гасцямі. Ён проста сядзеў пры стале каля правай нагі ў Гаспадара і сачыў за прысутнымі. Калі тосты іх рабіліся занадта гучнымі, а рухі звыш рэзкімі і вольнымі, ён запытальна паглядаў на Гаспадара — што рабіць, а здаралася, сам заклікаў да парадку парушальніка спакою, без папытання.

Мы наогул ведалі, што жывёлы не толькі не схільны ўжываць розныя наліўкі і настойкі, але ўнікаюць іх водару. Пакрысе здагадкі пра адносіны да падобнага роду трункаў развіліся з клубка ў нітачку, яна і вывела на пэўны след.

Аднойчы да нас завітаў мілы госць, добры чалавек. Малады яшчэ здаравец, ён быў у вясёлым настроі. Дзік падаў яму лапу, гэта здаралася не дужа часта і выяўляла бясспрэчную сімпатыю да ўдастоенага такой сабачай ласкі, не меншай як прыпаданне да пантоплі ў рымскага папы.

Госць усё ж не здаволіўся і запрапанаваў сабаку падужацца. Прызнацца, я збаяўся: баруканне можа скончыцца сумна для гасцёвых портак. Але не паспеў Дзік адскочыцца, як быў схоплены ў жалезныя абдымкі і сціснуты так, што, здавалася, затрашчалі рэбры. Сабака ўпёрся госцю лапамі ў грудзі, сіліўся дастаць твар зубамі. Нарэшце, неяк вылузаўся і ледзь дацягнуўся да падсцілкі. На адвітанне не ўстаў, ад працягнутай рукі адсунуўся і хуценька падабраў лапы пад сябе.



Магутны госць не мінаў нашай хаціны. Дзік не брахаў на яго, не дазваляў сабе ніякіх іншых прыкмет варожасці, аднак бянтэжыўся і вянуў увачавідкі. Зірнуўшы на мяне, як бы папярэджваючы — глядзі, будзь асцярожны з ім, — сабака выходзіў у другі пакой і на вочы наведвальніку не паказваўся.

Відаць, гэта быў у яго жыцці першы выпадак, калі не капітуляцыі, дык прызнання сябе слабейшым.

Загрузка...