Ноч у вагоне перабывалася з дакорамі самому сабе. Дома — бяда, а ты едзеш некуды. Аднак паездкі нельга было адкладаць, усё дамоўлена загадзя, людзі чакаюць.
Сну — ані блізка! Шчымела трывога, здавалася, я перажываў ужо нешта падобнае і менавіта звязанае з сабакам. Нарэшце, успомніў — Урсон! — гэта быў мой першы гадаванец. Разам з ім прыгадаліся і ўсе іншыя сабакі майго маленства.
У бліжнім панскім двары была цэлая гайня, дзесяцера, калі не больш сабак. Праход і праезд каля двара быў наглуха перакрыты. У выпадку парушэння забароненай зоны высыпалі ўсе, лупілі з людзей порткі, даставалі за морду каня, ледзь не ўскоквалі ў драбіны. А не дай божа перацягнуць каторага пужкаю: брэх ператвараўся ў енк і гвалт.
Трымалі ж іх гаспадары, каб пільнавалі саду ад начлежнікаў, сад быў вялікі і кепска дагледжаны, аднак багаты на славутыя слуцкія бэры і антонаўкі.
Пасля рэвалюцыі мае сяльчане, прусцы, падзялілі маёнтак, размеркавалі зямлю на душы. Саду і саміх паноў не зачапілі, яны з’ехалі, здаецца, у Польшчу. Асірацелыя сабакі пагаўкалі-пагаўкалі дый папрыставалі жыць да хутаранцаў — вартаўнікамі.
Прыбілася і да маіх бацькоў сучка. Калматая, хвалістага чорнага воласу, з рудымі лапамі — курта, хвост ёй упалавінілі няйначай за недастойныя паводзіны: шастала, дзе не дазволена, таму і зарабіла імя — Шаста. Яна-то і была старэйшая над сабачай дворняй, завадатарка, першая ўздымала галас, кідалася рваць кожнага, у каго была патрэба прачыніць брамку на панскую сядзібу, і даўжэй за ўсіх аббрэхвала сялянскія вазы з сенам і дрыўмі.
Шаста з’явілася ў нас недзе пад вечар. Сядзела пры ганку, рахманая, былой ваяўнічасці і следу не значна: махала, як магла ўпрошвальна, укарочаным хвастом, падымала смутныя вочы на майго бацьку. Поблізу стаялі, нібыта падтрымлівалі нямую просьбу, два нашых сабакі, Саід з Ігманам.
Бацька вагаўся: пакідаць ці не? I сваіх жа вартаўнікоў хапае, паранай бульбы з’ядаюць цэбар, за дзве свінні. Аднак, што рабіць — стварэнне жывое, прытулку няма, а чым яно вінавата? Бацька вынес з хаты скарынку, кінуў Шасце і сказаў: «Жыві!»
I Шаста засталася. Жыла ў нас доўга, ні звяглівасці, ні злосці не выказвала, за возам бегчы не ўвязвалася, адно што прыводзіла шмат шчанюкоў.
Аднаго з яе сыноў, чорнага таўсмаціка, я адстаяў — не аддалі ў чужыя рукі. I выгадаваў, падняў на ногі слаўнага прыгажуна з гладкай бліскучай поўсцю. Гэта быў «мой» сабака ў поўным сэнсе слова: не слухаў нікога іншага, не адступаў ад мяне і на хвіліну, за тое і меў смачнейшыя кавалкі. Мне — апошняму ў сям’і — пападала больш смачкаў, я сумленна дзяліўся імі з сабакам. Я ж яго і ахрысціў: Урсон, запазычыўшы імя з нейкай дзіцячай кніжкі.
Маці збіралася ў Капыль, брала і мяне з сабою, Урсон затрывожыўся і не даўся ўзяць на ланцуг, тады яго прымкнулі ў свіронак. Ад’ехаліся мы вёсак за дзве, не болей, і раптам перад канём забег, невядома як вырваўшыся, сабака, махнуў хвастом мне і пафураваў паперадзе. Не варочацца ж назад праз дурня, хай бяжыць.
Аднак лепш бы вярнуліся. На выездзе з даўжэзнай вёскі Ванелевічы, дзе мы спыніліся нечага купіць у сельпо, агледзеліся, што сабакі пры возе няма. Рушылі далей, думалася, дагоніць. Кіламетраў праз тры ўсё ж вярнуліся, маці ехала павольнай ступою, а я ішоў па вуліцы, гукаў, свістаў, нават забягаў у двары. Так і не дазваўся. Відаць, нехта моцна навязаў у такім глухім спраце, што і голасу нельга падаць, дый ніхто не пачуе.
Гасцяванне ў капыльскае цёткі Галавачыхі было няўсмак, хоць яна гасцінна і ласкава хацела як найлепш прыняць і дагадзіць. Не цярплівілася, калі ўжо скажуць запрагаць каня, каб трапіць назад у тыя самыя Ванелевічы, дзе згубіўся сабака. Без карысці… Хоць сунуліся праз вёску таксама павольна, і я зноў бясконца клікаў і высвістваў свайго друга.
Пабыўшы з тыдзень дома, я ўпрасіў бацьку яшчэ раз праехаць таею ж дарогаю, а можа, думаючы, што прывык, сабаку спусцілі з прывязі. Бацька не адмовіў, а з’ездзілі зноў жа без карысці. Вяртаючыся з нішчымнымі рукамі дамоў, ён растлумачыў, як трэба гаварыць:
— Евангелевічы на Ванелевічы перайначылі мясцовыя сяляне, каб лягчэй вымаўлялася…
Цяжка гаравалася мне тады. Вярнуўся да сяброўства са старымі нашымі сябрамі Ігманам і Саідам. Паходжанне іхніх мянушак не ведаю, хрысцілі старэйшыя браты.
Гэта была разумная пáра. Каля насыпное дарогі з Вызны на Пагост пры землеўпарадкаванні бацьку прырэзалі кавалак зямлі. Там радзіла бульба, саджалі яе цераз год, і ў ёй тады нашы сабакі наладжвалі паляванне на зайцоў. Адзін клаўся ў канцы палосы ад саду, а другі забягаў з процілеглага боку і яхкаў, падскокваючы ў баразне, пакуль не выпуджваў зайца проста на свайго напарніка. Як яны потым дзялілі здабычу без грызні і крывепускання, не здагадаешся.
Само тое паляванне асачыў мой бацька. Ранні і руплівы чалавек, ён заўсёды ўставаў нацямку, а тады якраз і ўзганялі зайцаў з роснага бульбяніку хвастатыя паляўнічыя. Яны зарошваліся, аж капала, і прыбягалі сушыцца і драмаць на зялёным грудку каля акон нашай хаты.
Маці стукала ў шыбу:
— Ці ўлавілі што? Абрасіліся-то добра, а што б у хату свежанінкі прынесці.
Саід дажыў да прыходу «першых немцаў» на Случчыну. Як з’явіліся, адразу загадалі наслаць тратуары па абодва бакі неймаверна гразкіх селавых вуліц і прыкуць да калодзежных вочапаў вёдры, каб бабы не лазілі ў студню кожная са сваім. Апошняе ў загадзе — узяць на ланцуг усіх сабак.
Рэзонныя гэтыя захады заваёўнікі рабілі, не пра нас, вядома, дбаючы. Баяліся тыфусу і гішпанкі, што валілі тады людзей — на хатах, куды ўпадала хвароба, крэйдай пісалі назву яе, быў такі надпіс і ў нас на сцяне: доўга не ачуньваў старэйшы брат. Не менш палохала немцаў і магчымасць усшалець: хопіць за лытку кручаны сабака, і гатова.
Гразнуць па калені на вясковых вуліцах ім таксама не выпадала, а хадзіць трэба было, перапісвалі і таўравалі на канфіскацыю сялянскіх коней і кароў.
Ці мы не паспелі выканаць загад пра навязванне сабак, ці Саід злузаўся з прывязі, адным словам, ён здуру гыркнуў на немца.
Салдат злажыўся і стрэліў. Сабака ўпаў, але неяк адпоўз ад варот, зашыўся ў куток пад паветкай і з тыдзень не еў і не піў, мы не ведалі, ці застанецца жыць. Яму пашанцавала: куля засела ў левай лапатцы, глыбей не пайшла. Потым, калі рана загаілася, мы намацвалі тую кулю пад скурай, сабака злаваў і гыркаў нават на сваіх.
Пад старасць Саід рэдка вылазіў са свайго сховішча, нават калі немцы адступілі. Амаль не брахаў, калі ж падаваў голас, дык не на чужога, а на сваіх, відаць, лаяўся, што малая пенсія.
Гулялі вяселле мае старэйшай сястры. Не забылі і сабаку, занеслі нечага з абруса, і хлопцы, падпіўшы, улілі яму ў горла шклянку самагону.
Саід сп’янеў і ўспомніў свае абавязкі: падаў голас і гаўкаў усю ноч.
Урсон, Шаста, Саід… Усяго наўспамінаў. А Дзік?