Гэта была чыстая праўда: аднойчы над сабакам навісла пагроза быць аддадзеным за жарабя.
Нагуляўшыся за горадам, мы прыселі на беразе рэчкі. Дзік прарабляў улюбёныя нумары: даставаў з вады пакалкі, ускокваў на штабель прасмоленых шпалаў, па просьбе прыносіў бліжэй адстаўленыя знарок чаравікі.
За гэтым з цікавасцю наглядаў асмуглы чалавек з чорнаю кучараваю галавою. Ён пасвіў на лугавіне буланую кабылу, поруч выбрыкваў, задзіраючы ножкі, стрыгунок. Жарабятка было спаснае, чырвонай масці, хвост і грыўка — чорныя, а на лабэціне свяціла белая плямка, зорачка. Надакучыўшы бягою, ён спыніўся і выставіў да нас мызачку, варушачы замыленымі губамі, як робяць жарабяты, просячы дазволу на знаёмства ў старэйшых коней.
Я папрасіў у гаспадара дазволу пагладзіць малое.
— Гладзь колькі ўлезе. А хочаш, можна і назусім аддаць.
— Як гэта? — я не мог схаваць здзіўлення.
— А так: я табе гэтага каня, а ты мне — сабаку.
— Жарабя-то добрае, дзякуй. Але ў нас з ім, — я паказаў на сабаку, — старая дружба.
— Я прыдачы дам, — падахвоціўся цыган. — Кажы, колькі?
Паўтарыць адмову давялося больш катэгарычна. Мы памкнуліся пайсці, але кучаравы не адступаўся:
— Бяры наверх сто! Мала? Дзвесце…
Дзік нібыта адчуваў, што гаворка тычыцца яго, туліўся да нагі і неадрыўна глядзеў на настырнага мяняльшчыка. А той уваходзіў у азарт, набаўляў цану.
Я адыходзіў, падражніваючыся з сабакам:
— Вось бачыш! Цяпер пільнуйся: як што якое, аддам цябе цыгану і без жарабяці… Чуеш?
Услед за намі даляцела пагроза:
— Так што, лічы, сабакі ў цябе ўжо няма. Мой будзе, і не агледзішся.
Гэтая грозьба не сказаць каб палохала, спрабуй залыгай гэткага здараўца. Аднак нельга было і пакідаць сказанае зусім без увагі.
Каля ракі, на нашым беразе зачапілася на стойбіска некалькі фурманак, а неўзаметку атаўбаваўся цэлы цыганскі табар. Неймаверна хутка пякліся хацінкі. Хутчэй буданчыкі. Злепленыя амаль з нічога: кардон, бакавіны скрынак, кавалкі ржавай бляхі, — вось і сцены. А заместа дзвярэй — посцілкі, за вокнамі таксама затрымкі не было — аскабалкі патрушчанага шкла знойдзеш не шукаючы.
Пасярод паселішча хрумсталі кошанку даволі гладкія коні, сноўдаліся сабакі з паўсыхаўшымі жыватамі, даспеўвалі сваё кароткае жыццё певуны.
Цыганскія жанкі з раніцы высыпалі ў горад, ва ўскраінныя дамочкі — варажыць. Няпэўнае гэта ўмельства давала-такі зарабіць у той час. Толькі-толькі скончылася нечуваная дасюль вайна. А пазабірала яна безліч мужоў і бацькоў, развеяліся па свеце дружбы, каханні, цэлыя сем’і паразбіваліся. Людзі прагнулі хоць што дазнацца пра адсутных і лёгка давалі веры варажбіткам. Аднак хутка пачалі асцерагацца: пасля чарговага сеансу варажбы ў доме чаго-небудзь абавязкова недалічваліся: знікаў жакецік з вешалкі ці хоць гаршчок з плота.
Цыганова пагражанне наконт сабакі мела нейкія падставы. Вякамі ўсталяваная нядобрая слава — цыганы, маўляў, ахвотнікі да чужога, асабліва да коней — і цяпер ішла за імі не астаючыся. Праўда, нам не давялося доўга асцерагацца: цыганскі табар неўзабаве ссялілі. Пагрузілі на вялікія грузавікі амерыканскай вытворчасці «студэбекеры» і вывезлі, куды — невядома.
Мы нахапіліся на тыя прымусовыя пярэбары з адным вядомым паэтам. Стаялі даволі доўга. Глядзелі, як спачатку грузілі маёмасць, амаль адно рыззё і лахманы, адразу з двух-трох буданчыкаў, потым саджалі на платформу гаспадароў. Машына разварочвалася і трушчыла коламі рэшткі ўбогага чалавечага прыпірышча.
Пыл і курава стаялі слупам. Тым пасялкоўцам, хто меў коней, было дазволена вывозіцца самім, збоку ў рад стаялі іхнія фурманкі, чакалі, калі будзе сказана ехаць услед за машынамі.
Наўкола пасмейваліся кучкі разявак, жыхароў з ускраінных хацін, мала лепшых за цыганскія.
— Пойдзем! — крута павярнуўся паэт. — Што б там ні казалі пра іх, гэта — людзі. А выходзіць — новае гета…
Праз нейкі час, калі засмучэнне крыху забылася і аціхла, мой сябар прыгадаў Пушкіна: «Цыганы шумною толпою по Бессарабии кочуют». I якраз жа пераклаў-перайначыў: «Па Беларусі цыганы на „студэбекерах“ вандруюць».
І расказаў, што ён дачуўся. Нейкія вандроўныя людзі аселі на зямлю ў Бабруйшчыне: хочам жыць калгасам. Атрымалі пазыку на будаўніцтва, далі ім і грэчкі, каб было чым пасеяцца. Грэчку яны як быццам абдзёрлі на крупы, а шалупінне высеялі. «Не ўзышло, дрэннага насення далі», потым абвясцілі мясцовым уладам.
Праўда ці не гэта, ён сцвярджаць не падручыўся, аднак пра цыганскія калгасы ў нашым баку пагалоскі не было.
Магчымасць набыць каня не магла быць утоена ад сяброў.
— А што ты думаеш, — казалі мне, — падгадаваў бы, дык і на работу б ездзіў. Прыпнуў каля Дома друку і працуй. I клопату няма.
Натуральна, не ведаючы імені ўласніка таго жарабяці, гаварылі — цыган. I хоць я, расказваючы пра здарэнне, хацеў сам пахваліцца сабакам і яго падхваліць, на Дзіка гэта слова дзейнічала кепска, ён хмурнеў.