ДРУЖБА З ДЗЕЦЬМІ. ДЗІК ДАПАМАГАЕ ПА ДОМУ. ПАВАГА ДА СТАРЭЙШЫХ. КАНФУЗ З ЧОРЦІКАМ

Дзік быў улюбёнец дзіцячай вуліцы, шырэй сказаўшы, усяго дзіцячага насельніцтва нашай незабрукаванай тады, размытай дажджамі ўскраіны.

Варта было яму паказацца на вуліцы, як набягала поўным-поўна дзяцей. Яны прыбывалі па адным і кучкамі, узяўшыся за рукі. З усіх бакоў чулася:

— Дзік! Дзік!

А шапялявы Міцька, каго ён асабліва вылучаў сярод дзяцей, крычаў:

— Дзіт! Дзіток! — гук «к» у яго не паддаваўся да вымаўлення.

Паабапал Дзікавай сцежкі да водаразборнай калонкі стварыўся гаманкі строй дзяцей, нібыта на парадзе. I адусюль цягнуліся рукі: якое шчасце пагладзіць такога вялікага сабаку ці хоць дакрануцца да яго поўсці.

Дзік не заставаўся безудзельным: каму тыцкаў носам у працягнутую руку, каму віляў, а каму дзякаваў языком у нос ці шчаку.

Шапяляваму Міцьку, ён быў ніжэйшы, пападала найбольш пацалункаў у лоб, і ён з гонарам затуляў далонькай ушанаванае сабакам месца:

— Мяне сюды лізнуў!

— А мне ўсю шчаку абмыў! — задаваўся рабенькі Петрык, не зважаючы на Дзікаву нетактоўнасць да ягонага бацькі.

Тым часам Дзік кіраваўся цераз вуліцу да калонкі. Гэта была яго служба і пачэсны абавязак: суправаджаць і ахоўваць каго-небудзь з нас, хто ішоў набраць вады. Гэтай праходкі ён чакаў з нецярплівасцю. Калі бразгалі вёдрамі з кухні, сабака падбіраўся — увесь увага і зрыхтаванасць. Стаяў каля ўваходных дзвярэй, нецярплівіўся, паскробваў філёнку лапай, але без запрашэння «Пайшлі па ваду!» з месца не саступаў. I вельмі засмучаўся, калі такога запрашэння, паводле якой-небудзь прычыны, не атрымліваў.

У двары, дзе стаяла калонка, жыў танканогі чорненькі сабачка Чорцік. Дзік не любіў сустракацца з ім, гурчаў і натапырваўся. Тут адбываўся канфуз, праз які сабаку было сорамна і перад гаспадарамі, і перад дзецьмі.

Павялося гэта ад тых дзён, калі ён толькі з’явіўся ў нас малалеткам, шчанюком. Чорцік быў старэйшы, праз сваю драбнату меў кепскі характар, занадта задзірысты.

Аднойчы ў прысутнасці Гаспадыні ён зрабіў напад на шчанюка. Патузаў за вушы і, галоўнае, прымусіў перацéрпець страшэннае паніжэнне, абваліў на зямлю і перавярнуў са скрыжаванымі лапамі. Гэта пастава выяўляла поўную пакору, і звычайна, прыняўшы яе, можна было ўжо не апасацца зубоў — ляжачых сабакі не рвуць.

Гаспадыня вызваліла шчанюка, узліла на Чорціка паўвядра вады. Малы, атросшыся, угнуў хвост і цішком падаўся за ёю.

Ад таго прыкрага здарэння мінулася больш за паўгода. Дзік ператварыўся ў дужага і смелага сабаку, вясёлы і бесклапотны, «хадзіў па ваду», прымаючы дзіцячыя захапленні і прывітанні. А пры з’яўленні Чорціка ўмомант вянуў і клаўся лапамі ўгору на спіну.

Гэта было смешна: дробненькі Чорцік падыходзіў, гыркаў і наступаў на ўдвая большага і дужэйшага за яго пса. Пасля адыходзіўся да сваёй будачкі і адтуль назіраў, каб пераможаны не паварушыўся.

Дзеці абураліся на Чорціка, сарамацілі Дзіка, аднак пры іхніх сустрэчах нязменна адбывалася ганебная для Дзіка працэдура.

Алік абурыўся на Дзіка. Аднойчы мы ўтраіх пайшлі па ваду, Алік не то каб дапамагчы, а пазадавацца перад суседзямі-аднагодкамі сваім панібрацкім абыходжаннем з сабакам: Дзік дазваляў яму цягаць сябе за вушы і нават за хвост.

Мы прыйшлі на панадворак з калонкаю. Не замарудзіўшы з’явіўся Чорцік і вызверыўся на нашага сабаку. Дзік прысеў і пачаў падгінаць лапы, нібыта станавіўся на калені, як даўнейшы князь, прывёзшы ясак магутнаму хану.

— I ты церпіш? — з дакорам прамовіў Алік. — Не можаш яго турнуць? Турні Чорціка!

Запаветнае слова, пасля якога Дзік распраўляўся з катом Хамою, спрацавала. Дзік скочыў, ударыў крыўдзіцеля грудзінаю. Чорцік перакуліўся дагары чэраўцам і завішчаў, а Дзік прыціснуў яго лапамі.

Натоўп прысутных пры сутычцы хлапчанят крычаў, заходзіўся з рогату. Аўтарытэт Аліка падняўся на недасягальную вышыню, усе малыя радаваліся. Не так Дзікаву вызваленню ад ганьбы і знявагі, як уціхаміранню Чорціка. Ён быў зласлівы, дзіцячай ласкі не прымаў, мог спадцішка хапіць за портачкі ці цапнуць за лытку.

Загрузка...