Неспакой першай ночы пад новым дахам паўтараўся, пакуль сабачка не асвойтаўся канчаткова. Прывык да свайго закутка і спаў там без лішніх турбацый, толькі падаваў голас, калі прасіўся на панадворак. Ласкавы, ахайны і кемлівы, ён прыпаў даспадобы ўсім, але ніхто з нас не мог адважыцца назваць малога. Паляпшаць і спрашчаць узаемаразуменне з ім можна было толькі выбраўшы гадаванцу імя, трапнае і лёгкае, каб ён запомніў, аглядаўся на вокліч, бег, выконваў даручэнне. Звароты накшталт цюлік, сабачка, цюцька, цю-цю-цю вычарпалі сябе і не прыдаваліся да ўжытку.
— Як жа яго ахрысціць? — разважалі мы штодня, найчасцей за снеданнем.
— Праўду казаў Марат, — сказала аднойчы Гаспадыня, — гэта будзе вялікі сабака. I разумны. Сёння ён бегаў са мною па ваду на калонку. Падышла суседка з вёдрамі, дык ён наставіў поўсць і, што вы думаеце, — забрахаў.
— Выходзіць, імя трэба даваць з разлікам, відаць жа, ён яшчэ паразумнее.
— Ад зямлі не відзён, а сваіх бароніць, — усцешылася Гаспадыніна сястра Наташа.
— Хай тады завецца Абаронца, — услед за маці падхапіла Іна, самая малодшая жыхарка кватэры.
На гэтым, аднак, не спыніліся, лепш пачакаць: імёны, як і мянушкі, звычайна знаходзяцца самі, адразу прыстаюць да сваіх будучых носьбітаў, выяўляючы якую-небудзь характэрную рысу іх выгляду ці характару. Сапраўды, імя знайшлося само. Спачатку адно, а пасля і другое, канчаткова.