Наш сабака сябраваў з катом, насуперак казкам і байкам аб даўняй і трывалай варожасці паміж іхнімі дзядамі-прадзедамі. Як гаворыць народнае паданне, справа зайшла вось за што.
Калісьці ў злагадзе жылі
Сабака й кот з мышамі,
Сяброўства мелі і былі
Знаёмыя дамамі.
Рабілі справы талакой,
Бывала скварка ў кашы…
Кот жыў пад самаю страхой,
Сабака — ў бельэтажы.
А мыш жыла яшчэ ніжэй,
Займала сутарэнне,
Такі ўжо звычай у мышэй —
Пужлівыя стварэнні.
Сабака добры меў кажух,
А кот — бекеш цудоўны,
А мыш — здабыты праз мяжу
Кабат з ангорскай воўны.
Жылі падспеўваючы ўсе,
Ды нейк, зірнуўшы ў чарку,
Стаў піць сабака пакрысе
I зводзіць гаспадарку.
Ён да такой бяды дайшоў,
Што ўсе паспродваў транты
I двух заможных парсюкоў
Пусціў у кватаранты.
А сам з сям’ёю дзень пры дні
Наняўся пасвіць статак,
I хоць было ў яго брахні,
А забягаў і ў хату.
Той пёс здаўна ўжо быў вядом
Між усяго жывога:
Ён ганаровы меў дыплом
Бадай ці не ад бога.
Там ад часоў, як створан свет,
Быў спіс радні сабачай:
І кум, і сват, і бацька, й дзед
І хто з іх чым адзначан.
Які хто меў ад роду хвост —
Ці доўгі, ці куртаты,
Як на бягу і як на поўсць —
Ці гладкі, ці калматы.
I так выходзіла, што пёс,
Нібы праўдзівы шляхціц.
Але што зробіш — кепскі лёс! —
Авечкі трэба пасвіць.
Вядома, клопату стае,
Паганыя умовы…
Паперы пёс аддаў свае
Кату на перахову.
— Каб часам дзе не загубіў,
Няхай ляжаць у хаце…
Ну, кот прыняў і палажыў
Пад бэльку на палацях.
Тым часам — восені канец,
У хлеў пастаўлен статак,
Пёс атрымаў капу яец
I сала дужавата.
Мукі асьміну — на бліны,
Ячменю мех — на піва.
Мяркуе Лыска:
— Да вясны
Я пражыву шчасліва.
З лапцей я вылезу ізноў,
Сукенку спраўлю сучцы,
Куплю валёнкі для сыноў
I дзеўкам па анучцы.
Ідзе дадому, а ў двары
Душа зайшлася ў звадцы:
З яго кватэры жыхары
Не хочуць выбірацца.
Замкнулі ўсё, глядзяць з акон
І рохкаюць паскудна:
— Ідзі ты прэч, пайшоў ты вон
Адсюль, пастух прыблудны.
Паскроб патыліцу бядак:
— Калі такія справы,
Тады я здолею інакш
Сваё давесці права.
Яшчэ мой прадзед гэты дом
Узняў з адной сякерай,
Аб гэтым сведчыць мой дыплом
I прывілеяў шэраг.
Давай, каток, паперы,
Адразу ўсё праверым.
Хапіўся кот, палез пад столь,
А там — адны атрускі,
Драбочкі белыя, як соль,
З мышынай перакускі.
Парвалі кацяняты,
Паелі мышаняты.
Схапіўся пёс за галаву,
Ад гора ледзь не плача:
— Як я з малымі пражыву,
Ты вінават, лайдача!
Ды за ката, а кот за мыш,
Пайшла такая бойка —
Дзівіся збоку, а не дыш,
Калі не хочаш войкаць.
Сабраўся ўвесь сабачы род,
Усе каты прыбеглі —
Настаўлен хвост, разяўлен рот,
Уструшня, як у пекле.
Аж змогся Лыска, грызся так,
А ў дом не мог вярнуцца,
Цяпер жыве ён, небарак,
На панадворку ў будцы.
Упала шмат на землю рос
Ад той сабачай страты,
Але ў народзе кажуць скрозь:
«Была ў сабакі хата».
Адтуль пачаткі ўсіх нязгод
Між кошкай і сабакам.
Абы сышліся — з году ў год, —
Хто-небудзь мусіць плакаць.
Сабака брэша і злуе,
А кот б’е лапай і плюе.
А калі злосць пачне цішэць
I знойдзе межы сквапнасць,
Аблавы робяць на мышэй
Яны надзвычай трапна:
Кот у кутку чакае —
Паперы спаганяе.
Сабака верне ржышча,
Мо там паперы сышча.
Вось каб памірыліся —
Мышы б не пладзіліся.
А ў нашым доме царавала самае сапраўднае сяброўства. Яно завязалася даўно: Дзік яшчэ ні разу не ліняў, а кот ледзь-ледзь адскочыў ад падлогі, мёрз без матчынага догляду і, шукаючы жывога цяпла, умошчваўся на сон каля сабакавага жывата. Дзік пагадзіўся: так было цяплей і яму самому.
Дом наш, так-сяк скіданы на жывую нітку нядбалымі рукамі няўмекаў, быў страшэнна халодны. Пліту палілі ўдзень, а грубку — рана і ўвечары. Зіма яшчэ не канчалася, а ў нас вылецела ў комін дваццаць восем кубаметраў бярозавых дроў — цэлы гай! — і два грузавікі торфу.
Усё роўна пасля таго, як зачынялі юшку, прыстойная цеплыня трывала ўсяго некалькі гадзін. Пакуль печ не астыла, туды закладалі абярэмак дроў: угрэюцца, крыху насохнуць, лягчэй будзе іх распальваць.
Аднойчы наша кацяня, шукаючы ўтулку, улезла ў грубку, за дровы, і соладка заснула.
— А ў нас зноў лядоўня! — Гаспадыня вярнулася з магазіна і пахукала ў азяблыя рукі. — Трэба брацца за печ.
Аблупіла з палена стужку бяросты, нашчапала смольных лучынак. Распалка ўзялася гарэць адразу ж, пакрысе агонь перапоўз на таўсцейшыя паляняˊкі.
Дзік з відавочным задавальненнем наглядаў за працэдурай распальвання, ён любіў ляжаць каля адчыненых дзверцаў печы і зараз чакаў, калі ж яго пачне прыбываць, таго жаданага цяпла. Праўда, цяпер трывожыўся: раз-поразу настаўляў то адно, то другое вуха — з-за дроў чуўся нейкі незразумелы шолах.
Раптам у печы нешта вякнула, загурчала, заплявалася, і з сярэдзіны, праціскаючыся паміж паленняў, выкацілася кацяня: на ім стала займацца поўсць.
Дзік скочыў, падгроб пад сябе катка і пакачаўся з ім па падлозе. Ката ахаялі, памазалі нос і апечаныя лапы вазелінам і забінтавалі.
— Ну і ну! — Гаспадар пачухаў Дзіка за вухам. — Давядзецца аддаваць цябе на курсы ратавання ахвяр агню.
Дзіка перш хвалілі ўсе хатнія, потым далучыліся і сябры, што завіталі на агеньчык і амаль сталі сведкамі той удала адхіленай кацінай бяды. Сабака шчодра ўзнагароджваўся самымі высокімі словамі падзякі.
Крытык Уладзя, чалавек чуллівы, нават крыху сентыментальны, скарміў на Дзіка каўбасу, якую нёс дадому, — там чакаліся госці.
— За спрыт і вынаходлівасць, — казаў крытык, — не лішне было б адшкадаваць яму які-небудзь сабачы медаль.
Дзік спаважна павільваў хвастом, быццам разумеў, пра што ідзе гаворка, а разумеў ён з чалавечых слоў, як высветліцца пазней, значна больш, чым можна было ўявіць.
Перабінтаванага ката паклалі на канапу, ачуньвай сабе ў выгодзе! I тут зусім нечакана падаспела «хуткая дапамога». Сабака ўзлез на канапу, паздзіраў з катовых лап бінты і ахайна злізаў языком вазелін. Гаспадыня была памкнулася адганяць, але крытык Уладзя запэўніў:
— Дзейнічае паводле ўсіх правіл сабачай медыцыны. Пайду яшчэ па каўбасу.
— I варта, — падтрымаў я. — Яго сваякі залізвалі раны толькі сабе, а гэты і сябру даў рады…
— Відаць, у сабачай сліне нешта гаючае ёсць, — здагадаўся крытык.
Ад таго дня, калі пасля ранішняй прамінкі сабаку ўпускалі ў дом, хто-небудзь абавязкова папярэджваў:
— Хама, рыхтуйся на медагляд.
Сабака абабягаў прысутных, усяляк выказваў знакі прыхільнасці, стараючыся, калі ўдасца, і пацалавацца. Потым пераходзіў да ката і, прытрымліваючы яго лапаю, каб не ўцёк, вылізваў таму мызачку.
Кацяня цярпела да часу. Апечаныя мясціны перасталі аказвацца болем, і пацыент не толькі не прымаў сабачага лекавання, а нават — няўдзячны! — лупіў добраахвотнага доктара лапай поўху.
Дзік не помніў крыўды і пасля чарговай прагулкі зноў браўся за лекавыя працэдуры.
«Аперацыя Медагляд» у далейшым абыходзілася без сутычак, аж пакуль не была перанесена на іншы аб’ект.
Гаспадыня абварыла руку каля пліты. Боль утаймоўвалі як умелі: прыкладалі распараны чай, таркаваную бульбу, перачакаўшы, мазалі жыжкай, выпаранай з крутых яечных жаўткоў і прысыпалі жоўтым пылам са спелых балотных кіяхоў. Ну, і, вядома ж, лёгка забінтавалі.
Дзік не адыходзіўся ад Гаспадыні, заглядаў ёй у вочы, не ўмеючы іначай выказаць свайго спачування. А ўбінтавання не вытрымаў, садраў абвязкі, як некалі ў катка, і пачаў лізаць абвараную руку.
— Ну, гэта ўжо залішне…
— Няхай, — расчулілася Гаспадыня. — Мне як быццам лягчэй.
Лягчэй-то лягчэй, але ад чаго? Ад усіх раней ужытых сродкаў ці ад сабачага клопату? Ніхто не высвятляў, абы рука гаілася.