ДЗІК I КОТ ХАМА

Звычайна кот умошчваўся ў адчыненай фортцы дубэльтаў, так хораша гавораць сталяры на падвойныя рамы, сачыў, як чубяцца і сварацца на вішняку вераб’і, і ляскаў зубамі. Ад прагнасці, хутчэй ад звычкі сваіх продкаў — паляваць, лавіць жывое, у яго падрыгвала ніжняя сківіца.

Пераканаўшыся, што з форткі свежае дзічыны не здабудзеш, кот вылез на дах. Неасцярожны верабейка падскакаў заблізка да мызы драпежніка, Хама скочыў і не адзержаўся на слізкіх гонтах. Зляцеў далоў, а на лапы добра не стаў, не паспелі спружыніць, што звычайна ратуе катоў пры паданні, і таму пабіў нос, а таксама губы каля вусаў.

Дзік уважліва аблізаў яго, як і тады, калі ратаваў абсмаленага ў печы, і прынёс, узяўшы за каршэнь, пад самыя дзверы.

Наогул жа, жылі яны ў згодзе. Неахвотна, праўда, Дзік даваў кату месца каля свае міскі, дазваляў пакаштаваць стравы. Хама шырока карыстаўся такім высакародствам і не мінаў выпадку паласавацца, хоць і не быў галодны, дый наогул атрымліваў куды больш смачных кавалачкаў.

Дапускаўся кот нават у сабачую кватэру, праўдзівей, на Дзікаву падсцілку. Скручваўся ў сабакі пры самым жываце. Зімою хата наша асабліва выстывала, тады абодвум спалася цяплей.

Дзік толькі аднаго разу пакараў ката, дый то якая гэта была кара, можна сказаць, папярэджанне, растлумачэнне, што не да твару рабіць прыстойнай хатняй жывёліне. Хама ў нас быў яшчэ навасёл, а да гэтага карміўся каля агульнага памяшкання рамесніцкага вучылішча. Па тых харчах меў і апетыт — непамерны, як на худое і няўдаленькае кацяня.

У доме чакаліся госці. Стол быў рассунуты, блішчэў посуд, нажы і відэльцы раскладзены з таго боку, як і належыць. Пачэснае месца займаў доўгі фаянсавы паўмісак. На ім красаваўся шчупак — фірменная страва Гаспадыні, яе сапраўдны гонар.

Жанчыны канчалі завіхацца ў кухні, я гартаў часопісы ў сваім пакоі, у сталовай заставаліся, ці то сачылі адзін за адным, ці то моўчкі аглядалі сервіроўку, Хама і Дзік.

Раптам пачуўся лёгкі скок, услед за ім мітусня і злоснае кацінае: «Вва-ў!» Мы вызірнулі: Дзік, падняўшыся на крэсла, цягнуў са стала Хаму, а ў таго на кіпцюры быў узнізаны шчупачыны хвост. Кот упіраўся і вольнаю лапаю даставаў сабаку па мордзе.



Засмуцілася, а пасля засмяялася і Гаспадыня, не зважаючы на пашкоджанае кулінарнае збудаванне.

— Маладзец, — пахваліла яна сабаку, паклаўшы на месца яшчэ непачэпаны кавалак рыбы, — без хваста ніякага выгляду. — А ты — благі, нявыхаваны кот, хам, хамуйла.

— I я тое скажу, — далучылася Наташа, — я ж яго сырою рыбаю накарміла. Яшчэ і гадзіны не прайшло. Еў, пакуль не адваліўся.

Ад таго часу, уласна кажучы, за катом замацавалася пэўнае імя. Дасюль яго клікалі: кіцка, каток, мурняўчык, пасля выпадку са шчупаком прыляпілася мянушка Хам, а з часам, калі правінка забылася, — сталі зваць Хама. Гэта вельмі пасавала да ягонай вусатай морды, дый сам ён разбыўся, ператварыўся з шэранькага камячка поўсці ў спаважнага і саліднага мурлыку.

Тады ж Гаспадыня, спярша пахваліўшы сабаку, падакарала яго:

— Ну, хто так робіць? Навошта было хапаць катка? Мог проста пастрашыць, турнуць яго ад стала. А з тваімі зубамі нядоўга і перакусіць тую лапу.

Тут было паказана, як добра выхаваны сабака павінен турнуць неслуха-ката. Хаму ўзялі за каўнер і лёгенька перасадзілі з канапы на падлогу.

— Бачыш, як трэба?

Дзік сачыў, насцярожваў вушы і, як ні дзіўна, прыняў навуку да ведама.

У далейшым паводзіны катка і блізка не дасягалі добрапрыстойнасці Дзіка. Хама мог разлегчыся без папытання на падушцы, нарабіць лапамі брудных слядоў на капе. Часта блытаўся пад сталом у час абеду і ўздрапваўся на калені, не хаваючы чутных і праз адзежу пазуркоў.

Калі гэта было вельмі не да месца і не да часу, прасілі:

— Дзік, турні Хаму!

Сабака пераносіў ката ў парог і аглядаўся: калі хочаце, маўляў, магу і за дзверы выкінуць.

Часцей Дзік паводзіўся менш далікатна: спіхаў ката з крэсла ці з ложка мордаю і чакаў, ці не будзе загаду на большае.

— Дадай, дадай яму! — казалі, калі трэба было адчувальна пакараць кацінае самавольства.

Такая цырымонія была прароблена і ў той вечар, калі Лявон з Алікам прыйшлі да нас высвятляць, што кіруе паводзінамі сабакі. У прыватнасці, падчас ранішняй асады туалета.

Хама і зараз дапусціў нетактоўнасць: палез лапай на талерку пад рукі ў Аліка. Пакаранне не замарудзіла. Сабака згроб ката і панёс пад дзверы, хоць і зарабляў ад таго поўху кіпцюрамі. Здачы не даваў, але паклаў Хаму на падлогу і прыціснуў лапамі: шыпі ні шыпі, круціся ні круціся — не дапаможа! Хама быў вызвалены толькі пасля адпаведнай просьбы Гаспадыні:

— Годзе, сабачка! Дзякуй.

Дзік, здаволены падзякаю, абыходзіў па чарзе прысутных, яго хвалілі, гладзілі, і ён кожнаму рабіў лёгкі віль хвастом. Найбольшаму ж свайму прыяцелю, Аліку, не забыўся лізнуць у нос.

Паклычаны і абслінены, кот касавурыўся на занадта стараннага ахоўніка парадку, калі той, палашчыўшыся да людзей, падбег павітаць і яго, кот стаў на заднія лапы і плюнуў. Сеўшы ў зацішнае месца, Хама старанна ўмываўся то адной, то другою лапкаю, парадкаваў і прыгладжваў поўсць. Зрэшты, Наташа пачала ў кухні старацца для абоіх вячэры, а ў гэты час між катом і сабакам усталёўваліся добрасуседства і згода. Так было і зараз: Дзік і Хама падаліся падчышчаць свой посуд.

Загрузка...