На хмурным і золкім лютаўскім досвітку нам у дзверы пастукаў Марат, сын шаўца Міколы, прагавіты да чытання падлетак.
Пераступіў парог і падціснуў папружку на мультановым бушлаціку: пазуха ў яго падазрона адтапырвалася.
— Прынёс, — коратка паведаміў Марат.
— Што ж ты прынёс, хлопча? — я пытаў здзіўлена, няўжо ён праглынуў узятую напярэдадні кніжку і з’явіўся па новую.
— Тое, што тады казалі… — I вылузаў з свае апранашкі шчанюка.
Шэры пушысты камячок скаціўся з хлопцавых рук на падлогу, падціснуў хвосцік, быў памкнуўся падбегчы і не змог — таўсматыя лапы кепска трымалі сытае цельца і раз’ехаліся ў бакі.
Сапраўды, напярэдадні Марат прыходзіў сюды са сваёю мамаю. Спраміж іншага гаварылі, як нядрэнна было б, жывучы тут, на ўскраіннай адзіноце, мець у хаце сабачае вока і вуха. Хлопец запомніў і, не марудзячы, выстараўся жаданага.
— Вялікі сабака вырасце… — працягваў Марат з выглядам сур’ёзнага знаўцы, сам, відавочна, цешачыся з свайго ўдалага падарунка.
— Лапішчы якія тоўстыя, гляньце. Шырокі ў косці — шпаркі ў росце, — хлопец паўтарыў улюбёную бацькаву прымаўку.
— А з якіх ён сабак?
— Сын англійскага дога і нямецкай аўчаркі.
Гэта прагучала так гучна, нібыта гаворка ішла не менш чым пра шлюб уэлскага лорда з баварскаю графіняю.
Спакушаныя такою бліскучаю і бездакорна дакладнаю біяграфіяй, мы вырашылі павялічыць насельніцтва кватэры на адну сабачую душу, балазе дадатковай плошчы для прапіскі не патрабавалася.
У нагрэтую шчанюком Маратаву запазуху перайшла кніжка пра Шэрлака Холмса, яна даўно пасміхалася хлопцу з мае паліцы.
Прызнацца, на нейкі момант у мяне варухнулася сумняванне: адкуль было Марату ў ягоныя адзінаццаць гадоў здабыць такія пэўныя весткі датычна сваяцтва дога і аўчаркі? Немалая частка хлопцавага маленства змарнела ў цёмным, згалелым за фашысцкую акупацыю горадзе. Ні людскай школы, ні бібліятэкі, ні зычлівага слова.
Само сабою выходзіла, што ён зараз, несучы нам сабачку, прыдумаў нешта кшталтам легенды, даўшы волю фантазіі, а на недахоп яе хлопцу скардзіцца не даводзілася. Пабыў нейкія паўгода з бацькамі ў партызанах і цяпер зачароўваў аднакласнікаў бляскам сваіх малаверагодных подзвігаў і колькасцю, зусім неверагоднай, знішчаных ім асабіста ворагаў.
Аднак, якім бы цемнаватым ні здавалася паходжанне шчанюка, зерне праўды ў прапанаванай нам біяграфіі было. Цераз год з шаравата-рудога камячка поўсці на таўсматых лапах вылюдзеў дужы, ростам з дога, пёс са звычайнай для гэтай пароды моцнай і шырокай грудзінай. А вушы ў яго — стаялі! I даволі прудка, як у аўчарак, праўда, адно крыху завальвалася набок, асабліва калі падыходзіў палашчыцца.
Такім чынам, былі ўсе падставы, не саромеючыся, пераказваць Маратаву легенду нават перад заўзятымі паляўнічымі, уласнікамі бясспрэчна чыстакроўных легашоў, пойнтэраў, сетэраў і ганчакоў.