Жылося, што казаць, нялёгка, затое кожны дзень абдорваў навіною. Раслі зрубы і новыя падмуркі. Везлі свежыя караваі з толькі-толькі пушчанага хлебазавода, падымаў над дзвярыма шыльду новы магазін, праціраў шкляныя вочы кіёск — усяму было рада сэрца. Апрача таго, мы ведалі, за нейкія паўгадзіны ходу ад цэнтра ўзнікла радзіма не бачаных дасюль асілкаў: трактарнага і аўтамабільнага.
Адно што настрой часам псавалі кепскія людзі, высеўкі нядаўняй акупацыі. Не-не дый пачуеш: там крадзеж, там рабунак, недастойныя чалавечай годнасці ўчынкі, інакш кажучы, злачынствы.
Раніцай, зусім не падобнай на снежаньскую — снег падаў і раставаў пад нагамі, — яшчэ на прыцемку я выбраўся прайсці, падыхаць паветрам. Ніяк не канчалася тэрміновая работа, трэба было прасвяжыць галаву.
Ставарышаваць мне адразу падручыўся Дзік, ён яшчэ не дацягваў да года, але выглядаў на дарослага пса.
Я адамкнуў варотцы і спыніўся, нічога не бачачы. Ліхтароў не было, вочы не прывыкшыя да перадзолкавай імжы, не свяцілі. Трымаючыся агароджы, намацаў нагамі тратуарчык і завярнуў за вугал. Дзік падбег да мяне ўсутыч і мнагазначна цяўкнуў. Ён хацеў некуды адбегчыся і прасіў прабачэння: пахадзі, маўляў, трохі адзін, мне тут трэба зазірнуць у адзін адрас, з знаёмымі панюхацца.
Дзік падставіў галаву мне пад руку: гладзь і май пэўнасць, я цябе хутка даганю. I растаў у тумановай вільгаці.
У баку хлебазавода пасігналіла машына, няйначай, прасілася ў двор на загрузку. Значыць, хутка будзе выходзіць начная змена. I я пакіраваўся пад хлебазавод.
На скрыжаванні мяне схапілі ззаду за каўнер.
— Палітончык! — закамандаваў рыплівы голас. — Скідай і — носам да плота. Каб ні руху, ні гуку.
Тут не паспрачаешся! У яго ж, напэўна, ёсць зброя, дый напарнік, відаць, непадалёку. Але — паліто! Няхай старое, але перспектыў на новае не прадчуваецца.
Як не сваімі рукамі, павольна расшпіляў я гузікі. Думалася даволі рызыкоўна: пачну скідаць з рукавоў і накіну гэтаму д’яблу на галаву, ану і забрытаю.
Раптам мой каўнер адпусцілі, той самы голас, але значна памякчэлы, папрасіў:
— Паклічце, калі ласка, свайго сабачку…
Я азірнуўся. Дзік, наш рахманы і вясёлы шчанюк, прыціснуў да плота прысадзістага чалавека, паклаўшы яму лапы на плечы, рычаў і дабіраўся да гарлянкі.
Вельмі хацелася блаславіць між вачэй прыпёртага, але нешта стрымала.
— Дзік, сюды!
Калоцячыся, напружаны да апошняй жылкі, сабака паслухаў. Чалавек не паспеў зрабіць кроку, як завыў немым голасам: Дзік ірвануў яго за сцягняк.
— Каму сказана: сюды? А ты — давай адгэтуль… I дарогу забудзь.
Чалавек пабег у завулак. Мне каштавала нямала высілкаў утрымаць сабаку за нашыйнік.
— Ціха, дурань! А то бяды набярэшся.
Сапраўды, з завулка пачуўся стрэл, бліснуў імгненны вышуг агню. Поўсць на маім сабаку нашылілася, ён падскочыў, каб бегчы наўздагон.
— Нікуды не пойдзеш, супакойся, — я пачухаў шэрую галаву за вушамі. — Ты хоць і не Рычард, але маеш львінае сэрца. I гэта будзе адзначана ў летапісе нашага дому.
Калаціла нас абодвух больш ад узрушэння і неспадзяванасці, хоць і страху хапіла, не ўтаю.
Праходка была сапсавана, хочаш не хочаш — вяртайся дамоў. Так мы і зрабілі. Прыйшлі і расказалі пра здарэнне: не так для выхваляння, як для навукі — вельмі рана і вельмі позна хадзіць аднаму не выпадае.
Сабака атрымаў дадатковы паёк з цялячых храшчыкаў, еў і час ад часу падымаў на мяне галаву. Нібыта запэўніваў: нічога не здарылася і не здарыцца, давай толькі гуляць усюды разам.