Гэтыя два словы: клічнае — Сэм! — і адказнае — Сэр? — сталі на нейкі час у нашым доме нечым накшталт хатняй прымаўкі. А запазычаны былі са спектакля «Запіскі Піквікскага клуба» ў славутым на ўсю краіну тэатры.
На покліч містэра Піквіка: «Сэм!» ягоны слуга, Сэмюэль, адразу ж абзываўся напаўзапытальным: «Сэр?» У гэта адным-адненькае, да таго ж аднаскладовае слова незраўнаны артыст укладаў мноства разнастайных адценняў: «слухаю», «я — тут», «я напагатове», «што загадаеце?», «бягу да вас». I яшчэ безліч доказаў зрыхтаванасці тае ж хвіліны выканаць патрэбную паслугу.
Гэта было майстэрства напаўняць слова жывым, кожны раз іншым, у залежнасці ад надвор’я, падзеі, настрою, зместам. Карацей, майстэрства не іграць ролю — выконваць ролі ўмеюць шмат якія акцёры, — а ператварацца ў іншага, не падобнага да сябе чалавека, як бы рабіцца тым чалавекам.
Адным словам, інтанацыі выдатнага артыста запомніліся і паслужылі штуршком да аднае з Дзікавых прыгод.
Як і раней, мы часта гулялі з ім у парку. Сам не ведаючы чаму, аднойчы я выпрастаў паднятую руку і сказаў: «Сэм!» Сабака, відаць, палічыў гэта за пачатак гульні і падскочыў амаль да ўзроўню пляча.
Мы пайшлі далей. Уздоўж алеі, на якой мы зрабілі практыкаванне ў падскоках, узвышаліся бетанаваныя пастаменты вышынёй у палавіну чалавечага росту. На іх панастаўлялі безліч няўклюдных, таксама бетонных, пасудзін, і блізка непадобных да старажытных амфор, пра цудоўную форму якіх павінны былі здагадацца наведвальнікі. Такім высакародным памкненнем, трэба думаць, і кіраваліся расстаўляльшчыкі гэтай бязгусціцы ў людных месцах.
Алею з другога боку загрувашчвалі абы-як злепленыя і неахайна сфармаваныя постаці хлопчыкаў і дзяўчатак. Паміж іх, крыху адступіўшы на пагорак, невядома за якія заслугі быў узнесены на пастамент сабака.
Мы спыніліся, Дзік не прызнаў гэта пудзіла за сваяка, дый, праўду сказаць, яно вельмі мала нагадвала высакародных аўчарак ці ганчакоў. Аднак нейкія сабачыя рысы ўсё ж былі схоплены даволі жыва, і мой пёс дзеля знаёмства махнуў хвастом.
Не думаючы падахвочваць яго на падскок, я чамусьці падняў руку і вымавіў: «Сэм!» На пастаменце імгненна з’явіліся два сабакі, жывы, з радаснай мордай — выканаў каманду! — і другі, цэментовы, увесь у дажджавых пацёках. Я збянтэжыўся: выпадковая непавага да паркавых акрас і аздабленняў у вачах тутэйшых вартаўнікоў і ахоўнікаў парадку магла вырасці ў наўмысную знявагу і скончыцца непрыемнасцямі.
Дзякуй богу, нікога блізка не было. Надумаўся праверыць: што гэта — выпадак ці Дзік лёгка запамінае каманды і яшчэ паддаецца дрэсіроўцы. На хаду я падымаў руку і казаў: «Сэм!», сабака з відавочнай ахвотай адказваў высокім падскокам. Так забаўляючыся, абышлі ўвесь парк з прыпынкамі каля постацей на пастаментах, каб ушанаваць іх толькі што засвоеным гімнастычным практыкаваннем, якое наўрад каб удалося радавому гімнасту.
На мастку, пачуўшы запаветнае слоўка «Сэм», сабака без вагання адужаў даволі высокія парэнчы, але доўга не ўстояў: біла было вузкаватае, а ўнізе шумела рака. Дзік зірнуў і паспяшаўся саскочыць долу.
Тут нас усё ж дагнала вымова.
— Спрытны сабака! — поруч спыніўся пажылы чалавек у капелюшы, з цёплым шалікам пад макінтошам. — Дрэсіруеце? — Ён, відаць, палічыў мяне за аднаго з артыстаў недалёкага цырку, якія выгульвалі ў парку сваіх выхаванцаў.
Я сіліўся выціснуць з вуснаў хоць які адказ, але, уласна кажучы, апраўдання не было, не было і патрэбы ў ім.
Чалавек у макінтошы асуджальна дадаў:
— Дрэсіроўка — справа патрэбная, але не ў такіх месцах. Сабака скача на статую! Разумець трэба!
Мае растлумачэнні, маўляў, ніякіх зламысных замахаў на грамадскую ўласнасць няма, гучалі непераканаўча. Чалавек у макінтошы слухаў і не слухаў. Добра, што нахапіўся знаёмы мастак і стаў на маю абарону.
— Ні на што іншае гэтыя аздабленні непрыдатны, — ён задзёр угару клінаватую бародку. — Вырабляць і выстаўляць такія, з вашага дазволу, творы мастацтва могуць хіба што грабежнікі з вялікай дарогі. Халтура! — зняважліва кінуў ён. — На гэткія рэчы чалавек, калі ён сябе хоць крыху паважае, і глядзець не захоча… Хіба толькі сабака нагу падыме.
Узгаралася даволі гарачая спрэчка, чалавек у макінтошы быў не надта памяркоўны і дазволіў сабе празрысты, але выразны намёк, што, выказваючы такія погляды, недалёка дайсці і да фігур на плошчах.
— На плошчах і мая работа ёсць, — ускіпеў мастак, — так што! Чаго вы стаіце?.. Ідзіце, далажыце дзе належыць!
Чалавек у макінтошы палічыў за лепшае пайсці. Я і вінаватая ва ўсёй гэтай уструшні сабачая душа моўчкі слухалі. Праўда, Дзік быў гатовы не даць мяне ў крыўду, як і заўсёды ў хвіліны гарачых гаворак.
— Ну, твой сабака — рашуча — маладзец! — Мастак пачаў астываць пакрысе. — Ён не дрэсіраваны? Аддай яго ў школу, няхай памуштруюць. А не прымуць у сабачую, можна ў мастацкую, — у яго ёсць густ дый, мусіць, і розум. Глядзіш, выб’ецца, пачне пісаць рэцэнзіі на выстаўкі.
Задаволены сваёй дасціпнасцю, мастак запрасіў у майстэрню паглядзець новую работу.
— Заходзь, толькі без яго, — палец упёрся ў Дзіка. — I мяне ж ахоўвае адзін такі маладзец. Дык каб не ўзнікла канфрантацыі, а чаго добрага, і крыві…
Як ні дэманстравалі мы ўсё, што мог прарабляць Дзік, у навуку яго не ўзялі. Сабачая прафесура не прызнала чыстай пароду. А так сказалі: «Самавук здольны».
Гэтым былі задаволены ўсе: Дзік, праўда, не здагадваўся, якая яму рыхтавалася доля, а хатнія, у тым ліку і я, радаваліся, — з другам расставацца не трэба.
Сабака сапраўды быў здольны, хоць і адольваў навучанне саматугам. За нейкі тыдзень ён асвойтаўся з усімі адценнямі каманды «Сэм». Трэба было толькі выставіць палец на рэч, якую належала падаць, ці паказаць, куды трэба ўскочыць, і вымавіць запаветнае слоўка. Браў якія хочаш бар’еры, пераскокваў цераз падняты да твару кіёк, сядаў на крэслы і канапы, нават злаўчыўся ўмайстроўвацца на падаконні, не трушчачы шыбы.
Невялічкая затрымка выйшла аднаго разу. Каля чыгункі знайшоўся парканчык, высакаваты, чалавеку па бараду.
Высока, нічога не скажаш! I сабака рабіў усё новыя і новыя спробы апынуцца наверсе. Разганяўся, даставаў лапамі апошняе бервяно, вось-вось, здаецца, утрымаецца, але — не хапала сілы — абсоўваўся ўніз. Тады ён клаўся, спачываў хвілінку і зноў разганяўся, ляцеў, гаўкаючы, нібыта хацеў застрашыць непадатлівую перашкоду.
Падчас чарговага штурму паркана я хацеў дапамагчы, паспрабаваў падперці сабаку заднія лапы, — яму ніяк не ўдавалася зачапіцца кіпцямі за бярвенца. Дзік пакрыўдзіўся і адышоў.
— «Сэм!» — знарок голасна выгукнуў я. — I табе не брыдка?
Адкуль тая сіла ўзялася! Сабака рынуўся кумільгом, скочыў, але зноў павіс з боку парканчыка, на гэты раз, аднак, прыняў дапамогу, успёрся на падстаўленую руку і праз момант асядлаў перашкоду. Зверху на мяне пазіралі сапраўды разумныя вочы.
Пэўна, меў рацыю той мастак, успамянуўшы пра сабачы густ і розум.
Да слова трэба сказаць: недарэчныя постаці падлеткаў і брыдотны посуд, з якіх Дзік пачынаў сваё трукацтва, праз некалькі гадоў знялі. Праўда, і лепшых не паставілі.
На запрашэнне мастака ў майстэрню давялося адгукнуцца. Пайшоў. На стук у дзверы абазваўся густы брэх: «Баў! Баў!»
— Ну і бас жа ў твайго цюцькі! — пахваліў я, распранаючыся.
— Ты ўгадаў, — мастак паціснуў мне руку, — па голасе яму імя і дадзена — Бас.
Тым часам сабака з усіх бакоў аглядаў і абнюхваў мяне, калі мы паселі, пашворыўся ў кутку і прынёс сухую, даўно абсмоктаную костачку. Паклаў перада мною і стаяў, нібыта пытаючы: чаму ты не бярэшся за такі гасцінец? Калі ласка!
Мастак спляснуў рукамі:
— Ведаеш, такога яшчэ не здаралася. Каб ад першай сустрэчы так даць веры. Нават не пашкадаваў самага ўлюбёнага. Значыць, вельмі ўпадабаў. I мне дае зразумець: з гэтым чалавекам можна не асцерагацца…
Мастак пачаў паказваць новыя работы, мы гаварылі пра навіны. I раптоўна высветлілі прычыну Басавай гасціннасці: упускаючы мяне ў майстэрню, ён унюхаў: прыйшлі з дому, дзе жыве сабака.
— Цікава, а што зрабіў бы твой Дзік, каб я зайшоў? — задумаўся мастак. — Зрэшты, мы можам зайсці з ім. Хочаш, Бас? Толькі дай слова не грызціся.